Аляксандр Клачко нарадзіўся і пражыў амаль усё жыццё ў Баранавічах. Апошнія два гады перад эміграцыяй быў кіраўніком офісу службы таксі. У 2020 годзе актыўна ўдзельнічаў у пратэстах. З’ехаў з Беларусі ў снежні 2020 пасля таго, як да яго «прыйшлі ў балаклавах». Жыў у Вільні. Пасля шэрагу падпрацовак пайшоў у сферу IT, вучыцца на тэсціроўшчыка. На гэтым этапе і застала яго вайна.
4 сакавіка 2022 года прыехаў ва Украіну, каб абараняць яе ад расейскіх акупантаў.
Читайте также: «Там мясорубка, и русских погибает в разы больше». Разговор с бойцом Полка Калиновского, который вернулся из Бахмута
Мы паразмаўлялі з Аляксандрам, які больш вядомы пад пазыўным «Кусь», пра тое, як ён вырашыў перайсці на беларускую і як успрымаюць нашу мову ва Украіне на фоне расейкай агрэсіі, якая распачалася пры дапамозе рэжыма Лукашэнкі.
Пра «Брэста»
«Кусь» ваюе ў складзе батальёна «Волат», быў знаёмы з Іванам «Брэстам» Марчуком.
— Мы сябрамі не былі, але гэта быў мой камандзір. Маё першае баявое было пад яго камандаваннем, мая першая граната на палігоне была з ім разам кінута. Я, «Брэст» і «Дзядзька» хадзілі на баявое, шукалі параненага ўкраінскага афіцэра, які падарваўся на міне.
Пра рашэнне ваяваць за Украіну
— Сам дзень пачатку вайны я не запомніў. Не было такога: ваў, вайна пачалася, які жах! Канешне, я сачыў за гэтым. Мне было непрыемна, што гэта адбылося з тэрыторыі Беларусі, што Лукашэнка даў дозвол без згоды беларусаў, без маёй згоды.
Але ўсе мае думкі былі занятыя рэферэндумам па зменах у Канстытуцыю, які тады праводзіўся ў Беларусі. Я заклікаў людзей пайсці і зрабіць бюлетэнь несапраўдным. Я казаў: гэта дзеянне хоць якое, вы хоць пабачыцеся. Яны ж у камісіі чакаюць, каб вы не прыйшлі.
27 лютага на Лукішскай плошчы (у Вільні. — Рэд.) быў мітынг супраць вайны, які супаў з рэферэндумам. Была Ціханоўская. Я вярнуўся дадому і думаю: а што далей трэба рабіць? Я не разумеў, гэтае пытанне стаяла вельмі востра. Патрэбна было нейкае дзеянне, якое б набліжала вызваленне Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, ад расейскай акупацыі, што адбылася, я лічу, у студзені 2022 года. Бо да чаго я магу заклікаць людзей у Беларусі, калі сяджу ў Літве?
Мне патэлефанаваў знаёмы: «Давай ваеннікі спалім на знак пратэсту». Я кажу: «Ты можаш паліць, але сэнс у гэтым? Трэба на вайну ехаць». Ён кажа: «Дык вось, такі-та і такі-та запісаліся ва ўкраінскай амбасадзе ў Вільні добраахвотнікамі ў Іншаземны легіён» — «А так можна?»
Я пайшоў у амбасаду, 2 сакавіка запісаўся ў Іншаземны легіён. На наступны дзень быў выезд аб амбасады ва Украіну. Праз чатыры гадзіны пасля таго, як мне патэлефанавалі, я выехаў, — адзіны з беларусаў, бо іншыя людзі казалі: мне трэба дзень, а мне тры дні, каб сабрацца. 4-га ў 6 раніцы быў ва ўкраінскім Яварыве (Львоўская вобласць).
Праўда, мяне высадзілі з аўтобуса. Мы перасаджваліся на іншы, каб ехаць на базу. Мяне папрасілі падысці да ўкраінскага афіцэра, які нас суправаджаў. Ён пытае: «Вы беларус?» — «Так» — «Прабачце, нічога асабістага, але з сённяшняга дня беларусаў загадана не браць (у Іншаземны легіён. — Рэд.)». Даў мне нейкія тэлефоны. Я застаўся адзін на запраўцы без сувязі і магчымасці вярнуцца назад, бо блокпасты, а ў мяне пашпарт беларускі, ці паехаць у Кіеў.
