Каб адзначыць 100 год са дня ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, берасцейцы Тамара Уладзіміраўна і Пётр Матвеевіч дасталі бела-чырвона-белыя сцягі з куфара, дзе яны ляжалі калі пяці гадоў. Прыйсці на святкаванне 100-годдзя БНР — гэта тое ж самае, што прыйсці на дзень народзінаў свайго дзіцяці, прызнаўся Пётр Матвеевіч. «Гэта вельмі важная падзея для нашага народа, для яго будучыні», — лічыць ён.
Муж і жонка вераць, што дачакаюцца дня, калі дата ўтварэння БНР будзе дзяржаўным святам. «Усё будзе добра ў нашай краіне. Я веру ў свой народ», — сказаў мужчына.
Разам з Тамарай Уладзіміраўнай і Пятром Матвеевічам 25 сакавіка на плошчу Свабоды ў Берасці прыйшлі каля 400 чалавек. Мерапрыемства пачалося з мітынга, прынялі тры рэзалюцыі — заклікалі ўмацоўваць суверэнітэт Беларусі, падтрымліваць беларускую мову і ўвекавечыць у горадзе памяць дзеячаў БНР Аляксандра і Івана Цвікевічаў, якія нарадзіліся ў Берасці. Арганізатары фестывалю прапанавалі ўстанавіць памятную дошку на старым корпусе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта — там была мужчынская гімназія, дзе вучыліся Цвікевічы.
Біёлаг Кацярына прыйшла на свята з 9-гадовай дачкой Міхалінай. Сцяг, які накінула на плечы дзяўчынка, яны шылі самі. «БНР — гэта першая спроба стварыць сапраўды незалежную беларускую дзяржаву, таму стогадовы юбілей — гэта важная дата», — расказала Кацярына. На думку жанчыны, свята — добрая нагода распавесці дзецям пра гісторыю краіны. У Міхаліны ў наступным годзе будзе «Мая радзіма — Беларусь», таму маці і дачка рыхтуюцца, чытаюць кніжкі.
«Часам, дарэчы, выкарыстоўваем кніжкі, якія былі створаны яшчэ ў 1990-х, па якіх я вучыла гісторыю. Тады гісторыя была іншая, не такая, як зараз. Я памятаю, што, калі пайшла ў першы клас, у нас яшчэ былі падручнікі з «Пагоняй», бела-чырвона-белым сцягам. Мне здаецца, калі нашы дзеці стануць дарослымі, такія падручнікі вернуцца ў школу, ва ўніверсітэт», — расказала Кацярына.
Пасля мітынга пачалася музычная праграма. Для берасцейцаў гралі гурты Cad Goddeu, Zolki-band, «Сразу Май», «Спрат», :B:N:, Re1ikt. Непадалёк ад сцэны працавалі пляцоўка з рамеснымі вырабамі, выстава гістарычных фотаздымкаў да 100-годдзя БНР «Брэст 100 год таму», дзіцячая пляцоўка, фотазона.
Народны майстар Рэспублікі Беларусь Уладзімір Чыквін з Кобрына прывёз свае драўляныя працы. «Яны з беларускім акцэнтам, бо я з Беларусі і ўсё раблю па-беларуску, не магу інакш», — кажа ён.
Рамеснік Юры Сальнікаў прадаваў бранзалеты і завушніцы, якія выткаў уручную па старых тэхналогіях. Арнаменты ён узяў з этнаграфічных збораў, але надаў ім прыватны сэнс — прыдумаў назвы, улічваючы, на што арнамент больш падобны. «Ёсць птушка, васількі, спарышы, таму што арнамент нагадвае два зернейка», — патлумачыў ён.
Абвяшчэнне незалежнасці БНР рамеснік лічыць важнай падзеяй. «Калі я вучыўся ў школцы па бела-чырвона-белых падручніках, там было напісана, што нашая дзяржаўнасць як беларусаў і самавызначэнне пачалося ў 1918 годзе. Я веру, што тады ўсё пачыналася. Калі б не было БНР, не было б зараз Беларусі ўвогуле», — кажа мужчына.
Індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Дзень Волі святкаваў упершыню. Ён расфарбаваў твар пад бела-чырвона-белы сцяг. «Зрабіў гэта, каб адразу было ўсім зразумела, што ў мяне святочны настрой, — прызнаўся ён. — Гэта тыя сімвалы, пад якімі мы калісьці былі магутнай, вялікай краінай і нас усе паважалі».
«Сто год назад мы будавалі сваю краіну, было добра, былі вольныя. Гэта вялікае свята, якое трэба памятаць», — адзначыў Сяргей. Зараз, на яго думку, памяць пра тыя падзеі згублена праз іншую гісторыю, пра якую расказваюць у школе і інстытуце, з тэлебачання. «Губляецца гэта ўсё, але, можа, не зусім згубіцца, пакуль мы з вамі падтрымліваць будзем, дзеткам перадаваць, — спадзяецца мужчына. — Будзе ўсё добра, будуць ведаць. Прыйдзе і наш час».
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: