Categories: Общество

Міхаіл Кірылюк: «Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

Юрыст НАУ лічыць, што не варта спадзявацца на раптоўнае абуджэнне «беларускай» крыві, а трэба рабіць з сябе беларуса штодзённымі намаганнямі.

Share

Дзеці за мяжой вучаць мову дзяржавы знаходжання значна хутчэй за дарослых. Кагосьці гэта пужае: маўляў, дзеці эмігрантаў асімілююцца і ўжо ніколі не будуць беларусамі. Сітуацыю ўскладняе тое, што і бацькі часцей за ўсё не былі беларускамоўнымі, а сталі пераходзіць на родную мову ў апошнія бурныя гады, часам ужо ў эміграцыі.

Чытайце таксама: Беларускі ваяр «Кусь»: «Як захаваць беларускасць?» для мяне гучыць прыблізна як «Як захаваць любоў да бацькоў?»

Прыблізна з такімі праблемамі сутыкнуўся Міхаіл Кірылюк, юрыст НАУ, які таксама працуе ў міжнароднай IT-кампаніі. Міхаіл жыве ў Польшчы з 2020 года. У яго двое дзяцей: 10-гадовы сын і 6-гадовая дачка. Юрыст распавёў, што дапамагае яму падтрымліваць беларускамоўнае серадовішча для сябе і дзяцей, і чаму ён лічыць, што ў справах беларускасці трэба пакладацца не на цуды, а на штодзённыя намаганні. 

Міхаіл Кірылюк. Фота са старонкі ў Facebook

Сістэмнасць вывучэння мовы

— Зараз ёсць вялікае кам’юніці, якое лічыць, што можна гэта зрабіць (перайсці на беларускую. — Рэд.) лёгка і імгненна, і ўвогуле чаму гэта не робіць 9 мільёнаў людзей, яны дурныя ці што? Але ж 200 гадоў русіфікацыі — не простая рэч. Гэта як узяць і сказаць усім мышкам ператварыцца ў вожыкаў. Я ўсведамляю для сябе, што для гэтага трэба рабіць ментальнае намаганне. 

На працы я ўжываю ангельскую і польскую мовы, і мне кожнае пераключэнне — з ангельскай на польскую, на рускую ў прыватнай размове з кімсьці, потым на беларускую — патрабуе высілкаў. 

Не трэба чакаць, што нейкая там кроў прачнецца, і ў цябе з’явіцца слоўнікавы запас і разуменне граматыкі цудам, як у кіно, — падключыўся да беларускамоўнай матрыцы і ведаеш кунг-фу — трэба вывучаць беларускую як замежную мову. Хай гэта хто-небудзь ужо нарэшце скажа.

Я думаю, для большасці беларусаў вывучаць беларускую мову — гэта высілкі як пры вывучэнні замежнай мовы. Трэба да гэтага так і падыходзіць. Калі ты ў гэта інвестуеш час, сілы, то ў цябе няма расчаравання, што ты не атрымаў імгненнага рэзультату. Калі ты вывучаеш мову ў эміграцыі, то адносішся спакойна: год пажыў — А1, гады два пажыў — А2, гады тры — В1, а можа, ужо і В2. Нельга чакаць В2 праз паўгады.

Чытайце таксама: Цікавы тэст. Праверце, наколькі добра вы ведаеце беларускую мову

Супрацоўніцтва з «Белсатам» 

З беларускай мовай асабіста мне дапамог «Белсат», таму што яны сваімі інтэрв’ю заганялі мяне ў беларускае асяроддзе. Прымусам беларусізавалі. Перакладалі мае артыкулы, інтэрв’ю, звярталіся да мяне па-беларуску. Я як чалавек з кансалтынгу, кліентаарыентаваны, заўсёды стараюся размаўляць на мове суразмоўцы. І я патроху, патроху падцягваўся. 

