Этнічны паляк, які размаўляе па-беларуску
Мар’юш Каліціньскі — паляк паводле нацыянальнасці і нарадзіўся каля Варшавы. Ад малога цікавіўся усходняй культурай і мовамі, а таму апынуўся ў Беларусі, дзе пражыў некалькі гадоў, калі вучыўся ва універсітэце Янкі Купалы ў Горадні.
— І там палюбіў Беларусь і беларусаў. Зацікавіўся беларускай мовай, нацыянальнай культурай і народнымі традыцыямі, — кажа Мар’юш.
Зараз пан Каліціньскі дасканала размаўляе па-беларуску, спявае беларускія песні, танчыць нашыя народныя танцы. А яшчэ — закончыў кафедру беларусістыкі і вывучае беларускую літаратуру на дактарантуры Варшаўскага ўніверсітэту.
Некалькі гадоў Мар’юш жыў і працаваў у Швецыі, дзе атрымаў багаты досвед для параўнання жыцця ў розных краінах. А патрапіў у гэтую скандынаўскую краіну, дзякуючы сваёй любові да спазнання свету.
Аднойчы выправіўся пехатою ў Рым і некаторы шлях ішоў побач з такім жа вандроўнікам. Як пазней высветлілася, выпадковым спадарожнікам быў міністр экалогіі Швецыі. Ён і дапамог свайму новаму сябру знайсці працу, калі хлопец выправіўся ў Швецыю ў пошуках новага жыцця.
«Шведы падобныя з беларусамі знешнім ладам жыцця: каб было прыбрана, чысценька»
— Першае, што кідаецца ў вочы ў Швецыі — гэта міжнацыянальная атмасфера. Аж у такой ступені гэтага няма ні ў Польшчы, ні тым больш у Беларусі, — кажа Мар’юш.
У Швецыі жывуць людзі “абсалютна з усяго свету”: рознага колеру скуры, валасоў, рознай формы вачэй і вуснаў.
А шведы вельмі падобныя з беларусамі знешнім ладам жыцця: “каб было прыбрана, чысценька — там акуратна ўсюды”.
У Швецыі таксама “неверагодна прыгожа”: Стокгольм стаіць на вазёрах і галоўнае з іх — Меларэн “і гэта неапісальныя краявіды”. Таксама Мар’юш цешыцца шведскім кліматам — ён амаль не розніцца з беларускім, як і навакольная прырода.
— Хваёвыя лясы і ўзгоркі вельмі прыгожыя, але і манатонныя: можна ехаць 500 кіламетраў і будуць усё тыя ж прыгожыя лясы. На поўнач мясцовасць больш скалістая, але скалы такія спакойныя і суворыя, што выклікаюць захапленне і павагу.
Читайте также: Беларуска, якая жыве ў Ісландыі: «Як выйду на пенсію, то хачу жыць ў доме для састарэлых»
А яшчэ ў Швецыі белыя ночы: у чэрвені-ліпені некалькі тыдняў “можна не класціся спаць”. Зімой жа наадварот — вельмі кароткі светлавы дзень. Таму шведы “дапамагаюць сабе і падбадзёрваюць”: вельмі рана запальваючы навагодне-калядную ілюмінацыю.
Розныя гірлянды і каляровыя аздабленні тут уключаюць літаральна ад лістапада і выключаюць шмат пазней па заканчэнні святаў — напрыканцы лютага.
«Шведы, як і беларусы: такія ж памяркоўныя, ціхія і спакойныя, не такія эмацыйныя, як палякі»
Швецыя — краіна 10 мільёнаў жыхароў і большасць з іх жывуць у трох буйных гарадах: Стокгольм, Гётэборг і Мальмё. Усе яны размешчаныя бліжэй да поўдня, поўначная частка краіны маланаселеная — з-за большага холаду і цемры.
— Гэта прыкладна, як і ў Беларусі: большасць жывуць у некалькіх буйных абласных цэнтрах, а астатнія жыхары “расцярушаныя” па невялікіх гарадах і мястэчках.
І пераважна тут застаюцца людзі старэйшага веку, а моладзь з’язджае ў буйныя гарады.
— Шведы шмат у чым падобныя да беларусаў: такія ж памяркоўныя, ціхія і спакойныя, не такія эмацыйныя, як палякі, да прыкладу, — дзеліцца ўражаннямі паляк.
Таксама, як і беларусы, шведы інакш паводзяцца з замежнікамі, чым паміж сабой.
— Пра палітыку, да прыкладу, з імі не паразмаўляеш, пра светапогляд, з імі не “пафіласофствуеш”. Некаторыя жыццёвыя рэчы замежніку яны таксама не скажуць — пра п’янства, да прыкладу, — смяецца Мар’юш.
Шведы звычайна размаўляюць пра падарожжы, пра працу і пра ежу — гэта тры асноўныя тэмы для размоваў з іншаземцамі ці незнаёмымі людзьмі. “А ўжо паміж сабой — пра ўсё астатняе”.
«Як і беларусы, шведы могуць доўга і цяжка працаваць»
З досведу ўласнай працы Мар’юш пераканаўся, што шведы вельмі дасканалыя ў арганізацыі гэтай самай працы: складаюць дасягальныя планы і метадычна іх выконваюць.
— Як і беларусы, шведы могуць доўга і цяжка працаваць і ўсё добрае, што маюць — гэта вынік іхняй крапатлівай працы.
Читайте также: «А потом спросить, что на этих полях выросло». Экономист оценил идею Лукашенко закрепить за каждой школой по колхозу
Так, у прамысловасці сусветную вядомасць атрымаў аўтамабільны канцэрн Вольва і гігант у тэлекамунікацыях — кампанія Эрыксан. Вельмі вялікая прысутнасць міжнародных кампаній, развіты сэрвіс у турыстычных ды іншых паслугах.
Але працу знайсці не лёгка, бо “ў Швецыю едзе ўвесь свет”. Вялікая канкурэнцыя нават у самых простых прафесіях — прыбіральшчык, прадавец, кіроўца.
— Шмат прасцей, калі ведаць шведкую мову — гэта адзін з важных крытэраў, каб быць канкурэнтаздольным на рынку працы. Але мне пашанцавала — я меў працу з першага дня — працаваў афіцыянтам у кейтэрынгавай кампаніі, — мне ж дапамагаў сам шведкі міністр, — смяецца Мар’юш.
Транспарт — адно з найлепшых дасягненняў Швецыі
Асабліва Мар’юш уражаны грамадзкім транспартам і сістэмай дарог. Ён лічыць гэта адным з найлепшых дасягненняў Швецыі.
— Шмат тунэляў, шырокія аўтастрады і ўся гэтая складаная і эфектыўная дарожная інфраструктура збудаваная не сёння, а яшчэ ў 60-я гады мінулага стагодзя. Толькі вакол Стокгольма некалькі аб’язных дарог, праўда коркі ўсё роўна здараюцца.
Колькасць галінаў метро ў Стокгольме — “не злічыць”. Трамваі не толькі наземныя, але і водныя. Вельмі папулярныя паромы — таксама развіты від транспарту.
— Кошт праязнога білету не танны: больш за 100 Еўра за месяц. Але паколькі транспарт разнастайны, яго шмат і працуе якасна, то адпаведны, — мяркуе суразмоўца.
Роварныя дарожкі ў Швецыі — гэта “проста асобная тэма”: яны маюць адмысловыя маршруты, уласныя светлафоры і асаблівы догляд.
— Узімку, да прыкладу, першымі ачышчаюць не дарогі для аўтамабіляў, а менавіта роварныя дарожкі. Машыны могуць стаяць у снежных заторах, але роварныя дарожкі будуць чыстыя.
Читайте также: «Там все точно так, как было в 80-х годах»: брестчане жалуются на отсутствие фонарей и разбитые дороги на Скрипникова
Так ўлады Швецыі заахвочваюць жыхароў карыстацца менавіта роварамі, чым перасьледуюць адразу дзве мэты: зменшыць нагрузку на грамадзкі транспарт і заахвоціць гараджанаў на здаровы лад жыцця.
А яшчэ шведы вельмі любяць падарожнічаць: выязджаюць-вылятаюць нават на звычайныя выходныя: Ангельшчына, Амерыка, Фінляндыя, Эстонія, Польшча — вельмі папулярная маршруты. Таму іхняе лётнішча Арланда ў Стокгольме — “гэта гігант”.
«Некаторыя “не маглі” закончыць навучанне па два гады»
У Швецыі Балонская сістэма адукацыі, жыхары краіны дасканала валодаюць ангельскай мовай. Але прыярытэт і асаблівая ўвага — шведскай мове, пра якую дзяржава вельмі клапоціцца.
Існуе цэлая сістэма дзяржаўных школ для вывучання шведскай мовы.
Гэта якаснае навучанне, якое дае моўную падрыхтоўку і для камунікацыі, і для працы. У дадатак навучэнцам выплочваюць стыпендыю.
— Я хацеў развівацца і ісці наперад, таму скончыў чатыры ўзроўні такой школы за паўгады. Але паколькі за навучанне яшчэ і плацілі, то многім было выгадна доўга вучыцца. І нейкім чынам яны “не маглі” закончыць навучанне па два гады, — смяецца Мар’юш.
Заробак — “значна больш, чым у Беларусі”, але “адкласці можна ня шмат”.
— У “дапандэмійна-даваенныя” часы і з улікам, што гэтая праца не вымагала спецыяльных навыкаў, я, да прыкладу, атрымоўваў 1,5-2 тысячы Еўра.
Читайте также: Реалии беларуской медицины: «Забираешь одноразовые инструменты, дома стерилизуешь и работаешь»
Падаткі ў Швецыі складаюць да 50%, затое служба сацыяльнай дапамогі вельмі развітая і сапраўды працуе.
Тут вельмі шмат ільготаў, а выплаты па беспрацоўю роўныя памеру сярэдняга заробку. І вельмі моцная сістэма прафсаюзаў.
— Прафсаюзы вельмі ўплывовыя, яны сапраўды бароняць працаўнікоў і дзяржава з імі лічыцца.
«Хворых на дэпрэсію вызваляюць ад працы і плацяць грошы»
Сістэмай сацыяльных выплат у Швецыі многія актыўна карыстаюцца: пры навучанні, падвышэнні кваліфікацыі, пры сацыяльна ўразлівых становішчах і ў многіх іншых выпадках.
— Да прыкладу, з прычыны дэпрэсіі чалавека вызваляюць ад працы, прызначаюць лячэнне і выплочваюць грошы. З-за гэтага ў Швецыі вельмі вялікі ўзровень “псіхічных захворванняў”, — жартуе Мар’юш.
— Я сустракаў нямала людзей, якія заставаліся ў такім “рэжыме хваравання” многімі гадамі. Яны не маглі жыць без выплатаў, але і без лекаў ужо таксама жыць не маглі.
Таму здараюцца і сапраўдныя драмы.
— Мой сябар, з якім я здымаў кватэру, казаў пра такі выпадак: ехаў машынай па мосце і ўбачыў чалавека, якія намерваўся саскочыць з мосту. Ён спыніўся, пачаў з тым чалавекам размаўляць, пасля выклікаў спецыяльныя службы і так дапамог яго адратаваць. І гэта быў не эмігрант, а швед.
Чэргі на прыём да лекара ў Стокгольме могуць складаць вельмі доўгі час, а першы візіт платны — 10-15 Еўра, як збор. Затое пазней усе лекі, абследаванні, лячэнне — бясплатныя.
Читайте также: Беларус, які жыве ў Фінляндыі: «Я марыў бы, каб у нас так працавала “Хуткая дапамога”»
Шпіталі абсталяваныя найлепшай тэхнікай, але лекараў не хапае.
— Аднойчы мяне “лячыў” сірыец — балела вока. Дык ён амаль не размаўляў па-шведзку. Ну, і адпаведна паклапаціўся — ніяк, — узгадвае Мар’юш.
«Набыць жыллё без крэдыту — няма аніякіх шанцаў»
Кватэры і дамы ў Швецыі вельмі дарагія: толькі ў аддаленых рэгіёнах яны каштуюць “капейкі”. У гарадах “набыць жыллё без крэдыту няма аніякіх шанцаў”. Сістэма крэдытавання вельмі развітая — як правіла, гэта крэдыт на 25-30 гадоў. Але атрымальнік мусіць мець стабільны і добры заробак, каб банк бачыў плацежаздольнасць і выдаў такі крэдыт.
— У шведскіх дамах абавязкова вялікія кухні з вялікім сталом, дзе збіраецца ўся сям’я. Магчыма, што гэта адзінае месца, дзе сям’я сустракаецца, і такая традыцыя падтрымліваецца і культывуецца, — узгадвае Мар’юш.
Читайте также: Инженер-программист, сисадмин и дизайнер: посмотрели, есть ли работа для айтишников в Бресте и сколько готовы платить
Цэнтар Стокгольму — прыгожы і рэспектабельны, але аддаленыя раёны — могуць быць такімі ж шэрымі “спальнікамі”, як і ў Беларусі.
Ёсць мігранцкі раён Рэнкабі, дзе нават “свае крымінальныя групоўкі і часам здараецца страляніна”. Але цалкам ізаляваных мігранцкіх раёнаў няма — шведы жывуць усюды і “аж такога страху” нідзе няма.
«Каб пабачыць п’яных шведаў, трэба ехаць паромам у Эстонію»
Шведы любяць рабіць закупы: субота і нядзеля — гэта велізарнейшыя натоўпы ў розных галерэях і гандлёвых цэнтрах.
Бліжэй вечара звычайна жыццё сціхае і пачынаецца начное.
“Выпіць любяць, але п’яных шведаў не пабачыш” — гэта лічыцца непрыстойным.
— Каб пабачыць п’яных шведаў, то трэба ехаць паромам, да прыкладу, у Эстонію. Бо прыватных крамаў з алкаголем у Швецыі мала і ўсе яны працуюць у вельмі абмежаваным рэжыме: рана зачыняюцца і працуюць некалькі гадзінаў. Таму шведы выязджаюць і робяць закупы алкагалю ў суседніх краінах, тлумачыць Мар’юш.
Па яго словах, алкагалізм і п’янства ў шведаў таксама ёсць, але гэтая з’ява ўтойваецца і хаваецца ў дамах, спецыяльных лякарнях, але не навідавоку.
— У гэтым сэнсе ў шведаў, можна сказаць, два абліччы: для ўнутранага і знешняга карыстання, — смяецца суразмоўца.
Кампанія, у якой працаваў Мар’юш, спецыялізавалася ў абслугоўванні Дому імпрэзаў, дзе ладзіліся вяселлі, святы, дні народзінаў і іншыя імпрэзы. Ён кажа, што працаваць на святах і кантактаваць са шведамі было вельмі прыемна і камфортна.
— У нас была вельмі класная і вельмі крутая каманда афіцыянаў: быў адзін сталы італьянец, былі людзі з Косава, з Ірландыі, Польшчы, маладыя шведы.
Читайте также: Эксперты составили новый индекс «чарки-шкварки». Удивительно, но он стал ближе к народу
Шведы звычайна не танчаць “парныя” танцы: яны становяцца ў кола, трымаюцца за рукі і “тупаюць” гэтак жа, як і самі — спакойна, нягучна і няспешна.
— І вось на адным такім вяселлі наш імпэтны калега-італьянец, якому было не меньш за 75, не вытрымаў: схапіў нявесту і пачаў танчыць так, што гэта было, як у фільмах — “агонь”! І калі гэты танец скончыўся, то госці апладзіравалі, а нявеста села і проста трымалася за галаву, так яна закруцілася, — смяецца Мар’юш.
«Афрыканкі ў вельмі стракатых сукенках падыходзілі да алтара і танчылі»
Швецыя — краіна “досыць сэкулярызаваная” і ў храмы шведы ходзяць “усё меньш і меньш”. Лютэранскі касцёл тут служыць, хутчэй, як дабрачынная арганізацыя: дапамагае мігрантам, бяздомнікам, сем’ям у цяжкой сітуацыі і таму падобнае.
Мар’юш працаваў у каталіцкім доме для састарэлых, якіх у Швецыі вельмі шмат.
— Каталіцкі дом для састарэлых ў Швецыі — гэта тое, як я ўяўляю сабе рай. Там людзі, як сябры, як сваякі амаль. І калі чалавек паміраў, то мы хадзілі на пахаванне і разам перажывалі страту, — узгадвае Мар’юш.
Ёсць у Швецыі і каталікі з Сірыі, з Лібану, з Уганды і шмат іншых. Усе яны вельмі розныя, цікавыя і самабытныя ў правядзенні набажэнстваў.
— Да прыкладу, афрыканскія жанчыны ў каляровых сукенках падчас службы танчаць. Ёсць такі элемент, калі святару падносяць духоўныя дары — ваду, хлеб, кветкі.
І вось гэтыя мажныя афрыканкі ў вельмі стракатых сукенках падыходзяць да алтара з танцамі: два крокі наперад, крок назад, вагаючыся ўбакі. Святар-немец, які прымаў гэтыя дары, напэўна, таксама бачыў упершыню — стаяў і глядзеў перапалохана, — смяецца Мар’юш.
У Швецыі таксама праходзіць адзін з найбуйнейшых у Еўропе гей-парадаў, а чэрвень — “месяц гонару” ЛГБТ-супольнасці.
— І гэта ўсё праходзіць спакойна, без якойсці вонкавай чыёйсці варажнечы ці агрэсіі.
«Маю адчуванне, што туды яшчэ вярнуся ў якасці прафесара славянскай філалогіі Стокгольмскага ўніверсітэту»
“Калі шведы “збольшага атэісты”, то дзяржаву ўспрымаюць, “як Бога”, кажа Мар’юш.
— Мы ж у Беларусі і Польшчы ад дзяржавы нацярпеліся, таму ставімся да яе дастаткова асцярожна і крытычна.
Ёсць і іншыя з’явы, якія наш суразмоўца не хацеў бы бачыць ні ў Беларусі, ні на сваёй радзіме.
— Там шмат бюракратыі і шведы страшэнна любяць “насіць маскі”: і хваліць, і праклінаць яны могуць з адной і той жа ветлівай усмешкай, — смяецца суразмоўца.
Марыюш кажа, што “пасля ўсяго”, ён бы хацеў бы жыць у Беларусі і выязджаць на працу ў Швецыю.
— Маю адчуванне, што яшчэ туды вярнуся працаваць ў якасці прафесара славянскай філалогіі Стокгольмскага ўніверсітэту.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: