З Верай Анатольеўнай мы пазнаёміліся на курсах «Мова нанова». Яна з ахвотай згадзілася расказаць пра свой шлях да мовы. Дакладней, спачатку гэта быў шлях ад мовы, а потым зноўку да яе. Вера Анатольеўна з таго пакалення, якое яшчэ расло ў жывым народным моўным асяроддзі. Аповед аказаўся такім цікавым, што мы заслухаліся. З радасцю дзелімся ім з чытачамі.
Нагадваем, што «БГ» штомесяца у рубрыцы «Мова перамен» расказвае пра берасцейцаў, якія размаўляюць па-беларуску.
«Лічылі сябе палякамі, але размаўлялі па-беларуску»
– Вера Анатольеўна, вы родам з Брэста?
– Не, я родам з Пружанскага раёна. Была там невялікая вёсачка-засценак – быў маёнтак, і адразу за ім жыла бедная шляхта. Я доўга не ведала, што менавіта ў такой вёсачцы жыву. (Засценкамі зваліся мясціны за межамі памешчыцкіх зямель, дзе арандавала зямлю дробная шляхта. – Аўт.) Шляхта гэтая – яны лічылі сябе палякамі, але размаўлялі заўсёды па-беларуску. Праўда, каб трошкі паказаць сябе, часам прапускалі нешта такое, напрыклад: мой бацька быў настаўнікам, і грошай у нас было трошкі больш, чым у простых калгаснікаў, у бацькі былі добрыя папіросы, дык яны да яго прыходзілі: «Анатоль, дай што-небудзь пшэпаліць». Вось такія словы сустракаліся.
«Здрасце». Дык ведаеце, як мы адказвалі? «Жабу схрасце».
А так мы ўсе размаўлялі на беларускай мове. Калі яшчэ малымі былі, і з вёскі бралі старэйшых дзяўчат у Брэст, у Мінск нянькамі – бедната ж была, страшна ўспомніць – і калі гэтыя дзяўчаты вярталіся ў вёску, то яны спрабавалі ладзіць з сябе гарадзкіх. Мы заўсёды звярталіся адзін да аднаго: «Добры ранак», «Добры дзень», «Добры вечар», а яны ўжо казалі: «Здрасце». Дык ведаеце, як мы адказвалі? «Жабу схрасце». Я памятаю, паступіла ў інстытут і таксама стала выпяльвацца на тое рускае, дык мне бабуля гаварыла: «Ой, Вера, Вера, нікчэмны той народ, які чужое хваліць і пераймае, а сваё пад плот валіць». Як я зараз успамінаю яе словы! Мудрая яна была, мая бабуля!
«Данчык па-беларуску размаўляе, а ў мяне не атрымліваецца!»
Але я ўжо размаўляла па-руску. Самы вялікі сорам у мяне выклікае тое, што я, працуючы пасля заканчэння ВНУ ў вёсцы Харава пад Пружанамі, выкладала фізіку на рускай мове, хоць падручнікі былі на беларускай. Я тады думала: усе ВНУ на рускай мове, а ў мяне такія вучні разумныя, буду на рускай вучыць. Ужо потым мне вучні выказвалі крыўду.
Тады ўжо была замужам. Муж скончыў завочна юрфак БДУ, і яму, завочніку, нават прапаноўвалі заставацца ў аспірантуры.
Не вельмі звяртала ўвагу на мову. І вось пачынаецца адраджэнне. І гэтыя нашыя песні беларускія, Якаў Навуменка, канцэрты, Ніл Гілевіч… Прыязджае з Амерыкі Данчык. Ой, божа мой! Ён так прыгожа па-беларуску размаўляе, а ў мяне не атрымліваецца! З гэтага і пачалося ўсё.
Мяне проста крыўдзіла, што нашы настаўнікі беларускай мовы выходзяць з класа і пачынаюць размаўляць па-руску з гэтымі ж дзецьмі.
Жылі тады ўжо ў Брэсце. Мужа перавялі ў абласную пракуратуру, а я працавала да пенсіі ў 28-й школе. Пачала размаўляць па-беларуску, і муж трохі пачаў са мной размаўляць. Урокі вяла на рускай мове, а на перапынку выходзіла і размаўляла па-беларуску. Практыкавалася. Дзеці мяне дражнілі бэнээфаўкай. Але ніколі ні да якой палітыкі не лезла. Мяне проста крыўдзіла, што нашы настаўнікі беларускай мовы выходзяць з класа і пачынаюць размаўляць па-руску з гэтымі ж дзецьмі. Ну хто ж будзе паважаць тваю беларускую мову?!
«Мы ж не такое быдла, як вы, беларусы»
Было шмат цікавых выпадкаў. Вось аднойчы сядзім мы з мужам на дачы. Перабіраем свае буракі і разважаем, куды ж нам гэтыя буракі пакласці, каб яны не высахлі, не сталі вялыя. І праходзіць жанчына – яна працавала завучам у політэхнічным тэхнікуме. Чуе, што мы размаўляем па-беларуску. І кажа: «Я не думала, што вы такія нацыяналісты».
Я збянтэжылася, хоць у школе звыкла хутка знаходзіць адказ. Яна прайшла, выкінула сваё смецце – за намі там сметнік быў, мы крайнія – і ідзе назад. Я ўжо паспела падумаць і кажу: «Валянціна Іванаўна, вось сядзяць два англічаніны, разважаюць, куды ім пакласці свае буракі, каб яны не звялі за зіму. І размаўляюць па-англійску. Тое ж – два немцы. Два палякі. А калі два беларусы размаўляюць – нацыяналісты!» Яна прайшла да свайго доміка. Вяртаецца. Кажа: «Ведаеце, падумала я: Божа, Божа, да чаго ж мы, беларусы, дурныя!»
«А яна ж праўду сказала! На самай справе быдла: мы ж сваё не паважаем».
Была ў нас у школе жанчына, часта з ёй размаўлялі па-руску. Потым неяк я выпадкова зайшла да яе ў кватэру. І чую, як яна размаўляе з дзецьмі на ўкраінскай мове. Я кажу: «О, вы на ўкраінскай мове дома размаўляеце?» А яна мне кажа: «Мы ўкраінцы. Я хачу, каб мае дзеці не толькі рускую мову ведалі, а і сваю. Мы ж не такое быдла, як вы, беларусы». Ведаеце, я так пакрыўдзілася. Нічога, праўда, не сказала. Выскачыла. Дня два з ёй не размаўляла. Абыходзіла бокам. А потым паразмаўлялі з мужам, і я кажу: «А яна ж праўду сказала! На самай справе быдла: мы ж сваё не паважаем». Мяне гэта ўсё больш і больш прымушала задумвацца, што мы такое.
«Генеральша кінулася біцца»
Былі яшчэ выпадкі. Калі я працавала ў Хараве, пра мяне ведалі, што я размаўляю па-руску. І тут неяк мяне сустракае жанчына – муж яе быў генералам, начальнікам ракетнай часткі ў Шарашове. Там усё было напічкана ракетамі. І я загаварыла па-беларуску. Яна мне: «Ха! В начальство лезете?» Я кажу: «Ніколі не лезла і не буду, нават у думках няма» – «А с вас не смеются?» А яна малая ростам такая. Я кажу: «А на якой вы мове са мной размаўляеце?» – «Не на тваёй ванючай беларускай!» – «А вы ведаеце, што па-руску «смеются над тобой, надо мной», а ў беларускай мове «смяюцца з цябе, з мяне». То на якой мове вы гаворыце?» Дык яна да мяне біцца кінулася! Але яна малая, я яе проста адпіхнула.
Яшчэ было: вязуць на аперацыю. Ляжу на каталцы. Санітарачка: «То вы па-беларуску і перад аперацыяй размаўляеце?» Так страшна было, але тут рассмяялася. «Так, я ж заўсёды па-беларуску».
Вось так паціху перайшла. Спачатку, ведаеце, у роце трошкі расло. А пасля настолькі прывыкла, што калі ведаю: чалавек не разумее беларускай мовы і не жыве ў Беларусі, проста прыехаў, – я размаўляю на рускай, але мне ўжо даволі цяжка. Куды прыемней на беларускай. І словы нараджаюцца самі.
І я вырашыла заўсёды, усюды размаўляць па-беларуску.
– Калі вы гэта вырашылі?
– Ужо гадоў 20. У краме дык у краме, у аўтобусе дык у аўтобусе. На вуліцы прыслухоўваюцца. Я трымаюся свайго. Зараз даволі прыязна людзі ставяцца і нават спрабуюць размаўляць з табой па-беларуску. Нехта, бывае, і з крывой ухмылкай. Я кажу: «Ну, вы культурны чалавек, адразу відаць! Інтэлігент па-настаяшчаму». І ўсё, больш нічога не трэба. Раней не сустракала, а зараз сустракаю людзей, якія кажуць: «Я таксама заўсёды размаўляю па-беларуску». Такіх чалавек пяць сустрэла ў Брэсце.
Дзеці нармальна ўспрымаюць: «А мы вас ведаем, вы па-беларуску размаўляеце».
– Муж таксама размаўляе ўвесь час на беларускай?
– Зараз у асноўным так. Па працы не заўсёды было магчыма: там судовыя працэсы, усё гэта… Шмат разоў ён пісаў скаргі пасля таго, як звяртаўся ў крамах па-беларуску, каб прывялі да парадку.
– Як вам здаецца, больш прыхільная да мовы моладзь ці ёсць людзі рознага ўзросту?
– Мне здаецца, маладыя больш прыслухоўваюцца. Вось праз дарогу дачка жыве ў шматпавярховіку. Я там размаўляю з дзецьмі, з усімі. Дзеці нармальна ўспрымаюць: «А мы вас ведаем, вы па-беларуску размаўляеце». Некаторыя спрабуюць адказаць.
Нават не ведаю. Я б сказала, што старыя неяк горш адносяцца, а маладыя лепш. А вам як здаецца?
– У мяне, канешне, больш беларускамоўных знаёмых маладых. Нават, я б сказала, людзей дзесьці з 80-х гадоў нараджэння…
– Вось-вось. Тыя, што пайшлі ў школу і адразу пачыналі гаварыць па-беларуску.
– Як вам здаецца, на што ў жыцці ўплывае беларуская мова і што б змянілася да лепшага ў грамадстве, калі б больш людзей удзялялі ёй ўвагу?
– Я думаю, што мы проста адчулі б сябе нацыяй. А так мы невядома што. І ведаеце, беларуская мова ні трошкі не перашкаджае. Вось былі мы ў Харватыі. Не паверыце, для мяне было вялікім здзіўленнем, што калі гэтыя харваты павольна размаўляюць, я ўсё разумею. Былі ў Славакіі – таксама ўсё разумею.
Калі чытаеш лацінку і ведаеш беларускую – у Еўропе не прападзеш.
От добра, што вы спыталі! Яшчэ было: ехалі па Еўропе і начавалі ў Празе. Сядзім на рэсэпшэне, запісваемся, замучаныя, бо прыехалі начаваць. І адна з нашых брэсцкіх кажа: «А где мы будем завтракать?» А я чытаю: snídaně. Кажу: «Вы ўмееце чытаць лацінку?» Яна: «Умею». Я кажу: «Каб вы ведалі штосьці беларускае, то вы зведалі б, што сняданне – гэта той жа сняданак». Яна замоўкла, ёй стала сорамна. «Колькі гадоў, – кажу, – вы жывяце ў Брэсце?» – «Много!» – «Вось бачыце, там яно вам не трэба было, а тут спатрэбілася». Калі чытаеш лацінку і ведаеш беларускую – у Еўропе не прападзеш.
– Тое ж самае казала і гераіня нашага папярэдняга матэрыялу Мілана Харытонава.
– Так. Я вельмі здзіўлялася. Беларуская мова робіць нас больш адметнымі. Больш цікавымі. Беларусаў за мяжой паважаюць. Таму я лічу, што беларуская мова павінна быць. І да гэтага трэба прыйсці, зразумець гэта.
– Вялікі дзякуй вам за аповед!
– І вам дзякуй! Напачатку я казала мужу: «Ай, не люблю вядомасць і гэта ўсё». А Лёня кажа: «А можа, гэта падштурхне кагосьці наблізіцца да беларускай мовы». Дзякуй, што вы таксама падштурхоўваеце да гэтага.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: