Таццяна Мароз пяць гадоў у дэкрэце. У яе дзве дачкі. Раней працавала бухгалтарам на транспартным прадпрыемстве, скончыўшы БрДТУ. Таксама скончыла журналісцкія курсы ад БАЖ, займалася літаратурнай дзейнасцю, пісала вершы. Размаўляць па-беларуску пачала з дапамогай курсаў «Мова нанова». Зараз асноўнае поле прымянення роднай мовы – гэта выхаванне дзяцей.
«Лагапед ніколі такога не сустракаў»
«Калі нарадзіліся дзеці, я вырашыла: калі, як не з дзяцінства, трэба іх знаёміць з роднай мовай? – расказвае Таццяна.
– Ніхто не навучыць добра валодаць ці хаця б разумець: ні ў садку, ні ў школе. А для мяне было вельмі важна, каб яны яе ведалі, і ведалі добра. Зараз бачу, што яны разумеюць яе цудоўна. Старэйшая дачка, калі сказаць нешта з зусім незнаёмым словам, напрыклад, «багоўка», пытае: «А што гэта такое?» Хоць я раней ёй шмат разоў казала, але яна не звяртала на гэта асаблівай увагі. Вось цяпер, калі імкнецца разабрацца ў назвах, у значэнні слоў, можа зрабіць акцэнт на незнаёмым слове і дакладна спытаць. А так адказвае па-беларуску, разумее, на якой мове з ёй размаўляеш. Калі па-польску штосьці скажаш, то можа «падбрыкнуць»: «Нічога не разумею, не хачу цябе слухаць», а калі па-беларуску – ніколі».
Зараз у садку ў старэйшай дачкі адзін дзень (серада) прысвечаны беларускай мове.
«Напрыклад, у гэту сераду яны вывучаюць пяць слоў па-беларуску. Мая дачка на ўсе пытанні дае добрыя адказы. Яна не заўсёды можа сказаць, як будзе, напрыклад, «юбка». Пасядзіць, падумае. Калі ёй сказаць: «Перакладзі», яна так адразу не супаставіць гэтыя розныя словы. Але ў працэсе размовы гэта ў яе ідзе лягчэй».
Па словах выхавальніцы, вельмі відаць, што з дзяўчынкай размаўляюць па-беларуску. Аднойчы ў «дзень беларускай мовы» яе давялося забраць з садка ці то з-за хваробы, ці з нейкай іншай прычыны. Выхавальніца аж пляснула далонямі: «Як жа мы будзем без вашай Агаты?» У групе яна адзіная, хто хоць неяк валодае мовай.
«Былі цікавыя выпадкі. Напрыклад, у лагапеда. Ён пытае: «Что это?» Яна кажа: «Аловак». Для яго гэта было дзіўна, ён ніколі такога ў сваёй практыцы не сустракаў. Я сказала: «Не звяртайце ўвагі, яна можа некаторыя словы блытаць».
«Збіраем на YouTube беларускамоўныя мультфільмы»
Таццяна раіць сваім сяброўкам, якія выхоўваюць дзяцей, нават калі самі не размаўляюць на мове, хаця б уключаць «Калыханку» ці браць у бібліятэцы беларускія кнігі.
«Добра, калі і небеларускамоўныя бацькі чытаюць дзецям. Але чытаць, вядома, лепш змалку. Нават калі жанчына яшчэ цяжарная. Адна знаёмая казала: «Я буду чытаць, каб дзіцёнак чуў мой голас, знаходзячыся яшчэ ўнутры мяне». У бібліятэцы вельмі прыязна да гэтага ўсяго ставяцца. Мы ўпершыню пайшлі, калі старэйшай дачцы было два гады, малодшай яшчэ не было. Нам пачалі выдаваць па 10-12 кніжак, і я вельмі часта чытала па-беларуску».
Праз такое чытанне бацькі могуць самі прывыкнуць да гучання мовы і да лексікі. А дзецям цікава слухаць пра нейкія прыгоды, і яны нават не звяртаюць увагу, на якой гэта мове.
«Мультфільмы таксама шукаем, іх ёсць шмат на беларускай мове. Нават асобная папка на YouTube ёсць, куды я гэта ўсё скідваю.
Сябровак да гэтага заахвочваю, але не ўсе, вядома, пагаджаюцца».
У садку дачкі Таццяна спрачалася за беларускую мову – чаму так мала ёй удзяляецца ўвагі. Ёй адказалі: «Калі гэта вам так важна, мы можам пашукаць беларускамоўныя садкі». Аднак ніхто іх не пашукаў. Таццяна адзначае, што сама не надта была ў гэтым зацікаўленая: было б занадта складана без машыны развозіць дзяцей па розных садках. Яна б таксама хацела, каб дзеці вучыліся на беларускай у школе, але не ўяўляе сябе ў якасці арганізатара такіх класаў.
«Я не той чалавек, які вядзе за сабой натоўп, бо для гэтага ў мяне не хапае эмацыянальных рэсурсаў. Заўсёды падтрымаю нейкую ініцыятыву, але сама наўрад ці праяўлю».
Між тым у садку Таццяне сказалі, што будуць запрашаць яе на выступленні, каб яна расказвала бацькам, як выкарыстоўваць беларускую мову ў сем’ях, дзялілася «лайфхакамі». Усё гэта было запланавана на сёлетнюю вясну, але скончылася каранавірусам.
Беларускую мову называюць… рускай
У дзяцінстве ў самой Таццяны мовы было няшмат. Цікава, што яе бацька нарадзіўся на Старадарожчыне (Мінская вобласць), у мясцінах, дзе насамрэч усе размаўляюць на чысцюткай беларускай. Між тым мясцовыя зусім не ідэнтыфікуюць сваю мову як беларускую. Займаючыся складаннем радаводу, Таццяна размаўляла там з цёткамі, з бабулямі, і яны казалі: «Не, ніякай у нас беларускай мовы не было». – «А на якой вы зараз размаўляеце?» – «А, то ўсё руская».
Маці ў Таццяны нарадзілася на Берасцейшчыне.
«Калі бацька з мамай ажаніўся, то мова тут яму была не зусім зразумелая – усё не так, як на Старадарожчыне. І ў выхаванні нас ён ужываў таксама і лексіку роднай зямлі. Напрыклад, ужываў вельмі шмат прыказак па-беларуску. Я нават спрабавала запісваць – можа, 40 ці 50. І гэта з дзяцінства засталося як нешта такое пяшчотнае, такое роднае. Беларуская мова – заўсёды напамін пра дзяцінства».
Наогул кажучы, бацькоўская сям’я размаўляе па-руску, толькі маці (і Таццяна таксама) з дзедам – на палескім дыялекце. На літаратурнай беларускай мове ёсць магчымасць размаўляць толькі з бацькам. Палешукі таксама не ідэнтыфікуюць сваю мову як беларускую – можна сказаць, пра яе тут ніхто і не чуў.
«Мне здаецца, што для жыхароў Камянеччыны беларуская мова такая ж, як і ўкраінская ці польская – навязаная і неабавязковая для ўжывання. Калі я збірала радавод, часта распытвала старых людзей, што яны думаюць наконт мовы. Адказвалі часцей адно і тое ж: «Ой, якія мовы мы толькі не вывучалі…» Часам у мяне складваецца ўражанне, што да моўнага прымусу яны б ставіліся нават варожа, бо прымус – гэта заўсёды нешта навязанае звонку».
«Усё гэта дзякуючы Глебу Лабадзенку»
У першым класе ў школе на Камянеччыне на беларускай мове выкладалася толькі некалькі прадметаў. Пазней – усё па-руску. Але калі сям’я пераехала ў Брэст, Таццяне трапілася вельмі цікавая настаўніца беларускай мовы. З удзячнасці да яе дзяўчына вырашыла здаваць беларускую на ЦТ. Такіх было толькі два чалавекі з класа. І ўсё – на гэтым пра мову забылася.
«Не было асяродка, разумення, рэсурсаў. Тады яшчэ ва ўніверсітэце я ўступіла ў БРСМ, лічыла іх патрыётамі. Беларуская мова не асацыявалася з патрыятызмам зусім. Не было ніякага падмурку.
А вось калі з’явіліся курсы «Мова нанова», то ўзнавілася жаданне размаўляць, чытаць. Гэта ўсё, як мне здаецца, дзякуючы Глебу Лабадзенку, які гэта распачаў. Я пазнаёмілася з новымі цікавымі людзьмі, даведалася, як шмат у нашай краіне беларускамоўных груп, пісьменнікаў, гісторыкаў. У нас склаўся касцяк, мы пасябравалі, можам дзе і ў горадзе сустрэцца. Курсы наведваю з самага пачатку іх існавання у Брэсце. З часам стала хадзіць і з сям’ёй».
«Ніякай абразы ніколі не сустракала»
Разам з дзвюма сяброўкамі свядома перайшлі на беларускую ва ўсіх афлайнавых і анлайнавых размовах. Хоць адна ў сваёй сям’і рускамоўная. Іншым Таццяна піша паведамленні ў «Вайберы» па-беларуску. Сябры гэта ведаюць, нават некаторыя адказваюць па-беларуску. Старонку ў «Інстаграме» вырашыла весці толькі на роднай мове. І таксама некаторыя сябры, што былі цалкам рускамоўнымі, пішуць ёй па-беларуску. Гэта радуе.
У грамадскіх месцах Таццяна пераходзіць на рускую, толькі калі сітуацыя патрабуе доўгіх тлумачэнняў. Напрыклад, калі трэба выбраць канапу і абмеркаваць усе якасці. Беларускую не разумеюць, перапытваюць, узнікае шмат блытаніны.
«А вось у краме я па-простаму магу спытаць: «Скажыце, дзе ў вас тут стаіць мука?» І я ніколі, ні аднаго разу не сустракала здзіўлення. Часам перапытваюць, але ніякай абразы, як чытаю часам у прэсе, ніколі не сустракала. Нават бывалі выпадкі, калі мяне спынялі людзі: «Вы па-беларуску размаўляеце, ах, Божа мой, як цудоўна! Упершыню чую!» Такое было некалькі разоў.
У сваім лепшым прыдуманым свеце я б, вядома, усіх на беларускую перавяла. Мне б хацелася, каб і палескай гаворцы, як у той жа Польшчы, удзялялася больш увагі. Але гэта далёкія мары».
«Калі пачынаеш планаваць маршрут, разумееш, наколькі Беларусь вялізная»
Таццяна захапляецца назіраннем за птушкамі, тры гады займалася складаннем радаводу, удзельнічала ў праекце «Дыялекты» журналісткі Іны Хоміч. А яшчэ вельмі любіць вандраваць. З сям’ёй, з сябрамі яна наведала ўжо больш за палову раёнаў Беларусі. Пачалося гэта неяк само сабой.
«Самае першае, што магу прыгадаць – гэта 2010 год, калі было сумна сядзець у выхадныя ў кватэры: на шашлыкі ездзілі, гуляць проста так абрыдла. Прыйшла ў галаву ідэя наведаць Кобрын, бо была там не надта і шмат. Выпадкова знайшла сайт «Глобус Беларусі» (globus.tut.by) і ашалела ад колькасці цікавых месцаў у нашай краіне, пра якія я ніколі не чула, не тое каб бачыла. Так і пайшло: спачатку ездзілі глядзець старыя млыны, закінутыя сядзібы і паркі нашай вобласці, з цягам часу прасоўваліся на поўнач і захад. Аб’ехалі ўсю Брэсцкую і амаль усю Гродзенскую вобласць.
Падчас вандровак прыйшлі да цікавай высновы. Большасць беларусаў шчыра лічаць, што Беларусь – краіна маленькая і сціплая. Але калі пачынаеш планаваць маршрут хаця б на два дні, разумееш, накольні яна вялізная. І каб даехаць з Брэста ў тыя ж Расоны, трэба падарожжа планаваць мінімум на тыдзень. Бо ёсць неверагодная колькасць цікавых месцаў толькі па маршруце, якія крыўдна было б абмінуць, а хочацца ж зрабіць і петлі па дарозе, сабраць усе раскіданыя па краіне архітэктурныя і прыродныя каштоўнасці».
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: