Генпракурор накіраваў заяву аб прызнанні ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй. Паводле ягоных словаў, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт нібыта вядзе мэтанакіраваную дзейнасць па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў краіне, а таксама аказвае метадычную, арганізацыйную і фінансавую падтрымку прадстаўнікам «радыкальна-палітызаваных груповак». Акрамя таго, як сцвярджае пракурор, універсітэт выкарыстоўваецца спецслужбамі асобных памежных дзяржаў для шкоды інтарэсам Беларусі.
Журналістка BGmedia высветліла пазіцыю адміністрацыі і даведалася, што самі студэнты думаюць пра «экстрэмісцкі статус».
Як адрэагаваў універсітэт
15 верасня Служба па справах студэнтаў зрабіла заяву ў сувязі з намерам прызнаць універсітэт экстрэмісцкай арганізацыяй. У ЕГУ адзначылі, што падача Генпракуратурай Беларусі ў Вярхоўны суд адпаведнага запыту з’яўляецца прыкладам ціску на свабоду навукі і адукацыі, а таксама спробай перашкодзіць дзейнасці незалежнай навучальнай установы.
Адміністрацыя запэўнівае, што ўніверсітэт не займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю, не супрацоўнічае з палітычнымі партыямі і афіцыйна зарэгістраваны ў Літве як акадэмічная ўстанова.
Паводле адміністрацыі, рэктар ЕГУ ўжо звярнуўся ў структуры ЕС і Літвы з заклікам прыняць юрыдычныя і дыпламатычныя меры дзеля абароны акадэмічнай свабоды. Пры гэтым у заяве падкрэсліваецца, што рашэнні беларускіх уладаў не маюць юрыдычнай сілы ў Літве і таму не абмяжоўваюць правы супрацоўнікаў і студэнтаў. ЕГУ працягвае працу ў звычайным рэжыме, а навучальны год, як і планавалася, пачнецца 1 кастрычніка 2025 года.
Што сказаў студэнт ЕГУ
У размове з журналісткай BGmedia студэнт Максім (імя зменена) падзяліўся сваім меркаваннем пра магчымы статус універсітэта і пра тое, як ён можа адбіцца на беларускіх студэнтах.
– Як «экстрэмісцкі» статус можа закрануць жыццё студэнтаў?
– На маё жыццё за мяжой гэта ніяк не паўплывае. Праз ўхіленне ад службы ў войску і ўдзел у мерапрыемствах арганізацый, ужо прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі (гэта амаль усе беларускія ініцыатывы за мяжой), гэта толькі яшчэ адзін пункт у маім «паслужным» спісе. Аднак, вядома, застаецца страх за родных і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі, каб іх не пачалі чапаць праз гэта.
Для студэнтаў жа, якія ездзяць у Беларусь, гэта сапраўдны ўдар. Я бачу, што ў студэнцкіх чатах пачалася масавая паніка, многія пачалі ўдакладняць, як можна хутка забраць дакументы з ЕГУ. Пры гэтым сілавікі зрабілі гэты крок вельмі «граматна»: з аднаго боку, перад самым пачаткам навучальнага года ў ЕГУ, які пачынаецца ў кастрычніку, літаральна за некалькі тыдняў, калі студэнты звычайна вяртаюцца з Беларусі ў Вільнюс.
Такім чынам яны нібы даюць «намёк» — забірайце дакументы і заставайцеся ў Беларусі. З іншага боку, гэта адбылося ўжо пасля пачатку навучальнага года ў іншых універсітэтах, які традыцыйна пачынаецца ў верасні. Таму ў студэнтаў не застаецца часу ці магчымасці хутка перавесціся ў іншы ВНУ. У выніку студэнты цяпер знаходзяцца ў шоку, разгубленасці і няпэўнасці: яны не разумеюць, што рабіць далей і як гэта адаб’ецца на іх жыцці ў будучыні. Можна колькі заўгодна раіцца з юрыстамі, але ў рэжыму уласная «логіка».
– Якія рызыкі і наступствы, на вашую думку, можа прынесці гэты статус?
– Відавочна, што гэтая мера зробленая беларускім рэжымам, каб скараціць паток студэнтаў, якія з’язджаюць з Беларусі. Пасля 2020 года, а асабліва пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года, колькасць студэнтаў у ЕГУ значна вырасла.
Канешне, у апошнія наборы яна выйшла на пэўнае плато (на гэта магла паўплываць і зімовая прапагандысцкая кампанія супраць ЕГУ, калі мэйнстрымныя прапагандысты раптоўна пачалі здымаць «фільмы» пра ЕГУ і прыдумваць усялякія «супрацоўніцтвы» з офісам Ціханоўскай), аднак нават пры гэтым набор быў у разы большы, чым да 2022 года, і тым больш да 2020.
Калі ж у інтэрв’ю перад паступленнем у ЕГУ большасць студэнтаў да 2020 года казала, што плануе пасля навучання вярнуцца ў Беларусь для жыцця і працы, то пасля 2020 года сітуацыя кардынальна змянілася – толькі адзінкі гэта згадвалі. Разам з ростам папулярнасці прыйшлі і такія студэнты, для якіх ЕГУ быў звычайным замежным універсітэтам, а палітычная частка іх мала цікавіла. У асноўным усе разглядалі ЕГУ хутчэй як «трамплін» для жыцця ў Еўропе. І яны шчыра здзіўляліся, чаму прапагандысты так актыўна паліваюць брудам наш універсітэт.
Паколькі універсітэт заўсёды быў арыентаваны менавіта на беларускіх студэнтаў, а літоўскія пра яго мала чулі, большасць студэнтаў ЕГУ і цяпер застаюцца беларусамі. Таму я бачу перспектыву, што ЕГУ зноў можа стаць маленькім універсітэтам на некалькі сотняў студэнтаў, якія гатовыя з’язджаць з Беларусі ў адзін канец, як гэта зрабіў я.
Нават сам універсітэт, літоўскія ўлады ці ўлады ЕС наўрад ці змогуць паўплываць на рашэнне аб наданні «экстрэмісцкага» статусу. Кіраўніцтва ЕГУ паведаміла нам, што мы знаходзімся ў юрысдыкцыі Літоўскай Рэспублікі, і універсітэт будзе працягваць працаваць у звычайным рэжыме. Але як усё складзецца насамрэч, цяпер прадказаць вельмі цяжка.
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: