Categories: Экология

Сховішча ядзерных адходаў можа даць уцечку ўжо праз 100 гадоў. Эксперты папярэджваюць пра рызыкі і праблемы праекта

Праект сховішча радыеактыўных адходаў у Беларусі крытыкуюць эксперты: у дакументах не хапае важных тэхнічных звестак і аналізу альтэрнатываў.

Share

У Беларусі плануе пабудаваць пункт захавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў. Яго хочуць выкарыстоўваць у тым ліку для адходаў, якія ўтвараюцца на БелАЭС. Аднак незалежныя эксперты лічаць, што прадстаўлены праект патрабуе сур’ёзнай дапрацоўкі.

Чытайце таксама: «Няма тэхналогіі, якая на 100% ізалюе адходы»: што стаіць за сховішчам ядзерных адходаў у Беларусі

Папярэднія вынікі незалежнага аналізу справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) прадставілі эксперты «Экадома», амерыканскай арганізацыі Solutions for Resilient Communities, міжнароднай праграмы «Бяспека радыеактыўных адходаў» і спецыяліст па радыяцыйнай бяспецы Сяргей Бесараб.

Дзе можа з’явіцца сховішча

Цяпер разглядаюцца тры магчымыя пляцоўкі:

  • Астравецкі раён — недалёка ад БелАЭС;
  • Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці;
  • раён вёскі Навасёлкі ў Гомельскай вобласці.
Архітэктурны план для сховішча ядзерных адходаў. Фото: БелРАА

Апошні варыянт знаходзіцца на тэрыторыі, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Менавіта гэта выклікае дадатковыя пытанні ў эколагаў і мясцовых жыхароў.

Афіцыйна БелРАА заяўляе, што канчатковае рашэнне па пляцоўцы і тэхналогіі пакуль не прынятае.

Планавалася, што аб’ект будзе працаваць з нізка- і сярэднеактыўнымі радыеактыўнымі адходамі. Асобная праблема — адпрацаванае ядзернае паліва. Яго плануюць адпраўляць у Расію на перапрацоўку, пасля чаго частка адходаў можа вяртацца ў Беларусь.

Што будуць рабіць з адходамі

Паводле дакументаў, сама пляцоўка будзе выкарыстоўвацца не толькі для захоўвання ядзерных адходаў. Праект прадугледжвае сартаванне, спальванне, выпарванне, цэментаванне і ўпакоўванне радыеактыўных адходаў.

Эксперт Сяргей Бесараб звяртае ўвагу, што пры гэтым у адзін праект фактычна аб’ядноўваюцца тры розныя аб’екты: комплекс перапрацоўкі радыеактыўных адходаў, пункт іх часовага захоўвання і непасрэдна пункт захавання.

Праблема і ў тым, што спальванне не знішчае радыенукліды, што стварае. Яны могуць пераразмяркоўвацца паміж попелам, адходамі ачысткі і выкідамі ў атмасферу. Эксперты адзначаюць, што ў справаздачы гэтыя магчымыя ўздзеянні практычна не разгледжаныя.

Чытайце таксама: У Беларусі апублікавалі дакументы па будучым сховішчы радыеактыўных адходаў. Што стала вядома

«Уцечкі магчымыя ўжо ў першыя 100 гадоў»

Адна з галоўных прэтэнзій экспертаў датычыцца тэхналогіі, якую яны лічаць падобнай да расійскіх сістэм.

Інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі прыводзіць прыклад сховішча радыеактыўных адходаў у Абнінску. Паводле афіцыйных даных, праз 38 гадоў пасля кансервацыі там выявілі ўцечкі, а грунт быў забруджаны на глыбіню да васьмі метраў.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: https://www.gettyimages.de/fotos/chernobyl-exclusion-zone

Паводле яго слоў, падобныя модульныя сістэмы выкарыстоўваюцца таксама ў расійскіх праектах на камбінаце «Маяк» і Сібірскім хімічным камбінаце. У адпаведных расійскіх АУНА (ацэнках уздзеяння на навакольнае асяроддзе) разглядаецца магчымасць таго, што пры неспрыяльным развіцці падзей ахоўныя бар’еры могуць перастаць утрымліваць небяспечныя рэчывы ўжо ў першыя 100 гадоў.

Пры гэтым асноўныя радыенукліды, такія як цэзій-137 і стронцый-90, павінны быць надзейна ізаляваныя значна даўжэй — эксперты гавораць як мінімум пра 300 гадоў.

У дакументах бракуе важных дэталяў

Эксперты звяртаюць увагу і на тое, што ў беларускай АУНА няма шэрагу звестак, неабходных для паўнавартаснай ацэнкі рызык.

У прыватнасці, не апісаныя канкрэтныя тэхналогіі абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам і прадуктамі яго перапрацоўкі, інжынерныя характарыстыкі кантэйнераў і ахоўных бар’ераў, а таксама асобныя дадзеныя пра выкіды і скіды.

Асобна ўзнікаюць пытанні да вадародных працэсаў у цэментаваных адходах. Паводле экспертаў, пры пэўных умовах назапашванне газу можа прывесці да пашырэння і пашкоджання цэментнай матрыцы і самога кантэйнера.

Чытайце таксама: Хто будзе адказваць за ядзерныя адходы? У Беларусі схавалі структуру «БелРАА» на фоне спрэчак вакол будучага сховішча

Чаму не разгледзелі іншыя варыянты

Яшчэ адна прэтэнзія, якая ўзнікла ў экспертаў — фармальны аналіз альтэрнатыў.

У свеце выкарыстоўваюцца розныя падыходы да абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. Адзін з іх — працяглае наземнае кантраляванае захоўванне ў сухіх кантэйнерах. У такім выпадку стан адходаў і кантэйнераў можна кантраляваць, а пры неабходнасці самі кантэйнеры — пераўпакоўваць.

У беларускай АУНА гэты варыянт згадваецца, але, паводле экспертаў, паўнавартаснага параўнання з прапанаваным рашэннем няма. Не разглядаецца належным чынам і так званая «нулявая альтэрнатыва» — адмова ад рэалізацыі праекта.

«Мы не гаворым, што трэба абавязкова выбраць адзін з гэтых варыянтаў. Мы гаворым: разгледзьце іх і параўнайце з тым, што прапануеце вы», — адзначаюць эксперты.

Працы на Мсціслаўшчыне таксама выклікалі пытанні

Асобная гісторыя звязана з магчымай пляцоўкай у Мсціслаўскім раёне.

Раней Флагшток звярнуў увагу на будаўнічыя працы, што адбываліся на тэрыторыі, якая разглядаецца як адно з магчымых месцаў для ПЗРА. Пасля гэтага БелРАА заявіла, што гэта былі даследаванні тэрыторыі, завершаныя яшчэ ў маі 2026 года, і што працы ў рамках праекта ПЗРА там не вядуцца.

Аднак аналіз спадарожнікавых здымкаў, які правёў «Флагшток», паказаў сляды работ і пасля названага БелРАА тэрміну. На здымках работы заўважылі яшчэ ў канцы жніўня.

Прапанаваная да будаўніцтва ПЗРА пляцоўка ў Мсціслаўскім раёне. Ружовым колерам пазначана тэрыторыя, дзе была высечана расліннасць і быў зменены рэльеф у 2025-2026 гадах. Крыніца: «Флагшток»

Дзяржаўныя структуры сцвярджаюць, што гаворка ідзе пра меліярацыйныя работы. Аднак аргументаванага тлумачэння, чаму яны праводзіліся менавіта ў раёне адной з магчымых пляцовак, пакуль няма.

Грамадскія абмеркаванні праекта праходзілі па ўсіх трох пляцоўках, якія разглядаліся для размяшчэння сховішча. Жыхары маглі выказаць свае заўвагі і задаць пытанні наконт магчымых наступстваў будаўніцтва. Аднак застаецца пытанне, наколькі гэтыя заўвагі былі ўлічаныя.

Сустрэча мясцовых жыхароў ў Хойніцкім райвыканкаме. Фота: БелРАА

З дакументаў пры гэтым не заўсёды зразумела, якія менавіта заўвагі былі прынятыя, а якія адхіленыя і па якіх прычынах.

Паводле цяперашніх планаў, пункт захоўвання і захавання радыеактыўных адходаў у Беларусі хочуць стварыць да 2030–2031 гадоў. Але яшчэ да выбару канкрэтнага месца і пачатку будаўніцтва эксперты патрабуюць больш поўнага абгрунтавання тэхналогіі, рызык і магчымых альтэрнатыў.

Чытайце таксама: Чыноўнік прызнаў, што жыхары зоны адчужэння не хочуць «ядзерны магільнік»

Recent Posts

Беларусь вырабляе мільёны тон малака, але закупляе расійскае. Што яшчэ імпартуе краіна з Расеі?

Беларусь закупіла расійскага фасаванага малака і вяршкоў больш чым на 2,5 млн долараў. Раней краіна…

20.10.2026

«Очень жаль»: в Новополоцке не удалось спасти мозаику на здании бывшей школы №5

Энтузиасты пытались сохранить хотя бы часть мозаики на здании бывшей школы №5 в Новополоцке, но…

20.10.2026

«Да Магілёва 20 хвілін, а да Дрыбіна — больш за гадзіну». Жыхары вёсак выступілі супраць змены межаў раёнаў

Пенсіянеры з Магілёўскага раёна звярнуліся да Лукашэнкі. Яны не хочуць, каб іх вёскі далучалі да…

20.10.2026

«Как так убиться могла стиральная машина за полгода?» Пинчане показали фото ржавой техники и требуют компенсаций

Жители продолжают страдать от грязной воды с запахом болота, публикуя снимки коричневых ванн с плавающими…

20.10.2026

Светящаяся «зебра» в Молодечно: безопасность или лишние траты? Что думают горожане

В Молодечно появился еще один проекционный пешеходный переход. Новая подсветка вызвала споры: одни считают ее…

20.10.2026

Студэнтаў магілёўскага ўніверсітэта другі месяц запар адпраўляюць збіраць ураджай. Іншыя ВНУ горада гэтага не робяць

Студэнты ўжо другі месяц дапамагаюць падшэфнаму прадпрыемству збіраць гародніну. Кіраўніцтва ВНУ называе гэта ўнёскам у…

20.10.2026