молодой человек сидит в углу коридора

«Тут нельга плакаць»: дзяўчына з дэпрэсіяй распавяла пра лячэнне ў «Навінках»

29.12.2025 18:09 Ілюстратыўнае фота. Источник фото

Непаўналетняя дзяўчына правяла тры тыдні ў 5-м аддзяленні вядомай псіхіятрычнай клінікі і шчыра распавяла пра ўмовы, забароны і стаўленне да пацыентаў.
Читайте BGmedia в:

Непаўналетняя дзяўчына падзялілася ў TikTok гісторыяй, у якой распавядае, як яна правяла тры тыдні ў 5-м аддзяленні РНПЦ псіхічнага здароўя. У ім лекуюць жанчын з дэпрэсіўнымі і крызіснымі станамі.

Чытайце таксама: Самазабойствы школьнікаў у Беларусі: чаму школа не становіцца апорай для дзяцей

«Калі вы ўсміхаецеся — у вас няма дэпрэсіі»

Асобным болем для карыстальніцы TikTok быў досвед з лекарам. Дзяўчына сцвярджае, што ад яго не было ніякай падтрымкі, а таксама жадання разабрацца ў стане пацыентак.

Паводле яе слоў, аднойчы ён сказаў дзяўчатам, што калі яны ўсміхаюцца, значыць, у іх няма дэпрэсіі. У размове з маці дзяўчыны лекар увогуле назваў яе дачку «с*кай, якая ўсімі маніпулюе і ўсіх выкарыстоўвае».

молодой человек сидит в углу коридора
Падлетак з дэпрэсіяй. Ілюстратыўнае фота. Крыніца: cpp.pl

У выніку, лічыць дзяўчына, ўвесь «лячэбны працэс» зводзіўся да таблетак. Пагаварыць са спецыялістам было амаль немагчыма: нават каб трапіць да псіхолага або псіхіятра, трэба было запісвацца праз вахту, і нават тады не факт, што дазволяць сустрэчу. «А аргумент, што ты ўжо ляжыць у псіхушцы, и патрабуеш дапамогі — не працуе», — адзначае яна.

Што забаронена ў «Навінках»

Па словах дзяўчыны, абмежаванняў у аддзяленні было значна больш, чым дазволаў.

Яна была непаўнагадовай, таму выходзіць на вуліцу ёй не дазвалялі ўвогуле. Акрамя гэтага, усе пацыенткі абавязаны працаваць: прыбіраць, мыць падлогі, дапамагаць на кухні. Паўналетнія, як сцвярджае дзяўчына, часам выконвалі дадатковую працу ў абмен на цыгарэты.

Асобна яна ўзгадвае негалоснае правіла: плакаць нельга. Калі пацыентку бачаць у такім стане, яе могуць перавесці ў 9-ю палату — так званую палату для «буйных». Менавіта там яна правяла тыдзень.

Умовы ў 9-й палаце

Па словах аўтаркі допісу, дзявятая палата — месца з поўнай ізаляцыяй. З палаты нельга выходзіць далей за туалет, размаўляць з іншымі пацыенткамі забаронена, есці ежу можаш толькі асобна. Замест звычайнага адзення можна апранаць халат і доўгую піжаму. Кнігі, тэлефон, як і любыя забавы знаходзяцца пад забаронай.

пациент привязн к кровати в психиатрической клинике
Псіхіятрычная клініка. Ілюстратыўнае фота. Крыніца: commons.com.ua

Адзінае, што дапамагало вытрымаць гэтыя ўмовы, як сцвярджае дзяўчына, гэта людзі побач. «Мне пашанцавала з суседкамі па палаце, і менавіта дзякуючы ім гэты тыдзень прайшоў спакойна», — распавядае яна.

Медсёстры, душ і побыт

Стаўленне медперсаналу, па словах дзяўчыны, было розным. Хтосьці паводзіў сябе нармальна, хтосьці паводзіўся груба. Яна ўзгадвае выпадак, калі медсёстры на яе накрычалі толькі за тое, што яна зайшла ў іншую палату ўзяць нешта пачытаць.

Душ дазвалялася прымаць раз на тыдзень. Памыць галаву дазвалялі яшчэ адзін раз у іншы дзень. Туалет быў без дзвярэй. А туалетную паперу трэба было мець сваю.

Ежу ў клініцы дзяўчына называе «поўнай х**нёй» і кажа, што з яе ела толькі хлеб і суп. Таксама дазвалялася есці прывезеную з сабой ежу, што захоўвалася ў палаце.

Сувязь са знешнім светам

Тэлефоны пацыенткам выдавалі два разы на тыдзень усяго на пяць хвілін. Калі тэлефон прынеслі позна, дадатковы час ніхто не кампенсаваў — тэлефон проста забіралі назад.

Званкі — асобная праблема, асабліва, калі адна тэлефонаня слухаўка была патрэбная ў адзін час больш за трыццаці людзям. Патэлефанаваць было магчыма толькі з 17:00 да 19:00, і часта можна было не патрапіць на лінію. Размовы строга абмяжоўвалі па часе.

Забавы: нешта ёсць, але фактычна — нічога

Фармальна ў аддзяленні ёсць нейкія забавы. Па словах дзяўчыны, гэта пазлы, размалёўкі і алоўкі. Але алоўкі амаль не завостраныя, у пазлах часта не хапае дэталяў, а самі наборы выглядаюць так, быццам імі карыстаюцца ўжо шмат гадоў.

У выніку гэтыя «забавы» амаль не маюць сэнсу. Дзяўчына піша, што значна больш ратуюць людзі і тое, што ўдалося ўзяць з сабой або што прывезлі родныя. Яна чытала кнігі, рабіла алмазную мазаіку, малявала ў скетчбуку (праўда, з яго давялося зняць металічныя завесы). Іншыя дзяўчынкі прыносілі настольныя гульні, і яны гулялі разам.

Па сутнасці, калі ў цябе нічога няма з сабой і ніхто нічога не прывёз, застаешся сам-насам з пустым часам і сценамі.

Пра адсутнасць належнай дапамогі

Асобна дзяўчына піша пра тых, каму было сапраўды дрэнна. Паводле яе слоў, суіцыдальныя станы ў аддзяленні — з’ява частая, але рэакцыя з боку медперсанала была мінімальнай.

Яна ўзгадвае, як ёй самой даводзілася размаўляць з пажылой жанчынай і адгаворваць яе ад суіцыду, бо медыкі ігнаравалі яе стан. Іншая жанчына ноччу плакала і казала, што памірае, але ніхто нічога не зрабіў.

пациенты психиатрических лечебниц
Пацыенты псіхіятрычных шпіталёў. Архіўнае фота. Крыніца: www.lrt.lt

Былі і выпадкі дамагальніцтваў паміж пацыенткамі — і, па словах дзяўчыны, на гэта таксама проста не звярталі ўвагі. Замест рэальнай дапамогі, людзей, якія зрываліся або плакалі, часта проста пераводзілі ў 9-ю палату, дзе яны заставаліся ў ізаляцыі.

Паводле словаў аўтаркі допісу, адну дзяўчыну прывязалі да ложка толькі за тое, што яна плакала. Прычынай істэрыкі было тое, што да яе не прыехалі бацькі. Аўтарка падкрэслівае: цяжка назваць такі падыход дапамогай або лячэннем, асабліва калі гаворка ідзе пра чалавека ў крызісным стане.

Яшчэ адзін эпізод, які падаўся дзяўчыне дзіўным — візіт манахаў. Па яе словах, у аддзяленне прыйшлі святары і пачалі праводзіць споведзь і прычасце. Для часткі пацыентак гэта выглядала не як падтрымка, а як нешта не да канца зразумелае, асабліва ў псіхіятрычнай установе, дзе людзі знаходзяцца ў крызісным стане.

Як у «Навінках» хварэюць на прастуду

Дзяўчына ўзгадвае, што ляжала ўлетку, але праз пастаянна адчыненыя вокны многія ў аддзяленні моцна застудзіліся. Паводле яе слоў, захварэла прыкладна тры чвэрці тых, хто быў з ёй. Калі стан пагаршаўся і патрэбна была дапамога ЛОР-урача, высвятлялася, што ён у адпачынку.

Фактычна выбару не заставалася: або цярпець, або спадзявацца на лекі, якія прывязуць родныя. Яна піша, што ў яе знік голас, але на гэта ніхто асабліва не адрэагаваў. «Дзякуй маёй маці, што прывезла лекі. У мяне знік голас, але ўсім было пляваць», — адзначае яна.

Аналізы ў клініцы як адзіны плюс

З плюсаў у РНПЦ дзяўчына адзначае толькі поўны набор аналізаў. Але нават да яго ўзнікаюць пытанні: працэдуры былі балючымі, а вынікі ніхто не тлумачыў. «Кроў бяруць так, як быццам яны яе ў жыцці ніколі не бралі. У мяне не маглі тры разы вену знайсці, і я ледзь не страціла прытомнасць», — расказвае яна.

«Навінкі» ў Google maps

Варта адзначыць, што негатыўныя водгукі пра РНПЦ псіхічнага здароўя сустракаюцца не толькі ў TikTok. У Google Maps у ўстановы даволі нізкі рэйтынг — 2,9 зоркі з 5, што сведчыць пра сістэмныя праблемы, на якія скардзяцца і іншыя пацыенты.

Чытайце таксама: У гомельскай жаночай ПК-4 скарачаюць колькасць званкоў: у калоніях фактычна знікае тэлефонная сувязь

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: