Скандынаўскія краіны вельмі падобныя між сабой па палітычным і сацыяльным уладкаванні, адзначае прадстаўнік Народнай амбасады ў Швецыі Зміцер Васэрман. Як іранічна адзначае суразмоўца BGmedia, гэтыя краіны заўсёды супернічаюць, у каго самыя высокія падаткі ў свеце. Гэтыя падаткі выкарыстоўваюцца эфектыўна ў параўнанні з краінамі нашага рэгіёну. Аднак Зміцер усё ж скептычна ставіцца да высокіх падаткаў у прынцыпе: на яго думку, такая сістэма змяншае ініцыятыву ў людзей.
Чытайце таксама: «Нароўні з дарослымі дзеці абмяркоўваюць, як адрамантаваць пляцоўку перад школай». Беларуска — пра жыццё ў Даніі
Беларус пераехаў у Швецыю ў 1996 годзе з палітычных прычын. Тады ўжо было ясна, што Лукашэнка знішчае ўсё жывое, а Зміцер быў задзейнічаны ў пабудове сістэмы распаўсюду незалежных СМІ. Усё, што адбывалася пасля, было для яго трагедыяй, але не нечаканасцю. З 2020 года беларус актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці беларускіх дэмакратычных сіл.
Паразмаўлялі са Змітром Васэрманам пра асаблівасці жыцця ў Швецыі, палітычным і сацыяльным уладкаванні краіны, а таксама пра яе нечаканыя падабенствы з Беларуссю.
Па колькасці насельніцтва Швецыя трохі абыходзіць Беларусь: яно складае прыблізна 10,4 млн чалавек. Тэрыторыя пры гэтым большая ў два з лішнім разы. Па шэрагу крытэрыяў краіны цалкам можна параўноўваць. Чаканая працягласць жыцця ў Швецыі перавышае 83 гады.
— У чым адметнасць Швецыі сярод краін паўночнай Еўропы, якія ў нейкім сэнсе складаюць агульную прастору?
— Паміж скандынаўскімі краінамі складаная гісторыя. Яны шмат адзін з адным ваявалі. Зараз, зразумела, мір, гармонія, союз і ўсё такое. Калі распадаўся Кальмарскі саюз, які аб’ядноўваў паўночныя краіны (канчаткова распаўся ў 1523 годзе. — Рэд.), гэта была дастаткова крывавая гісторыя.
У нацыянальных характарах, зразумела, ёсць розніца. Шведы лічацца больш памяркоўнымі, тымі, хто баяцца канфліктаў. Датчане, напрыклад, баяцца значна менш, яны нашмат смялей ідуць на канфрантацыю, калі гэтага патрабуе сітуацыя. Шведы хутчэй стараюцца канфлікт «замесці над дыван».
Чытайце таксама: Прадстаўнік Народнай амбасады ў Швецыі: «Дзеці ў першую чаргу лічаць сябе шведамі, у другую — габрэямі»
— Падобна да беларусаў?
— Можна казаць і так.
З фінамі розніца, можа, у тым, што фіны больш інтраверты. Прынамсі так лічыцца ў Швецыі. Нават жартуюць, што ў Фінляндыі аўтысты адчуваюць сябе як дома.
Розніца ёсць, але ўсё роўна краіны падобныя між сабой. Трэба пажыць у гэтых краінах, каб зразумець, у чым розніца.
Швецыя — гэта адна з найбольш інаватыўных краін у свеце. Яна заўсёды атрымлівае вельмі высокія адзнакі ў рэйтынгах, у аналізах інаватыўнасці розных краін. У гэтым сэнсе падаткі не з’яўляюцца памехай.
— У чым прычыны такога інавацыйнага поспеху?
— Я думаю, што гэта ў першую чаргу культура. Меры з боку дзяржавы таксама ёсць. Швецыя гістарычна была вельмі эканамічна ліберальнай дзяржавай. Яна толькі пасля Другой сусветнай вайны ператварылася ў напаўсацыялістычную дзяржаву. Да таго было шмат свабоды прадпрымальніцтва і параўнальна нізкія падаткі. І, як гэта дзейнічае ў дэмакратычных краінах, зразумелая сістэма правіл, якія не мяняюцца. Гэта спрыяе інавацыям і прадпрымальніцтву.
Акрамя гэтага, у Швецыі ёсць тое, што ў сусветнай практыцы называецца пратэстанцкай працоўнай этыкай. Гэта значыць, што ад чалавека чакаецца, што ён будзе рабіць сваю працу, і рабіць вельмі сумленна.
Гэтыя два фактары: краіна са зразумелымі дэмакратычнымі правіламі і працоўная культура — вельмі спрыяюць інавацыям.
— Як вы адчувалі сябе адразу пасля пераезду ў Швецыю? Што было складаным ці, наадварот, камфортным?
— Калі пераязджаеш у іншую краіну, нават самую лепшую, гэта заўсёды вельмі цяжка. Ты губляеш кантактную сетку. А тады не было яшчэ сацыяльных медыя, нават імэйла амаль ні ў кога не было. Гэта быў час папяровых лістоў. І трэба было пачынаць арыентавацца ў рэальнасці, вучыць новую мову, разумець традыцыі, якія існуюць у штодзённым жыцці, у бізнэсе.
Читайте также: Не только Берлин и Бонн: рассказываем, какие немецкие города раньше были столицей Германии
Інтэграцыя ў новае грамадства была, як і ва ўсіх імігрантаў, нялёгкай, але гэта быў велізарны крок для асабістага росту. Швецыя ў прынцыпе з’яўляецца краінай, якая дапамагае інтэгравацца, робіць шмат для тых, хто хоча інтэгравацца сам. Яны дапамагаюць і з вывучэннем мовы, і з патрапляннем на працоўны рынак. Швецыя ў гэтым плане вельмі сяброўская краіна.
— На той момант быў вялікі кантраст з Беларуссю?
— У палітычным сэнсе гэта быў, зразумела, вельмі вялікі кантраст. Я прыехаў адтуль, дзе пачыналася дыктатура, у дэмакратыю. Таксама быў вялікі кантраст па ўзроўні жыцця, большы, чым зараз. У 1996 годзе Беларусь яшчэ жыла ў постсавецкай разрусе.
У культурным сэнсе розніца была, але, можа, і не такая вялікая, таму што мы ўсё-такі гаворым пра два еўрапейскія народы. Гэта краіны дастаткова блізкія тэрытарыяльна, гістарычна. Былі сувязі, нават некаторы час у Беларусі і Швецыі быў агульны кароль (Жыгімонт Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1587–1632 гадах, кароль шведскі ў 1592–1599 гадах. — Рэд.). Таму я ўпэўнены, што калі ў Беларусі будзе дэмакратыя, то шлях да нармальнага жыцця будзе параўнальна кароткім.
— Які у вас і вашай сям’і досвед узаемаедзеяння з сацыяльнай сферай у Швецыі: з адукацыяй, медыцынай?
— Гэтыя сістэмы ў Швецыі дастаткова эфектыўныя. Пачнем з адукацыйнай.
Таксама, як і ў Даніі, як вельмі метка адзначыла Вольга ў сваім інтэрв’ю, у Швецыі значна больш вучаць таму, што называецца soft skills: абмяркоўваць, весці дэбаты, разважаць, мець сваё меркаванне, супрцоўнічаць адзін з адным у групах. На гэта значна большы акцэнт у скандынаўскіх школах.
За кошт гэтага, магчыма, трохі пакутуе адукацыя, сфакусаваная на канкрэтных ведах. Узровень адукацыі па матэматыцы ў Беларусі, магчыма, трохі вышэй. З іншага боку, у Беларусі больш людзей, якія сканчваюць школу, не дасягаючы гэтага высокага ўзроўню. То бок у Беларусі той, хто паспяхова скончыў школьны курс, атрымаў веды больш высокага ўзроўню, але і больш тых, хто скончыў школу і нічога там не зразумеў.
Можна сказаць, адукацыя ў Швецыі разлічаная на тое, каб больш людзей зразумела школьную праграму, а не на тое, каб «вяршкі» атрымалі добрую адукацыю.
Што датычыцца медыцыны, то ў Швецыі, як і наогул у Скандынавіі, значна спакайней ставяцца да хвароб. Я памятаю, у Беларусі, калі ў дзіцяці падымаецца тэмпература, адразу выклікаюць доктара, доктар прыбягае, штосьці выпісвае. У Швецыі, калі ў цябе проста тэмпература і няма ніякіх «абцяжваючых абставін», то першыя тры дні доктар нават не прыйдзе і цябе не прымуць. Тут лічыцца: ну што такога, час ад часу у людзей бывае вірус. Арганізм лечыць сам сябе, і доктар не павінен штосьці рабіць. Зразумела, калі ёсць падазрэнні на штосьці больш сур’ёзнае, то лекары падключаюцца.
Гэта для нас было трохі дзіўна спачатку, а потым стала нармальна.
Тая ж самая палітыка наконт антыбіётыкаў. У прынцыпе гэта супадае з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Антыбіётыкі выпісваюць толькі тады, калі могуць пацвердзіць, што ў арганізме сапраўды ёсць запаленчы працэс.
У Швецыі спецыяльная медыцына вельмі добрая. Менш добры, магчыма, шлях да спецыяльнай медыцыны. Каб патрапіць да спецыяліста, трэба прайсці шлях праз тэрапеўтаў, і там могуць быць праблемы з чэргамі і нават з кампетэнцыяй. Але калі чалавек патрапляе да спецыяльнага лекара, то, можна сказаць, іх большасць — сусветнага ўзроўню.
Вельмі добрая статыстыка па чаканай працягласці жыцця, даволі добрая сістэма догляду за пажылымі. Якасць жыцця і якасць старасці значна больш высокая, чым у Беларусі.
— Наколькі шведы спартыўныя?
— Вельмі спартыўныя. Большасць людзей тым ці іншым чынам займаюцца спортам, шмат рухаюцца. Шведская падатковая сістэма гэтаму спрыяе. Прадпрыемствы маюць права выдаткаваць некаторыя сумы на ахову здароўя, на тое, каб людзі, напрыклад, хадзілі ў спартыўны зал, і тады гэтыя грошы вызваленыя ад падаткаў. Вельмі шмат прадпрыемстваў гэтым карыстаюцца.
— Наколькі працуючай, добрай і трывалай вам здаецца палітычная сістэма ў Швецыі?
— Яна здаецца працуючай, добрай і трывалай. Не без недахопаў, зразумела.
— Напрыклад?
— Вось глядзіце, ёсць такая сістэма, што міністэрствы не могуць умешвацца ў асабістыя справы, якія знаходзяцца на стале ў ведамствах. Гэта называецца «забарона на міністэрскае кіраванне». Гэта вельмі добрая сістэма, каб не было «тэлефоннага права». Міністр не можа патэлеыанаваць і сказаць «вырашыце гэтае пытанне». Калі ён так зробіць, то гэта скандал, парушэнне Канстытуцыі, звальненне міністра, а можа, нават змена ўрада.
Але ў гэтай сістэмы ёсць і адваротны бок. Калі ў дыялогу наконт беларускіх уцекачоў мы бачылі, што Агенцтва па міграцыі прымае абсалютна некампетэнтныя рашэнні, то міністэрства не магло шмат чаго зрабіць, таму што ў яго недастаткова механізмаў кантролю за ведамствам.
Але гэтую ролю на сябе бярэ грамадзянскі сектар і грамадзянскае меркаванне. Напрыклад, сітуацыю з Агецтвам па міграцыі ўдалося вырашыць пасля таго, як медыя сталі наконт гэтага пісаць. Што добра ў Швецыі — шмат якія ведамствы разумеюць, што яны залежаць ад грамадзян і грамадзянскага меркавання.
Палітыкі не могуць умешвацца ў асабісты выпадак, але могуць умешвацца ў сістэму. У выпадку, калі ёсць нейкая тэндэнцыя, тады на ўзроўні заканадаўчых актаў яны могуць нешта змяніць.
Ну і традыцыйны шведскі боль, які нарэшце зразумелі, — гэта не вельмі адказная міграцыйная палітыка, калі Швецыя прыняла шмат эмігрантаў, але не дужа клапацілася аб іх інтэграцыі, каб яны сталі часткай шведскага сацыяльнага кантракту. Думалі, што гэты працэс пойдзе сам. Таму ў нас ёсць некаторыя сегменты грамадскасці, не ў дастатковай меры інтэграваныя ў шведскае грамадства. Шведы вымушаныя вырашаць гэтую праблему, таму палітыка зараз хіснулася ў бок больш рэстрыктыўнага падыходу да іміграцыі. Яны пабачылі наступствы таго, што прымалі людзей з іншых культур, якія не былі часткай сацыяльнага кантракту. У нас ёсць раёны з вельмі высокім крыміналітэтам.
— Як гэтыя змены ў міграцыйнай палітыцы адбіваюцца на беларусах? Ці ўвогуле беларусы пераязджалі ў Швецыю з 2020 года?
— Пераязджалі, але няшмат. Большасці адмаўлялі ў прытулку, таму што ў Швецыі дакумент, які апісвае сітуацыю па Беларусі, не прымаў ва ўвагу тое, што было пасля 2020 года. Апошнім часам гэта змянілася. Мы актыўна працавалі з міграцыйным агенцтвам наконт гэтага. З лютага 2024 года там ужо новы дакумент, які апісвае сітуацыю, рэпрэсіі.
Але міграцыйная палітыка ў Швецыі наогул пасля 2015 года стала вельмі рэстрыктыўнай. Спачатку яна, наадварот, была экстрэмальна шчырай. Гэта сумная сітуацыя, таму што Швецыя дапамагла шмат каму з вельмі далёкіх рэгіёнаў, і тым, каму сапраўды патрэбна дапамога, і тым, хто проста прыбіўся да міграцыйных патокаў з дапамогай крымінальных груповак і спецслужбаў. Мы ўжо ведаем, што паток бежанцаў 2015 года таксама быў расейскай гібрыднай аперацыяй, ціскам на Еўропу, што Асад і Пуцін гэта зрабілі сумеснымі намаганнямі. На жаль, наіўная Еўропа ім падыграла.
А калі крызіс здарыўся ў Швецыі пад бокам, то Швецыя ўжо кажа, што яны не могуць дапамагчы. Гэта вельмі сур’ёзны дысбаланс.
— Што варта сказаць пра эканамічны стан Швецыі? Заробкі, рынак жылля…
— Наконт заробкаў: як мы ўжо гаварылі, тут вельмі высокія падаткі, але, з іншага боку, гэтыя падаткі выкарыстоўваюцца, каб зрабіць дастаткова моцную сацыяльную сістэму.
Што датычыцца рынка жылля, то тут выстрэльвае гэты знакаміты шведскі сацыялізм. Рынак жылля ў Швецыі зарэгуляваны. Нават людзі, якія валодаюць жыллём, не маюць магчымасці паставіць цэны на жыллё, якія лічаць правільнымі. Гэта вядзе да таго, што ў Швецыі вельмі доўгія чэргі. Заўсёды, калі рынак выводзяць з гульні, гэта прыводзіць да дэфіцыту.
Прынамсі ў вялікіх гарадах ёсць недахоп жылля. У правінцыі з гэтым лягчэй.
— Што магла б запазычыць новая незалежная Беларусь у Швецыі, чаму павучыцца?
— Дэмакратыі, прававой дзяржаве. Я ўпэўнены, што менавіта гэта Беларусі патрэбна. Калі ў Беларусі будзе прававая дзяржава, свабода, будуць выконвацца законы, калі будуць вольныя дэбаты наконт таго, што адбываецца ў краіне, я ўпэўнены, што ў Беларусі ўсё будзе добра.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google