Categories: Культура

Як я ствараю куточак Беларусі ў чужой хаце, каб перажыць эміграцыю. Досвед журналісткі BGmedia

Напярэдадні святаў зазірнулі ў The Krama — тую самую краму, дзе прадаюцца беларускія кнігі, адзенне, сувеніры і шмат чаго іншага.

Share

Пераехаўшы за мяжу, чалавек даволі доўга можа адчуваць грызоткую самоту. І калі ўлетку ад яе адцягваюць імпрэзы і вывучэнне геаграфіі новых гарадоў, узімку нам часцей хочацца сядзець у цяпле і не цягацца па халодных вуліцах.

— Атачыце сябе рэчамі, якія будуць нагадваць пра Радзіму, чытайце кнігі на роднай мове, не губляйце сувязі з сябрамі, якія падзяляюць вашыя пачуцці, — раяць псіхолагі людзям, якім цяжка адаптавацца да жыцця ў эміграцыі.

Але ці магчыма пабудаваць свой куточак Беларусі у чужой арэндаванай кватэры, знаходзячыся так далёка ад родных мясцінаў?

— Вядома, магчыма, — упэўнена журналістка BGmedia, якая напярэдадні Калядаў завітала у варшаўскую The Krama  — тую самую беларускую краму, дзе гандлююць кнігамі на беларускай мове, а таксама рознымі рэчамі, зробленнымі рукамі нашых мастакоў ды майстроў.

Больш за 200 кніг на роднай мове

Першае, што кідаецца ў вочы, калі заходзіш сюды — некалькі вялікіх стэлажоў з кнігамі. Наперадзе — доўгія зімовыя вечары, таму хочацца чытаць нешта такое, што будзе адцягваць ад сумных навінаў ды працы.

У краме сабраныя больш за 200 кніг як сучасных беларускіх аўтараў, так і перакладаў сусветнай літаратуры. Фота: thekrama.com

Уладальніца крамы Алеся Гмір кажа, што я прыйшла па адрасу, бо тут сабраныя больш за 200 кніг як сучасных беларускіх аўтараў, так і перакладаў сусветнай літаратуры. Крама супрацоўнічае з любімымі беларусамі выдавецтвамі, кніжнымі крамамі, бібліятэкамі ды незалежнымі аўтарамі. «Янушкевіч» і «Кнігаўка», Gutenber Publisher і kamunikat.org, Słowianka і Skaryna Press, Hochroth Minsk.

Крама супрацоўнічае з беларусамі выдавецтвамі, кніжнымі крамамі, бібліятэкамі ды незалежнымі аўтарамі. Фота: thekrama.com

— Калі ў вас ёсць дзеці, абавязкова звярніце ўвагу на кнігу «Дзівосныя гісторыі на дабранач», — ветліва раіць мне Алеся. — Тут сабраныя 77 апавяданняў нямецкага пісьменніка Эрвіна Мозэра пра адважных мядзведзяў, разумных мышак ды іншых персанажаў, якія перажываюць розныя прыгоды на моры ды сушы. Яны дакладна не пакінуць вас без добрых уражанняў!

Таксама яшчэ, калі ласка, пагартайце вось гэтую вялікую кнігу польскай пісьменніцы Ціны Азевіч. Яна адначасова псіхалагічная ды чароўная, называецца «Што робяць пачуцці», і яе часта набываюць для сябе нават дарослыя. Тут вельмі незвычайныя ілюстрацыі, зробленыя мастачкай Аляксандрай Заёнц.

Кнігу польскай пісьменніцы Ціны Азевіч «Што робяць пачуцці» часта набываюць для сябе нават дарослыя. Тут вельмі незвычайныя ілюстрацыі, зробленыя мастачкай Аляксандрай Заёнц. Фота: BGmedia

Добра валодаючы сваёй справай, гаспадыня крамы выцягвае з палічак кнігі: этнаграфічны «Беларускі народны соннік» нашай Аліны Высоцкай, «Размовы з сябрамі» ангельскай пісьменніцы Салі Руні, «Марсіянін» амерыканца Эндзi Ўiра — і ўсё гэта на роднай мове!

«Самы цымус» — зборнік рацэптаў беларуска-габрэйскай кухні. Аўтар — гісторык Алесь Белы. Фота: BGmedia

— А гэта… гэта наш «Самы цымус», — з усмешкай працягвае мне Алеся зборнік рацэптаў беларуска-габрэйскай кухні, якія сабраў гісторык Алесь Белы. — Мы ладзілі прэзентацыю кнігі, падчас якой Алесь прыгатаваў для ўсіх імберлах. Было вельмі смачна!

Пагартаўшы прыгожае выданне, набываю кнігу разам з дызайнерскай драўлянай закладкай і двума паштовачкамі нашых мастачак. З нецярпеннем ўяўляю, як у самую халодную суботу збяру на кухні беларускіх сяброў і мы будзем разам гатаваць нешта сваё.

Цацкі на ялінку, скарбонка «На мару» ды іншыя прыгожыя рэчы

Пакуль мы гарталі кнігі, за вокнамі крамы паліў дождж. Дождж у снежні ў Варшаве — звыклая з’ява. Мой парасон, як звычайна ў такія дні, застаўся дома.

Алеся частуе мяне кавай і мы па-свойску пераходзім на ты.

Разглядаючы падстаўку з беларускім арнаментам пад сваім кубачкам (тут такіх шмат), расказваю Алесе, што псіхолаг параіў мне атачыць сябе беларускімі рэчамі, каб лягчэй перанесці эміграцыю.

Падстаўкі з беларускім арнаментам пад кубачкі на любы густ і настрой. Фота: BGmedia

— А мне нават ялінку недзе паставіць! — скарджуся суразмоўніцы на казёныя квадратныя метры. Замест адказу Алеся паказвае мне на вазу з галінкай, на якой вісяць драўляныя калядныя цацачкі.

Вялікую калекцыю цацак вы знойдзеце ў краме. Фота: thekrama.com

— І што, гэта таксама нашыя майстры зрабілі?

— Так. А яшчэ, ў нас можна набыць набор, каб зрабіць такую цацачку самастойна. Там ёсць матэрыялы і інструкцыя. Увогуле, у нас шмат усяго з дрэва. Вось — скрыначка з наборам для глінтвейну, вось — нататнікі (можна маляваць у іх любімыя беларускія мясціны), вось — скарбонкі «На Мару». Адна, глядзі, незвычайная: на ёй трэба закрэсліваць аловачкам лічбы — столькі, сколькі грошай кідаеш. І так да дзесяці тысяч. Знойдзеш, дзе паставіць?

Скрыначка з наборам для глінтвейну. Фота: BGmedia
Нататнікі, у якіх можна маляваць любімыя беларускія мясціны. Фота: BGmedia

Беларускія упрыгожванні, магніцікі і каляндар для будучых перамог

Алеся паказвае мне ўпрыгожваніі, якіх у краме таксама даволі шмат. Bioevgenika, Anngera, Wood Family, Mokash, Warmth&Soul — пазнаю працы знаёмых беларускіх майстроў.

У краме даволі шмат упрыгожванняў, у тым ліку Bioevgenika, Anngera, Wood Family, Mokash, Warmth&Soul. Фота: thekrama.com

— Калі б я назбірала дзясяць тысяч злотых, я набыла б тут усё, — кажу я, прымяраючы драўляныя завушніцы.

У краме даволі шмат упрыгожванняў, у тым ліку і завушніц. Фота: thekrama.com

Алеся смяецца, маўляў, каб пабудаваць куточак Беларусі ў маленькай здымнай кватэры, дакладна хопіць і меншай сумы.

Побач з люстэркам бачу кампанію вязаных цацак. На сцяне — магніты з арнаментамі ды гербам «Пагоня».

Вязаныя цацакі — добры падарунак і для дзяцей, і для дарослых. Фота: BGmedia
У краме можна набыць магніты з арнаментамі і гербам «Пагоня». Фота: BGmedia

Здымаючы адзін з іх, жартую, што прычаплю яго на лядоўню, каб што-раз, калі прыспіча яе адкрыць, адважны вершнік нагадваў мне пра маё адважнае памкненне схуднець да лета.

— Тады раю набыць яшчэ каляндарык з адважнымі кацяняткамі Вольгі Якубоўскай, — смяецца ў адказ Алеся. — Можаш адзначаць у ім свае перамогі. А вось яшчэ, глядзі, вечны каляндар ад ініцыятывы ByProsvet. Тут не пазначаны дні тыдня, а толькі даты з апісаннем знакавых для беларусаў цікавостак. Таксама не займае шмат месца — бяры ў свой куточак.

Цацкі, магніты, календары ад беларускіх дызайнераў вы знойдзеце ў краме ці на сайце. Фота: thekrama.com

Дарэчы, глядзі, колькі ў нас мерча: вось ад Антося Радзівонава, вось ад Яраслава Кірвеля і «Хутка Смачна». Ёсць мерч ад нашых музыкаў і розных ініцыятыў, напрыклад, ад ByProsvet, Heart Breaking Performance і Belarusian Youth Hub.

Мерч ад музыкаў і розных ініцыятыў таксама можна набыць у краме.

Апранаемся ў стылі BY

Адчыняецца дзвер і ў краму уваходзяць адразу два хлопца. Адзін набывае нейкую налепку і сцяг, хавае ва ўнутраную кішэню паліто і неяк усхвалявана кажа: «Нарэшце».

Другі дастае з вялікага заплечніка цішоткі з літаркай «Ў», якія прывёз на продаж.

Калі госці сыходзяць, Алеся пачынае развешваць цішоткі.  Дарэчы, тут можна знайсці адзенне ад самых розных брэндаў, напрыклад Poliakowa Carolina, CiesnaBrama, «Вітанкі з Беларусі», «Тутэйшыя», «Шуфлядка», «Модная Цішотка» і іншыя.

Мерч ад самых розных брэндаў прадстаўлены ў краме у вялікім асартыменце. Фота: BGmedia.

Гаспадыня крамы гаворыць, што беларусам за мяжой вельмі важна дэманстраваць асяроддзю прыналежнасць да роднай культуры, а таксама з дапамогай такіх вось маркераў (Алеся паказвае на сумку з Паца-Вацай) пазнаваць сваіх сярод замежнікаў.

— Як бачыш, куточак Беларусі — гэта не толькі пра тое, чым мы абсталёўваем свае эмігранцкія кватэры, — кажа суразмоўніца. — Ты вось ужо маеш кніжку, каб зладзіць па ёй вячэру з сябрамі, я тут усё гартаю асобнікі з прыкладамі беларускіх вышывак, якія сабрала майстарка Галіна Рудніцкая. Мо, неяк паклічу цябе павышываць разам. Хлопец вось сцяг набыў.

Кнігі з прыкладамі беларускіх вышывак, якія сабрала майстарка Галіна Рудніцкая. Фота: BGmedia.

Самае галоўнае — гэта тое, што, пакідаючы Радзіму, нам ўсім важна адчуваць з ёй сувязь, не губляцца і быць разам. Перажывем неяк гэтую эміграцыю. І ўсё дрэннае таксама перажывем.

The Krama — цяпер і ONLINE!

Добрая навіна для ўсіх беларусаў Еўропы. Каб зазірнуць у тую самую беларускую краму, цяпер не абавязкова ехаць у Варшаву. Дастаткова зайсці на thekrama.com ў інтэрнэце і замовіць тое, што вам патрэбна з дастаўкай дадому.

Таксама падпісвайцеся на старонку крамы ў Інстаграме , ну а калі вы побач — заходзьце ў госці на Dożynkowa 6A  у Варшаве.

Крама працуе з панядзелка па пятніцу з 15:00 да 19:00 і падтрымлівае творчыя праекты ўсіх зацікаўленных беларусаў.

Калі вы жадаеце нешта прадаць (у тым ліку на маркетах і праз online-каталог) ці маеце час дапамагчы краме як валанцёр, вас тут заўсёды чакаюць.

 

Партнёрскі матэрыял.

 

Recent Posts

Брестчане оригинально использовали шишки, каштаны и желуди для своей «работы». Милиция их старания не оценила

В Бресте милиция задержала двоих наркокурьеров, которые в своей квартире необычным способом фасовали «товар» на…

26.12.2024

Хозяйку агроусадьбы в деревне Чижи Тамару Потоцкую признали политзаключенной. Стало известно, в чем ее обвиняют

Жительницу Барановичей задержали 5 декабря прямо в ее квартире. После 2020 года Тамара Потоцкая не…

25.12.2024

В Кобрине спасатели достали из колодца провалившихся туда щенков

Как щенки там оказались, не уточняется, но, вероятно, они бегали и не заметили опасности, а…

25.12.2024

Салат и сосиски на праздничном столе, фильм «Три орешка для Золушки» по ТВ: 10 фактов про Рождество в Германии

Во многих немецких семьях картофельный салат к Рождеству готовят по своему особому рецепту, передающемуся из…

25.12.2024

Рассказываем, в каких костелах Бреста 24 и 25 декабря пройдут рождественские богослужения

Первое рождественское богослужение начнется в 20.30 в костеле Воздвижения Святого Креста, который находится на площади…

24.12.2024

В Бресте перед Рождеством судят уже 16 группу людей за участие в акциях протеста в августе 2020 года

В 2024 году в Бресте за участие в акциях протеста четырехлетней давности осудили минимум 70…

24.12.2024