Што аб'ядноўвае музыку, філосафа і дызайнера? Любоў да літаратуры, у якой ёсць месца эксперыментам. І адно незвычайнае выдавецтва.
Кніга Валянціна Акудовіча «Мяне няма», якая дала назву выдавецтву. Фота: Аляксандр Драгавоз.
Што, калі пачаць чытаць кнігу яшчэ да таго, як аўтар паставіць у ёй апошнюю кропку? Выдавецтва «Мяне Няма» прапанавала такі эксперымент музыку Сяргею Пуксту. Але незвычайны спосаб выдаваць літаратуру — толькі адна з асаблівасцяў гэтай каманды. Тут прыдумляюць вокладкі з асабістымі гісторыямі, мяняюць шрыфты дзеля чытачоў і шукаюць аўтараў, якіх цяжка ўпісаць у звыклыя рамкі.
Кнігу Сяргея Пукста ўжо можна чытаць, хоць ён усё яшчэ яе піша. Новыя часткі «Пукст Фікшн. Reality Book» выходзяць на Patreon, а калі гісторыя будзе завершана, выдавецтва «Мяне Няма» плануе выпусціць яе на паперы.
Для Пукста гэта не проста праца над новай кнігай. Ён піша аўтафікшн — успамінае ўласнае жыццё, дадае мастацкі вымысел і часам сам здзіўляецца таму, што атрымліваецца.
Музыка, які прызнаваўся, што з дзяцінства дрэнна пераносіць музыку. Кампазітар, які паспрабаваў сябе ў построку, панк-джазе, індзі-року, шансоне і нават рэпе. Гэта ўсё Сяргей Пукст — адзін з самых незвычайных прадстаўнікоў беларускага музычнага андэграўнду.
У яго творчай біяграфіі — альбом, прызнаны найлепшым у Беларусі па выніках 2013 года, канцэрт, прысвечаны філосафу Мішэлю Фуко, і некалькі музычных праектаў, якія цяжка ўявіць у выкананні аднаго чалавека.
Цяпер да гэтага спісу дадаецца літаратура. Прычым Пукст і тут не шукае простых шляхоў: піша кнігу, якую чытачы атрымліваюць раней, чым яна будзе скончана.
Ужо апублікаваныя часткі пераносяць чытача ў Менск дзевяностых: клуб «Рэзервацыя», ліцэй пры кансерваторыі, канцэрты, паркі, брэжнеўскія дамы. Але калі Пукст пачаў запісваць старыя гісторыі, высветлілася, што на паперы яны гучаць зусім не так, як калісьці ў кампаніі.
«Тое, што здавалася вар’яцка смешным у п’янай кампаніі, не выглядала эфектна на паперы. Чытаю – не смешна! І тут пачынаюць граць тыя моманты, якія прыгадваў мімаходзь. Тут, як прышчы, пачалі вылазіць іншыя жыццёвыя няёмкасці, часам бруд, ну там жа было дзе паваляцца», — расказвае музыка.
А яшчэ аказалася, што ў тым жыцці было значна больш цікавага, чым захавалася ў памяці.
«Здзівіла тое, колькі ўсё ж пад лёдам беларускай рэальнасці аказалася жыцця. Пад гэтым лёдам часам я проста задыхаўся ад смеху».
Саму ідэю выдаваць кнігу часткамі прыдумалі ў «Мяне Няма». Культуролаг Максім Жбанкоў, які прадстаўляе каманду, даўно сябруе з Пукстам і цэніць яго і як музыку, і як аўтара.
Таму, калі ў выдавецтве вырашылі паспрабаваць новы фармат, выбар быў натуральным.
«Мы тут нічога не адкрываем – проста крэатыўная асоба агучвае нешта для сябе істотнае на нашай пляцоўцы», — тлумачыць Жбанкоў.
«Серыяльнае мысленне сёння руліць поп-культурай», — кажа Максім Жбанкоў.
Мы прывыклі чакаць новых эпізодаў любімых серыялаў. Дык чаму б не паспрабаваць нешта падобнае з літаратурай?
Толькі ў «Пукст Фікшн» ёсць асаблівасць: калі выходзіць чарговая частка, наступная яшчэ можа быць не напісаная.
Чытачы атрымліваюць новыя эпізоды, могуць пакідаць каментары і абмяркоўваць прачытанае. Аўтар тым часам працягвае працаваць над кнігай. У такім фармаце змяняецца сама дыстанцыя паміж пісьменнікам і чытачом. Замест гатовага твора, над якім аўтар працаваў месяцы ці гады, чалавек атрымлівае магчымасць назіраць за гісторыяй, якая яшчэ толькі складваецца.
Для самога Пукста гэта таксама незвычайны досвед. Успаміны пра мінулае пішуцца сёння, а значыць, увесь час сутыкаюцца з цяперашняй рэальнасцю.
«З’яўляецца адчуванне, што ты падкідваеш дроўцаў у то тлеючы, то палаючы агонь падзей, якія адбываюцца паралельна. Ты проста скурай адчуваеш, як тваё мінулае ўзаемадзейнічае з сённяшнім днём», — тлумачыць ён.
Не ўсе гэтыя сустрэчы прыемныя. Часам рэальнасць пазбаўляе стары жарт сэнсу, а часам, наадварот, нечакана яго ўзмацняе.
«Пераважна заўважаеш страты: як рэальнасць зжырае пярліны твайго тэксту, самыя ўдалыя жарты тлеюць у яе страўніку. Але адчуваеш жарты і падзеі ў тэксце, якія іранічна і звонка рэзануюць з рэальнасцю», — кажа Пукст.
А для чытача гэта яшчэ і магчымасць выбіраць уласны тэмп. Не абавязкова адразу брацца за тоўсты том, на які пасля працоўнага дня часта не застаецца ні часу, ні сіл. Можна прачытаць адзін эпізод, абдумаць яго і пачакаць наступнага.
Усе апублікаваныя часткі сабраныя ў калекцыі «Пукст Фікшн. Reality Book» на Patreon.
Каманда яшчэ асвойвае такі фармат і ўжо думае, чым працягнуць гэты кірунак. Але адна рэч тут прынцыповая: кніга Пукста не з’явілася б сама па сабе.
«Без нас яе б проста не было», — кажа Жбанкоў.
Менавіта выдавецтва звярнулася да музыкі з прапановай. Пукст пагадзіўся, і пачалася сумесная праца. Аўтар піша, каманда займаецца рэдактурай, дызайнам, вёрсткай і прасоўваннем.
Пры гэтым ад папяровай кнігі ніхто не адмаўляецца. Жбанкоў падкрэслівае, што друкаванае выданне было мэтай з самага пачатку.
Атрымліваецца цікавае спалучэнне: спачатку літаратурны серыял, за якім можна сачыць у працэсе, а пасля — кніга, дзе ўся гісторыя будзе сабраная разам.
І такі падыход многае гаворыць пра само выдавецтва.
«Бэнд склаўся як мае быць – з агульных прыхільнасцяў, прыватных талентаў і асабістых амбіцый», — расказвае Максім Жбанкоў пра «Мяне Няма».
Гэтае параўнанне невыпадковае. У каманды ёсць агульныя інтарэсы і ўяўленні пра літаратуру, але кожны новы аўтар прыносіць нешта сваё. І часам істотна мяняе гучанне ўсяго выдавецтва.
Калі «Мяне Няма» толькі стваралася, яго заснавальнікі адчувалі, што ў беларускай культурнай прасторы, асабліва пасля хвалі эміграцыі, не хапае новых галасоў і свежых тэкстаў.
Ім хацелася знайсці аўтараў, здольных асэнсаваць «наш прыўкрасна катастрафічны досвед», як фармулюе Жбанкоў.
Зрэшты, гаворка не толькі пра эміграцыю ці падзеі апошніх гадоў. Выдавецтва выпускае сучасную прозу, паэзію і эсэістыку на беларускай і расейскай мовах. Жбанкоў асабліва вылучае тэксты з выразным аўтарскім «я» — калі за кнігай адчуваецца канкрэтны чалавек са сваім поглядам на свет.
Свой падыход у «Мяне Няма» называюць «невідавочнай беларускасцю».
Што гэта значыць?
Жбанкоў тлумачыць: беларуская культура не абмяжоўваецца звыклымі нацыянальнымі сімваламі, пазнавальнымі тэмамі ці нават мовай, на якой напісаны твор.
Цікавае можа хавацца ў моўных гульнях, нечаканай стылістыцы, асабістых пытаннях, пра якія не прынята гаварыць уголас.
Таму ў каталогу «Мяне Няма» суседнічаюць вельмі розныя аўтары.
Напрыклад, постфікшн Таццяны Заміроўскай, мінімалістычная проза Уладзіміра Казлова, дзённікі ананімнай аўтаркі пра зламаныя часы. Аб’ядноўвае іх не жанр і нават не агульная тэма. За выбарам стаіць густ людзей, якім самім цікава ўсё гэта чытаць.
І ў гэтым ёсць пэўная логіка: калі чытачу спадабалася адна кніга, ён можа зацікавіцца, каго яшчэ знайшла і выдала тая самая каманда.
У «Мяне Няма» ёсць свой падыход не толькі да выбару аўтараў, але і да афармлення кніг. Большасць выданняў маюць агульны фармат і зробленыя паводле адных прынцыпаў. Але за асобнымі вокладкамі хаваюцца гісторыі, якіх чытач можа і не ведаць.
Пра некаторыя з іх расказвае дызайнер выдавецтва Ігар Юхневіч.
Напрыклад, калі рыхтавалі кнігу філосафа Валянціна Акудовіча «Мяне няма», аўтара папрасілі сфатаграфаваць уласныя далоні. Яны і з’явіліся на вокладцы.
Дарэчы, менавіта гэтая кніга дала назву самому выдавецтву.
А вось «Забыть в электричке» Сяргея Краўчанкі за тры гады перавыданняў атрымала пяць розных вокладак.
На цэнтральным здымку паступова змяняліся краявід за вакном вагона, месца пасажыра, дэфармацыя выявы. Кніга заставалася той самай, але кожнае новае выданне выглядала крыху інакш.
Часам у афармленне трапляюць і зусім асабістыя гісторыі. Працуючы над вокладкай «Юго-Запада» Уладзіміра Казлова, Юхневіч заўважыў на выяве дом, у які сам пераехаў у 2018 годзе з Варшавы. А «Юго-Запад» якраз працягвае іншы раман Казлова — «Варшава».
Але, бадай, самая незвычайная гісторыя звязаная нават не з вокладкамі.
Для афармлення выкарыстоўвалі шрыфт Wremena студыі Temporary State. Пасля выхаду першых шасці кніг каманда пачала атрымліваць заўвагі ад чытачоў: коскі ў тэксце выглядаюць «слепаватымі».
Можна было б махнуць рукой. Але ў «Мяне Няма» напісалі стваральніку шрыфту Раману Гарніцкаму.
У выніку атрымалі новую версію — з выпраўленымі коскамі. Больш за тое, у назве шрыфту з’явіліся літары MNNM. Юхневіч прызнаецца, што гэтая маленькая дэталь асабліва яго радуе.
Хоць «Мяне Няма» эксперыментуе з лічбавымі фарматамі, галоўным для выдавецтва застаецца папяровая кніга.
Тая, якую можна паставіць на паліцу, узяць з сабой у дарогу, падарыць сябру. А пасля чарговага пераезду — распакаваць са скрынкі і знайсці ёй месца ў новай кватэры.
Для людзей, якім давялося пакінуць дом, нават невялікая ўласная бібліятэка часам мае асаблівае значэнне.
Максім Жбанкоў раіць перадусім «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека» Валянціна Акудовіча — кнігу, якая дала выдавецтву імя.
Сярод яго рэкамендацый таксама «Чорны лес» Тоні Лашдэн, дзе пераасэнсоўваецца беларускі досвед пасля 2020 года, і «Забыть в электричке» Сяргея Краўчанкі — эсэ і паэтычныя мініяцюры музыкі.
У Ігара Юхневіча ёсць свае фаварыты: «Варшава» Уладзіміра Казлова і «Нашы зіхоткія целы» Алёны Глухавай.
Усе гэтыя кнігі можна выбраць і замовіць на сайце «Мяне Няма». Выдавецтва дасылае замовы па Польшчы і за яе межы.
За новымі выданнямі і навінамі выдавецтва можна сачыць у Instagram і Telegram.
На пытанне, што хацелася б пакінуць чалавеку пасля знаёмства з кнігамі «Мяне Няма», Максім Жбанкоў адказвае коратка: «Жаданне застацца ў гэтым ландшафце».
А пакуль Сяргей Пукст працягвае пісаць сваю кнігу, у яе ўжо ёсць чытачы. Яны знаёмяцца з героямі, чакаюць новых частак і яшчэ не ведаюць, чым усё скончыцца.
Кніга яшчэ не напісаная, але яе жыццё ўжо пачалося.
Новое дошкольное учреждение на 190 мест планируют открыть 4 ноября. У жителей соседних домов появились…
Власти приняли делегацию «политиков из ФРГ и Польши» перед конференцией в Минске. При этом их…
Сестра погибшего утверждает, что после падения с высоты на производстве мужчине не вызвали скорую, а…
ИП из Бреста возил клиентов в Беловежскую Пущу на Chrysler 300 без регистрации в специальном…
Женщину обвиняют в «содействии экстремистской деятельности» и «оскорблении представителя власти».
Беларуска обнаружила в привычном сахаре желтые и белые комочки и решила выяснить, что это такое.…