Не чакайце трыўмфальнага шэсця беларускай літаратуры па Еўропе

Так здарылася, што кніга пра 2020 год дагэтуль не напісаная, а дзіцячая літаратура перажывае не лепшыя часы?

Share

Беларуская літаратура ў эміграцыі набыла новае дыханне і дасягнула небывалага росквіту. Такое ўражанне можна скласціся ў тых, хто сочыць за беларускімі сацсеткамі і цікавіцца шматлікімі прэзентацыямі ды фестывалямі.

Аказваецца, так прыгожа выглядае толькі надводная частка айсберга. Пад тоўшчай вады адбываюцца зусім іншыя працэсы, якія могуць не толькі радаваць аматараў айчыннай кнігі, але і засмучаць іх. Вось адгадайце: што з’яўляецца самым балючым месцам нашай літаратуры? Чаму турэмныя творы не пакідаюць беларускую літаратуру ўжо тры стагоддзі? Ці здольная беларуская літаратура пакарыць Еўропу праз дзесяцігоддзе-другое?

Адказы на нязручныя пытанні BGmedia шукае разам з Ціханам Чарнякевічам, галоўным рэдактарам сайта bellit.info і прэс-сакратаром Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

— Наша літаратура апошніх гадоў існуе паміж двума вельмі рознымі чаканнямі. З аднаго боку — еўрапейцы шукаюць новыя формы і новыя тэмы. З другога — беларускі чытач чакае ад сваіх аўтараў мастацкага асэнсавання 2020 года. Ці не апынуліся беларускія пісьменнікі паміж гэтымі двума полюсамі?

— Пісьменнікі заўсёды сутыкаюцца з выклікамі – такая іхняя праца. Піьменнікі чытаюць замежную літаратуру, сваіх аднагодкаў – і выбіраюць найбольш прывабны спосаб пісьма для сябе, вызначаюць свой шлях. Перад кожным пісьменнікам можа стаяць не два, а дзесяць ці больш выклікаў; калі ж іх няма, то, напэўна, можна гаварыць не пра літаратуру, а пра хобі. Паэзія, проза, кіно, тэатр, жывапіс – у жыцці творцы з любой сферы ягоная справа забірае вялікую частку жыцця. Таму выклікі – гэта нармальнае, абсалютна натуральнае, хоць і нервовае асяроддзе. 

Чаму дагэтуль не напісаная кніга пра падзеі 2020 года?

— Чаму дагэтуль у нас няма мастацкага твора, які б асэнсаваў падзеі 2020 года? Не хапіла часу ці не знайшлося смельчакоў, гатовых распрацоўваць гэтую трагедыю?

— Як паказвае гісторыя, такія складаныя тэмы патрабуюць часу. Уся літаратура пра Другую сусветную вайну з’явілася пасля заканчэння вайны, часам мастацкія творы з’яўляюцца праз дзесяцігоддзі пасля завяршэння падзеяў. А гісторыя 2020 года фактычна не скончаная, бо выніку, да якога мы ідзем і якога ўсе чакаем, яшчэ няма.

Нават пра ўкраінскую вайну, канешне, пішуцца кнігі вайскоўцамі, медыкамі, журналістамі, якія ездзяць на фронт. Але мастацкіх кніг, раманаў – не нонфікшна, не ўспамінаў, не біяграфічных твораў – вельмі мала. Я нядаўна слухаў інтэрв’ю Сяргея Жадана з вядомым кінарэжысёрам Уладзімірам Яцэнкам, які прама прызнаў, што такое кіно пакуль што немагчымае: трэба, каб вайна скончылася. Тады можна асэнсаваць ці прыдумаць гісторыі, якія стануць не агіткай, не прапагандай, не забавай кшталту Рэмба – ніхто з нармальных кінарэжысёраў не хоча здымаць такое кіно. Што абсалютна зразумела: прапаганда – зусім не тое кіно, якое хоча здымаць прыстойны кінарэжысёр.

Не такую літаратуру хоча пісаць сур’ёзны празаік. Бо, атрымліваецца, творца выступае ў нейкай пасіўнай ролі: вайна не скончылася, табе штодня прылятае і ты не можаш расказаць штосьці з актыўнай пазіцыі, як чалавек, які паўдзельнічаў у заканчэнні гісторыі.

Тое ж самае можна перанесці і на беларускую сітуацыю. Паўтаруся, сама гісторыя яшчэ не скончаная, аналізаваць мінулы перыяд вельмі складана. Таму, напэўна, людзі цяпер больш пішуць пра тое, што з імі адбываецца тут і цяпер — аўтафікшн.

Турэмная літаратура існавала ў 19, 20 і ў 21 стагоддзях

Вокладкі кніжак «Як я правеў гэтае лета» ды «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы»

— Пасля вызвалення палітвязняў многія чакалі магутнай хвалі турэмнай дакументалістыкі. Наколькі гэтыя чаканні спраўдзіліся? Ці павінна сёння літаратура сведчыць пра перажытае ці ўжо аналізаваць яго?

— Чаканні часткова спраўдзіліся, бо кніжкі выходзяць. Нядаўна Мікола Дзядок выдаў кнігу, надрукавалі эсэістыку Міколы Статкевіча, а Максім Знак сказаў, што збіраецца рыхтаваць новы твор. Хаця ягоная турэмная літаратура перадавалася на волю, выдавалася і перакладалася нават тады, калі ён яшчэ сядзеў за кратамі. Гэта толькі некалькі прыкладаў з мноства. Турэмная паэзія і проза, на жаль, працягваюць выходзіць, бо вельмі многіх закранулі рэпрэсіі, людзі дзеляцца ўласным вопытам – і як сведчаннем, і як аўтатэрапіяй. Часам – у форме кніг, часам у форме аб’ёмных інтэрв’ю ці відэа. Гэты досвед ідзе ў інфапрастору, хай сабе і не ў выглядзе мастацкай літаратуры, а асветніцкай ці эсэістычнай. Калі браць творы Севярынца ці Статкевіча, то гэта, хутчэй, эсэістыка ці нават філасофска-эсэістычныя творы з рэфлексіяй наконт таго, як трэба было рабіць і што трэба рабіць тут і зараз.

Рэфлексія – вельмі добра, але мастацкая літаратура ўсё-такі іншае.

— Аднак турэмная творчасць цяпер аформілася як асобны і паўнавартасны кірунак беларускай літаратуры?

— Яна нікуды і не знікала. Я летась зрабіў анталогію класічнай турэмнай паэзіі «Вершы на Волю» на 400 старонках: туды ўключыў творы і Якуба Коласа, Алеся Гаруна, Максіма Танка, Уладзіміра Жылкі, Ларысы Геніюш. Турэмная літаратура — вельмі старая традыцыя, таму пачаў кнігу ад філаматаў 19 стагоддзя (Чачот, Тамаш Зан, «Марыська чарнаброва» Кастуся Каліноўскага). Сібір, Валадарка, Лукішкі, Бяроза-Картузская, Лубянка, Амерыканка, гестапа, ГУЛАГ. Уключалася толькі тая паэзія, якая пісалася менавіта за кратамі і ў высылцы. Мы, бачыце, маем тут сур’ёзныя і моцныя традыцыі з вялікай колькасцю тэкстаў і дзясяткамі імёнаў. Прычына ў тым, што абсалютная незалежнасць краіны дагэтуль не дасягнутая: палітвязні як у ХІХ, ХХ, так і ХХІ стагоддзі змагаюцца фактычна за адныя і тыя ж правы і свабоды.

Беларусаў цягне ў казку – гэта спроба ўцячы ад рэальнасці

— Пакуль не з’явіўся вялікі сацыяльны раман пра 2020 год, вельмі цікава развіваюцца нібыта «негалоўныя» жанры — дэтэктыў, young adult, фэнтэзі. Ці можна сказаць, што менавіта там сёння адбываюцца найбольш цікавыя мастацкія пошукі беларускай літаратуры?

— Той жа Альгерд Бахарэвіч, які летась атрымаў Лейпцыгскую кніжную прэмію, напісаў вялікае эсэ пра тое, што нас цягне ў казку. Не надта дарэчна ў сённяшняй сітуацыі ствараць казкі – абсалютна выдуманыя сусветы з цалкам выдуманымі істотамі, альбо пра нейкі нявызначаны час (ці то 5-е стагоддзе, ці то 35-е). Але, на жаль ці на шчасце, сітуацыя існуе. Калі пагартаць кнігі з поўнага спісу сёлетняй прэмііі Гедройца, то становіцца відавочным, што менавіта «казкі», у тым ці іншым разрэзе, і пішуць сёння творцы. Выдуманыя сусветы – гэта антыўтопіі, часам фэнтэзі ці квазі-сцэнарыі. Відаць, гэта своеасаблівая форма ўцёкаў ад рэальнасці, бо навакольная рэчаіснасць не дае натхнення, каб пісаць; хутчэй наадварот, можа разбурыць псіхіку і яе абарончыя механізмы, таму людзі ўцякаюць у выдуманыя сусветы, у якіх спрабуюць знайсці адказы на злабадзённыя пытанні. Ці атрымліваецца ўцячы ад рэальнасці, ці добрая або сярэдняга ўзроўню літаратура выходзіць з-пад пяра творцаў – ужо іншая размова. Выдуманыя творы сёння такія, а калі хочаш не выдуманыя – купляй аўтафікшн, пра тое, што адбываецца тут і цяпер.

— Беларуская паэзія адгукнулася на падзеі практычна імгненна, драматургія таксама знайшла сваю інтанацыю. Чаму проза апынулася значна больш інэртнай? Спасылка на тое, што для рамана патрэбна больш часу – не працуе: шэсць гадоў тэрмін вялікі… Гаворка ідзе пра асаблівасць жанру ці прыкмету больш глыбокага крызісу?

— Я б сказаў, што і ў паэзіі рэвалюцыйная тэма страчвае свае пазіцыі. Візуальная культура звязаная з тым, што траўматычная гісторыя 2020 года больш зразумелая для тых, хто ўкладаецца ў гэтыя праекты. А яны, як правіла, вельмі дарагія: і спектаклі, і кінафільмы, у якіх неабходна задзейнічаць дзясяткі людзей і вялікія пляцоўкі. Гэтая вялікія наратывы, у тым ліку трагедыі, якія могуць быць пададзеныя як прыдатныя для разумення ўмоўнаму «сярэдняму» еўрапейскаму гледачу ці слухачу.

У прозе па-ранейшаму больш цэніцца ўнутраны досвед, індывідуальная гісторыя, якая неабавязкова звязаная з пэўным часам, тым больш з 2020 годам. Хаця сям-там можна знайсці алюзіі, паралеллі, хтосьці, пішучы нават фэнтэзі ці антыўтопію, можа паказаць 2020 год. Акуратненька часта. Безумоўна, шмат у каго яшчэ працуе і самацэнзура, бо людзі хвалююцца: хто прачытае твор, наколькі шырока пойдзе кніжка, ці можна будзе яе ўзяць у Беларусь і перадаць бацькам – такія засцярогі яшчэ спыняюць і літаратараў і чытачоў. Бо кніжка яшчэ – хард-копія, папера, аб’ект; кіно можна паглядзець на YouTube, музыку можна ўключыць, спектакль таксама можна паглядзець, але кнігу трэба везці. Гэтыя засцярогі працуюць.

Мова змяняецца, мова бяднее

Ці змянілася сама беларуская літаратурная мова пасля 2020 года? Ці стаў беларускі мастацкі тэкст іншым — не толькі тэматычна, але і эстэтычна?

— Я думаю, што так. За кошт таго, што мова існуе ў замкнёнай прасторы, яна відавочна бяднее. То бок, людзі пішуць досыць рэгулярна, вялікі плюс ёсць у тым, што з’явіліся дзясяткі абсалютна новых аўтараў і аўтарак, ёсць розныя ініцыятывы, чытацкія клубы, кніжныя блогі. Тым, хто круціцца ў літаратурнай сферы дзясяткі гадоў, відавочна, што новая хваля робіць і шмат памылак: часта не ведаюць, як напісаць слова, не адчуваюць русізмаў, не адчуваюць кантэксту ўжывання, банальнай арфаграфіі  і пунктуацыі – гэта відавочна кожнаму, хто сочыць за працэсам, спажывае кантэнт, ды і наогул бярэ ў рукі кніжкі. Таму тут вельмі вялікую ролю маюць выдавецтвы, іх здольнасці ў рэдагаванні, добрай карэктуры. Часам з праблемай не спраўляюцца нават яны, бо вельмі шмат трэба правіць і перапрацоўваць. Але ўсё ж гэта заканамернасць, бо ў нас, напэўна, ніколі не было гэтулькі пісьменнікаў. Людзі прыходзяць з рускамоўнага асяроддзя, але бачаць, што беларускамоўнае цікавіць чытачоў, таму некаторыя праганяюць свае рускамоўныя тэксты праз чат GPT. Вядомыя выпадкі, калі прыносяць тэксты, якія відавочна перакладзеныя на беларускую мову штучным інтэлектам; чалавек не стаў перакладаць самастойна, а прапусціў праз праграму і падаў беларускі варыянт.

Натуральна, мова бяднее, мова змяняецца… Сітуацыю маглі б часткова выправіць рэдактарскія варштаты, здольныя рыхтаваць новых спецыялістаў, а сама гэтая праца мусіць лепш аплочвацца. Бо мы сутыкнуліся з рэальнай праблемай.

— Недахоп харошых рэдактараў сёння відавочны?

— Так, адчуваецца. Асноўны «пул» рэдактараў, наколькі я ведаю, завалены працай. Зрэшты, і канкурэнцыя з рускай мовай нікуды не знікла. Я б сказаў, што ў эміграцыі за апошнія пяць гадоў беларусы выдалі на рускай мове ў 10 разоў больш мастацкай літаратуры, чым яе было ў «дарэвалюцыйныя», «дажнівеньскія» часы. Ім так прасцей, яны так дыхаюць, так адчуваюць. Усё гэта зразумела, улічваючы, колькі ў Беларусі рускамоўнага гарадскога насельніцтва, з якога выходзяць, вядома, і літаратары. Таму дрэйф прафесіяналаў будзе ў рускамоўны бок, і, прагназую, што ўсё большы год ад году і ў Беларусі, і ў дыяспары. Можа, калі пачне выконвацца закон «Аб мовах» 1990 года, то сітуацыя паціху пачне змяняцца, і гадоў праз трыццаць пасля таго мы пабачым іншую карціну. Але пакуль што ўсё па-ранейшаму, скажам так, – і ў Мінску, і ва ўмоўнай Варшаве.

Стварэнне Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў – гэта гісторыя поспеху

Беларускія выдавецтвы сёння таксама ў пастцы. Невялікія наклады азначаюць высокі кошт кнігі, а вузкі рынак не дазваляе працаваць паводле законаў вялікай кніжнай індустрыі. Ці можна ўжо казаць пра паўнавартасную беларускую кніжную галіну ў выгнанні, ці гэта ўсё яшчэ гісторыя пра культурнае выжыванне?

— Ды што ўжо тут, уся нашая літаратура – гэта гісторыя выжывання, гісторыя Беларусі – гісторыя выжывання. Зараз мы сядзім на Кафедральнай плошчы ў Вільні, якая з’яўляецца прыкладам таго, што літоўцы змаглі выжыць, у тым ліку дзякуючы школам, дзякуючы прэсе, кнігам на літоўскай мове. Літоўцы заклалі гэтыя цагліны і пабудавалі незалежную дзяржаву. Гэта зайздросная гісторыя поспеху.

То бок, гісторыя выжывання нікуды ад нас не падзелася, таму што ўмовы па—ранейшаму вельмі цяжкія. Доступ да чытача скрайне абмежаваны, перадаць штосьці ў Беларусь вельмі складана, адпаведна, выдаўцам збольшага трэба працаваць з нашымі суайчыннікамі ў дыяспары, якія могуць яшчэ купіць кнігі.

— Значыць, стварэнне Асацыяцыі выдаўцоў (Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў — гэта першая прафесійная арганізацыя незалежных выдавецтваў у эміграцыі, афіцыйна зарэгістраваная ў чэрвені 2026 года ў Кракаве, якая аб’ядноўвае 11 выдавецтваў. Рэд.) – таксама гісторыя выжывання кнігавыдаўцоў?

— Пра стварэнне Асацыяцы гаварылі яшчэ гадоў 10—15 таму. Але тады самым выдаўцам не было зразумела: а навошта гэта рабіць? Я памятаю такія сустрэчы, у тым ліку ініцыяваныя пісьменніцкім саюзам. Цяперашнія ўмовы істотна пагоршыліся, крызіс абвастрыўся, прыйшло разуменне, што гуртам лягчэй і бацьку біць, як той казаў. Таму Асацыяцыя нарэшце  аформілася, ідзе актыўная камунікацыя паміж выдаўцамі: супольныя выезды, супольныя праекты. Гэта выдатна! Я б сказаў, выдавецкая сфера паказала ўсёй эміграцыі 2020—х гадоў пазітыўны прыклад: яны змаглі адаптавацца да сітуацыі, сталі развівацца і расці, іх стала ў разы больш. Сёння можна ўжо нават сказаць, што «падзялілі» між сабой чытачоў: нехта выдае больш паэзію, хтосьці займаецца перакладамі, нехта больш увагі надае дзіцячай літаратуры, а хтосьці раскручвае дэбютных аўтараў. У кнігавыдавецтве відавочнае развіццё і цікавая сама гісторыя – пра гэта можна ўжо прыгожыя кніжкі пісаць, пра беларускі кнігавыдавецкі рынак. Гэта гісторыя поспеху, а далёка не заўсёды ў эмігранцкіх сферах іх шмат, хапае акурат зусім іншых сюжэтаў: паразаў ці скандалаў, лаянак, падзелаў….

Выдаецца шмат перакладной літаратуры, а вось беларускую перакладаюць мала

Фота з сайта hrodna.life

— У апошнія гады ўсё больш месца ў выдавецкіх планах займаюць пераклады. Гэта сведчанне сталення беларускай культуры ці ўсё ж сімптом крызісу сучаснай беларускай прозы?

— Гэта абсалютна натуральная рэч: ва ўсе часы ўсе нацыі мелі больш перакладной літаратуры, чым аўтарскай. У міжваеннай Літве (менавіта гэты перыяд я зараз вывучаю) суадносіны паміж выданнем перакладаў і аўтарскай літаратуры складалі добра калі 50 на 50. Перакладалася літаратура ў тым ліку і з рускай мовы, і з польскай. Літаральна днямі я бачыў пост Літоўскага саюза пісьменнікаў пра тое, што яны будуць выдаваць наступныя чатыры месяцы. У гэтым спісе няма ніводнага літоўскага аўтара! Яны купілі цікавыя аўтарскія правы з розных краёў: з Азіі, Лацінскай Амерыкі, з ЗША, Партугаліі – і спакойна выдаюць перакладную літаратуру. Таму баяцца перакладаў няварта.

— Ці можа сёння незалежнае беларускае выдавецтва дазволіць сабе выдаваць выключна мастацка важкія кнігі, ці эканамічная рэальнасць прымушае ўсё часцей думаць пра камерцыйны поспех?

— Я думаю, што мала каго з беларускіх выдаўцоў цікавяць кнігі невысокай мастацкай важкасці. Калі гэта пераклад, то трэба, каб быў хіт, груба кажучы, айфон, які людзі захочуць купіць, мець дома і чытаць, і потым дакупіць новую версію. Можа быць і класічны тэкст, як янушкевіцкі «Гары Потэр» ці Толкін. Але ката ў мяху – ні перакладную, ні арыгінальную кнігу – ніхто не будзе выдаваць. Павінна быць хаця б нейкая экспертная ацэнка, і кожнае талковае выдавецтва яе мае. Чытаючы рэгулярна інтэрв’ю, бачыш, што выдаўцы больш за 50%, некаторыя – да 90% рукапісаў не прымаюць. Бачыце, выдаюць адну з дзесяці кніжак – найлепшую з дасланых. Бо ж яны вельмі часта ўкладаюць свае нешматлікія грошы і не надта хочуць рызыкаваць. На нізкай якасці літаратуры далёка не заедзеш.

Іншая справа – сярэдняя якасць, сярэдняя тэмпература па бальніцы – ужо другое пытанне. Тут ужо справа густу выдаўца – што ён лічыць высокамастацкай літаратурай.

— Якія прыкладныя суадносіны перакладных і арыгінальных твораў у сённяшняй беларускай літаратуры?

— Напэўна, ёсць выдаўцы, якія збольшага накіраваныя на пераклады (думаю, выдавецтва «Янушкевіч» можна лічыць такім), на хіты мастацкай літаратуры, якія можна прадаць, аплаціць выдаткі, заробкі людзям і не прагарэць, натуральна. Нехта бярэцца за перакладныя праекты з падтрымкай: калі нейкая краіна (Літва, Польшча, Германія, Швецыя etc.) можа аплаціць друк, правы, пераклад – а гэта самы вялікі, дарагі радок бюджэта. Тады можна правесці рэкламную кампанію, прадаць кнігу і нешта зарабіць.

То бок, перакладная літаратура трымаецца, у тым ліку дзякуючы падтрымцы іншых краін, якія хочуць данесці свае набыткі да беларусаў.

Іншая рэч, што беларускія творы слаба перакладаюцца на іншыя мовы – так склалася гістарычна, бо ў нас якраз няма інстытцыяў, якія падтрымліваюць пераклады на замежныя мовы. Ёсць некалькі добрых прыкладаў, напрыклад, Альгерд Бахарэвіч з Юляй Цімафеевай, Ева Вежнавец, чыя аповесць «Па што ідзеш, воўча?» пайшла па свеце і трапіла ў нейкі нерв (кніга выйшла на 10 мовах). Гэта гісторыі поспеху, ды такіх вельмі мала і даюцца яны неймавернымі высілкамі, у тым ліку аўтараў і аўтарак.

Пасля смерці Святланы Курс многія загаварылі пра вялікую страту для беларускай літаратуры. Але ці можна ўвогуле сёння назваць імёны пісьменнікаў, якія задаюць тон сучаснай беларускай прозе? Ці эпоха «літаратурных лідараў» ужо засталася ў мінулым?

— З гістарычнай перспектывы можна казаць, што важна ўсё: і дэбютныя аўтары, і сярэдняй якасці тэксты, і важныя зусім розныя жанры. Але для канкурэнтнага асяроддзя, якім па сваёй прыродзе з’яўляецца літаратура, усё роўна там прысутнічаюць лідары. Палітру аўтараў раскладаць на нейкія каноны, вызначаць топ—10 ці топ—20 усіх часоў, як у нас любяць, мне асабіста вельмі складана, бо чытаеш жа дзясяткі новых кніг штогод, таму маеш патрабавальнае і спецыфічнае стаўленне. Днямі ў Threads «узляцела», што называецца, публікацыя пра тры найлепшыя беларускія кніжкі. 70—80% парадаў датычыліся школьнай класікі (Караткевіч, Быкаў, Колас), хтосьці больш з абазнаных называў расстраляных паэтаў, а хто не памятае нічога, акрамя школьнай праграмы, упарта навязваў Івана Шамякіна. А з цяперашніх пісьменнікаў найчасцей успаміналі Бахарэвіча і Горвата. Згадвалі яшчэ і Святлану Курс, якой, на вялікі жаль, з намі ўжо няма.

Мне гэтая мілая і недзе наіўная пераклічка паказала зрэз шырокай аўдыторыі, якая хоць крышачку штосьці чула пра беларускую літаратуру. Але лідары ёсць – гаворка пра класікаў і некалькіх аўтараў, якія пішуць цяпер.

Нашы чытачы – гульцы на адным полі

— Беларускі чытач сёння таксама жыве ў новай рэальнасці. Эміграцыя ўсё больш успрымаецца як жыццё «ўсур’ёз і надоўга». Як гэта змяняе адносіны да беларускай кнігі?

— Нашы чытачы знаходзяцца і за мяжой, і ў Беларусі.

Беларусы, якія даўно ўжо за мяжой, ствараюць кніжныя клубы, свае экасістэмы (выдавец—кнігарня—прэзентацыя—абмеркаванне—аўтары). Тое самае, але ў меншых маштабах і з меншымі ахопамі, існуе і ў Мінску. Існуюць аўтары, якія пішуць, супрацоўнічаюць з рускімі выдавецтвамі, ходзяць на прэзентацыі – адпаведна, ствараюць свае сістэмы. І ёсць класіка, якая пакрывае ўсіх, якая перавыдаецца і тут, і там, і цэніцца тут і там: Караткевіча купляюць і ў Мінску, і ў Вільні, і ў Варшаве.

У прынцыпе, усе яны – гульцы на адным полі, хаця цяпер выдаць кніжку ў Мінску – натуральны квэст, калі не аркадная гульня. Добра, хто нехта яшчэ рызыкуе друкам, нехта вяртаецца ў дзяржаўныя выдавецтвы, бо ў краіне ўжо амаль няма ніякіх іншых. Тут мы з вамі можам пачаць абмяркоўваць тэму кампраміснасці. Наколькі несвабода ўплывае на якасць літаратуры і наколькі гэта месцамі ўвогуле можна назваць літаратурай. А за мяжой гавары што заўгодна, было б каму слухаць: тут ёсць і авангардныя рухі, партызанскія, самвыдатаўскія. Напрыклад, выдавецтва «Лысы чэрап»…

— Упершыню чую пра такое.

— Яны выдалі каля дзясятка кніг, мабыць. Вельмі эпатажныя, на мяжы фолу, у духу DIY 1990-х. Але гэтыя кнігі друкуюцца за кошт таго, што яны прадалі 20—50 экзэмляраў папярэдняга накладу, і за выручаныя грошы надрукавалі новую кнігу. То бок, ёсць выдавецкія праекты, якія ўсе бар’еры абмінаюць: там могуць з’яўляцца як цікавыя рэчы, так і зусім нечытэльныя.

Дзіцячая літаратура – вельмі балючае месца

— Калі сям’я ўжо разумее, што дзеці будуць расці ў Польшчы, Германіі ці Літве, яна ўсё часцей купляе ім кнігі на мясцовай мове. Ці не стане менавіта дзіцячае чытанне галоўным выклікам для беларускай кнігі ў найбліжэйшыя гады?

— Дзіцячая літаратура ўсю дарогу балючае месца, таму што гэта вельмі дарагая кніга: яна значна бліжэй да арту, і яе папросту дорага выдаваць. А зніжэнне інвестыцый азначае імгненнае падзенне якасці: знішаеш выдаткі на паперу, на мастакоў, зніжаеш выдаткі на графічную рэдактуру – і па кнізе гэта адразу бачна. Гэта вельмі балючая тэма, для дзяцей патрэбная беларускамоўная літаратура. І яе патрэбна даволі многа, бо малыя чытаюць вельмі хутка, могуць адольваць некалькі кніг за дзень. Адпаведна, трэба мінімум 10—15 кніг на месяц. І гэтак, прыступачкамі, ад кніжкі—кардонкі, якую дзіця гартае ў 2—3 гады, да кніг для 15—гадовых падлеткаў – выбудоўваць цэлы вялізны кніжны пласт. У Швецыі, напрыклад, даўно працуе дзяржаўная праграма культуры дзіцячага чытання: на кожны ўзрост ёсць процьма кніг. Там прапісана і падтрымка мастакоў, аўтараў, выдавецтваў – напрыклад, выдаюцца грошы за кожны раз, калі нехта ўзяў кніжку ў бібліятэцы, і гэта вельмі дапамагае.

У Літве таксама вялікія конкурсы ў дзіцячай літаратуры. Калі аўтар выйграе конкурс, ягоную кнігу выдаюць накладам, скажам, 50 тысяч экзэмпляраў, дзяржава выдае аўтару нармальны ганарар за кожны выступ у школе, а выступаў можа быць некалькі дзясяткаў на год  – за кошт гэтага можна жыць. Гэта нармальная еўрапейская практыка – выдаваць вялікія фінансавыя патокі на дзіцячае чытанне.

З беларускай крызіснай і партызанскай сітуацыяй, дзе кожная выдадзеная кніжка – прарыў, гэта зусім непараўнальная сітуацыя. Таму абсалютна натуральна, што дзецям будуць купляць кніжкі на мовах краінаў, дзе сем’і жывуць. Але калі бацькі ідэнтыфікуюць сябе беларусамі, то мо найлепей было б, каб яны найперш размаўлялі з дзіцём па—беларуску, па—другое, прынамсі разбаўлялі чытанне кнігамі на беларускай мове.

Пры нашай крызіснай сітуацыі гэта натуральны шлях. А кніжкі, хоць і няшмат іх будзе, павінны быць якаснай літаратурай, на якой бы не эканомілі. Файнай, з добрай паперай і крутымі ілюстрацыямі.

— Як сёння вярнуць выпадковага чытача — таго, хто выбірае кнігу не з пачуцця нацыянальнага абавязку, а проста таму, што яна цікавая?

— Думаю, калі чалавеку важная Беларусь, то ён будзе, хоць час ад часу, звяртацца да беларускіх тэкстаў. Як звяртаюцца да беларускіх спектакляў, беларускага YouTube, падтрымліваючы сваіх суайчыннікаў. А хто будзе плысці па інэрцыі альбо бясконца ўсё пляжыць ці патрабаваць Даўлаталстаеўскага, таго ўжо хіба магіла выправіць.

Трыўмфальнага шэсця беларускай літаратуры па Еўропе чакаць не варта

— Што павінна адбыцца, каб праз дзесяць гадоў пра беларускую літаратуру зноў загаварылі як пра адну з самых цікавых літаратур Усходняй Еўропы?

— Я не ведаю, я б гэтага проста не чакаў. Зусім. Як песіміст, я думаю, такога не адбудзецца. Але цалкам верагодны добры поступ некаторых харошых кніжак у еўрапейскіх краінах. І не толькі кніг, але і розных культурніцкіх праектаў – ад тэатра да кіно. Зрэшты, так і адбываецца, але не ў такіх маштабах, як магло, каб сітуацыя была здаровай. На жаль, чакаць нейкага чароўнага выбуху цікавасці да беларускай літаратуры (напрыклад, што Францыя перакладзе 20 тамоў нашых аўтараў, ці ў Лондане з’явяцца беларускія кнігарні, або New York Times будзе аналізаваць нашыя творы) я б не стаў. Вялікія краіны, якія трымаюць сусветны кніжны рынак, больш за ўсё зацікаўленыя сабой, сваёй літаратурай. А замежная літаратура складае зусім невялікі адсотак: чым большая краіна, тым меншы адсотак. Часам могуць з’ўляцца кнігі, якія трапляюць у нерв часу: тая ж Алексіевіч злавіла нерв разбурэння савецкай сістэмы, і ў сваім цыкле шматгранна, з розных бакоў, паказала развал вялікага канструкту. Менавіта гэтая акалічнасць выклікала цікавасць у многіх рэгіёнах свету; нехта адгукаўся на ваенныя падзеі, хтосьці на феміністычныя матывы, нехта – на радыяцыю.

Аповесць «Куды ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец, якая выйшла ўжо ў 10 краінах, закранае шмат тэм, зразумелых сярэднееўрапейскаму чытачу: вайна, лёс жанчыны, Халакост. Напэўна, калі нехта захоча рабіць фарматны цыкл беларускіх раманаў для еўрапейскай аўдыторыі, я б параіў спачатку вывучыць, што менавіта ў абранай вамі для заваёву краіне людзі наогул прывыклі чытаць, што там цэніцца. Іначай ваша геніяльная ідэя рызыкуе для замежнага выдаўца ці выдавецкага эксперта падацца нейкім абсурдам.

Пытанне Беларусі будзе не на першым месцы – гэта 100 працэнтаў. Пытанне Беларусі наогул вельмі мала каго хвалюе ў свеце. Патрэбны больш універсальныя рэчы, якія, зрэшты, рызыкуюць быць вельмі банальнымі. Вось пытанне Расіі хвалюе значна больш чапляе. Таму і кнігі Сашы Філіпенкі такія папулярныя, бо ён доўгі час адказваў на чытацкую цікавасць да Расіі. А перад тым гадамі працаваў выключна для рускага чытача.

— Якой кнігі сёння найбольш не хапае беларусам? Якая кніга яшчэ не напісаная, але ўжо стала грамадскім чаканнем?

— Я б даў сваю праекцыю – добры цыкл дзіцячых кніжак, класна аформленых. Дзясятак дзіцячых кніжачак – з класнай гісторыяй, выдатна намаляваных. І я лічу, што грамадства адгукнулася б на гэта, бо ўсе любяць сваіх дзяцей; калі б з’явіўся хіт па—беларуску – гэта было б выдатна.

— Але ці маем мы для гэтага высокакласных дзіцячых пісьменнікаў?

— Я думаю, што маем. Можа, камусьці нешта замінае на такое наважыцца. У нашай сітуацыі пісьменнікі наогул даволі часта кажуць, што гэта бессэнсоўны занятак, яны не вераць, што гэта камусьці патрэбна. Сябрам, знаёмым, блізкім і родным даводзіцца ўгаворваць іх, каб яны дапісалі кнігу і выдалі. Людзі не вераць у сябе, займаюцца вялікім самаедствам. Зрэшты, гэта таксама неблагая тэма для сюжэту.

Recent Posts

«До школы пять минут, а идти полчаса». Как молодые семьи в Радошковичах оказались в пешеходной ловушке

После закрытия привычного прохода к школе людям приходится выбирать между грязной лесной тропой и опасной…

05.09.2026

Сховішча ядзерных адходаў можа даць уцечку ўжо праз 100 гадоў. Эксперты папярэджваюць пра рызыкі і праблемы праекта

Праект сховішча радыеактыўных адходаў у Беларусі крытыкуюць эксперты: у дакументах не хапае важных тэхнічных звестак…

05.09.2026

«Потерпите! После праздника все будет сделано». Перед «Дожинками» в Жемчужном подвал залило фекалиями

Пока агрогородок готовят к областному празднику, жители дома на Парковой несколько дней добивались устранения засора…

04.09.2026

«Ігнараванне выходзіць ужо на новы ўзровень». На вуліцы Тутарынава ў Слуцку па-ранейшаму няма асвятлення

Жыхары Слуцка зноў паскардзіліся на цемру на вуліцы Тутарынава. Паводле іх словаў, праблему з асвятленнем…

04.09.2026

У Мядзелі пустуе ўчастак з залатарнікам: насенне інвазійнай расліны ляціць на суседскія тэрыторыі

У Мядзелі пасля смерці ўладальніка зарослы залатарнікам участак прыйшоў у заняпад. Жыхарка кажа, што насенне…

04.09.2026

«Время стоянки ребята определяют «на глаз»». Брестчанка пожаловалась на странную работу платных парковок в центре

По ее словам, один из работников объяснил, что один обход парковки занимает примерно 15 минут.…

04.09.2026