Ева Вежнавец

Пісьменніца Ева Вежнавец: Наша задача – здабыць праўду з-пад зямлі

13.04.2024 05:11

У аповесці “Па што ідзеш, воўча?” шмат цёмнага, цяжкага, жорсткага. Балюча-драматычнай была і споведзь аўтаркі, Евы Вежнавец, на нядаўняй берлінскай сустрэчы з чытачамі.
Читайте BGmedia в:

Размова без мінімальных прыкмет ружовасці, развагі пра глыбіні чорнага ў трагічнай рэальнасці тым не меньш падарыла прысутным надзею. Бо зарадзіла матывацыяй праўды.

Фото: facebook.com/svieta.kurs

Праўду не так лёгка і схаваць!

Сваю кнігу я выдала толькі дзякуючы Святлане Алексіевіч, запачаткаванай ёй жаночай ініцыятыве «Пфляўбаўм».

Аднак у адрозненне ад спадарыні Святланы я ніколі не мела адвагі глядзець іншаму чалавеку ў вочы і слухаць ягоную гісторыю. Таму бальшыня крыніц кнігі паходзіць з дзяцінства, калі слухала старых землякоў з нашай вельмі дзікай беларускай вёскі, гэта былі людзі, народжаныя ў ХІХ стагоддзі. Яны перажылі дзве сусветныя вайны, раскулачванне, Савецкі Саюз – мелі за плячыма абсалютна безнадзейнае жыццё.

Многае спасцігла і падчас студэнцкай педагагічнай практыкі ў глыбінцы. Ну і ўплыў маці, Ларысы, якая заўсёды цікавілася беларускай літаратурай, творчасцю, шмат чаго ведала з розных крыніц і выдатна ўсё памятала.

Потым з цікавосці палезла ў архівы, гартала раёнкі 1920-40-х гадоў, пратаколы габрэйскіх пагромаў і знайшла процьму страшных гісторый. Аказалася, праўду не так лёгка і схаваць! Бо яна і паміж радкоў чытаецца.

У мяне ёсць любімая формула: зямлёй пакрытае і забытае…

Але насамрэч схаваць злачынства практычна не-маг-чы-ма! Мне ўвесь час трапляе тое, што пацвярджае Біблію. Як Гасподзь пытаецца: «Каін, а дзе брат твой Авель?» Гэты дурань у адказ: «Не ведаю, Госпадзі»…

Вельмі наіўная хлусня, таму што страшнае, злое, паўтару, не схаваеш.

Праўду не так лёгка і схаваць!
Ева Вежнавец: Праўду не так лёгка і схаваць! Фота: BGmedia

Чытаць таксама: Дарадца Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр пра беларусізацыю ў дэмакратычнай Беларусі: «Дзяржаве трэба пачынаць з сябе»

Пакуль мае дагаралі, я выпаўзла ды патушыла сябе ў лужыне…

Хоць пасля школы апынулася ў горадзе, але так і не зрабілася гарадскім, інтэрнацыянальным чалавекам. Ёсць такая грубая прымаўка: можна вывезці дзяўчыну з вёскі, але ніколі не выведзеш вёску з дзяўчыны… Мне цяжка, марудна даецца засваенне еўрапейскіх сталіц, нават Мінск стаў сваім толькі праз два гады.

Цяпер усе ахоўваюць дзяцей ад адмоўных уражанняў, не дазваляюць нават нажом карыстацца. А ў маім дзяцінстве мне вельмі спакойна апавядалі: «Ведаеш, Света, мела я трох братоў і сясцёр, але потым прыйшлі немцы ці ўкраінцы ды з нечага папалілі вёску… Пакуль мае квола так дагаралі, я выпаўзла, патушыла сябе ў лужыне…»

Пачутая, уведаная такім чынам беларуская гісторыя адгукаецца зараз тым, што я больш баюся за іншых, чым за сябе.

Але з другога боку радая паездкам, пазнаванню свету праз свой страх і сваё вясковае паходжанне, нараджэнне. Мне падабаецца разумець кожнага чалавека, глядзець на яго. Але назаўсёды застануся нясмелай…

Пакуль мае дагаралі, я выпаўзла ды патушыла сябе ў лужыне...
Ева Вежнавец: Пакуль мае дагаралі, я выпаўзла ды патушыла сябе ў лужыне. Фота: BGmedia

Чытаць таксама: Алесь Бяляцкі: Беларуская мова ад простых вясковых людзей значна багацейшая за нежывыя канструкцыі рускай мовы

Гэта сістэма дэпрывацыі пачуццяў – каб ты ўвогуле чалавекам быць перастаў

У сваёй кнізе я згадваю так званую карту смерці: яна можа вывесці да праўды быцця чалавека. Якога не так лёгка падмануць, які можа адрозніваць дабро і зло, фальсіфікацыю, хлусню… І чалавека супрацьлеглага. На прыкладзе якога бачна, што знішчэнне памяці, маніпуляцыі з ёй насамрэч азначаюць вельмі лёгкае прывіццё прапаганды, чужых фальшывых вераванняў. З такім чалавекам можна зрабіць усё, што заўгодна.

Мы часамі ратуемся ўцёкамі ад траўмы згадак цяжкай, трагічнай рэальнасці, што таксама зразумела, але гэта няправільна. І таму вельмі здаволеная: асабіста я ўсё драматычнае, цяжка эмацыйнае добра памятаю. Хаця з гэтага бывае вельмі-вельмі кепска.

Цяпер займаюся біяграфіямі польскіх афіцэраў расстраляных падчас Катыньскай трагедыі. Калі чытаю іхныя лісты з лагераў смерці, міжволі параўноўваю іх з лістамі цяперашніх палітзняволеных беларусак і бачу абсалютнае падабенства.

Гэта адна і тая сістэма знішчэння ўсякай чалавечнасці, знішчэння перспектывы, дэпрывацыі пачуццяў у чалавеку – да такой ступені, каб ён увогуле чалавекам быць перастаў.

Вось Паліна Шарэнда-Панасюк, яна тры гады прасядзела ў чорнай смярдзючай нары. Якой увесь час дадавалі тэрмін за тэрмінам, тэрмін за тэрмінам… Яе білі, марылі голадам – тры гады. І ўрэшце рэшта зламалі. А мяне, думаю, яны б такім чынам зламалі на трэці дзень…

Яна павінна выйсці сёлета ў траўні, таму з’явіўся прапагандысцкі фільм з «пакаяннем». Гэта, нібыта, павінна нас ад Паліны адкідваць, бо бачым, што зрабілі з квітнеючай учора маці, любячай жонкай-прыгажуняй: апухлыя вочы і твар, як на смех, ёй распусцілі валасы, каб гэта ўсё прыкрыць…

Дык скажу: вы, канечне, з Палінай можаце зрабіць усё, што заўгодна, але мы ніколі не абернемся супраць яе ды іншых нашых палітвязняў. Мы ведаем, што вы з імі робіце! Бо ў нас ёсць памяць і розум.

У вас іншая мараль, чым у нас. Вы думаеце, напрыклад, што калі анальна згвалціце мужчыну, то ён перастане быць чалавекам. Дык гэта для вас так, а для нас – не.

Тут вялікая розніца.

Мы думаем, прыніжае сябе і пазбаўляецца чалавечнасці менавіта кат, а вы лічыце расчалавечанай ахвяру…

Бездань у разуменні выніку.

Гэта сістэма дэпрывацыі пачуццяў – каб ты ўвогуле чалавекам быць перастаў
Ева Вежнавец: Гэта сістэма дэпрывацыі пачуццяў – каб ты ўвогуле чалавекам быць перастаў Фота: BGmedia

«Русский мир» робіць з кожнага «свайго» чалавека дэнацыяналізаванага, дэчалавечнага

Як сказаў Максім Багдановіч, мы найбольш стары і найбольш малазменны народ Еўропы. Мы проста аўтахтоны з малазменнымі каштоўнасцямі.

І тут чую рэплікі знаёмцаў: а хто тады ламаў косткі ў нашых трупаў?

Адказваю: гэта ў нашых турмах рабілася дый робіцца, каб выбудаваць, умацаваць вось цяперашнюю гіблую сістэму…

Але робяць тое не столькі рускія, не столькі ўкраінцы ці беларусы, не столькі людзі іншых нейкіх нацыянальнасцей… Гэта справа рук тых, якія пранікліся ідэяй «русского мира».

А ён кожнага «свайго» ператварае ў чалавека дэнацыяналізаванага, дэчалавечнага – пазбаўленага чалавечнасці прыхільніка ідэі звычайнага фашызму.

«Русский мир» робіць з кожнага «свайго» чалавека дэнацыяналізаванага, дэчалавечнага
Ева Вежнавец: «Русский мир» робіць з кожнага «свайго» чалавека дэнацыяналізаванага, дэчалавечнага Фота: BGmedia

Чытаць таксама: Блогер Daroha: «Не хочацца пазітыву, які будзе падавацца людзям у Беларусі неадэкватным»

Здаецца, мы жывем цяпер у адназначнай маральнай сітуацыі

І гісторыя чалавечага роду, і гісторыя асобнага народу, і гісторыя майго ўласнага народу, і гісторыя кожнага чалавека – гэта фіксацыя бясконцага змянення: так, каб цябе свет не злавіў. Як сказаў філосаф Рыгор Скаварада, «свет лавіў мяне, але не злавіў»…

З дзяцінства я чытаю Біблію. І думала: ну што за лухта такая – не збірай скарбы на зямлі, а збірай скарбы ў небе… Ладна: у небе – калі памру. Але я жыву зараз тут, на зямлі! І мне тут патрэбна кватэра, дача, грошы…

Усё гэта адабралі зараз у маіх сяброў-аднадумцаў губазікаўцы. І шмат чаго – нават дзіцячыя забаўкі – паламалі, нават старыя фота бацькоў панішчылі. У аднаго калегі спляжылі дзве кватэры… Але мы з ім будзем ладзіць спатканне ў Варшаве, і сказалі сабе, што збіраем не на зямлі, а ў небе… І тое, што ўжо сабралі ў сабе, яно якраз дапаможа выжыць.

А нашымі хатамі тыя няхай захлынуцца. Няхай там пажывуць. Няхай потым Госпаду скажуць, што не мелі яны, бедакі, іншага выйсця, як уварвацца ў чужое гняздо і пабіць там дзіцячыя забаўкі, ёлачныя цацкі, знішчыць гісторыі чужых сям’яў і родаў, бо выйсця іншага ім не было, ці бачыце…

Але Ён – бачыць. І мы – ведаем праўду.

Мне здаецца, мы жывем цяпер у адназначнай маральнай сітуацыі.

Здаецца, мы жывем цяпер у адназначнай маральнай сітуацыі
Ева Вежнавец: Здаецца, мы жывем цяпер у адназначнай маральнай сітуацыі. Фота: BGmedia

Чытаць таксама: Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»

Расійская імперыя ёсць чыстым небяспечным дысталяваным злом…

Калі бачу, што адбываецца ва Украіне, з’яўляецца лёгкая спакуса дакараць заходнія нацыі. Ну чаму яны не разумеюць паўнаты зла, якое зараз зжырае нас? Няўжо не бачаць, што гэта пачатак трэцяй сусветнай вайны?

Услед у галаву прыходзіць: а хто ты такая, каб ад кагосьці чагосьці вымагаць?

Жыццё занадта складанае, каб можна было лёгка выдаць які-небудзь прысуд.

Але я асабіста глыбока перакананая: расійская імперыя, у якой бы форме яна ні існавала апошнія семсот гадоў, ёсць чыстым небяспечным дысталяваным злом…

І з гэтай сваёй праўдай я пражыву, нават калі яе не зразумеюць усе іншыя. Але мы, беларусы, удзячныя за кожную згадку і дапамогу.

Давайце рабіць кожны як можа, а будзе як будзе.

Калі бачу, што адбываецца ва Украіне, з’яўляецца лёгкая спакуса дакараць заходнія нацыі. Ну чаму яны не разумеюць паўнаты зла, якое зараз зжырае нас? Няўжо не бачаць, што гэта пачатак трэцяй сусветнай вайны?
Ева Вежнавец: Калі бачу, што адбываецца ва Украіне, з’яўляецца лёгкая спакуса дакараць заходнія нацыі. Ну чаму яны не разумеюць паўнаты зла, якое зараз зжырае нас? Няўжо не бачаць, што гэта пачатак трэцяй сусветнай вайны? Фота: BGmedia

Чытайце таксама: Беларускі ваяр «Кусь»: «Як захаваць беларускасць?» для мяне гучыць прыблізна як «Як захаваць любоў да бацькоў?»

Не ведаю, як распаўзецца вайна, але можа сягнуць вельмі далёка і вельмі глыбока

Я ўвесь час памыляюся ў сваіх прагнозах. Часамі часткамі, часамі па сутнасці. Напрыклад, у 1996-м сказала, што хутка вылупіцца цмок беларускай рэвалюцыі. Але каб дачакацца таго, спатрэбіліся доўгія гады.

Я заўсёды пісала: не веру ў свой народ… Што беларусы занадта пакорлівыя, і ўвогуле – што з іх узяць?! Але яны мне нарэшце паказалі сваю сілу, сваю праўду і сваё хараство. Была вельмі рада памыліцца.

Цяпер зраблю чарговы прагноз, які, спадзяюся, не збудзецца: нас чакаюць вельмі цяжкія часы, бо мы знаходзімся ў працэсе памірання самай старой сучаснай імперыі. Якая страціла ўсялякія чалавечыя крытэры.

Увесь час думаю: дзе ж яе мяжа? А мяжы няма! Не ведаю, наколькі распаўзецца вайна, але можа сягнуць вельмі далёка і вельмі глыбока. І мы з кожным днём будзем усё больш і больш страчваць веру ў чалавецтва.

Увесь час думаю: дзе ж яе мяжа? А мяжы няма! Не ведаю, наколькі распаўзецца вайна, але можа сягнуць вельмі далёка і вельмі глыбока.
Ева Вежнавец: Увесь час думаю: дзе ж яе мяжа? А мяжы няма! Не ведаю, наколькі распаўзецца вайна, але можа сягнуць вельмі далёка і вельмі глыбока. Фота: BGmedia

Наш музей – не пра смерць, не пра гісторыю, а найперш – пра вечнае каханне

Па сваёй цяперашняй працы мушу чытаць сярод іншага пра эксгумацыі пахаванняў польскіх афіцэраў, у кучы скінутых… Даведалася пра так званыя «мокрыя» магілы, якія не высыхаюць па пяцьдзясят гадоў. У іх захоўваюцца павекі, носікі, валасы, твары, рэчы… Чытаю аб працы з усім гэтым «матэрыялам гісторыі» археолагаў і лекараў судовай медыцыны, калі пры канцы 1990-х іх яшчэ падпускала Расія…

Дык вось, даследчыкі ў пошуку праўды былі там па плечы ў чалавечым… Самі ведаеце – чым. Выснова зразумелая: твая праца, Света, у параўнанні з гэтай – легкатня.

Чытаю лісты афіцэраў, якім далі пажыць паўгода ў лагерах смерці і пераконваюся, што наш музей – не пра смерць, не пра гісторыю, не пра справядлівасць (хаця і пра гэта таксама). А найперш – пра вечнае каханне. Бо тыя лісты пра яго і пра вечны клопат аднаго пра другіх. Яны ботаў не мелі, на марозе стаялі чорт ведае ў чым, але пісалі дадому: «У мяне ўсё добра, золатка!»

Яны, маладыя, пажаніліся са сваімі маладымі жанчынамі за два месяцы да палону і наступнай смерці – уяўляеце, што гэта такое? Мядовы месяц, а цябе за шкірманты і гоняць на безнадзейны фронт, дзе з аднаго боку фашызм, з другога бальшавізм… А твая краіна страчвае незалежнасць, якую з цяжкасцю набыла праз 123 гады…

Дык вось, у параўнанні з іхнымі праблемамі мае цяперашнія не маюць ніякага значэння.

Яшчэ адна рэч.

Дзякуючы працы ў Катыньскім музеі я ведаю, што адбылося ў Беларусі і на якой шкале. У нас, як вядома, энкавэдысцкія архівы цяпер недаступныя. Але калі бачу, якія архівы адкрылі палякі, то магу сказаць: гэта былі не толькі класавыя, але і этнічныя чысткі…

Чую пра дваццаць мільёнаў ахвяраў у вайну, аднак вывучанае прымушае думаць пра 80-100 мільёнаў забітых бальшавіцкім рэжымам.

І наша задача – здабыць тую праўду з-пад зямлі.

Кніга «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец трапіла ў топ найлепшых твораў году па версіі чэшскага партала Iliteratura.cz
Кніга «Па што ідзеш, воўча» Евы Вежнавец трапіла ў топ найлепшых твораў году па версіі чэшскага партала Iliteratura.cz. Фота: Фота: facebook.com/pflaumbaum.publishing

Чытайце таксама: Кацярына Ваданосава: «Мы жылі ў вельмі камфортным, спакойным свеце — і думалі, што так яно і будзе далей»

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: