Берасцеец Алесь Красоўскі яшчэ да выбараў у 2020 годзе трапіў у спіс, які праўладныя прапагандысты назвалі «пячаткай Каіна». У ім знаходзіліся найбольш заўважныя лідары пратэстаў і актывісты. Алесь праходзіў як «разработчик сайта С.Тихановской и разработчик информационного ресурса «Твой голос», направленного на популяризацию протестных акций».
Читайте также: «Ставім мэту сабраць 500 тысяч беларусаў». Распрацоўшчык лічбавай Беларусі — аб першых поспехах і онлайн-дэмакратыі
Таксама берасцеец быў арт-дырэктарам у штабе Валерыя Цапкалы, зрабіў фірмовы стыль і брэндбук для перадвыбарчай кампаніі. Уцякаць з краіны давялося 13 жніўня 2020 года. Малодшага брата пасадзілі на два гады, у кватэры некалькі разоў былі вобшукі.
На сённяшні момант Алесь жыве ў Вільні. За час, які прайшоў з пераезду, у яго перабудавалася асабістае жыццё, нарадзілася дачка. Эміграцыя падзялілася паміж Вільняй і Кіевам, адкуль берасцеец з жонкай і 1,5-месячным дзіцём з’ехаў 15 лютага 2022. Мы паразмаўлялі з Алесем непадалёк ад віленскай Катэдры — знакавага месца, бо там пахаваны вялікія дзеячы ВКЛ. Наш суразмоўца доўгі час быў парафіянінам берасцейскай грэка-каталіцкай царквы, а пасля ў Менску быў лідарам маладзевага хору ў Чырвоным касцёле.
Кіеў-Вільня-Кіеў
На фоне падзеяў 2020 года ў Алеся адбывалася асабістая драма.
«Яшчэ ў 10 класе я пісаў апавяданне пра тое, што калі ты хочаш змяніць свет, то трэба пачынаць з сябе. Потым я зразумеў, што сам чалавек — структура няўстойлівая. Калі ты закрываеш пытанні з сабой, калі ты шчаслівы, гэта першае кола — унутранае Я. Другое кола — гэта твая сям’я. І трэцяе — гэта ўжо грамадства.
Я з жонкай пражыў сем гадоў, але яна не хацела дзетак, пайшла да псіхолага і зразумела, што мяне не кахае. Вырашылі разыйсціся. У мяне разбурылася другое кола. Я з’ехаў з Беларусі — мне было 35, і ў мяне ўвогуле нічога не было, акрамя двух касцюмаў і ноўтбука. Я не толькі аказаўся ў выгнанні праз пераслед, але і давялося бегчы аднаму».
13 жніўня Алесь выехаў у Расею на папутках. Маці сказаў, што едзе праз Гародню, на працы — што ў Пецярбург на аўтобусе. Назваў некалькі розных накірункаў, а сам пайшоў на вакзал, убачыў маршрутку на Віцебск і сеў у яе. Новая знаёмая з маршруткі, з якой разгаварыўся дзякуючы белай стужцы, дапамагла знайсці прытулак у Віцебску.
«Не хацеў здымаць кватэру, таму што часта іх здаюць КДБшнікі. Сказаў, што трэба ярыя рэвалюцыянеры, а спаць магу хоць на падлозе. Урэшце знайшлі кватэру «як замаўляў»: у дрэнным стане, падлога, нейкі матрас. Быў шчаслівы. Пасля 50 даляраў — і быў у Смаленску. Праз лес. Потым паехаў у Маскву.
У Маскве, хоць і быў у атачэнні сяброў, і сустракалі мяне як зорку шоў-бізнесу, адчуваў небяспеку і разумеў, што трэба рухацца далей».
Алесь кажа, што слухаў унутраны голас, які павёў яго ў Кіеў. 22 жніўня быў ва Украіне. Адтуль запланаваў пераезд у Вільню, набыў квіткі. Было разуменне, што трэба нешта рабіць паблізу ад Ціханоўскай. За некалькі дзён да ад’езду з Кіева выпадкова пазнаёміўся з дзяўчынай.
Берасцеец называе сябе творчым чалавекам, «трошкі дарослым, трошкі дзіцём», якому раней цяжка было знайсці дзяўчыну. А тут лёс паслаў чалавека, блізкага сэрцам, у цяжкія часы.
У Вільні папрацаваў у «Фондзе спартыўнай салідарнасці», зрабіў сайт. Першапачаткова планаваў выбудоўваць пірамідкі з валанцёраў, але быў загружаны бягучымі задачамі. Дзейнасць «на карысць рэвалюцыі» была дадатковым заняткам, для заробку працаваў у іншым месцы. Ад перагрузу выгарэў. Акрамя таго, разышліся сцежкі з сябрам, мучыла адзінота. Адлігай было тое, што падтрымліваў камунікацыю са сваёй абранніцай з Кіева.
«Я зразумеў, што не магу працаваць і быць упэненым у сабе, пакуль не закрыю другое кола. Я падумаў, што рэвалюцыя неяк пражыве без мяне, і што ў такім стане я карысці не прынясу».
Не разумеў, чаму паліваюць брудам Зяленскага
Алесь вярнуўся ў Кіеў і пражыў там амаль да пачатку вайны. 25 снежня 2021 года ў яго нарадзілася дачка Аляксандра Аляксандраўна. Думаў, што легалізацыя не будзе праблемай, аднак гэта не пра Украіну. Урэшце не змог зарэгістраваць шлюб і дзіця на сябе. Перад вайной пачаліся хакерскія атакі з боку Расеі, усё працавала вельмі цяжка. У міграцыёнцы сказалі, што ягоны выпадак, у якім было парушэнне міграцыйнага занадаўства, ніяк не вырашаецца — толькі дэпартацыя. Алесь задаецца пытаннем, чаму ў такі складаны час у беларусаў узнікала столькі праблем з украінскай міграцыяй — ці гэта была банальная карупцыя, ці праца спецслужбаў.
Читайте также: На госТВ вышел пропагандистский сюжет о брестчанине, которого судили за желание воевать на стороне Украины
Аргументам да пераезду сталі і 180 тысяч расейскіх войскаў каля мяжы. Берасцеец кажа, што не супраць быў паваяваць, але разумеў, што без яго маці з нованароджаным дзіцём будзе вельмі складана, і вырашыў дапамагаць Украіне ў валанцёрскіх праектах. Таму прыляцелі ў Вільню амаль што апошнім самалётам.
«Мая дачка, дзякуй Богу, не чула выбухаў. Потым яна аб гэтым усім пачуе, але зараз у яе вельмі здаровае дзяцінства».
Два тыдні таму Алесь атрымаў паведамленне, што яму выдаюць літоўскі ВНЖ.
Ва Украіне Алесь быў знаёмы са знакавымі беларусамі, якіх ужо няма ў жывых: старшынём грамадскай арганізацыі «Беларускі дом ва Украіне» Віталем Шышовым (быў знойдзены павешаным у жніўні 2021), добраахвотнікам Васілём Парфянковым, (загінуў пад Лісічанскам у чэрвені 2022), берасцейцам Алесем Чаркашыным, які ваяваў за Украіну на Данбасе (загінуў ў 2015 годзе).
Аднойчы ішоў каля беларускага пасольства ў Вільні, убачыў партрэты загінулых сяброў, і сэрца напоўнілася жалем. Наш суразмоўца па-ранейшаму падтрымлівае мірны пратэст, бо, па ягоных словах, чалавек у турме — гэта лепш, чым чалавек у магіле. Нават 20 чалавек у турме — лепш, чым адзін чалавек у магіле.
У Кіеве Алесь шмат назіраў за грамадскім жыццём: за моладдзю на вуліцы, за людзьмі, якія не хвалююцца, што сказаць, у якіх няма заціснутасці.
«Разумееш, што ўся лукашэнкаўская ўлада — гэта як грып, які цябе з’ядае, не дае вольна дыхаць, не дае штосьці казаць. Гэта не нешта натуральнае. І вось гэты хранічны грып — вельмі непрыемна. Хтосьці можа апраўдвацца, што без грыпу мы ніколі не жылі, і ён ніколі не знікне, і навошта яму супраціўляцца. З іншага боку, усе нармальныя людзі разумеюць, што трэба вылечыцца, як бы гэта ні было складана і якія б лекі не давялося піць».
Ва Украіне берасцеец не разумеў, чаму людзі так палівалі брудам Зяленскага. Абвінавачванні здаваліся несур’ёзнымі. Алесь нарадзіўся ў адзін дзень з прэзідэнтам Украіны — 25 студзеня, заўседы блізка адчуваў і разумеў дзеянні Уладзіміра Зяленскага і шчыра ім захапляўся.
