З двух бакоў мяжы. Паўлюк Быкоўскі: «Эміграцыя — рэзервуар, дзе можа захоўвацца беларуская мова»

09.12.2024 06:23

Сённяшняя эміграцыя адрозніваецца ад эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны, калі дзесяцігоддзямі не было сувязі між сваякамі. Інтэрнэт мяняе сітуацыю.
Читайте BGmedia в:

Беларусы Беларусі і беларусы замежжа не пазбеглі ўзаемных абвінавачванняў у дусе «Вы нас зусім не разумееце». Абвінавачванняў часам абсурдных, заснаваных на пачуцці болю, а не на здаровым глуздзе. Ці могуць дзве часткі беларускага грамадства, раздзеленыя памежнымі слупамі, зусім перастаць разумець адна адну? Або, наадварот, як яны могуць быць карысныя ална адной? Адказвае старэйшы аналітык MediaIQ Паўлюк Быкоўскі.

— Беларускае грамадства раздзеленае па некалькіх лініях: каштоўнаснай, палітычнай, геаграфічнай. Што з гэтых падзелаў здаецца вам найбольш істотным і якія рызыкі яно нясе?

— Я б дадаў іншае вымярэнне. Ёсць такі тэрмін — «афектыўная палярызацыя». Гэта форма сацыяльнага падзелу, пры якой, акрамя таго, што ў людзей адрозніваюцца погляды, гэта суправаджаецца ўзаемнай антыпатыяй, недаверам паміж прыхільнікамі палітычных партый, ідэй, каштоўнасцяў, сацыяльных груп і г.д. Пры гэтым спрэчка ідзе не пра ўласна каштоўнасці і ідэі, а з пераходам на асобу, і суправаджаецца моцнымі негатыўнымі эмоцыямі. 

Афектыўная палярызацыя — адзін са спрэчных тэрмінаў, які зараз выкарыстоўваецца ў сацыялогіі і паліталогіі. Наконт яго няма поўнага паразумення. Але ў ім ёсць кантраст: свае робяць усё правільна, а чужыя — ўсё няправільна. 

Чытайце таксама: З двух бакоў мяжы. Павел Усаў: «Трэба памятаць, што за наш сённяшні выбар будуць плаціць нашыя дзеці»

Калі мы спрабуем праз гэтую ідэю паглядзець на той раскол, пра які вы кажаце, то тут загараюцца новыя аганькі. Мы бачым, што людзі спрачаюцца вельмі часта не пра факты і аргументы да той ці іншай пазіцыі, а: «Вы знаходзіце на такой-та пазіцыі, значыць, ва ўсім, што вы кажаце, вы не правыя». Гэта даволі распаўсюджаная практыка, калі меркаваць па тым, што можна прачытаць у сацыяльных сетках і некаторых інтэрв’ю.

— Гэтая палярызацыя ёсць і паміж беларусамі ў Беларусі і беларусамі за мяжой?

— Таксама прысутнічае, бо калі беларусы, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, пачынаюць выказвацца пра падзеі ў Беларусі, да іх ёсць аргумент: «Вы нічога не разумееце, вы не знаходзіцеся тут». Або: «Як вы можаце заклікаць да нейкіх дзеянняў, ацэньваць нашыя дзеянні ці бяздзеянне, калі вы не знаходзіцеся тут?». І наадварот — людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, выказваюць досыць крытычныя ацэнкі таго, што робяць беларусы ў эміграцыі. 

Гэта таксама працуе хутчэй у адпаведнасці з палярызацыяй, чым з пазіцыяй. «Ваша дзейнасць не мае сэнсу, бо вы не знаходзіцеся ў Беларусі» «Вашыя спрэчкі нам не цікавыя», «Вы павінны нам дапамагаць» і г.д. Аргументацыя, як павінна быць пабудавана дапамога, або ў чым сэнс прадастаўнічых інстытуцый за мяжой — каб прадстаўляць беларусаў у Беларусі ці каб захоўваць ідэнтычнасць, — не разглядаецца. Хаця ў нармальнай спрэчцы было б падзелена: вось гэта робіцца для такіх-та мэтаў, а гэта — для такіх, ёсць такія аргументы, а ёсць такія. У дадзенай сітуацыі гэта, на жаль, не працуе. 

Ва ўсіх бакоў ёсць папярэдні досвед, боль і недавер да дзеянняў тых, хто знаходзіцца ў іншай пазіцыі.

Абагульненне, што ў Беларусі нічога не засталося, таму што лепшыя выехалі, гучыць абразліва для тых, хто застаецца ў Беларусі. Наадварот, людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі і датычныя да грамадска-палітычнай дзейнасці, кажуць: «Раз вы выехалі, вас больш няма ў палітыцы». Усё гэта замыкаецца такім чынам, што паміж гэтымі палярызаванымі бакамі адсутнічае магчымасць для дыялога.

Канешне, ёсць выключэнні, і гэта вельмі добра. Але агульнай плынню зараз ёсць тыя надломы, тыя болі, якія звязаныя і з 2020 годам, і з дэпрэсіямі, і з тым, што людзі, якія з’ехалі, як правіла, згубілі свой сацыяльны статус, жывуць на здымных кватэрах і працуюць не па тымі, кім працавалі ўсё жыццё. 

А людзі, якія засталіся ў Беларусі, знаходзяцца пад пагрозай і ў любы момант могуць патрапіць пад рэспрэсіі. Магчыма, згубілі працу, якой прысвяцілі ўсё жыццё. Найперш гэта датычыцца людзей, якія мелі «трыбуну» на сваёй працы: выкладчыкі, юрысты, чыноўнікі ў тым ліку. А ёсць людзі, якія проста згубілі працу, таму што там, дзе яны жывуць, дзяржава кантралюе абсалютна ўсе працоўныя месцы. 

Калі чалавеку гэта баліць, то іншыя болі ўспрымаюцца не так балюча, яны маюць пэўную дыстанцыю. Гэта перашкаджае паразумецца людзям, якія знаходзяцца па розныя бакі мяжы. 

— Якія рызыкі гэта нясе? Ці можам мы стаць зусім рознымі народамі, рознымі фармаваннямі, якія не маюць нічога агульнага?

— У нас пакуль няма такой сітуацыі з эміграцыяй, як, дапусцім, у Арменіі, дзе ў эміграцыі жыве больш, чым у самой краіне. У эміграцыі ў нас знаходзіцца вялікая, але ўсё ж такі нязначная частка нацыі. І трэба зазначыць, што не ўсе знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі, бо ёсць яшчэ і эканамічная. І ў іх розныя паводзіны.

Эканамічная эміграцыя адбывалася не таму, што «Я не магу знаходзіцца ў Беларусі», а таму ёсць больш выгадны варыянт для жыцця. Калі людзі па такім прынцыпе выяжджалі за мяжу, то ў іх большая верагоднасць таго, што яны інтэгруюцца і стануць палякамі, літоўцамі, немцамі, французамі і г.д. Сувязь з Беларуссю ў іх можа даволі хутка губляцца.    

Ёсць палітычная эміграцыя, калі людзі выехалі па прычынах, звязаных з тым, што яны трапілі пад пераслед за свае погляды і дзеянні. Тут таксама ёсць пэўны падзел. Вялікая хваля 2020 года падняла да ўдзелу ў пратэстах людзей, якія мелі вельмі розныя перакананні, ці гэтыя перакананні былі не вельмі акрэсленыя. Проста ўсё надакучыла, рэжым надакучыў, нас многа, мы сіла, мы можам усё памяняць. І калі ў гэтых людзей няма ўстойлівых поглядаў, яны таксама могуць быць не вельмі ўстойлівымі ў захаванні беларускай ідэнтычнасці. 

Чытайце таксама: З двух бакоў мяжы. Валер Карбалевіч: «Рэжым узяў адкрыты курс на тое, каб памяняць цывілізацыйны код»

Але ёсць тыя, што хочуць захаваць сваю беларускую ідэнтычнасць, над гэтым працуюць, ствараюць цэнтры, дзе сустракаюцца беларусы, школкі, цэрквы, газеты, а-ля палітычныя структуры. І гэта дае магчымасць ім захавацца далей. 

Агулам ёсць розны лёс у розных міграцыйных груп. Калі мы возьмем цыклічнасць працэсаў, то эміграцыя пасля Другой сусветнай вайны — гэта быў адрэзаны ломаць. Нават праз Чырвоны крыж было амаль немагчыма звязацца са сваімі сваякамі. Такая верагоднасць амаль і не разглядалася. Прайшлі гады, калі стала магчыма ўступіць у сувязі. Недзе ўжо падчас гарбачоўскай перабудовы сталі адбывацца першыя кантакты, першыя лісты, першыя прыезды да сваякоў у Нямеччыну, Штаты або наадварот. 

Фактычна тая эміграцыя без дадатку новай крыві пачала затухаць, сцірацца. Яна не знікла, але стала больш слабой. Дзеці і ўнукі тых людзей, якія з’ехалі, ужо не абавязкова захоўвалі беларускую ідэнтычнасць, не абавязкова хадзілі ў тыя цэрквы, што стварылі іх продкі. 

Ёсць іншыя прыклады. Іранская эміграцыя існуе за мяжой ужо гадоў 30, яна не робіцца меней і не робіцца менш баявітай. Можаце пабачыць у некаторых еўрапейскіх гарадах дэманстрацыі, якія яны ладзяць. Чаму так адбываецца? Таму што свет памяняўся, сярод іншага.

Гэтыя людзі не губляюць сваю ідэнтычнасць, бо, з аднаго боку, яны знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, з іншага — у іх захоўваецца вера, ёсць вельмі адрозная мова, якую яны не хочуць губляць. Акрамя таго, яны не губляюць сувязь са сваёй радзімай, бо камунікуюць са сваякамі праз сацыяльныя сеткі і г.д. Інтэрнэт дае пэўныя перавагі. І хоць ёсць абмежаванні, рэжым у Іране не вельмі заахвочвае кантакты з эміграцыяй, гэтыя кантакты ёсць. 

Тое ж самае мы можам назіраць у эміграцыі з Беларусі. Людзі не парываюць сувязь са сваімі сваякамі, цікавяцца падзеямі і г.д. Адна з прыкметаў гэтага — тое, што значная частка беларускіх эмігрантаў чытаюць беларускія навіны ў медыях, якія выдаюцца ў замежжы. Калі б гэтага было нецікава, іх бы не было.

Можна сказаць, што знікнення і распаду беларускай эміграцыі мы зараз не фіксуем. Але наколькі трывалы працэс захавання ідэнтычнасці — больш складанае пытанне. Беларусы, што не сакрэт, не такія ўжо актыўныя вернікі, а вера дае нагоду хаця б раз на тыдзень сустракацца, каб схадзіць у царкву. Не ва ўсіх ёсць дзеці, якіх трэба вадзіць у школку. Не ўсе гатовыя пасля цяжкага працоўнага дня хадзіць на лекцыі, выставы і г.д.

Сувязь з беларускімі коламі ўсё ж змяншаецца. Калі людзі не жывуць блізка і не належаць да творчых прафесій, дзе больш фактараў, якія дапамагаюць перакрыжоўвацца ў супольнасці, то некаторую частку эміграцыі мы будзем губляць. Пэўная стомленасць у эміграцыі ёсць, і праз нейкі час мы будзем бачыць, што людзей на акцыі будзе хадзіць меней. А можа і наадварот. 

Мы можм параўнаць з тым, што ў нас ужо было некалькі сучасных хваляў эміграцыі: пасля 2006-га года, пасля 2010–11-га. Людзі спачатку траплялі ў сітуацыю, калі не было прычын верыць, што ў Беларусі нешта памяняецца, але пасля наступнай хвалі, калі з’яўляліся вокны магчымасцяў у Беларусі ці тое, што імі здавалася, то гэтыя людзі прыходзілі ў беларускія цэнтры, на дэманстрацыі ў сваіх гарадах, пачыналі актыўна дапмагаць апазіцыйным колам у Беларусі. Усё гэта працуе. 

Калі ўзнікае нагода ўспомніць, «адкуль я», то людзі гэтай нагодай карыстаюцца.

— То бок у беларусаў ёсць фармат «спячай эміграцыі», якая прачынаецца ў пэўны момант?

— …Калі трэба праявіць салідарнасць, калі эмоцыі зашкальваюць, гэтыя людзі звяртаюць увагу на тое, што яны беларусы, і што трэба дапамагчы беларусам у Беларусі, беларусам, якія вымушаныя былі збегчы і проста з нуля пачаць жыццё на чужыне. Такія праявы салідарнасці былі, ёсць і, напэўна, будуць захоўвацца.

— Вакол чаго можа гуртавацца моцная дыяспара, якая захоўвае сваю ідэнтычнасць?

— Тэарэтычны адказ на гэтае пытанне — царква і школа. Але ў нас, відавочна, царква не для большасці з’яўляецца аўтарытэтам, не прадстаўлена актыўнымі вернікамі. Яны ёсць, яны адыгрываюць важную ролю, але ўсё ж такі, калі вы прыйдзеце на беларускамоўнае набажэнства, то там будзе не так шмат людзей.

Што тычыцца школак, то шмат хто з беларусаў былі расейскамоўнымі ў Беларусі, прыехалі ў эміграцыю, і не ўсе з іх хочуць прыкладаць дадатковыя намаганні, каб загаварыць з дзецьмі па-беларуску, ствараць для іх беларускія цэнтры. Адпаведна, яны могуць расчыніцца ў моры цэнтраў, створаных іншымі структурамі, іншымі нацыямі. Хтосьці інтэгруецца ў польскую, літоўскую культуру, хтосьці будзе хадзіць у расейскамоўны, англамоўны садок. 

Тут важна, каб людзі, якія ўсё ж такі дбаюць пра захаванне беларускай ідэнтычнасці, прыклалі дадатковыя намаганні, каб іх праца был больш прывабнай. Яны мусяць выйграваць у канкурэнцыі з цэнтрамі, якія ствараюць украінцы, расейцы і г.д. Гэта не ёсць простай працай. Яна патрабуе і энтузіязму, і ведаў, і даволі вялікіх грошаў. Збольшага гэта ахвярная праца, на якую грошы знайсці не так проста. Залежыць ад нашай супольнасці, ці здолеем мы знайсці рэсурсы, каб падтрымаць такога кшталту цэнтры. 

Напрыклад, у Польшчы ёсць практыка 1% падаткаў накіроўваць на тыя мэты, якія ты хочаш. Гэтым маглі б карыстацца беларусы, якія працуюць легальна. Гэта не такія ўжо вялікія грошы, але яны могуць даваць пэўную трываласць і незалежнасць беларускім цэнтрам. 

— Ці ёсць рызыка, з улікам унутрыбеларускіх негатыўных працэсаў русіфікацыі, выцяснення беларускай мовы з публічнай прасторы, што асяродак беларускай ідэнтычнасці застанецца пераважна ў эміграцыі?

— Хутчэй можна сказаць, што гэта можа быць рэзервная копія. Калісьці ў нас быў вялікі акіян беларускай мовы на вёсцы. Беларускія пісьменнікі хадзілі на рынак, каб паразмўляць і напітацца яе гаючымі сокамі. А ў горадзе была разбуральная русіфікацыйная практыка. 

Зараз хутчэй ёсць рэгіёны, дзе захавалася беларускамоўнасць або трасянка ў паўсядзённым жыцці, але ўсё ж такі перспектывы адукацыі і працаўладкавання з расейскай мовай выглядалі больш прывабнымі. Акрамя ўздзеяння рэжыму ці актывістаў кшталту Бандаравай, сам па сабе выбар людзей быў прагматычны. 

Гэта складае праблему для захавання беларускай мовы. Калі казаць пра тое, ці яна за кошт гэтага знікне ў агляднай перспектыве, — то я не думаю. Гэты працэс не такі хуткі. Народныя масы кансерватыўныя. Але гэта паступовы працэс, які ў больш доўгай перспектыве можа прывесці да памяншэння або знікнення беларускай мовы. Я, праўда, не думаю, што ён абавязкова будзе такім працяглым і не ўзнікне новых перспектыў. 

Што тычыцца эміграцыі, то тут ёсць белрускамоўныя цэнтры, беларускамоўнае навучанне, якога не хапала ў Беларусі. Яно не тое каб закрывала ўсе патрэбы чалавека, але яно ёсць і працуе на беларускую ідэнтычнасць. Тут ёсць магчымасць выдаваць беларускамоўныя выданні, кнігі, тут ёсць магчымасць беларускамоўнага дыскурсу, і больш за тое, тут ствараецца кан’юнктура ў падтрымку гэтага дыскурсу. Таму неяк непрыстойна ў пэўных асяродках стала ўвогуле гаварыць па-расейску.

Сам па сабе штуршок 2020 года шмат каго накіраваў у бок беларускай мовы. Можа быць, яны не сталі беларускамоўнымі ў сям’і, але сталі публічна беларускамоўнымі, вядуць сацыяльныя сеткі і больш прыязна ставяцца да выкарыстання беларускай мовы. Таму гэта пэўны рэзервуар, дзе беларуская мова можа захоўвацца і, хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца.

Такія праекты, як беларускамоўныя аўдыёкнігі, беларускамоўныя навучальныя ўстановы, якія могуць працаваць дыстанцыйна, беларускамоўныя пляцоўкі для дыскусій, могуць даваць пэўны плён, бо яны даступныя ў тым ліку і беларусам у Беларусі. 

Я тут гляджу большым аптымістам. Калі мы не складзем ручкі, то ўсё гэта захаваецца і будзе даволі канкурэнтным праектам для людзей, якія знаходзяцца сёння ў Беларусі.

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: