Прислать новость
Нобелеўская прэмія

«Людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўленыя яе». Нобелеўская лекцыя Алеся Бяляцкага прагучала ад яго жонкі

11.12.2022 06:15 Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, чытае яго Нобелеўскую лекцыю. Осла, 10 снежня 2022. Источник фото

У паплечнікаў Алеся Бяляцкага была надзея, што яму зменяць рэжым утрымання і дазволяць выступіць дыстанцыйна. Верагодна, аб гэтым ішлі перамовы. 

На цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру ў Осла палітзняволенага Алеся Бяляцкага прадставіла яго жонка Наталля Пінчук. Яна выказала падзяку Нарвежскаму Нобелеўскаму камітэту і ўсім, хто падтрымліваў і падтрымлівае засноўніка праваабарончай арганізацыі «Вясна», яго паплечнікаў і яго справу.

Читайте также: Нобелевский комитет решил, что эпицентр борьбы за мир и свободу сейчас на постсоветском пространстве

Цырымонія ўзнагароджання 10 снежня пачалася ў Нобэлеўскім інстытуце ў Осла а 15-й гадзіне менскага часу. На прысутнічала нарвежская каралеўская сям’я і члены ўраду краіны. 

Нобелеўская прэмія
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру

Сваю прамову Наталля Пінчук пабудавала на цытатах мужа. Нядаўна ў іх адбылося спатканне ў СІЗА і Бяляцкі змог перадаць ёй некалькі сваіх думак і пажаданняў для прамовы. Па словах Наталлі, у значнай ступені гэта – выступ самога Алеся Бяляцкага.

Дзелімся цытатамі з гістарычнай прамовы. Поўны тэкст можна прачытаць на сайце «Радыё Свабоды».  

«З вялікім хваляваннем выпадае мне гонар выступіць тут на ўшанаванні лаўрэатаў прэміі Міру за 2022 год. Сярод іх і мой муж Алесь Бяляцкі.

На жаль, ён не можа прыняць узнагароду асабіста. Ён за кратамі ў Беларусі. Таму я стаю за гэтай трыбунай».

«Не толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзесяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадзянскую пазіцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаныя ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасцярогай, бо сённяшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасці і незалежнасці».

«У вязьніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія зараз яшчэ пад следствам і пракурорскімі абвінавачваннямі, трэція вымушаны былі эміграваць за мяжу. Але створанага звыш дваццаці пяці гадоў таму Алесем і яго аднадумцамі Праваабарончага цэнтру «Вясна-96» — не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» 

Алесь Беляцкий
https://www.svaboda.org/

Далей ідуць цытаты самога Алеся.

«Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог.

— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.

— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.

Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі».

«Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае».

«Я рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасці. Сярод іншага, сутыкнуўся з рэзкім абмежаваннем ужывання беларускай мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася тады — дый праводзіцца і цяпер. Ранейшая каланіяльная залежнасць Беларусі засталася. А ў выніку — пагроза для існавання беларусаў як народу».

Читайте также: «Уезжать я не собираюсь». Рассказываем о правозащитнике Алесе Беляцком, ставшем лауреатом Нобелевской премии мира

«Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі».

«Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі праз вялікія жыццёвыя выпрабаванні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілін свайго жыцця».

«Людзі праходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты. Камеры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадскія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!» 

«Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцце Айчыны было тоесным паняццю свабоды».

«10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Не бойцеся!» Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна».

Нобелеўская прэмія
Расійскую праваабарончую арганізацыю «Мэмарыял» прадстаўляў Ян Рачынскі, украінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў — Аляксандра Матвійчук
Нобелеўская прэмія
Старшыня Нарвежскага нобелеўскага камітэту Берыт Рэйс-Андэрсэн

З Макеем размаўлялі пра магчымасць выступу Бяляцкага?

Праваабаронца Алесь Бяляцкі больш за 15 месяцаў зняволены. Яму пагражае да 12 гадоў вязніцы.

Праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч, які ўваходзіць у беларускую «нобэлеўскую дэлегацыю», расказаў «Радыё Свабодзе», што паводле непацверджанай інфармацыі, з уладамі Беларусі маглі ісці перамовы пра магчымасць выступу самога Бяляцкага.  

«Слезы на глазах». Правозащитники надеются, что присуждение «Нобеля» Беляцкому изменит ситуацию с политзаключенными

У гісторыі еўрапейскіх нобелеўскіх лаўрэатаў выпадак, аналагічны сённяшняму, ужо быў. У 1983 годзе свайго мужа ў Осла прадстаўляла жонка Леха Валэнсы Данута.

«Калі прэмію атрымала Аун Сан Су Чжы зь М’янмы, то яны прынамсі выпусцілі пад хатні арышт. Нават у часы гітлераўскай Нямеччыны лаўрэату нобелеўскай прэміі змянілі рэжым утрымання, — кажа Хільмановіч. — Была надзея, што рэжым утрымання зменяць і Алесю, але на дадзены момант мы нічога пра гэта не ведаем. Перамовы прадстаўнікоў улады з прадстаўнікамі розных міжнародных арганізацый, безумоўна, былі. Мы маем непацверджаную інфармацыю, што з Уладзімірам Макеем, магчыма, размаўлялі на гэтую тэму. Гаворка ішла пра змякчэнне рэжыму і магчымасць выступу. Але, відаць, да нейкіх канструктыўных і прымальных рашэнняў не дайшло».

Тэарэтычна Бяляцкаму маглі б дазволіць выступіць праз Skype. На думку Хільмановіча, уладам такі крок мог бы прынесці на Захадзе палітычныя дывідэнды, але гэтаму замінае палітычная залежнасць ад Крамля.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.