Дружыннікі, тэрабарона мяне бачылі падазроным. Паліцэйскіх выклікалі шэсць чалавек з аўтаматамі. Завезлі ў СБУ, потым у ваенкамат. Там сказалі, што толькі полк «Азоў», калі ёсць досвед. У мяне досведу няма, я нават у войску не служыў. Тады да пабачэння, толькі ў Польшчу. Я кажу: «Добра, а як мне ў Польшчу трапіць? Хоць нейкую паперу дайце».
Мяне завялі ў Дом культуры, дзе быў валанцёрскі цэнтр. Там збіралі ежу на мяжу, плялі маскіравальныя сеткі. Я вырашыў, што пакуль дапамагу ім чым змагу, пераначую, а заўтра прыму канчатковае рашэнне.
Пераначаваў у грэка-каталіцкага святара і на наступны дзень даведаўся, што ў гэтым жа горадзе завіслі яшчэ пяць беларусаў, якія ехалі ў Кіеў. Я да іх далучыўся, мы спалі ў спортзале сярод уцекачоў. Мы даслалі дакументы ў Варшаву, у сённяшні рэкрутынгавы цэнтр Палка Каліноўскага. Нам зрабілі дазвол, за намі заехалі беларусы, якія таксама ехалі на вайну, і мы далей паехалі ў багажніку на бронекамізэльках у Львоў. 8 сакавіка я апынуўся ў Кіеве.
9 сакавіка «Брэст» нас усіх сабраў і аб’явіў аб стварэнні батальёна Каліноўскага. Вось так я трапіў на вайну.
Пра шлях да мовы
— Я ўсё жыццё лічыў беларускую мову роднай, але 37 гадоў — мне зараз 38 — я быў расейскамоўным. У гадоў 17 я некалькі вершаў напісаў, і сярод іх былі беларускамоўныя.
Я адчуваў вакол сябе бар’еры ў адносінах да беларускай мовы. Першае: гэта сялянская мова (такое стаўленне было і да ўкраінскай). Другое, самае галоўнае: калі ў нейкім 2000 годзе бачылі беларускамоўнага чалавека, то думалі, што ён або вар’ят, або яры апазіцыянер, нацыяналіст.
Ва ўсіх перапісах, якія былі, беларускую мову я пазначаў як родную.
Читайте также: «Прабачце за маю беларускую». «Карагоднік» Ілля Ягораў распавёў, як пераходзіць на родную мову ў Літве
У 2018-2019 гадах у мяне быў новы віток цікавасці да сваёй малой радзімы — гэта вёска Дамашэвічы пад Баранавічамі. Я пачаў знаёміцца з людзьмі, якія цікавіліся краязнаўствам, якія валодалі тэмай. Была гадавіна бітвы паўстанцаў Каліноўскага пад Мілавідамі. Там беларусы арганізоўвалі мерапрыемства. Я вёз туды на машыне Уладзіміра Гундара (краязнаўца, актывіст з Баранавічаў. — Рэд.) з жонкай. Ён размаўляў падчас дарогі па-беларуску, я яму адказваў таксама па-беларуску. Я думаў, што беларускую добра ведаю, але злавіў сябе на тым, што мне трэба падбіраць словы, каб ёю размаўляць. І праз 10 хвілін размовы адчуванне, што ў цябе галава распухла.
Калі з’ехаў з Беларусі і апынуўся ў Вільні, першы час жыў у гатэлі, дзе былі два беларускамоўных беларуса — Алег Мяцеліца і Алесь Таўстыка. Яны паўплывалі на мой пераход на прыступку вышэй.
Я памятаю дзень 21 лютага 2021 года — Дзень роднай мовы. Тады мне як плаціну прарвала. Я пачаў вольна размаўляць па-беларуску.
Потым спатрэбілася яшчэ паўтары гады — вайна ў нейкай ступені паўплывала — каб я цалкам перайшоў на беларускую. Гэта адбылося ў жніўні 2022 года. Я вяртаўся ў Вільню. У мяне сканчвалася пасведчанне на жыхарства, трэба было яго працягваць. Пакуль рабілі дакументы, у адзін з дзён у «Беларускім замку» была сустрэча на тэму «Беларуская мова — адзіная дзяржаўная ў Беларусі». Там была жанчына, расіянка, настаўніца, якая жыла ў Беларусі да пратэстаў.
Мы дыскутавалі, хто за, хто супраць, каб беларуская была адзінай дзяржаўнай. Свае гісторыі распавядалі, хто як да мовы прыйшоў. І гэтая жанчына кажа: «Я вельмі хачу размаўляць па-беларуску, вучу беларускую мову, але саромеюся на ёй зараз размаўляць, бо баюся памыліцца». Я тады вырашыў: а чаму мне не стаць для гэтай жанчыны, якая баіцца вымавіць беларускае слова, прыкладам? У той дзень я прыняў рашэнне, што пераходжу на беларускую мову ў штодзённым жыцці і ў тэкставай інфапрасторы.
Пра стаўленне да беларускай на фоне вайны
— Нядаўна я даваў інтэрв’ю на ўкраінскім тэлебачанні. Вядучая мяне папрасіла папярэдне: «А не маглі б вы размаўляць па-расейску, бо ўкраінцы могуць не ўсе словы зразумець». Я кажу: «Не, для мяне гэта прынцыповае пытанне. За год я пабачыў, што ва ўкраінцаў, якія ведаюць родную мову, праблем з разуменнем няма». Я сам ніколі не вучыў украінскую, і я не паліглот, але добра яе разумею. За пяць дзён на курсах вайсковай тапаграфіі я толькі два словы не зразумеў — «джерело» (крыніца) і «равлик» (смоўж).
Пасля інтэрв’ю вядучая кажа: «Я не чую звычайна беларускую, але адсоткаў 85 з таго, што вы казалі, я зразумела».
А вось літоўцы не разумеюць беларускую мову, нават тыя, хто добра ставіцца да пратэстных беларусаў, таму з імі я ўжываю расейскую.
На фронце пару ўкраінскіх вайскоўцаў мне казалі, чуючы маю мову: «О, ты з Чарнігаўшчыны!» — «О, класная легенда! Калі што, я з Чарнігаўшчыны». Там, каля Беларусі, гаворка падобная на беларускую.
Ёсць украінцы, якія не валодаюць украінскай. Звычайна гэта «рускамірцы», як практыка паказвае. Ім складана разумець, што я кажу.
Украінцы не звыклі, што беларусы размаўляюць па-беларуску. Тэарэтычна я магу ісці і па-расейку размаўляць, і пра мяне падумаюць: о, свой, украінец! Але мая мова паказвае, што я беларус. Я ніколі не хаваю сваю нацыянальнасць прынцыпова. Не хаваю і калі па-грамадзянску апрануты.
Быў у Кіеве ў кастрычніку, спусціўся ў метро, а яно не працуе з-за ракетнага абстрэлу, які адбываўся ў той момант. Запытваю ў жанчыны па-беларуску, а яна: «А вы не украінец!» — «Я беларус» — «Дык з вашай краіны ракеты лятуць, што вы тут робіце?» Я спяшаўся і папрасіў сказаць, на якой платформе сядаць. Яна сказала, што цягнік яшчэ не хутка пойдзе. Стаю і бачу позіркі падазроныя. Думаю, падыйду паразмаўляю.
Яна бачыла мяне дыверсантам. Я паказаў ёй вайсковы квіток украінскі. Кажу: «Калі б я быў дыверсантам, то па-расейску з вамі б размаўляў». Па большай частцы, як аказваецца, гэтыя людзі не ў тэме, што было ў Беларусі ў 2020 годзе, што зараз адбываецца. Я кажу: «Калі з Крыма ракеты лятуць, вы кажаце: крымчане, вы такія-сякія, з вашага боку ракеты лятуць? Чаму тады вы кажаце гэта пра беларусаў?»
Я сам штурхаю беларусаў нешта рабіць, бо я лічу, што маю на гэта права як беларус. А вось калі людзі іншай нацыянальнасці гэта робяць, мяне чапляе. Я спадзяюся, што пасля размовы чалавек хаця б думаць пачне, што ў нас адбываецца.
Фота з асабістага архіва Аляксандра Клачко
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: