Мова перамен. «Мы будзем здаваць гэты экзамен, пакуль не здамо». Павел Кендысь пра мову ў сваім жыцці і краіне

16.07.2020 06:37 Павел Кендысь. Фота: Станіслаў КОРШУНАЎ. Источник фото

Паразмаўлялі з настаўнікам з Камянецкага раёна, які спрабаваў абараніць ад закрыцця адзіную ў раёне беларускамоўную школу. Дзелімся ягонай гісторыяй.
Читайте BGmedia в:

Павел Кендысь стаў вядомы пасля таго, як мінулай восенню стварыў у інтэрнэце петыцыю з патрабаваннем не дапусціць закрыцця адзінай у Камянецкім раёне беларускамоўнай школы. Нам стала цікава даведацца пра ягоны «бэкграунд» – асабісты шлях да мовы. Якраз для гэтых мэт у нас штомесяц выходзіць рубрыка «Мова перамен».

Читайте также: «Это позор нашей системе образования»: в Каменецком районе учитель пытается спасти от закрытия белорусскоязычную школу

«Адзінае, што не змагу ў прэзідэнты балаціравацца»

У пачатку размовы Павел папярэджвае, што ён беларускамоўны толькі ў школе. У адной з мінулых публікацый ён казаў, што школа – адзіная пляцоўка, дзе ён можа размаўляць па-беларуску, «каб не тарашчылі вочы». Аднак мы расказваем пра людзей, якія ўжываюць мову ў жыцці ў рознай ступені, – любы вопыт тут цікавы.

Павел нарадзіўся ў Расіі. Аднак з’яўляецца этнічным беларусам. Бацька і маці ў яго беларусы, але так здарылася, што яны выязджалі на заробкі ў Краснаярскі край. Потым вярнуліся на радзіму. Абодва з Камянеччыны.

Павел (злева) з аднакласнікам у школьныя гады. Павел трымае кніжку, якую падарылі за добрую вучобу. Фота з асабістага архіва

«У мяне тут і дзед, і прадзеды. Таму я карэнны беларус. Адзінае, што не змагу ў прэзідэнты балатавацца, бо ў мяне няма «грамадзянства па нараджэнню», –  смяецца Павел.

Вучыўся з першага па адзінаццаты класы ў той самай Амелянецкай сярэдняй школе. Пашанцавала, што школа была беларускамоўная.

«На перапынках у асноўным дзеці размаўлялі па-руску, бо мясцовая гаворка, на жаль, засталася ў лексіконе больш сталага пакалення. Так, дзе-нідзе слоўца праскочыць, нейкі выраз. А так у асноўным мова зносін – руская. Бацькі размаўлялі па-руску. Бацька ў дзяцінстве на 100 працэнтаў размаўляў са сваімі бацькамі на мясцовым дыялекце. Аднак адбітак савецкай адукацыі, рускай савецкай культуры, а таксама тое, што пражылі 15 гадоў у Краснаярскім краі, прывялі да таго, што і бацька, і маці размаўлялі па-руску».

Літаратурную беларускую Павел у маленстве чуў толькі ў школе і з афіцыйных крыніц – па тэлебачанні і радыё. А таксама чытаў беларускія кніжкі.

 У БрДУ не толькі атрымаў адукацыю, але і сустрэў сапраўдных сяброў.

Чытайце таксама: Мова перамен. «Была ў Харватыі, Славакіі, у Празе – усё разумею. Ведаеш беларускую – у Еўропе не прападзеш»

«Паступова ўсё склалася ў адну карціну»

Ва ўніверсітэт паступаў пазней за іншых – у 23 гады. Пэўны час працаваў, потым пачаў рыхтавацца да паступлення, бо разумеў, што ведаў не хапае. Вышэйшую педагагічную адукацыю ўспрымаў як асабістую задачу. У выніку скончыў Брэсцкі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці «геаграфія-біялогія».

Павел падчас турпаездкі ў Дрэздэне ў гандлёвым цэнтры (паказвае на глобусе Беларусь). Фота з асабістага архіва

«І не шкадую аб гэтым, бо там я не толькі атрымаў адукацыю, але і сустрэў сваіх сапраўдных сяброў. Пяць гадоў былі вельмі насычаныя і запомніліся ў маім жыцці.

Павел у Закарпацці падчас вучэбнай практыкі. Фота з асабістага архіва

У мяне маці настаўніца. Бацькі хацелі, каб я вучыўся ў педагагічнай ВНУ. Геаграфія мне заўсёды падабалася. Я вырашыў: чаму не?» – узгадвае Павел сваю матывацыю да няпростай настаўніцкай прафесіі.

Пасля універсітэта выйшаў з пэўнай пазіцыяй, якой прытрымліваюся і цяпер.

Ва ўніверсітэце аказалі ўплыў многія беларускамоўныя выкладчыкі. Яны размаўлялі прынцыпова па-беларуску не толькі на занятках, але і ў астатні час. Таксама некаторыя аднакурснікі дапамаглі сфарміраваць светапогляд, які моцна адрозніваўся ад таго, які быў да паступлення.

«Я пранікся нацыянальнымі, нават нацыяналістычнымі ідэямі. Неяк паступова для мяне ўсё склалася ў адну карціну. І пасля ўніверсітэта я выйшаў з пэўнай пазіцыяй, якой прытрымліваюся і цяпер».

Павел Кендысь – не адзіны герой нашай рубрыкі, якога пазнаёміў з жывой беларускай мовай студэнцкі асяродак.

Чытайце таксама: Мова перамен. Інжынер-хімік з Брэста: «У дзяцінстве думаў, што беларуская мова – такая ж «гарадская», як і руская»

«Народ, які тут жыве, – фактычна «падляшы»

У Амелянецкай школе Павел працуе з 2012 года. Прызнаецца, што, мабыць, падсвядома імкнуўся да беларускамоўнага асяродка. Асаблівых варыянтаў у гэтым плане ў нашай рэальнасці няма.

Ягоная пазіцыя ў дачыненні да адукацыі – што ўся яна ў Беларусі павінна быць па-беларуску. Хоць непасрэдна бліжэйшая тэрыторыя Берасцейшычы і мае вялікія моўныя асаблівасці.

Павел у Брэсцкай крэпасці каля Гарнізоннай царквы. Фота з асабістага архіва

«Тут у нас такі рэгіён, я б назваў яго «паўднёва-заходняя Беларусь», прынамсі Камянецкі раён, – усё ж такі частка Падляшша. Народ, які тут жыве, – фактычна «падляшы», як яны сябе ў Польшчы называюць. І мова падляшская – яна адрозніваецца ад палескай мовы, ад беларускай і, зразумела, ад польскай і рускай. Гэта нешта сярэдняе, такая «мікрамова». Выязджаеш хаця б у Ляхавіцкі ці нават Пружанскі раён – там ужо мясцовыя гаворкі беларускія, гэта трасянка, аднак вымаўленне, акцэнт, лексіка больш беларускія. Літаратурная мова вылучылася менавіта з гаворак.

Школы Берасцейшчыны павінны пераходзіць на беларускую мову навучання, для мяне гэта аксіёма.

Але беларускую мову я вызнаю як дзяржаўную, як асноўную ў Беларусі. Таму беларускамоўная школа была для мяне аптымальны асяродак, каб не страціць навыкі моўныя і прафесійныя».

«У Беларусі будуць жыць беларусы – гэта кармічная задача нашай краіны»

Размаўляем пра мары і ўяўленні аб ідэальным ходзе падзей. Якой павінна стаць школьная адукацыя Берасцейшчыны?

«Самая галоўная мара – каб Беларусь стала беларускай. Гэта не толькі адукацыя. Але яна, вядома, адзін з найважнейшых прыярытэтаў. Школы Берасцейшчыны павінны пераходзіць на беларускую мову навучання, для мяне гэта аксіёма. Як можа быць Беларусь краінай суверэннай, калі скрозь навокал пануе рускае? Гэта не ўвязваецца ў маіх думках.

Большая частка насельніцтва з’яўляецца пластылінам, з якога можна ляпіць усё што хочаш. Не трэба быць пластылінам.

Што датычыцца Амелянецкай школы, мне хочацца, каб яна як мага даўжэй праіснавала. Дзяцей, вядома, малавата, аднак я думаю, што мэтазгодна, каб яна працавала яшчэ пэўны час. Яе патрэбна падрамантаваць, зрабіць нармальныя ўмовы – чаго ўлады не хочуць рабіць.

У перспектыве я веру, я ведаю, што так будзе – Беларусь прыйдзе да беларускасці, у Беларусі будуць жыць беларусы. Гэта кармічная задача нашай краіны. Мы будзем здаваць гэты экзамен да тых часоў, пакуль яго не здамо. Усё вельмі проста. Калі ў нас установіцца нармальны дэмакратычны лад у краіне, калі да ўлады прыйдуць нацыянальна арыентаваныя людзі, вось тады пачнуцца кардынальныя перамены».

Павел бачыць праблему ў залішняй падатлівасці беларусаў.

«Большая частка насельніцтва з’яўляецца пластылінам, з якога можна ляпіць усё што хочаш. Не трэба быць пластылінам, трэба вучыцца разбірацца ў палітыцы, у эканоміцы, бо ў канчатковым выніку гэта ўплывае на наша паўсядзённае жыццё».

Амелянецкая школа. Фота: Станіслаў КОРШУНАЎ, tut.by

Читайте также: «У меня почти не будет зарплаты»: Учителю, который боролся за белорусскоязычную школу в Каменецком районе, срезали часы

Што датычыцца лёсу Амелянецкай школы, то вясной стала вядома, што зачыняць яе не будуць – прынамсі пакуль што. Аднак і пра неабходны рамонт мова не йдзе. Між тым у Паўла там стане нашмат меней працы – яму «зрэзалі» колькасць гадзін, а значыць, і заробак, у тры разы. Нягледзячы на гэта ён лічыць прынцыповым для сябе застацца ў школе. На яго думку, улады пакуль што толькі адклалі момант яе закрыцця на няпэўны час.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: