Прислать новость
Марыя Маляўка

Журналістка BGmedia: «Ніколі не разумела, дзе заканчваецца ўкраінская мова і пачынаецца беларуская»

06.05.2024 05:15 Марыя Маляўка на малой радзіме бацькоў у Беларусі. Фота з асабістага архіву. Источник фото

Каб размаўляць на мове вольна, патрэбна не толькі веданне, але і эмацыйная сувязь. Найлепшы выпадак — калі ў вас ёсць важны беларускамоўны чалавек.

Журналістка BGmedia Марыя Маляўка пасля шматлікіх размоў з беларускамоўнымі героямі вырашыла падзяліцца ўласнай гісторыяй шляху да свядомай беларускамоўнасці. Марыя нарадзілася ва Украіне і ўкраінскую мову таксама можа называць роднай. Дзве мовы, як і дзве ідэнтычнасці, дужа цікава суіснуюць і дапаўняюць адна адну.

Марыя Маляўка
Марыя Маляўка. Фота з асабістага архіву

Чытайце таксама: Пры мітрапаліце Філарэце абавязковым быў верш «Магутны Божа». Святар Георгій Рой — пра шлях да беларускай мовы і царквы

Прашыўка

— Мае бацькі родам з беларускага заходняга Палесся, але нарадзілася я ў Кіеве. Ведаць з дзяцінства і ўкраінскую, і беларускую мову было такім натуральным, што я нават не ўсведамляла гэты факт. 

Памятаю, як у старэйшай школе (на той момант ужо ў Беларусі) моцна здзівілася, што іншая дзяўчынка не можа прачытаць фразу па-ўкраінску. А гадоў у 25 ці пазней са здзіўленнем усвядоміла, што людзі не гавораць беларуску не толькі таму, што псіхалагічна цяжка ці не хапае слоўнікавага запасу, а яшчэ і таму, што проста не ведаюць мову, дрэнна разумеюць яе.

Дзякуючы актыўнай нацыянальнай пазіцыі таты ў доме былі і беларускія, і ўкраінскія кніжкі. Абедзве мовы гучалі па радыё, у музыцы на касетах. Сястра, калі яшчэ не ўмела чытаць, ведала напамяць цэлую кніжку ўкраінскіх вершыкаў і нават памятала, на якой старонцы каторы надрукаваны. Адкрывала кніжку — і шпарыла па памяці тое, што там напісана, нібыта чытала.

Героямі дзяцінства былі хутчэй касцюшкавы паўстанцы і ўкраінскія хлопцы з лесу, а не савецкія партызаны.

Веданне трох моў на слых

Гістарычная радзіма бацькоў знаходзіцца на паўночным краі Палесся, то бок там ужо гаворка не настолькі ўкраінізаваная, як пад Берасцем. Але ўсё роўна досыць адрозная ад літаратурнай беларускай. У ёй прысутнічаюць некаторыя ўкраінскія словаформы, напрыклад, дзеясловы будучага часу: рабіціму, шукаціму. Асобныя словы гучаць зусім дзіўна: напрыклад, кажуць не «два яйкі», а «дзве яйцэ». Не «воблака», а «обэлок», не «добра», а «харашэ». Гукі «о» і «э» могуць быць ненаціскнымі. Калі мая бабуля чула літаратурную беларускую мову па тэлевізары, яна смяялася: «Якая ж то беларуская?!» 

Марыя Маляўка
Марыя Маляўка. Фота з асабістага архіву

З самага ранняга ўзросту мама вазіла нас на лета з Украіны ў Беларусь, у вёску. Нейкі час сям’я жыла ў Кобрыне, дзе суседзі размаўлялі па-ўкраінску — то бок на мясцовай гаворцы. Для мяне яна гучала як украінская. Моўная разнастайнасць падтрымлівалася натуральным чынам. 

Расейская таксама прысутнічала паўсюль, але для мяне асабіста стала ў першую чаргу мовай чытання перакладных кніжак. У 90-я іншых перакладаў амаль не было. То бок па-расейску я спазнавала дужа ўплывовую для мяне брытанскую літаратуру. Гэта накладае пэўны адбітак: колькі б не было навокал нацыянальнага, расейскую ўспрымаеш як нешта элітнае.

Чытайце таксама: «Я не этнічны беларус, але з беларускасцю ніколі не парываў». Моўнае пытанне Аляксандра Фрыдмана

Расейскую літаратуру як прадмет у школе, дзякуючы сваёй прашыўцы, ціха ненавідзела. Лавіла пах шавінізму за вярсту. Прычым часам самі творы па-мастацку падабаліся, але калі потым у падручніку дапісвалі, як іх трэба «адзіна правільна» разумець, — тут вочы закочваліся пад столь.

Пра выкладанне беларускай мовы і літаратуры ўражанняў не засталося: усё было сярэднестатыстычна блякла. Памятаю, што ўзахлёб чытала творы Караткевіча: на фоне іншага гэта было моцна, палка і, як мне здавалася, эратычна. Трэба дадаць, што пашанцавала з шостага класа вучыцца ў беларускамоўнай школе.  

З пераскокваннем з мовы на мову асаблівых праблем не было: дзіцёнкам была ўпэўненая, што чытаць і па-беларуску, і па-расейску, і па-ўкраінску лёгка, трэба толькі разабрацца з «і», «ы», «е», «є» і так далей. То бок гэта было веданне трох моў на слых плюс разуменне некалькіх версій памежных паляшуцкіх дыялектаў. Толькі з узростам стала разумець, як мне з гэтым пашанцавала.

300 беларускіх слоў у хвіліну

Ва ўніверсітэце мовай камунікацыі была расейская. Адзін выкладчык выявіўся адэптам «великой русской культуры» і моцна зрэзаў бал пасля выказанага мной меркавання, што для беларусаў нармальна мець сваю версію расейскай, як для амерыканцаў — сваю версію ангельскай. 

Недзе на апошніх курсах мэтанакіравана знайшла беларускамоўную тусоўку і стала хоць перыядычна размаўляць на мове. Не магу сказаць, пры ўсёй папярэдняй практыцы, што давалася само сабой. Не хапала слоўнікавага запасу, адчувала сябе скавана.

Найлепшая пракачка адбылася, калі з’явілася беларускамоўная сяброўка з такой жа хуткасцю маўлення, як і ў мяне. То бок як з кулямёта. З ёй мы размаўлялі пра ўсё, пра што размаўляюць дзяўчаты. І гэта стала абсалютна натуральным, асабістым. 

Найбольш каларытны выпадак быў, калі мы з ёй ішлі па Менску раніцай 1 студзеня 2015 года. Мода на беларускае, на цішоткі і арнаменты тады яшчэ не дужа разгарэлася. Марозны ранак, на вуліцы поўная цішыня. Каля нейкага пасольства стаіць хлопец-міліцыянт на варце. І тут мы такія ідзем — абсалютна цвярозыя, чэшам на чысцюткай беларускай звонка на ўсю вуліцу пра нейкую лухту, пра нейкія шмоткі з хуткасцю 300 слоў у хвіліну. У хлопца, мабыць, быў поўны культурны шок. 

Прыйшла да высновы, што каб размаўляць на нейкай мове сапраўды вольна, патрэбна не толькі веданне, але і эмацыйная сувязь. Найлепшы выпадак — гэта калі ў вас ёсць настолькі важны беларускамоўны чалавек, што вы і ў думках з ім будзеце размаўляць па-беларуску.

Як на перапісе забыліся пра білінгваў

Усвядоміць сваю шматмоўнасць мяне змусіў толькі перапіс насельніцтва ў 2019 годзе. Там было пытанне, якое загнала ў глыбокі ступар: «Ваша родная мова» — і ў дужках паясненне: «мова, на якой вы першай пачалі размаўляць», прыблізна так. Спачатку абурыла маніпулятыўнасць фармулёўкі: нібыта наўмысна зроблена так, каб паболей людзей назвала расейскую. Пры тым, што беларусы не заўсёды вызначаюць родную мову як першую вывучаную. Украінцы таксама. Бо кантэкст трошкі іншы. 

Потым ступар стаў яшчэ глыбейшым. А якая родная? Беларуская? Расейская? Украінская? Дыялект? Як цяпер разабраць, якія словы з якой мовы я вывучыла першымі? 

Мне стала ясна, што ні беларускую, ні ўкраінскую я ніколі не вучыла як замежную. А іншым людзям даводзіцца вучыць. Вымаўленне трэнаваць, уязджаць у кантэкст ужывання слоў і гэтак далей.

Чытайце таксама: Міхаіл Кірылюк: «Хай хто-небудзь ужо нарэшце скажа: трэба вывучаць беларускую як замежную мову»

А яшчэ стала ясна, што дзяржаўныя перапісчыкі насельніцтва дапусцілі прымітыўную памылку: не ўлічылі існаванне білінгваў. Пры тым, што білінгвізм — дастаткова ўласцівая для Беларусі з’ява. Таму адказаць адэкватна згодна заяўленай фармулёўцы было аніяк немагчыма. Назвала роднай беларускую. 

«Падабаецца прэзентаваць украінцам сваю беларускасць» 

Пачатак поўнамасштабнай вайны ва Украіне стаў для многіх беларусаў нагодай для актыўнай пракачкі беларускай мовы, а для мяне — украінскай. Беларуская ўжо была пракачаная да ўзроўню стварэння мастацкага тэксту. Украінскай карысталася эпізадычна. 

Большасць маіх украінскіх сяброў на той момант было з усходу Украіну, частка з Данбасу. Яны актыўна карысталіся расейскай мовай. Пасля расейскага ўторгнення сталі пераходзіць на ўкраінскую. У маёй стужцы фэйсбука стала рэзка болей украінскага кантэнту. Хутка запаміналіся новыя словы. Або ўзгадваліся з дзяцінства. Як і калісьці з беларускай, я знайшла цікавых украінамоўных суразмоўцаў, і дзякуючы ім за некалькі месяцаў актывізавала ў сябе ўкраінскую ў якасці яшчэ адной працоўнай мовы. 

У нядоўгія перыяды жыцця ва Украіне яшчэ да поўнамасштабнай вайны заўважала, што беларуская і ўкраінская ў мяне страшэнна блытаюцца між сабой. Аж да таго, што вынаходзяцца новыя словы, якіх нібыта няма, але яны гучаць натуральна. Прычым расейская ў гэты тандэм не лезе — дзесьці стаіць убаку.

Цалкам раздзяліць іх нават не спадзяюся — усё роўна я ніколі не разумела, дзе заканчваецца ўкраінская мова і пачынаецца беларуская. І наадварот. Для чалавека з Палесся гэта не дзіўна. Тут і тэрытарыяльна немагчыма зразумець, дзе заканчваецца Беларусь і пачынаецца Украіна. 

Чытайце таксама: Украінец з Данецка, які вучыць беларускую мову: «І мяне шмат гадоў пераследавала пачуццё сораму за сваіх землякоў»

Жывучы ў Беларусі, я любіла размаўляць па-ўкраінску, спяваць украінскія песні, распавядаць жарты. Цяпер, калі ў маім коле шмат украінцаў, мне падабаецца прэзентаваць сваю беларускасць. З негатыўным стаўленнем не сутыкаюся. Часам назіраю вялікую цікавасць да беларускай мовы. 

Я лічу сябе 100%-й беларускай і 100%-й украінкай. Ува мне таксама няма мяжы, якая б раздзяляла беларускасць і ўкраінскасць. Маё паняцце радзімы распаўсюджваецца на дзве краіны. 

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.