Прислать новость

Мова перамен. Журналістка з Брэста: «Мова палягчае жыццё і дапамагае дачцэ кантактаваць з дзецьмі з Польшчы і Чэхіі»

15.02.2020 08:35 Мілана з дачкой Камілай. Фота з асабістага архіву Міланы Харытонавай. Источник фото

Ці рэальна ў Брэсце арганізаваць беларускамоўную групу ў садку ці клас у школе? Ці ўсё яшчэ за беларускую на вуліцы прылічваюць да апазіцыі?

Мы знайшлі у Брэсце людзей, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў штодзённым жыцці, і папрасілі расказаць, як ім гэта даецца. Часам, аказваецца, мова адкрывае нечаканыя магчымасці. Чытайце першую гісторыю з цыкла «Мова перамен» – вопытам падзялілася журналістка, жонка і маці Мілана Харытонава.

Мілана Харытонава. Фота: Аляксандр ШУЛЬГАЧ

«Скажите, а что вас вынудило?»

Мілана і яе муж – фрылансеры, працуюць у СМІ.

Размаўляць беларускаю Мілана пачала ў падлеткавым узросце. Спачатку быў перыяд «толькі беларуская»: вырашылі з сяброўкай паспрабаваць, што атрымаецца. Пасля стала карыстацца і беларускай, і рускай, у залежнасці ад асяроддзя. Цалкам беларускамоўнай Мілана сябе не лічыць, аднак у некаторых выпадках адстойвае права размаўляць менавіта на роднай мове.

Дагэтуль бываюць смешныя сітуацыі. «Калі ў падлеткавым узросце больш рэагавалі: «Ага, апазіцыя!», то цяпер часам пытаюцца, ці не настаўніца беларускай мовы я, – адзначае Мілана. – Аднойчы таксіст слухаў, як мы з мужам размаўляем, і з такім спачуваннем пытаецца на рускай: «Прабачце, ці магу задаць асабістае пытанне?» І доўга так яго фармуляваў, і ўрэшце: «Скажите, а что вас вынудило?..» Мне так смешна стала ад гэтага слова «вынудило». Маўляў, як жа ты, жанчынка, дакацілася да такога жыцця?»

Мілана з мужам Алесем. Фота з асабістага архіву Міланы Харытонавай

У сям’і – з мужам і дачкой – мова камунікацыі таксама беларуская. Аднак арганізаваць для дачкі беларускамоўны клас у школе не ўдалося.

Адзіная рускамоўная школа на раёне

Як ні дзіўна, Мілана вучылася не ў беларускамоўнай школе, хоць у той перыяд – 90-я – была, калі глядзець з сённяшняй кропкі, проста павальная беларусізацыя. «Але ў мяне дома ніхто па-беларуску не размаўляў. І вырашылі, каб цяжкасцяў не ствараць («А як потым вучыцца далей?»), аддаць мяне, наадварот, сярод усіх беларускіх школ на раёне ў адзіную, якая захоўвала рускамоўную адукацыю. Беларускай было толькі пару гадзін на тыдзень».

Са сваякоў на беларускай размаўляла толькі прабабуля родам з вёскі пад Мазырам. «Астатнія вырашылі, што яны занадна гарадскія». Прабабуля, канешне, не падкрэслівала той факт, што размаўляе беларускаю, і не рабіла гэта з нейкага прынцыпу – яна проста гаварыла так, як заўсёды гаварылі людзі ў яе мясцовасці.

Мілане мова падабалася. У старэйшых класах прыйшло разуменне, што да мовы трэба імкнуцца, інакш яна можа ў рэшце рэшт знікнуць.

У вывучэнні мовы былі складанасці і блытаніна. «Тады ужо з’явіліся сайты з музыкай, навінамі, часопісы, шмат друкавалася на тарашкевіцы. І калі не надта замарочваешся вучыць правілы, чытаеш гэта і інтуітыўна пачынаеш пісаць, то з адукацыйным працэсам ўзнікаюць праблемы».

Калі вырашылі з сяброўкай размаўляць выключна беларускай, гэта часам выклікала нервовую рэакцыю ў крамах і іншых грамадскіх месцах. «Як з усімі бывала, часам прылічвалі да апазіцыі. Пэўныя перашкоды гэта стварала. Мне не зусім такая пазіцыя падабаецца, я лічу, што мова павінна быць сродкам камунікацыі, а не выказвання пазіцыі». Аднак пры той моўнай сітуацыі, якая зараз склалася, гэта не зусім магчыма, адзначае суразмоўца. «Усё ж мову сваю мы мусім адстаяць, пашырыць яе ўжытак усімі магчымымі спосабамі. Хтосьці сам размаўляе, хтосьці не, але гатовы падпісваць розныя электронныя звароты, накіраваныя на тое, каб пашыралася выкарыстанне мовы на спажывецкім рынку, у адукацыі. Можна з гэтага пачынаць».

«Знайдзіце самі беларускамоўную выхавацельку»

Дачцэ Міланы 12 гадоў. Бацькі ад нараджэння размаўлялі з ёй па-беларуску, а некаторыя сваякі – па-руску. У садку не атрымалася зрабіць для яе беларускамоўную групу: не назбіралася дзяцей у раёне. Урэшце знайшлі выйсце: аддалі на год у старэйшую групу, дзе працавала выхавацелька, якая валодала беларускай мовай. Дамовіліся, што яна будзе размаўляць з дзяўчынкай па-беларуску не толькі раз на тыдзень, як прадугледжана праграмай, а больш. Аднак на наступны год выхавацелька сышла.

Мілана з дачкой Камілай. Фота з асабістага архіву Міланы Харытонавай

У школе не атрымалася зрабіць клас па той жа прычыне: не назбіралі дзяцей патрэбнага ўзросту. Пошук зацікаўленых у беларускаўным навучанні, па сутнасці, «павесілі» на бацькоў: трэба было самім збіраць клас. Прычым нават не дазвалялі павесіць аб’яву там, дзе маглі б яе бачыць бацькі, якія прыходзяць пісаць заявы аб прыняцці дзяцей у школу.

«Дачка пайшла ў звычайную школу, дзе ўся камунікацыя па-руску. Займаецца спортам – трэнеры таксама рускамоўныя. Дома яна размаўляе па-беларуску. А калі прыбягае са школы і бяжыць праз паўгадзіны на трэніроўку, бывае, і не пераключаецца. Я не бачу тут вялікай праблемы. Галоўнае, што гэта ёй лёгка, што яна ўсё разумее».

Жаданне мець больш беларускамоўных асяродкаў сутыкаецца з банальнымі праблемамі, напрыклад, адсутнасцю кадраў. «Калі ішлі ў садок, нам у аддзеле адукацыі сказалі: «Выхавацелек няма. Знайдзіце самі чалавека з педагагічнай адукацыяй, і мы яго возьмем на працу». Але дзе ж я яе вазьму, тую выхавацельку, калі ўніверсітэт такіх спецыялістаў не рыхтуе?»

«Мова палягчае жыццё»

Аналізуючы падыход бацькоў да сваёй адукацыі ў дзяцінстве, Мілана адзначае, што на той момант лічылася: беларуская мова – дадатковая нагрузка для дзіцячых мазгоў. «А насамрэч яна дужа палягчае жыццё». Дачка Міланы дзякуючы валоданню з дзяцінства беларускай нядрэнна разумее польскую мову. Калі падчас спаборніцтваў сутыкаецца з дзецьмі з Украіны, то яны размаўляюць без праблем. А аднойчы сям’я паехала ў адпачынак у горы, жылі ў адным катэджы з турыстамі з Чэхіі. Мілана заўважыла, што дзеці хутка пазнаёміліся і размаўляюць. Спыталася: «А як вы, на ангельскай?» – «Не, мы і так разумеем адно аднаго».

Такім чынам, беларуская мова нядрэнна пашырае гарызонты.

Між тым выкладанне мовы ў сістэме адукацыі патрэбна не тое што рэфармаваць, а рэанімаваць, лічыць Мілана. Выкладанне атрымоўваецца нудным і нецікавым для дзяцей, у дадатак – крывадушным. Настаўнікі беларускай пераходзяць на рускую, як толькі скончваецца ўрок. Дзіця падыходзіць да настаўніцы на перапынку ці вітаецца – адказваюць па-руску.

Калі дачка Міланы была ў пачатковай школе, сямь’я наведвала курсы «Мова Нанова». У той час праходзілі заняткі, арыентаваныя на дзяцей. У аднакласнікаў дзяўчынкі тады ўжо ўзнікалі праблемы з вывучэннем мовы: складана чытаць, бо яны яе нідзе не чуюць. «Дачка заносіла ў школу лістоўкі з інфай пра заняткі, нават праз настаўніцу гэта аб’яўлялі, але ніхто з класа да курсаў так і не дайшоў».

 

Мілана з дачкой Камілай. Фота з асабістага архіву Міланы Харытонавай

«Адпраўце свайго супрацоўніка на моўныя курсы»

Мілана ўпэўненая: трэба адчуваць, калі варта пачынаць розмову на беларускай, а калі і не. «Бывае, у некаторых месцах проста хутчэй вырашыш справы, калі будзеш гаварыць адразу па-руску. Напрыклад, у рэгістратуры ў паліклініцы, калі ўсе вакол крычаць». Але калі чалавек прынцыпова становіцца ў позу: не ведаю, не разумею, напрыклад, пры званку ў нейкую дзяржаўную ўстанову, то тут ужо трэба адстойваць свае правы. Можна перайсці на рускую, каб палепшыць камунікацыю, калі гэта добраахвотна.

«Некаторыя людзі думаюць: мы спецыяльна размаўляем, каб павылузвацца. Часам нейкі новы чалавек кажа: «А это вы все время так по-белорусски разговариваете?» І хочацца адказаць: «Канешне не, гэта я спецыяльна для вас, каб перад вамі зараз выпендрыцца».

Бывалі беларусафобскія выказванні. Нават людзі, якім ты нясеш грошы за паслугі, пачынаюць: «Ой, я не понимаю, не хочу, не знаю». Можна галасаваць нагамі – не хадзіць. А можна, наадварот, згуртаваць сяброў з курсаў «Мова Нанова», каб кожны дзень туды прыходзілі і па-беларуску размаўлялі. Каб бачылі, што такіх людзей шмат. Можна кіраўніцтву напісаць прапанову: «Адпраўце свайго супрацоўніка на моўныя курсы, зараз жа яны ёсць».

Як загаварыць на беларускай и не памерці?

Першапачаткова, калі пераходзіш на беларускую, бывае цяжкавата перавесці думкі ў звязны тэкст. Аднак літаральна праз пару тыдняў гэты працэс нармалізуецца, узгадвае Мілана. «Я думаю, у кожным з нас, хто тут нарадзіўся і жыве, ёсць у галаве яшчэ з нейкіх дзіцячых калыханак, са школы вялікі пасіўны запас, і ён актывізуецца. Не трэба баяцца, што праскочыць нейкае не тое слова. Шмат хто думае, што мы па-руску вельмі правільна размаўляем, але ў нас ёсць такія словы, якія расейцы наогул не разумеюць».

Можна пачынаць з сацсетак: дадаваць беларускамоўных сяброў, пісаць па-беларуску. Зараз стала нашмат прасцей з праграмным забеспячэннем. «Купіла новы тэлефон і адразу паставіла беларускую сістэму». Стала больш беларускага кантэнту. У раннім дзяцінстве дачкі, калі не хапала беларускіх кніжак, Мілана часам сама працавала «сінхраністам»: брала кніжку і адразу агучвала па-беларуску.

На думку Міланы, магчыма, тыя, хто размаўляе выключна на беларускай, здаюцца іншым занадта «ідэальнымі». Людзі глядзяць на іх і думаюць, што ніколі так не змогуць. Але важна не баяцца рабіць памылкі. Часам праскокваюць русізмы, а часам і нейкае ўкраінскае слова ўплятаецца. Калі фарміруецца звычка да беларускай гаворкі, пасля, наадварот, бывае складана перайсці на рускую. І ўвогуле можаш не заўважаць, якой мовай у дадзены момант размаўляеш.

Оцените статью

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.