Мова перамен. «Была ў Харватыі, Славакіі, у Празе – усё разумею. Ведаеш беларускую – у Еўропе не прападзеш»

Вера Анатольеўна Чатырка, якой больш за 70, размаўляе па-беларуску заўсёды і ўсюды. Але раней было інакш.

Share

З Верай Анатольеўнай мы пазнаёміліся на курсах «Мова нанова». Яна з ахвотай згадзілася расказаць пра свой шлях да мовы. Дакладней, спачатку гэта быў шлях ад мовы, а потым зноўку да яе. Вера Анатольеўна з таго пакалення, якое яшчэ расло ў жывым народным моўным асяроддзі. Аповед аказаўся такім цікавым, што мы заслухаліся. З радасцю дзелімся ім з чытачамі.

Вера Анатольеўна ў Празе. Фота з асабістага архіва Веры ЧАТЫРКА

Нагадваем, што «БГ» штомесяца у рубрыцы «Мова перамен» расказвае пра берасцейцаў, якія размаўляюць па-беларуску.

«Лічылі сябе палякамі, але размаўлялі па-беларуску»

– Вера Анатольеўна, вы родам з Брэста?

– Не, я родам з Пружанскага раёна. Была там невялікая вёсачка-засценак – быў маёнтак, і адразу за ім жыла бедная шляхта. Я доўга не ведала, што менавіта ў такой вёсачцы жыву. (Засценкамі зваліся мясціны за межамі памешчыцкіх зямель, дзе арандавала зямлю дробная шляхта. – Аўт.) Шляхта гэтая – яны лічылі сябе палякамі, але размаўлялі заўсёды па-беларуску. Праўда, каб трошкі паказаць сябе, часам прапускалі нешта такое, напрыклад: мой бацька быў настаўнікам, і грошай у нас было трошкі больш, чым у простых калгаснікаў, у бацькі былі добрыя папіросы, дык яны да яго прыходзілі: «Анатоль, дай што-небудзь пшэпаліць». Вось такія словы сустракаліся.

«Здрасце». Дык ведаеце, як мы адказвалі? «Жабу схрасце».

А так мы ўсе размаўлялі на беларускай мове. Калі яшчэ малымі былі, і з вёскі бралі старэйшых дзяўчат у Брэст, у Мінск нянькамі – бедната ж была, страшна ўспомніць – і калі гэтыя дзяўчаты вярталіся ў вёску, то яны спрабавалі ладзіць з сябе гарадзкіх. Мы заўсёды звярталіся адзін да аднаго: «Добры ранак», «Добры дзень», «Добры вечар», а яны ўжо казалі: «Здрасце». Дык ведаеце, як мы адказвалі? «Жабу схрасце». Я памятаю, паступіла ў інстытут і таксама стала выпяльвацца на тое рускае, дык мне бабуля гаварыла: «Ой, Вера, Вера, нікчэмны той народ, які чужое хваліць і пераймае, а сваё пад плот валіць». Як я зараз успамінаю яе словы! Мудрая яна была, мая бабуля!

«Данчык па-беларуску размаўляе, а ў мяне не атрымліваецца!»

Але я ўжо размаўляла па-руску. Самы вялікі сорам у мяне выклікае тое, што я, працуючы пасля заканчэння ВНУ ў вёсцы Харава пад Пружанамі, выкладала фізіку на рускай мове, хоць падручнікі былі на беларускай. Я тады думала: усе ВНУ на рускай мове, а ў мяне такія вучні разумныя, буду на рускай вучыць. Ужо потым мне вучні выказвалі крыўду.

Вера Анатольеўна з любімым класам (выпуск 1979 года) у вёсцы Харава. Фота з асабістага архіву Веры Чатырка

Тады ўжо была замужам. Муж скончыў завочна юрфак БДУ, і яму, завочніку, нават прапаноўвалі заставацца ў аспірантуры.

Не вельмі звяртала ўвагу на мову. І вось пачынаецца адраджэнне. І гэтыя нашыя песні беларускія, Якаў Навуменка, канцэрты, Ніл Гілевіч… Прыязджае з Амерыкі Данчык. Ой, божа мой! Ён так прыгожа па-беларуску размаўляе, а ў мяне не атрымліваецца! З гэтага і пачалося ўсё.

Мяне проста крыўдзіла, што нашы настаўнікі беларускай мовы выходзяць з класа і пачынаюць размаўляць па-руску з гэтымі ж дзецьмі.

Жылі тады ўжо ў Брэсце. Мужа перавялі ў абласную пракуратуру, а я працавала да пенсіі ў 28-й школе. Пачала размаўляць па-беларуску, і муж трохі пачаў са мной размаўляць. Урокі вяла на рускай мове, а на перапынку выходзіла і размаўляла па-беларуску. Практыкавалася. Дзеці мяне дражнілі бэнээфаўкай. Але ніколі ні да якой палітыкі не лезла. Мяне проста крыўдзіла, што нашы настаўнікі беларускай мовы выходзяць з класа і пачынаюць размаўляць па-руску з гэтымі ж дзецьмі. Ну хто ж будзе паважаць тваю беларускую мову?!

Вера Анатольеўна (у цэнтры) у Брэсце, 1989 год. Фота з асабістага архіву Веры Чатырка

«Мы ж не такое быдла, як вы, беларусы»

Было шмат цікавых выпадкаў. Вось аднойчы сядзім мы з мужам на дачы. Перабіраем свае буракі і разважаем, куды ж нам гэтыя буракі пакласці, каб яны не высахлі, не сталі вялыя. І праходзіць жанчына – яна працавала завучам у політэхнічным тэхнікуме. Чуе, што мы размаўляем па-беларуску. І кажа: «Я не думала, што вы такія нацыяналісты».

Я збянтэжылася, хоць у школе звыкла хутка знаходзіць адказ. Яна прайшла, выкінула сваё смецце – за намі там сметнік быў, мы крайнія – і ідзе назад. Я ўжо паспела падумаць і кажу: «Валянціна Іванаўна, вось сядзяць два англічаніны, разважаюць, куды ім пакласці свае буракі, каб яны не звялі за зіму. І размаўляюць па-англійску. Тое ж – два немцы. Два палякі. А калі два беларусы размаўляюць – нацыяналісты!» Яна прайшла да свайго доміка. Вяртаецца. Кажа: «Ведаеце, падумала я: Божа, Божа, да чаго ж мы, беларусы, дурныя!»

«А яна ж праўду сказала! На самай справе быдла: мы ж сваё не паважаем».

Была ў нас у школе жанчына, часта з ёй размаўлялі па-руску. Потым неяк я выпадкова зайшла да яе ў кватэру. І чую, як яна размаўляе з дзецьмі на ўкраінскай мове. Я кажу: «О, вы на ўкраінскай мове дома размаўляеце?» А яна мне кажа: «Мы ўкраінцы. Я хачу, каб мае дзеці не толькі рускую мову ведалі, а і сваю. Мы ж не такое быдла, як вы, беларусы». Ведаеце, я так пакрыўдзілася. Нічога, праўда, не сказала. Выскачыла. Дня два з ёй не размаўляла. Абыходзіла бокам. А потым паразмаўлялі з мужам, і я кажу: «А яна ж праўду сказала! На самай справе быдла: мы ж сваё не паважаем». Мяне гэта ўсё больш і больш прымушала задумвацца, што мы такое.

«Генеральша кінулася біцца»

Былі яшчэ выпадкі. Калі я працавала ў Хараве, пра мяне ведалі, што я размаўляю па-руску. І тут неяк мяне сустракае жанчына – муж яе быў генералам, начальнікам ракетнай часткі ў Шарашове. Там усё было напічкана ракетамі. І я загаварыла па-беларуску. Яна мне: «Ха! В начальство лезете?» Я кажу: «Ніколі не лезла і не буду, нават у думках няма»«А с вас не смеются?» А яна малая ростам такая. Я кажу: «А на якой вы мове са мной размаўляеце?» – «Не на тваёй ванючай беларускай!»«А вы ведаеце, што па-руску «смеются над тобой, надо мной», а ў беларускай мове «смяюцца з цябе, з мяне». То на якой мове вы гаворыце?» Дык яна да мяне біцца кінулася! Але яна малая, я яе проста адпіхнула.

Урок фізікі ў 10 класе ў вёсцы Харава. Фота з асабістага архіву Веры Чатырка

Яшчэ было: вязуць на аперацыю. Ляжу на каталцы. Санітарачка: «То вы па-беларуску і перад аперацыяй размаўляеце?» Так страшна было, але тут рассмяялася. «Так, я ж заўсёды па-беларуску».

Вось так паціху перайшла. Спачатку, ведаеце, у роце трошкі расло. А пасля настолькі прывыкла, што калі ведаю: чалавек не разумее беларускай мовы і не жыве ў Беларусі, проста прыехаў, – я размаўляю на рускай, але мне ўжо даволі цяжка. Куды прыемней на беларускай. І словы нараджаюцца самі.

І я вырашыла заўсёды, усюды размаўляць па-беларуску.

– Калі вы гэта вырашылі?

– Ужо гадоў 20. У краме дык у краме, у аўтобусе дык у аўтобусе. На вуліцы прыслухоўваюцца. Я трымаюся свайго. Зараз даволі прыязна людзі ставяцца і нават спрабуюць размаўляць з табой па-беларуску. Нехта, бывае, і з крывой ухмылкай. Я кажу: «Ну, вы культурны чалавек, адразу відаць! Інтэлігент па-настаяшчаму». І ўсё, больш нічога не трэба. Раней не сустракала, а зараз сустракаю людзей, якія кажуць: «Я таксама заўсёды размаўляю па-беларуску». Такіх чалавек пяць сустрэла ў Брэсце.

Дзеці нармальна ўспрымаюць: «А мы вас ведаем, вы па-беларуску размаўляеце».

– Муж таксама размаўляе ўвесь час на беларускай?

– Зараз у асноўным так. Па працы не заўсёды было магчыма: там судовыя працэсы, усё гэта… Шмат разоў ён пісаў скаргі пасля таго, як звяртаўся ў крамах па-беларуску, каб прывялі да парадку.

– Як вам здаецца, больш прыхільная да мовы моладзь ці ёсць людзі рознага ўзросту?

– Мне здаецца, маладыя больш прыслухоўваюцца. Вось праз дарогу дачка жыве ў шматпавярховіку. Я там размаўляю з дзецьмі, з усімі. Дзеці нармальна ўспрымаюць: «А мы вас ведаем, вы па-беларуску размаўляеце». Некаторыя спрабуюць адказаць.

Нават не ведаю. Я б сказала, што старыя неяк горш адносяцца, а маладыя лепш. А вам як здаецца?

– У мяне, канешне, больш беларускамоўных знаёмых маладых. Нават, я б сказала, людзей дзесьці з 80-х гадоў нараджэння…

– Вось-вось. Тыя, што пайшлі ў школу і адразу пачыналі гаварыць па-беларуску.

– Як вам здаецца, на што ў жыцці ўплывае беларуская мова і што б змянілася да лепшага ў грамадстве, калі б больш людзей удзялялі ёй ўвагу?

– Я думаю, што мы проста адчулі б сябе нацыяй. А так мы невядома што. І ведаеце, беларуская мова ні трошкі не перашкаджае. Вось былі мы ў Харватыі. Не паверыце, для мяне было вялікім здзіўленнем, што калі гэтыя харваты павольна размаўляюць, я ўсё разумею. Былі ў Славакіі – таксама ўсё разумею.

Калі чытаеш лацінку і ведаеш беларускую – у Еўропе не прападзеш.

От добра, што вы спыталі! Яшчэ было: ехалі па Еўропе і начавалі ў Празе. Сядзім на рэсэпшэне, запісваемся, замучаныя, бо прыехалі начаваць. І адна з нашых брэсцкіх кажа: «А где мы будем завтракать?» А я чытаю: snídaně. Кажу: «Вы ўмееце чытаць лацінку?» Яна: «Умею». Я кажу: «Каб вы ведалі штосьці беларускае, то вы зведалі б, што сняданне – гэта той жа сняданак». Яна замоўкла, ёй стала сорамна. «Колькі гадоў, – кажу, – вы жывяце ў Брэсце?» – «Много!» – «Вось бачыце, там яно вам не трэба было, а тут спатрэбілася». Калі чытаеш лацінку і ведаеш беларускую – у Еўропе не прападзеш.

Вера Анатольеўна ў Луўры, Парыж. Фота з асабістага архіву Веры Чатырка

– Тое ж самае казала і гераіня нашага папярэдняга матэрыялу Мілана Харытонава.

– Так. Я вельмі здзіўлялася. Беларуская мова робіць нас больш адметнымі. Больш цікавымі. Беларусаў за мяжой паважаюць. Таму я лічу, што беларуская мова павінна быць. І да гэтага трэба прыйсці, зразумець гэта.

– Вялікі дзякуй вам за аповед!

– І вам дзякуй! Напачатку я казала мужу: «Ай, не люблю вядомасць і гэта ўсё». А Лёня кажа: «А можа, гэта падштурхне кагосьці наблізіцца да беларускай мовы». Дзякуй, што вы таксама падштурхоўваеце да гэтага.

Recent Posts

ОНТ снова попыталось объяснить, кто виноват в очередях на границе с Польшей. Как отреагировали беларусы?

По версии пропагандистов, в очередях виноваты поляки. А люди спрашивают в комментариях, почему польскую сторону…

20.08.2025

Новые рекорды на рынке недвижимости Бреста. Узнали, почем нынче ценят «квадрат»

В июле 2025 года рынок жилья в Бресте оказался в непростой ситуации: количество сделок снизилось,…

20.08.2025

«Для быстрого пересечения границы». В Барановичах заметили польскую скорую, а беларусы спорят, как она там оказалась

На перекрестке в Барановичах заметили автомобиль польской скорости помощи. Судя по номерам, он зарегистрирован в…

20.08.2025

Под Ганцевичами мужчина руками собирал рассыпанное на дороге зерно. Как на видео отреагировала прокуратура?

Беларусы призывали автора удалить видео, чтобы водителя грузовика не оштрафовали за халатность. Но было уже…

20.08.2025

«Без лоха и жизнь плоха?» Как минчанка попала в историю с арендой квартиры в Бресте

Минчанка Наталья вместе с коллегами по работе поехала в командировку в Брест. Именно тогда началась…

20.08.2025

«Новость из 2015 года?»: Белстат рассказал, сколько стоит средний чек в магазине, чем повеселил беларусов

Белстат опубликовал очередную свежую статистику о среднем чеке. За год он вырос почти на 3,5…

20.08.2025