Супольнасць

Яшчэ адзін мой сябар, таксама праўнік, сыграў добрую ролю. Ну і, вядома, паўплывала тое, што пачалася вайна, — шмат хто з майго асяроддзя стаў пераходзіць на беларускую мову, і гэта дадало суполкі. Бо, напрыклад, калі я жыў у Беларусі да 2020-га, у мяне было толькі два знаёмых чалавека з тысячы кантактаў у тэлефоне, якія сістэмна размаўлялі па-беларуску. Я размаўляў з імі. А тут іх колькасць павялічылася, не ведаю, у 20 разоў. Некалькі дзесяткаў чалавек з майго асяроддзя стала беларускамоўнымі. Гэта, мне здаецца, за апошнія дзесяцігоддзі найвялікшы ўсплеск цікавасці да беларускай мовы — на жаль, па такой дрэннай прычыне. 

Калі ў цябе з’яўляецца больш людзей у асяроддзі, якія размаўляюць па-беларуску, гэта вельмі палягшае задачу. Я стараўся ўжываць мову з усімі, хто з маіх знаёмых папераходзіў на беларускую пасля 2022 года і ў перапісцы, і ў вусных размовах. 

Думанне ад ужывання

Чуў размову ў нашым айцішным опэнспэйсе (офісная прастора без перагародак і занавання. — Рэд.): беларуска дапытвалася ва ўкраінца: «Чаму ты са мной размаўляеш заўсёды ўкраінскай? Ты ж на ёй не думаеш». Яна па-расейску да яго звярталася.

А я думаю: яно працуе наадварот. Калі я, напрыклад, даю 40-хвіліннае інтэрв’ю «Белсату», тлумачу якое-небудзь праўнае пытанне па-беларуску, я потым пачынаю думаць па-беларуску. Ты не пачынаеш ужываць ад думання — наадварот, пачынаеш думаць ад таго, што ўжываеш. Тут няма ніякага «сакрэтнага інгрэдыента»: чым больш ужываеш, тым больш думаеш, у цябе павялічваецца слоўнікавы запас, таму што ты глядзіш у слоўнік, каб пазбаўляцца русізмаў, паланізмаў, англіцызмаў. Гэта як трава расце. Справа не некалькіх месяцаў, а, я думаю, некалькіх гадоў. 

Размовы з дзецьмі

Калі я выхоўваўся ў змешаным асяроддзі — бабуля на вёсцы, некаторыя сябры, сваякі былі беларускамоўныя, наколькі гэта магчыма — то ў маіх дзяцей зараз ужо такого кам’юніці няма. І першае, што я зрабіў, калі яшчэ быў у Беларусі, у 2020 годзе, — адправіў сына ў беларускамоўную школу. Вядома, тады пра ад’езд ніякі не думалі. 

Міхаіл Кірылюк у Варшаве. Фота са старонкі ў Facebook

Калі давялося з’ехаць, першы час увогуле было не да таго: імкнуліся адаптавацца на новым месцы, вывучыць польскую. Вядома, дзеці хадзілі ў польскую школу і польскі дзіцячы садок. Потым я ўбачыў, што праблем з камунікацыяй на польскай мове ў дзяцей няма, ёсць толькі ў мяне. А дзеці размаўляюць без акцэнту, у іх слоўнікавы запас большы, вопыт камунікацыі ўпітаны. 

Дзеці часам пыталіся: «Как это по-беларуски?» То бок яны размаўляюць са мной па-расейску, але ведаюць, што мы з Беларусі, і лічаць, што размаўляюць па-беларуску. Таму я пачаў ім казаць, як гэта па-беларуску. Пачаў патроху размаўляць з імі на беларускай мове. Стараюся іх мякка падштурхоўваць, не крытыкаваць, а проста расказваць ім асаблівасці.

Чытанне па-беларуску

Дзецям купіў беларускія кніжкі. Чытаем па-беларуску. Я зразумеў, што дома не патрэбная расейская літаратура. Хай будзе польская, ангельская, беларуская. Усё. 

Яны чытаюць па-беларуску, я ім услых чытаю. Размаўляю з імі па-беларуску не 100% дня, у розныя часы па-рознаму. У адныя — адсоткаў 20, у іншыя — 80. Залежыць ад сітуацыі, нейкага натхнення. 

Чытайце таксама: Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»

Каляндар «Мова вольных»

У нас складана з месяцамі. Дзіцё ўжо лепш разумее, што сёння styczeń ці январь, чым студзень. Купіў беларускі адрыўны каляндар, 365 новых слоў — і вось мы кожны вечар адрываем лісток, чытаем слова. Дзецям гэта цікава, таму што там пераклад не толькі па-расейску, але і па-польску, і па-ангельску. 

Канешне, было б вельмі файна, каб Duolingo падтрымала беларускую мову, таму што гэта вельмі прасунутая аплікацыя. Я там польскую вывучаю, дзеці — ангельскую. Калі б там з’явілася беларуская, гэта б спрашчала значна пераход на яе.

Каляндар «Мова вольных». Фота з сайта mova365.club
Каляндар «Мова вольных». Фота з сайта mova365.club

Беларускі пярсцёнак

Як дэманстраваць (што ты беларус. — Рэд.) — я думаю, што насіць кожны дзень вышыванку ці бел-чырвона-белае худзі будзе нудна. Вось купіў сабе бчб-пярсцёнак. 

Наша IT-кампанія міжнародная, тут ёсць іспанцы, італьянцы, французы, мексіканцы, кубінцы. Таму я стараюся пр размовах не пазбягаць тэмы, што адбываецца ў нашай краіне. Я чуў, як адна беларуска ў нас размаўляла з іспанцам. Ён у яе пытаецца, як прыехаць у Беларусь. Яна кажа: ну вось, ёсць бязвіз у памежных зонах на нейкіх там умовах. І ўсё, больш нічога не кажа. Я ўжо тлумачу гэтаму іспанцу: вось, глядзі, можаш паехаць у Беларусь, але ёсць некаторыя асаблівасці, якія табе трэба ведаць. Вось такая ў нас палітычная сітуацыя. Мы паразумеліся, і пасля размовы са мной ён ужо трохі больш ведае.

Я разумею, чаму гэтая дзяўчына адказвае быццам бы няпоўна. Нікому не хочацца паходзіць з краіны, у якой тварыцца дзіч, гвалт, злачынствы. Ускосна быццам бы і на цябе падае цень. Але, мне здаецца, лепш, каб людзі ведалі пра нас трохі больш і добрага, і не вельмі. Хай лепш будуць мець больш поўнае ўражанне. 

Чытайце таксама: Кацярына Ваданосава: «Мы жылі ў вельмі камфортным, спакойным свеце — і думалі, што так яно і будзе далей»

Recent Posts

Миллион на стены и мечты о гостинице. Что происходит с монастырем картезианцев в Березе

В Березе снова начали реставрацию уникального монастыря XVII века. Но планы властей идут гораздо дальше…

19.06.2026

Будынак ліцэя ў Бабруйску прадаюць танней за 100 долараў. Такіх аб’ектаў у Беларусі становіцца ўсё больш

У Бабруйску на аўкцыён выставілі будынак былога прафесійнага ліцэя. Падобныя аб'екты ўсё часцей з'яўляюцца на…

19.06.2026

«Гэта што? Нібыта асфальт ляжыць?» У Магілёве пасярод тратуара «забыліся» адрамантаваць 100 метраў

Ва УКБ заявілі, што названы ўчастак не ўваходзіць у іх зону адказнасці, і параілі звярнуцца…

19.06.2026

Визовые центры Польши в Бресте начали выдавать слоты на подачу визы. Узнали подробности

В Threads сообщают, что визовые центры Польши в Брестской области начали выдавать даты на подачу…

19.06.2026

«Зрабілі кавалак для фоткі ў Instagram». Жыхары Мазыра раскрытыкавалі добраўпарадкаванне аднаго з двароў

Пасля «рамонту» з’явіліся лужыны, а ў некаторых месцах асфальт пачаў разбурацца практычна адразу пасля ўкладкі.

19.06.2026

Не та ратуша. На коробке «Белпочты» гродненскую пожарную каланчу приняли за символ Могилева

Гродненчанка заметила странную деталь на почтовой коробке «Белпочты»: вместо могилевской ратуши там оказалась известная пожарная…

19.06.2026