Читайте также: Все познается в сравнении: Зеленский посетил Бахмут, а Путин — Ростов-на-Дону. Пропагандисты пытались это скрыть
«Вайна праявіла гэтую асобу, і грамадская думка змянілася. А насамрэч Зяленскі не мяняўся».
Дэмсілам трэба больш патрабаваць
Алесь Красоўскі рос у Берасці і Камянцы. Вучыўся ў берасцейскай школе №5, атрымаў адукацыю настаўніка пачатковых класаў, але пасля стаў працаваць праграмістам. У апошнія гады перад эміграцыяй, жывучы ў Менску, спецыялізаваўся на стартапах.
Уключаць аналітычнае мысленне яшчэ ў дзяцінстве прымусіў развод бацькоў, калі давялося слухаць два бакі праўды. Прыйшоў да веры ў Бога ў берасцейскай грэка-каталіцкай парафіі, у чым дапамог старэйшы сын святара Ігара Кандрацьева.
Апазіцыйны шлях пачаўся з галасавання за Уладзіміра Някляева на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года. Калі кандыдата збілі і змясцілі ў турму, вельмі хваляваўся і адчуваў сваю адказнасць. Тады ж вырашыў ехаць у Менск.
Падчас жыцця ў Менску бачыў, як мяняецца беларускае грамадства. Працэс пачаўся пасля «маўклівых» акцыяў 2011 года.
«Было падсвядомае адчуццё ў многіх, што гэта акупацыя. І людзі пачалі рухацца сваім самастойным шляхам: культурная плынь, адраджэнне беларускай мовы. Гэта было вельмі цікава. Людзі спачатку так хіхікалі над беларускім, але ўсё больш і больш, абмяркоўваючы ў айцішных чатах, прыходзілі да таго, што яны беларусы».
Алесь кажа, што часам трэба проста рабіць справу, хай яна не такая вялікая і ўдзячная. Крытыку дэмакратычных сілаў апошняга часу, у тым ліку з боку Цапкалы, лічыць у чымсьці карыснай, бо яна падштурхнула да стварэння пераходнага кабінета.
Читайте также: Вспомнить и поплакать. Проверяем, сбылось ли хоть что-нибудь из прогнозов на 2022 год
Аднак, на думку суразмоўцы, права жорстка крытыкаваць ёсць у таго, хто сам нешта зрабіў.
«Калі я толькі пачынаў спяваць з гітарай у Чырвоным касцёле, я не ўмеў, але нікога не было, каб гэта рабіць. І да мяне падбягалі людзі і гаварылі на вуха, што яны з філармоніяў, вялікія прафесіяналы, і казалі: «Пакінь гітару. Нам вельмі цяжка гэта слухаць». Я казаў: «Ну калі вы з філармоніі, вазьміце і спявайце. Бо ёсць патрэба спяваць на імшах». Людзі крывіліся, махалі на мяне рукой і сыходзілі.
Прайшоў час, і вакол мяне сабраліся сябры, мы зрабілі моладзевы хор, які спяваў з душой, пад гітары, часамі нават з барабанамі, і людзям падабалася. Людзі дзякавалі нам за тое, што могуць падчас гэтых спеваў адкрыць свае сэрца і адпачыць у малітве з Богам».
Алесь мяркуе, што беларусам варта браць прыклад з украінцаў, якія разумеюць, што на іх баку праўда, у якіх ёсць смеласць і бачанне. Лідарскія структуры беларускіх дэмсілаў таксама могуць «ісці і патрабаваць». Дэмакратычнай супольнасці патрэбна гуманітарная падтрымка, бо ў саміх беларусаў рэсурсаў няшмат.
Берасцеец падзяліўся марай: рабіць даходныя стартапы, з якіх частку грошай аддаваць на падтрымку дэмакратычных структур.
«Беларусы перажываюць свой выхад ў пустыню. Можа, камусці здаецца, што гэта вельмі цяжка і шмат стрэсаў, але ж у іспытах нараджаюцца асобы і лідары. Трэба не вешаць нос, ўзяць да сэрца словы Ісуса: «Вы святло гэтага свету, вы — соль зямлі», і смела крочыць у будучыню, з усмешкай сустракаючы праблемы штодзённага жыцця, ведаючы, што мы зараз церпім, як сапраўдныя хрысціяне, — за праўду! І калі зможам не спужацца і крочыць далей, гісторыя нас не забудзе. І зло абавязкова будзе пераможана!»
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: