«Моўны інспектар» і «Моўны кантралёр» — такія найменні Ігару Случаку прысвоілі беларусы. Антыбеларускія сілы называюць «моўным тэрарыстам». Сам жа Ігар лічыць сябе «Моўным адвакатам» альбо «Францішкам Багушэвічам нашага часу»: абодва «паўстанцы», юрысты, літаратары і абодва — праваабаронцы і адвакаты роднай мовы.
«Усе вельмі кпілі паміж сабой, асабліва дзеці, калі чулі нейкія рускамоўныя гукі»
— Я нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў беларускай і расейскай мовы і літаратуры і ў маленстве жыў у вёсцы на Гомельшчыне. Не памятаю, на якой мове мы тады размаўлялі ў сям’і, бо мой тата напалову удмурд, але вызнаваў сябе беларусам. А вось мой дзядуля па маме — Уладзімір Левард Язерскі — з даўняй беларускай шляхты. Ён і задаваў мне такія пытанні, маўляў, ці разумею я, што нашая родная беларуская мова, — узгадвае Ігар Случак пачатак свайго прыходу да беларускай мовы.
— І вось тады — гадоў у шэсць-сем — я пачаў задумвацца пра мову не як пра сродак камунікацыі, а як пра асобную мову, як з’яву.
Пасля Чарнобыльскай аварыі сям’я перасялілася ў Любанскі раён пад Менскам у «поўнасцю беларускамоўнае мястэчка».
— Там усе і ўсюды размаўлялі па-беларуску — не было іншай мовы, акрамя беларускай. У школе ўсе дысцыпліны выкладаліся па-беларуску. На вуліцы, у сем’ях ніхто нават і не задумваўся, як ён размаўляе, бо гэта было абсалютна натуральна. І калі раптам хтосьці спрабаваў прамаўляць па-расейску, то ўсе вельмі кпілі паміж сабой, асабліва дзеці, калі чулі нейкія рускамоўныя гукі.
Так доўжылася да пары, пакуль юнак не пайшоў вучыцца ў Гомель.
— Я паступіў у тэхнікум пасля 9 класаў школы і таму яшчэ праходзіў школьную праграму. У мяне выкладалася тая ж хімія, фізіка, матэматыка, але ўжо па-расейску. І калі побытавую мову я ведаў, то спецыяльныя тэрміны проста не разумеў, даводзілася шмат вывучаць. Таму на першым курсе было вельмі цяжка і ўвогуле некамфортна ў расейскамоўным асяроддзі. Тое ж самае было і калі паступіў у Гомельскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт.
Чытаць таксама: Алесь Бяляцкі: Беларуская мова ад простых вясковых людзей значна багацейшая за нежывыя канструкцыі рускай мовы
«Мае былыя аднагрупнікі цяпер пракуроры і суддзі — судзяць людзей па палітычных справах»
Ігар Случак паспеў пабыць назіральнікам на мясцовых выбарах яшчэ ў 2007 годзе. Далейшыя ж рэпрэсіі супраць грамадзка-актыўных студэнтаў змусілі юнака пакінуць Беларусь і атрымліваць адукацыю юрыста ўжо ў Эстоніі.
І замест расейскамоўнай ВНУ ў Таліне студэнт абраў Тартускі універсітэт з эстонскай мовай навучання.
— Эстонія для мяне была цікавая краіна, бо эстонцы належаць да фіна-вугорскай моўнай групы. А мая бабуля — удмурдка і таксама з фіна-вугорскай моўнай групы.
У дадатак студэнт заняўся гісторыяй гораду і «беларускага следу» ў Тарту.
Тарту ў свой час быў часткай Рэчы Паспалітай. Пры Стэфане Баторыю ён атрымаў герб і сцяг — бела-чырвоны, дарэчы. А ва ўніверсітэце вучыліся шмат выхадцаў з беларускіх зямель: да прыкладу, Усевалад Ігнатоўскі, Радаслаў Астроўскі, Антон Луцквіч.
Яшчэ тады — студэнтам у эстонскім універсітэце — неабыякавы беларус распачаў змаганне за родную мову на радзіме.
— Калі вярнуўся ў Беларусь пасля 2012 году, то працягваў дамагацца большага выкарыстання беларускай мовы, бараніў правы беларускамоўных людзей. З такой «рэпутацыяй» у дзяржаўныя органы шлях для мяне быў закрыты, — узгадвае юрыст. — А вось мае былыя аднагрупнікі па юрыдычным факультэце ў Гомелі цяпер пракуроры і суддзі — судзяць людзей па палітычных справах.
Тысячы зваротаў у дзяржаўныя органы Беларусі, дзесяткі станоўчых вынікаў у справе выкарыстання беларускай мовы: у назвах, абвестках, дарожных знаках, квітках і анатацыях — такі «паслужны» спіс Ігара Случака за пятнаццаць гадоў.
«Паважаюць толькі тых, хто сам сябе паважае»
— Да прыкладу, у Слуцку некаторы час выраблялі хлеб з ганебнай для беларусаў назвай «Бульбаш». І гэта — адзінае, што на гэтым заводзе было па-беларуску, — узгадвае моманты працы моўны адвакат.
Разам з Алінай Нагорнай — таксама праваабаронцай — Ігар Случак распачаў кампанію «Стоп Бульбаш»: збіралі подпісы, складалі лісты і звароты. Спатрэбілася пяць гадоў, але гэты хлеб знялі з вытворчасці разам з назвай. А на ўпакоўках новай прадукцыі хлебазаводу з’явілася беларуская мова.
Моўны праваабаронца дамогся таксама беларускай мовы на прадуктах дзіцячага харчавання, на квітках і дарожных знаках.
— Гэта не лёгкая праца, і часам праходзяць гады, пакуль чыноўнікі «пачуюць» і адрэагуюць. Але важна даць людзям надзею, асабліва пасля 2020 году, што ўласнымі сіламі і намаганнямі можна штосьці змяніць.
А менавіта — выкараніць дыскрымінацыю беларусаў паводле моўнай прыкметы, прыклады чаго аўтар выклаў у сваёй кнізе «Дзесяць стагоддзяў дзяржаўнасці і дыскрымінацыі беларускай мовы».
Прыклады моўнай дыскрымінацыі праваабаронцы Ігар і Аліна паказалі таксама ў кнізе «Абаронім мову і абаронім вёску». А ў 2023 годзе разам з дваімі малымі сынамі мусілі пакінуць Беларусь, ратуючыся ад пераследу, і спыніліся ў Літве.
Тады чыноўнікі праз сваіх прапагандыстаў заявілі, што «уздыхнулі з палёгкай», бо выціснулі з краіны «нацыяналіста і моўнага тэрарыста».
— Яны забываюцца, што абарону роднай мовы я распачаў яшчэ ў першай эміграцыі і што цяпер мне нават прасцей гэта рабіць — няма пагрозы быць рэпрэсаваным, — смяецца актывіст.
Параўноўваючы моўную сітуацыю на радзіме і ў асяроддзі беларусаў за мяжой, спадар Случак канстатуе, што пасля 2020 году беларусы на радзіме сталі часцей выкарыстоўваць родную мову, чаго нельга сказаць пра беларусаў у выгнанні.
— У беларускіх дыяспарах найчасцей беларусы камунікуюць паміж сабой па-расейску. Гэта вельмі здзіўляе, бо навошта размаўляць на чужой мове, калі ёсць свая? Гэта вельмі-вельмі сумна, непрыемна і небяспечна, — кажа спадар Случак і тлумачыць чаму.
— Каб захавацца як народ, мы мусім не проста памятаць, што мы беларусы, і як мінімум паміж сабой размаўляць па-беларуску. Трэба дамагацца, каб у мясцовасці, дзе жывем і нас шмат, адкрываліся беларускамоўныя садкі і школы, каб неабходныя дакументы перакладаліся на беларускую мову. Паважаюць толькі тых, хто сам сябе паважае.
Чытаць таксама: Пісьменніца Ева Вежнавец: Наша задача – здабыць праўду з-пад зямлі
«Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі»
На распаўсюджанае ў антыбеларускім асяроддзі «У нас два государственных языка» Ігар Случак прыводзіць словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
— Калі Францішак Багушэвіч гэтак выказваўся пра беларускую мову, то гэта не азначала памерці ў літаральным сэнсе. Гаворка пра «памерці» як народ. Бо нацыянальная мова — гэта як набор энцыклапедычных ведаў.
Выкарыстанне нацыянальнай моўнай лексікі напаўняе чалавека самабытным і вельмі адметным зместам. Бо ў кожным слове закладзены пэўны сэнс: адно паходзіць са старажытных часоў кантактаў з немцамі, да прыкладу, іншае — з лацінскай мовы, а яшчэ адно — ад нейкай падзеі ці з’явы ў самім народзе.
Паводле праваабаронцы, калі чалавек з маленства чуе і засвойвае гэтыя словы, ён як бы «запампоўвае» ў памяць энцыклапедыю ведаў пра свой этнас. І гэтыя веды застануцца з чалавекам праз усё жыццё.
«Моўны код» кожнага народу ўплывае і на эмоцыі, і на лад мыслення, на характары людзей, на культуру, лад жыцця і ў выніку на гісторыю самога народу і ўсёй сваёй краіны.
— Не дарэмна ж італьянцы ці гішпанцы, да прыкладу, больш эмацыйныя і экспрэсіўныя, чым стрыманыя шведы ці нарвежцы. І падобныя прыклады можна шмат доўжыць.
Ігар Случак заўважае, што ніводны народ не адмовіўся ад роднай мовы, хоць многія ў Еўропе і краіны, і народы, і мовы былі ў не менш занядбаным стане, чым у Беларусі.
— Калі сказаць «навошта нам гэтая мова і навошта нам гэтая Беларусь — яна такая праблемная, “задрыпаная” і нікому не патрэбная», то варта паглядзець хоць бы на фінаў. Малая краіна і малы народ, і яны таксама былі і «задрыпаныя», і занядбаныя. Але яны «ўзялі сябе ў рукі», працавалі над сабой і зараз гэта адна з найбольш культурна развітых краінаў Еўропы.
Яшчэ адзін прыклад спадар Случак прыводзіць таксама з гісторыі малога народу малой краіны і нашых блізкіх суседзяў — эстонцаў.
— Іх таксама спрабавалі «акультурыць», і дзесьці ў 1950-х гадах навязвалі кірылічны алфавіт. Але эстонцы трымаліся свайго: мовы, традыцый, гісторыі, і калі прыйшоў час магчымасцяў, яны аднавілі сваю дзяржаўнасць дастаткова хутка і ўпэўнена, бо яна базавалася на нацыянальнай культуры.
На яшчэ адно савецка-саўгаснае клішэ «спачатку эканоміка, а пасля мова» Ігар Случак таксама раіць паглядзець на гісторыю еўрапейскіх народаў, якія і «накармілі» свой народ, бо напачатку паклапаціліся пра ягоную мову і культуру.
— Калі народ не згуртаваны і бескультурны, то ў нейкі момант эканоміку можна падняць, але гэтаксама ў нейкі момант яна і ўпадзе. Бо эканоміка ў адрыве ад культуры і правоў чалавека эфектыўна працаваць не будзе. Таталітарныя грамадствы, у адрозненне ад дэмакратычных, таму і развальваюцца, бо ў іх не знаходзіцца месца мове і культуры.
Чытаць таксама: «Я не этнічны беларус, але з беларускасцю ніколі не парываў». Моўнае пытанне Аляксандра Фрыдмана
«Беларуская мова — адзіная дзяржаўная. Кропка»
Задачай-максімум сваёй працы Ігар Случак называе аднаўленне Канстытуцыі 1994 году і вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.
У выніку даследавання праваабаронца канстатуе, што сёння ўся інфраструктура ў Беларусі «заточаная» пад расейскую мову. Каб навучаць дзіця па-беларуску, бацькі мусяць збірацца ў групы, пісаць заявы ці вазіць дзіця далёка ад дому ў беларускую школу. У рускамоўных такіх праблемаў няма.
Таксама ў крамах, банках, паліклініках — ва ўсіх дзяржаўных установах — дакументацыя на расейскай мове. Запатрабаваць беларускай мовы азначае як найменш — выклікаць супраць сябе негатыўную рэакцыю. Большасць людзей прымае гэтыя навязаныя правілы, і ў выніку пры дзвюх дзяржаўных мовах у Беларусі амаль поўнае панаванне расейшчыны.
— Страціўшы мову, беларусы страцяць і дзяржаўнасць. Бо якія нашыя аргументы на карысць дзяржаўнасці? Сцяг, герб, грошы і падобная атрыбутыка спакойна змяняюцца, і мы паспелі гэта пабачыць на ўласныя вочы. А які наш аргумент, што мы асобны народ? Без уласнай мовы — ніякі! Мы нават аднавіць сваю дзяржаўнасць не зможам, бо не будзе гэтага галоўнага аргументу.
Праваабаронца перакананы, што пераход на беларускую мову павінен праводзіцца хутка — цягам трох-шасці месяцаў.
— У той сітуацыі, якая зараз у Беларусі, нельга губляць час. Доўгія пераходныя перыяды ні да чаго добрага не прыводзяць, як паказвае прыклад Беларусі ці Украіны таксама. У нас шмат людзей, якія ведаюць беларускую мову, размаўляюць па-беларуску, чытаюць і пішуць. Перакласці на беларускую мову нейкія адміністрацыйныя паперкі будзе каму, і гэта не складзе праблемаў. Усё магчыма — было б жаданне, палітычная воля і грамадзянская адказнасць.
Паводле спадара Случака, моўнае пытанне не расколе грамадства. Бо ў побыце людзі могуць размаўляць, як пажадаюць.
— Грамадства могуць раскалоць якраз дыскусіі пра тое, колькі дзяржаўных моў павінна быць. Гэта і ёсць антыдзяржаўныя размовы, — упэўнены спадар Случак.
Паводле яго, нараджаюцца новыя людзі, якія ў сем’ях гадуюцца па-беларуску, друкуюцца кнігі, выходзяць фільмы і ствараюцца беларускія песні. Суайчыннікі размаўлялі б на роднай мове шмат часцей, калі б не ўнутрыпалітычная сітуацыя.
— Калі мы хочам, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай, калі мы хочам жыць у сваёй краіне як гаспадары, мы павінны вярнуцца толькі да беларускай мовы. Беларуская мова — адзіная дзяржаўная. Кропка.
«Францішак Багушэвіч нашага часу»
Ігар Случак, як і Францішак Багушэвіч, заклікае беларусаў «Не пакідаць мовы нашай беларускай…».
— Каб не растварыцца ў іншых народах, чаго ворагі беларускасці і дамагаюцца.
Спадар Ігар кажа, што пачуваецца «Францішкам Багушэвічам нашага часу»: як слынны продак, які ўдзельнічаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага, таксама «паўстанец» яшчэ да 2020 году, таксама юрыст, пісьменнік і адвакат.
— І сёння мая праца… Гэта, як украінцы зараз трымаюць фронт, каб не была акупаваная ўся Украіна, гэтак і я — трымаю моўны фронт. Мне важна, каб беларусы не страцілі тое, што ёсць, і паціху адваёўвалі свае пазіцыі.
На закіды «размаўляць правільна ці ніяк» Ігар Случак раіць не звяртаць увагі і пачынаць размаўляць нават з памылкамі, бо так і адбываецца навучанне.
— Лепш размаўляць па-беларуску з памылкамі, чым на добрай рускай мове чыніць зло. Так атрымліваецца, што расейская мова стала мовай агрэсіі і рэпрэсій. Ніколі не даводзілася чуць, каб людзей у Беларусі катавалі ці забівалі і пры гэтым размаўлялі па-беларуску.
Ігар Случак таксама перакананы, што беларуская мова жыве і будзе жыць.
— Беларускай мове тысяча гадоў, і калі яна не загінула ў розных вельмі неспрыяльных умовах, то не загіне і цяпер. Але і праца па яе аднаўленні таксама немалая, таму і працаваць трэба інтэнсіўна.
Зараз фармуецца беларуская нацыя і грамадзянская супольнасць у Беларусі. Калісьці Макей казаў, што рэжым знішчыць грамадзянскую супольнасць, што яна памрэ, як і беларуская мова. Але памёр Макей, а грамадзянская супольнасць, наадварот, жыве і будзе жыць. Як і беларускі народ, і сама Беларусь.
Чытаць таксама: Калыханкі, «белсатаўка» і «савушкін прадукт». Як Аліна Коўшык адстойвала ідэнтычнасць з чатырохгадовага ўзросту
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: