Прислать новость
Георгій Рой

Пры мітрапаліце Філарэце абавязковым быў верш «Магутны Божа». Святар Георгій Рой — пра шлях да беларускай мовы і царквы

22.04.2024 20:59 Святар Георгій Рой. Фота: "Наша Ніва". Источник фото

У роднай вёсцы айца Георгія размаўлялі на палескім дыялекце, а жыхароў суседняга Прыжанскага раёна называлі ліцвінамі.

Год таму ў Вільні святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта (аўтар ютуб-каналу Batushka ответит) заснавалі беларускую праваслаўную грамаду ў складзе Сусветнага (Канстантынопальскага) Патрыярхату. Яе жыццё пачалося з урастыстай літургіі на Вялікдзень, якую рыхтавалі літаральна на хаду: святары на той момант толькі-толькі атрымалі дабро на пераход ў Канстантынопальскі патрыярхат. Гэта дало ім магчымасць працягваць святарскае служэнне ў эміграцыі.

Чытайце таксама: Беларускі ваяр «Кусь»: «Як захаваць беларускасць?» для мяне гучыць прыблізна як «Як захаваць любоў да бацькоў?»

Мы паразмаўлялі з айцом Георгіем Роем, які нарадзіўся і вырас у Кобрынскім раёне, пра тое, што зрабіла яго беларускамоўным беларусам і беларускамоўным святаром. Публікуем першую частку размовы. 

Дзекачы

— Для нашага берасцейска-кобрынскага регіёна тэма беларускай мовы неадназначная. Напрыклад, мая сям’я размаўляла хутчэй украінскай мовай — дыялектам украінскай, ці вось гэтай нашай заходнепалескай гаворкай. 

Вёсачка, дзе я нарадзіўся, была якраз на этнічнай мяжы. У нас гаварылі «па-нашаму»: ходыты, робыты. Ад нашай вёскі пачынаўся лес, можа, на кіламетраў 40, і ўжо па той бок лесу і балот — Пружанскі раён, дзе ўсе гавораць чысцюткай беларускай мовай. У нас у вёсцы казалі, што там за лесам жывуць ліцвіны́. А мы — не ліцвіны́. Мы іншыя.

Калі мой дзед слухаў беларускае радыё — а мяне выхоўвалі дзед з бабай — ён слухае, слухае, а потым з такой незадаволенасцю: «Ух, дзекачы!» 

Калі я пайшоў у першы клас, мая першая настаўніца, была недзе з цэнтральнай Беларусі. Як я зараз разумею, шчырая патрыётка Беларусі. Школа была вясковая і таму беларускамоўная. І яна кажа: «Дзеці, тая мова, якую вы чуеце, — гэта ваша родная, матчына мова». А я думаю: «Якая ж гэта матчына мова, калі мая мама так не гаворыць, як гаворыць настаўніца?» То бок беларуская мова спачатку была новай для мяне мовай, гэта не першая мая мова. 

«Хто я?» 

Але я заўсёды любіў беларускую літаратуру. Ніводнага твора школьнай праграмы не прапусціў. Я быў у абсалютным захапленні ад «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Гэтая кніга аказала на мяне велічэзнае ўражанне. 

Потым, калі я паступіў у духоўную семінарыю, якая месцілася ў Жыровіцах, у нас таксама была беларуская мова як дысцыпліна. Мітрапаліт Філарэт дбаў пра гэта. І некалькі іншых дысцыплін выкладаліся па-беларуску. Больш за тое, абавязковым у праграме семінарыі быў верш Наталлі Арсенневай «Магутны Божа». Мы вучылі напамяць гэты верш і вучыліся яго спяваць. Гэта было абавязковым патрабаваннем. 

Чытайце таксама: Міхаіл Кірылюк: «Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

Нягледзячы на гэта, галоўнай мовай была расейская. 

Першае знаёмства з прыроднай беларускай культурай адбылося менавіта тады, калі я паступіў у Жыровіцы. Гэта Слонімскі раён, там усе навакольныя вёскі і самыя Жыровіцы гавораць па-беларуску. Гэта крышку іншае культурнае асяроддзе ў параўнанні з тым, якое было на Кобрыншчыне. Мне гэта было цікава. Калі-нікалі ў нас праходзілі сустрэчы з культурнымі дзеячамі Беларусі, якіх запрашалі да нас. 

Георгій Рой
Георгій Рой на Нёмане. Фота са старонкі ў Facebook

Яшчэ быў этап, калі я вучыўся ў Германіі. Там у нас было інтэрнацыянальнае асяроддзе. Быў хлопец беларус, які гаварыў па-беларуску. Былі ўкраінцы, якія гаварылі па-ўкраінску, украінскія патрыёты. Ну і румыны, сербы, балгары. Нацыянальнае пытанне паўстала перада мной з пэўнай ступенню вастрыні менавіта там. У мяне пыталі: «А хто ты?» Я думаю: «А хто я, сапраўды?» 

З хлопцамі-ўкраінцамі мне было досыць лёгка размаўляць, я пераключаўся на сваю палескую гаворку. Гэта была, канешне, не класічная ўкраінская мова, але мы размаўлялі амаль што аднолькава і вельмі проста. З сябрам-беларусам я пераключаўся на беларускую мову, таму што ведаў яе са школы, з семінарыі. Тады я, мабыць, сабе сказаў: «Так, я беларус»

Але ўсё роўна асноўнай мовай стасункаў была расейская. 

«Такім ужо свядомым стаў?» 

Калі я стаў выкладчыкам і святаром, я атрымаў прызначэнне ў царкву ў Дзятлаўскі раён, у вёску Накрышкі. І там я быў зачараваны. Там я сустрэўся з сапраўднай для мяне Беларуссю. Тамтэйшыя людзі гаварылі і гавораць цудоўнейшай беларускай мовай. Багатай.

Я быў закаханы ў гэтыя мясціны, гэтых людзей. Там я адчуў жывую душу Беларусі. І там я ўжо як святар пачаў выкарыстоўваць у багаслужэнні беларускую мову, чытаць Евангелле па-беларуску. З людзьмі я пачаў гаварыць на іх мове. 

Стаў больш цікавіцца беларускай культурай, беларускай гісторыяй. Пачаў пісаць кнігу па гісторыі таго краю, дзе я служыў. Там да мяне прыйшло разуменне, што гэта маё. 

Поўны пераход на беларускую мову адбыўся роўна тады, калі я пераехаў у Гродна. Гэта быў 2012 год. Там было моцнае, багатае, насычанае беларускае культурнае асяроддзе, і я вырашыў, што ўсё, я пераходжу на беларускую. Дзякаваць Богу, у мяне жонка скончыла беларуска-польскую філалогію. Мы пагаварылі, дамовіліся, і з 2012 года цалкам у сямейных стасунках перайшлі на беларускую мову. 

З таго часу ўсе казанні, якія я гаварыў у царкве, я гаварыў па-беларуску, рэгулярна служыў па-беларуску.

Георгій Рой
Георгій Рой служыць у Гродне. Фота са старонкі ў Facebook

Епіскапам Гродзенскім быў святой памяці архіепіскап Арцемій. Ён усё сваё епіскапскае служэнне падтрымліваў беларушчыну, усяляк спрыяў таму, каб святары і служылі, і размаўлялі па-беларуску, заахвочваў нас. 

Канешне, былі людзі, якім, магчыма, не падабалася беларуская мова, і яны сыходзілі з тых цэркваў, дзе служылі па-беларуску, ці не прыходзілі на беларускія службы. Гэта, я лічу, нармальна. Кожны выбірае тое, што хоча. Але абсалютная большасць людзей прыязна і з радасцю ўспрымала беларускамоўныя службы. 

Я скажу так, што для большасці не было розніцы: гэта служба па-царкоўнаславянску ці па-беларуску. Аднолькава прыходзілі, аднолькава маліліся. 

Ад мінскіх святароў ці ад епіскапаў іншых епархій маглі быць такія крыху кпіны: ну што ты там, такім ужо свядомым стаў? Але я на гэта не звяртаў увагі. Вялікай праблемай гэта для мяне не было аніяк.

Чытайце таксама: Дарадца Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр пра беларусізацыю ў дэмакратычнай Беларусі: «Дзяржаве трэба пачынаць з сябе»

«Прыйшла сумна вядомая Бондарава» 

У 2020 было вялікае натхненне, вялікая надзея, што мы зможам змяніць сітуацыю да лепшага ў сваёй краіне. Але ўсё гэта, канешне, было і вялікім стрэсам адначасова.

У жніўні мы актыўна ўключыліся ва ўсе працэсы, якія ішлі ў нашым грамадстве. Ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года для мяне найбольш памятная. Тады былі пратэсты ў раёне гарадзенскага чыгуначнага вакзала, а гэта непадалёк ад сабора, настаяцелем якога я быў (Пакроўскага сабора. — Рэд.). Людзей пачалі збіваць, разганяць. Людзі ўцякалі. Мы тады вырашылі адкрыць царкву, каб людзі маглі там хавацца. Царква была адкрытая, і людзі сапраўды туды забягалі. Многа было людзей проста разгубленых, бо хапалі ўсіх: і тых, хто быў на акцыі, і тых, хто проста гуляў. Мы прымалі гэтых людзей, дапамагалі супакоіцца, неяк ім дапамагалі дабрацца дадому. 

На нашых вачах адбываліся ўсе жорсткія збіцці. І мы вырашылі ў наступны дзень, 11-га, званіць у самы вялікі звон на нашай саборнай званіцы. Кожную гадзіну мы білі па 12 удараў у гэты звон на знак таго, што дзеецца бяда ў нашым горадзе, у нашай краіне. 

Я напісаў адмысловы пост у фэйсбуку. Памятаю, як прыбягалі чыноўнікі, міліцыянты. Я не чакаў, што на звон будзе такая абвостраная рэакцыя. Раздражненне, злосць. 

Потым, калі былі мірныя акцыі, мы падтрымлівалі нашых людзей. У адзін з тых жнівенскіх дзён на прыступках нашага сабора сабраліся гарадзенскія святары, праспявалі «Магутны Божа». Калі забілі Рамана Бандарэнку, мы служылі паніхіду, і на яе прыйшоў поўны сабор людзей. Перад паніхідай журналіст «Белсату» падышоў, каб узяць кароткі каментар, і запытаўся: «Слухай, а ты не баішся, што цябе наўпрост з гэтай паніхіды і забяруць?»  

Сапраўды гэта было няпроста. Дахаты да мяне прыходзілі міліцыянты. Мяне здаў сусед за тое, што ў мяне вісеў бел-чырвона-белы сцяг на доме. Дзяцей моцна напужалі.  

У дзень, калі хавалі Рамана Бандарэнку, мы таксама званілі ў званы. Тады прыйшла сумна вядомая Бондарава з нейкімі «казакамі»: тыпу «я патрабую, каб гэтага не было». Я ёй сказаў, маўляў, ідзі сваёй дарогай. Яна неяк даведалася, дзе мая машына стаіць, і мне проста парэзалі калёсы.

Пачалася траўля. З’віўся цэлы шэраг зневажальных публікацый у мой адрас на канале, які кантралюць сілавікі, — «Гродненские сливы». Мне там прысвяцілі больш за 20 розных допісаў. Сітуацыя спараўды была вельмі пагрозлівая. Цалкам магчыма было, што мяне маглі арыштаваць. Мяне папярэджвалі, пагражалі ў прыватных размовах і публічна ў тых самых публікацыях. Але неяк, дзякаваць Богу, тады не зачапілі. 

У рэшце рэшт знялі ўладыку Арцемія з гродзенскай кафедры. Прыйшоў новы архіерэй. Я вырашыў, што не хачу служыць разам з ім у саборы, і напісаў прашэнне, каб мяне перавялі ў вясковы храм. 

І вось мяне перавялі ў храм вёскі Квасоўка Гродзенскага раёна (у ліпені 2021 года. — Рэд.). Там я служыў да свайго пераезду ў Літву (у сакавіку 2023 года. — Рэд.).

Чытайце таксама: Тэст на прафесійную прыгоднасць. Ці возьмуць вас на працу ў беларусую айцішку?

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.