Categories: Люди

Андрусь Такінданг: «Трэба пазбаўляцца ад моўнага месіянства»

Музыка і мастак пра свае адносіны з Богам, пра тое, чаму яго раздражняюць пытанні пра мову і для каго ён хацеў бы стаць прыкладам.

Share

Андрусь Такінданг выступіў у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце 23 лютага. Карэспандэнты «БГ» пагутарылі з ім перад пачаткам выступу.

У адным з інтэрвю некалькі гадоў таму вы расказалі, што вас раздражняюць пытанні пра беларускую мову. Але так як ваш выступ праходзіць у рамках курсаў «Мова нанова», не магу не спытаць, што для вас мова — проста сродак камунікацыі, спосаб вылучыцца, сродак самаідэнтыфікацыі?

— У мяне такі характар, што мне неяк вылучацца не хочацца. Мова — сродак камунікацыі ў першую чаргу, на якім зручна перадаваць свае думкі, камунікаваць.

А чаму пытанні пра мову раздражняюць?

— Таму што мова — гэта сродак камунікацыі, рэч функцыянальная ў першую чаргу. І калі спрабуюць неяк падкрэсліць беларускамоўнасць, закцэнтаваць увагу, гэта раздражняе. Для мяне гэта паўсядзённасць, і нічога дзіўнага, незвычайнага не бачу. Калі суразмоўца залішне звяртае ўвагу, думаеш, ну навошта.

— Але ж мне здаецца, гэта незвычайная сітуацыя.

— Я для сябе ў галаве вырашыў, што гэта звычайная сітуацыя, таму што чалавек не можа ўвесь час быць у незвычайнай сітуацыі.

— То бок вы не прачынаецеся кожны дзень і не думаеце «о, я размаўляю па-беларуску!»?

— Трэба пазбаўляцца ад нейкага моўнага месіянства ці ўзводзіць мову на п’едэстал. Каб размаўляць, ты мусіш успрымаць мову не як крыштальны кубак, а проста як сродак адносінаў. Калі ты будзеш узводзіць мову на п’едэстал, то будзеш баяцца памыліцца, будзеш думаць, ці ты дастойны, ці ты варты.

— Якімі яшчэ мовамі валодаеце, акрамя беларускай?

— Я кепска ведаю французскую мову. Мой бацька з Чаду, і там французская мова дзяржаўная. Мае сваякі афрыканскія — франкамоўныя. Таму ў школе, у інстытуце я вучыў французскую мову. Калі быў у Чадзе, таксама практыкаваўся.

Паколькі гурт «Рэха» часта ездзіць у Польшчу, польская мова на слыху. Думаю, яна кожнаму беларусу зразумелая і камунікаваць можна лёгка з палякамі.

— Вы лічыце сябе беларусам, чадзійцам, чалавекам свету?

— Беларусам, таму што я ў Чадзе быў адзін раз. Вядома, там ёсць сваякі, я іх фотаздымкі лайкаю, сачу за навінамі, але ўсё адно знаходжуся ў беларускім коле, з’яўляюся носьбітам беларускай культуры, хаджу ў нашыя крамы, слухаю музыку. Яшчэ маю дом у вёсцы на Лепельшчыне.

Што вас больш за ўсё ўразіла ў Чадзе?

— Уразіла тое, што людзі вельмі жыццярадасныя, аптымістычныя. Дзеці вельмі слухаюцца дарослых, надзвычайна. І ў іх узаемаадносіны больш шчыльныя між сабой. Мы, еўрапейцы, больш закрытыя, нам не ўласціва асабліва абдымацца, распавядаць, што ў цябе на душы. А чадзійцы больш непасрэдныя, выказваюць свае пачуцці, як бы ні было цяжка, яны радасныя. Мы вельмі любім наракаць. Калі не ўсё дрэнна, нам нельга, крый Божа, паказваць добры настрой, таму што стане ўсё дрэнна.

— Вы часта падарожнічаеце?

— Па Беларусі часта. Вось гэты тыдзень амаль штодня новая мясціна — Рэчыца, Бабруйск. З гуртом часта ездзім. Дзякуючы музыцы па Беларусі мы шмат павандравалі. Бываем на Глыбоччыне, на Пастаўшчыне.

Польша таксама гасцінная да нас краіна. Ёсць музыкі, якія часта ездзяць у Маскву, мы ні разу не былі. Ездзілі два разы ў Пецярбург, канцэрты былі нешматлікія. Часцей бываем у Варшаве, Уроцлаве.

— У Польшчы любяць нашу музыку?

— Калі мы пачыналі нашу музычную кар’еру з гуртом «Рэха», першыя гастролі былі менавіта ў Польшчу. Больш чым за 10 гадоў склалася нейкая канцэртная база, ёсць людзі, якія нас ведаюць даўно.

Мінулым летам менавіта як карцэртную пляцоўка адкрыў Прагу. Там таксама ёсць беларуская дыяспара, і калі прыязджаеш з беларускімі песнямі, ёсць надзея, што цябе зразумеюць.

— Ёсць краіна, якую хацелася б наведаць?

— Мне хочацца вярнуцца туды, дзе я бываў. Цяжка прыгадаць месца, якое бы мне не спадабалася. Я бы паехаў, куды паклікалі. Калі едзеш з канцэртам, не адчуваеш сябе турыстам. Я не люблю быць турыстам. Мне падабаецца, калі ёсць нейкае ўзаемадзеянне з краінай, калі паказваеш сваю музыку, а яна адчыняе нейкія свае таямніцы.

— Вы прыязджалі ў Берасце раней? Ці адрозніваецца яно, на ваш погляд, ад Мінска, ад іншых беларускіх гарадоў?

— Бываў. І мне тут вельмі падабаецца. Часта бываў, калі на вуліцы цямнела, і тады нічога не бачыў. Сёння пахадзіў па пешаходнай вуліцы, у Мінску такой няма і блізка. Берасце намнога перагнала сталіцу ў плане гарадской скульптуры, утульных суразмерных дамоў. У Мінску гэтага няма амаль што. Аднойчы прыехаў на выступ у Берасце і пабачыў на беларускай мове графіці «Цані, што ёсць». Класны горад. Як чалавеку, які прыехаў у госці, мне падабаецца ўсё.

— А любімы горад у Беларусі ёсць?

— Мінск. Таму што гэта родны горад усё ж такі. Горад каштоўны тымі людзьмі, якія там жывуць. У Мінску знаёмыя, сябры. Ты ідзеш па вуліцы, каго-небудзь сустракаеш абавязкова, вітаешся, размаўляеш.

— Вы некаторы час жылі ў вёсцы. І вельмі добра аб ёй адзываліся, хоць у нас, напэўна, вёску лаюць больш. Што для вас вёска і ці маглі б вы пераехаць туды?

— А інтэрнэт будзе? (усміхаецца) Мая бабуля жыве ў вёсцы, і я часам прыязджаю да яе ў госці. Я сапраўды там хадзіў у пачатковую школу, і шмат у чым вёска мяне сфармавала. Я не магу яе лаяць, таму што гэта частка мяне і частка майго ўнутранага багацця. Вядома, што я гарадскі жыхар, увесь час у Мінску, але частка мяне — гэта вёска. Гэта мае сваякі, мая бабуля, мой дзядуля, якія мяне шмат чаму навучылі.

Каштоўнасць вёскі ў тым, што сапраўды, калі ты знаходзішся ўвесь час у мегаполісе, то адвыкаеш ад таго, што трэба прынесці дровы, за вадой схадзіць. А гэта такія рэчы, якія ўпраўляюць мазгі. Калі ў горадзе ты можаш заганяцца праблемамі, то там ты прыехаў і ў цябе ўжо нейкія справы ёсць, якія вяртаюць цябе ў нармальнае рэчышча існавання.

— Хто прывіў вам любоў да музыкі?

— Можа, группа N.R.M.? (усміхаецца) Мой дзядуля граў на гармоніку, а бабуля спявала. Я іх слухаў, але сам не спяваў. Калі паступіў у Мінск, там у старэйшых класах каледжа мастацтва мы хадзілі на розныя канцэрты, хадзілі на выступы N.R.M. Захацелася неяк выяўляцца ў музыцы.

— Ва ўжо згаданым раней інтэрв’ю вы казалі, што ў 17 гадоў марылі заспяваць разам з Вольскім, Вайцюшкевічам. А ці цяпер ёсць мара выступіць на адной сцэне з нейкім музыкам?

— Я хацеў бы сказаць, што было б крута прасвяваць з нейкай суперзоркай, а пасля думаю: ну вось ён праспявае, а ты аблажаешся, як будзе сорамна. Таму цяжка сказаць. У нас ёсць такія зоркі, як Вольскі, Вайцюшкевіч, Кірчук, і мне пашчасціла разам з імі ў нейкіх канцэртах быць. Гэта вельмі класны вопыт для мяне. У нас таксама ёсць шмат маладых крутых камандаў, з якімі даводзілася выступаць на адной сцэне. Гэта заўсёды навука, радасць.

Калі казаць пра замежных зорак, то я таксама ўдзельнічаў у праекце «Гаротніца» (зараз там невялікая паўза), мы ездзілі на фестываль Heineken. Там гралі Arctic Monkeys, Нік Кэйв, былі гітарыст Radiohead са сваім праектам, Рыана. Таму, у прынцыпе, калі казаць фармальна, паўдзельнічаў у адным фестывалі з сусветнымі зоркамі.

Часта слухаеце музыку? Якая музыка грае ў вашым плэйлісце?

— Так, часта. Накідаў сабе шмат усяго на тэлефон. Цалкам розная музыка. Ёсць і беларускія калегі, і замежныя, рок, джаз, фанк.

— То бок няма аднаго напрамку.

— Чым больш жыву, тым больш размываюцца гэтыя межы. Раней я ведаў, што хачу слухаць, напрыклад, панк-рок альбо гранж. Думаў, ніколі не буду папсу слухаць, то цяпер і папулярную музыку слухаю. Вядома, гэта ўплывае на маю музыку. Справа ў тым, што мы з гуртам «Рэха» спрабуем увесь час шукаць новыя стылі для сябе. Мы звычайна граем такі, не ведаю, шансон-рок, умоўна кажучы. Але часам у нас узнікаюць рэп-песні, часам сапраўдныя эстрадныя.

— Вы яшчэ мастак. У вас на старонцы ВК шмат прац, прысвечаных біблейскім сюжэтам. Вы можаце сябе назваць глыбока веруючым чалавекам? Якое месца ў вашым жыцці займае рэлігія?

— Я спадзяюся, што я веруючы, але, ведаеце, сам выраз «глыбока веруючы» мяне насцярожвае трошкі. Можа быць, яго апошнім часам заездзілі.

Я хачу неяк правільна будаваць сваё жыццё, свае адносіны з Богам і вельмі спадзяюся, што ў мяне гэта ў рэшце рэшт атрымаецца. Вядома, што немагчыма пражыць жыццё так, каб пазбегнуть памылак. Але я спадзяюся, што не страчу нейкі арыентыр, якім з’яўляецца для мяне вера. Калі ўзнікаюць нейкія траблы, можна мець у галаве месца, куды можна вяртацца. Нейкі дом свой. І таксама, калі ўсё ў парадку з Богам, можна ў прынцыпе на нейкія знешнія траблы трохі забіць. Калі суадносіць цяперашнія праблемы з вечнасцю, то жывецца весялей.

Хутчэй удаецца знайсці несупынны дыялог. Таму што, калі ты пішаш песні ці робішь карціны, то мусіш з кімсьці размаўляць, раіцца. Можна са сваім інтэлектам, можна, як я і раблю, з уяўным суразмоўцам. Ведаеце, як бывае. Ты з кім-небудзь паразмаўляў, а пасля яшчэ ходзіш і доўга ў галаве спрачаешся з гэтым чалавекам. Даводзіш нейкія крутыя аргументы, якія забыў сказаць, калі яны былі патрэбныя. І гэта ўсё класна працуе. Але таксама такім духоўным камертонам з’яўляецца Бог, калі ты кажаш: «Прывітанне, Бог, вось мая песня, як табе яна?» І, мне здаецца, гэта самыя крутыя варыянты.

— Што б вы назвалі сваёй крыніцай натхнення?

— Вось у дарогах вельмі класна. Зараз ехаў да вас ў цягніку, і класна пісалася. Спаў і пісаў. Вельмі крута ў дарозе. Вершы пісаў, музыку ў галаве мінімальную.

— Пра што быў апошні складзены вамі верш? Можаце прачытаць?

— Можа быць, я сёння паспрабую выканаць песню, якая зусім надяўна зрабілася. Яна называецца «Дызайнер». Песня ўжо сфармавалася, але да яе хацелася зрабіць рэп-частку. І я цяпер дапісваю яе.

— Што для вас прыярытэт — музыка ці мастацтва? Гэта дзве часткі, якія існуюць паралельна ці дапаўняюць адна адну?

— Паколькі я не з’яўляюся прафесійным музыкам, то для мяне музыка — гэта не то, як я паказваю свае тэхнічныя навыкі, майстэрства, а проста сродак размовы, спосаб выказвацца. Тое самае і жывапіс. Ёсць творцы, якія могуць вельмі крута зрабіць. Але я падумаў: «Андрусь, ты не зможаш спяваць, як Баскаў. Чым можа быць карысная твая творчасць? Тым, што ты проста размаўляеш і выказваешся максімальна шчыра».

І музыка, і мастацтва для мяне — гэта нейкая шчырая размова. Я пішу песні не пра сябе, але пра нейкія жыццёвыя сітуацыі. Тое самае з карцінамі. Міксую нейкія вобразы для таго, каб размаўляць з людзьмі, каб яны маглі адзін з адным размаўляць, каб жылося больш радасна. І калі ты сваю планку зніжаеш, то становіцца жыць спакайней.

— А вы не шукалі вядомасці?

— Усе шукаюць вядомасці. Я не выключэнне. Але ў першую чаргу музыка — гэта размова. Каб шукаць вядомасці, трэба нешта другое зрабіць. Што-небудзь больш эпатажнае, чым граць такія песенкі. Артысту абавязкова патрэбна нейкая вядомасць, патрэбны канцэрты, ну, можа быць, каму-небудзь не патрэбны, але мне так. Гэта сродак існавання, гэта тваё жыццё, але гэта не азначае, што ты павінен быць пыхлівым і ганарыстым чалавекам, славалюбцам. Не, гэта проста твая праца. Галоўнае — не забывацца на гэта.

— Вы хацелі б быць прыкладам для іншых беларусаў?

— Ой, прыкладам… Толькі ў тым сэнсе, як кожны мужчына з’яўляецца прыкладам для маладзейшых хлапцоў, якія ідуць па вуліцы, напрыклад. Калі ты юны чалавек, ты глядзіш, як той выступае, як той сябе паводзіць. Потым ты вырастаеш і міжволі сам ужо з’яўляешся прыкладам. Ужо нехта на цябе глядзіць і звярае з табой сваё жыццё.

 

Фота: Алеся СІМАНОЎСКАЯ, Таццяна ГАПЕЕВА

Recent Posts

Не знаете, что делать, если летучая мышь залетела к вам домой? Рассказывают экоспециалисты

Если летучая мышь случайно залетела к вам в квартиру, постарайтесь не паниковать и вспомните, что…

06.10.2024

Черные лебеди прилетают неожиданно: призрак Милошевича не даст Лукашенко спокойно спать?

МИД Беларуси критикует Запад за нарушение Устава ООН. Перед Лукашенко замаячила Гаага. Израиль бьет по…

05.10.2024

Уборщики, санитары, вальщики леса: какую работу можно найти в Барановичах, если тебе 2 года до пенсии

Барановичская районная газета написала о вакансиях в городе и районе для людей предпенсионного возраста. Варианты…

05.10.2024

«Обрыгали скамейки», «Позорные очереди за билетами». Как путешественники отзываются об автовокзале в Бресте

Интернет-пользователи пишут в отзывах, что на автовокзале в Бресте ночуют бомжи, от которых воняет, а…

05.10.2024

Вертолет Лукашенко против шахедов, памятник корове, мужчинам лень жить: шутки и мемы недели

Делимся традиционной подборкой юмора, веселых картинок и острых замечаний по событиям прошедшей недели.

05.10.2024

Лукашенко посетил агрогородок в Пинском районе, +1 «террорист»: что произошло в Бресте и области 4 октября

А Под Брестом у трассы М1 продают логистический центр. Стартовая цена — 2,3 млн евро.…

04.10.2024