Categories: Экология

«Няма тэхналогіі, якая на 100% ізалюе адходы»: што стаіць за сховішчам ядзерных адходаў у Беларусі

Выбар пляцоўкі, тэхналогіі ізаляцыі — пытанні, што застаюцца без адказаў. Эколагі патлумачылі BGmedia, што вядома пра праект сховішча радыеактыўных адходаў.

Share

Праект сховішча радыеактыўных адходаў у Беларусі пакуль не мае канчатковага выгляду, але ўжо выклікае шмат пытанняў — ад выбару месца да разумення таго, што менавіта і як гэта ўсё будуць захоўваць.

Ацэнкі беларускіх эколагаў паказваюць, што гаворка ідзе пра рашэнне, наступствы якога могуць адчувацца на працягу сотняў тысяч гадоў — і якое патрабуе значна большай празрыстасці і абгрунтавання, чым ёсць цяпер.

Чытайце таксама: Чыноўнік прызнаў, што жыхары зоны адчужэння не хочуць ядзерны магільнік

Што вядома пра праект сховішча

Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі прадставіла канцэпцыю будучага пункта захавання. Афіцыйна заяўляецца, што аб’ект будзе адпавядаць міжнародным стандартам і забяспечыць поўную ізаляцыю адходаў, у тым ліку ад Беларускай АЭС.

Аднак на практыцы гаворка пакуль ідзе пра агульную ідэю праекта. На дадзены момант адсутнічае канчатковае рашэнне па тэхналогіях захоўвання і па месцы знаходжання аб’екта.

Адзін з архітэктурных планаў для сховішча ядзерных адходаў. Фота: БелРАА

Усяго для сховішча разглядаюцца тры пляцоўкі:

  • Астравецкі раён — побач з дзеючай АЭС;
  • Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці;
  • Вёска Навасёлкі Гомельскай вобласці — у раёне, які пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы.

Менавіта апошні варыянт выклікае найбольш вострыя пытанні ў эколагаў і мясцовых жыхароў — з-за ўжо існуючага радыяцыйнага фону і гістарычнай траўмы рэгіёна.

Якія адходы будуць захоўвацца

Афіцыйна гаворка ідзе пра апрацаванае ядзернае паліва (АЯП), а таксама нізка- і сярэднеактыўныя адходы — тэхнічныя матэрыялы, фільтры, абсталяванне.

Адпрацаванае ядзернае паліва плануецца адпраўляць у Расію на перапрацоўку, аднак частка адходаў пасля перапрацоўкі можа вяртацца назад у Беларусь для далейшага захоўвання.

Але, як падрабязна тлумачыць эколаг і каардынатарка Беларускай Антыядзернай Кампаніі Таццяна Новікава, гэта толькі частка праблемы.

Таццяна Новікава, эколаг і каардынатарка Беларускай Антыядзернай Кампаніі. Фота: ecohome.ngo

«Калі мы гаворым пра захараненне, трэба дакладна разумець, што менавіта туды будзе трапляць. Што будуць класці ў магілу і прысыпаць зямлёй — гэта вельмі істотнае пытанне, бо высокарадыёактыўныя адкіды і апрацаванае ядзернае паліва нельга проста захараніць і забыцца пра іх».

Яна кажа, што ў публічнай інфармацыі пра праект сховішча няма выразнага падзелу паміж тыпамі аб’ектаў:

«З таго, што агучваецца, выглядае, што няма выразнага разумення — гэта магільнік, гэта часовае захоўванне, ці гэта комплекс для розных задач. Калі няма яснасці ў гэтым, гэта азначае, што ўся сістэма абыходжання з адкідамі не сфармаваная».

Паводле ацэнкі эксперткі, гаворка павінна ісці пра асобныя рашэнні для розных тыпаў адходаў, а не пра адзін аб’ект «на ўсё адразу»: «Але цяпер выглядае, што менавіта такі падыход і разглядаецца».

Чытайце таксама: Ядерный могильник на Гомельщине: что известно о проекте, который вызывает вопросы и опасения

Тры пляцоўкі — розныя рызыкі

У размове з BGmedia эколаг Ганна Скрыган кажа, што кожны з варыянтаў мае свае плюсы і мінусы, і іх нельга лічыць раўназначнымі:

«У Астравецкім раёне сховішча будзе блізкім да АЭС, што выглядае лагічным рашэннем з тэхнічнага пункту гледжання, бо не трэба займацца транспартацыяй адходаў. Але гэта адначасова стварае палітычныя і міжнародныя рызыкі, бо аб’ект будзе знаходзіцца каля мяжы з Літвой, якая і раней выступала супраць ядзерных праектаў у гэтым рэгіёне», — адзначае яна.

Эколаг Ганна Скрыган. Скрыншот з рэпартажа MOST media

На меркаванне эксперткі, размяшчэнне ў гэтай зоне сховішча для адходаў можа толькі абвастрыць узаемаадносіны паміж уладамі Беларусі і Літвы.

У выпадку сховішча ў Магілёўскай вобласці эколаг падкрэслівае, што неабходнасць транспартаваць адходы з Астравецкай АЭС праз усю краіну — гэта асобны фактар рызыкі, бо кожны этап перавозкі патрабуе дадатковых мер бяспекі, і чым больш такіх этапаў, тым менш надзейнай становіцца ўся сістэма.

Ганна Скрыган сцвярджае, што выбар пляцоўкі ў зоне адчужэння можа выглядаць лагічным для ўладаў з-за адсутнасці там насельніцтва і гаспадарчай дзейнасці (якую не плануюць аднаўляць у бліжэйшыя годы), але гэта не азначае, што экалагічныя рызыкі там ніжэйшыя — радыяцыйная гісторыя рэгіёна і без таго складаная.

Як адрозніваюцца меркаванні жыхароў трох рэгіёнаў

Дырэктар Беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (БелРАА) Дзмітрый Логвін у эфіры дзяржаўных СМІ заявіў, што прадстаўнікі арганізацыі спрабуюць ацаніць настроі і гатоўнасць мясцовых жыхароў да такіх праектаў.

У Гродзенскай вобласці, асабліва ў раёне Астраўца, людзі больш спакойна ставяцца да падобных ініцыятыў. Паводле яго, каля 70% жыхароў нібыта не супраць размяшчэння такога аб’екта, а каля 60% падтрымліваюць ідэю будаўніцтва АЭС у Магілёўскай вобласці.

БелАЭС. Фота: Белатам

Затое больш складанай сітуацыя аказалася ў Палессі. Як прызнаў сам кіраўнік арганізацыі, у раёнах каля зоны адчужэння, дзе жывуць палешукі і супрацоўнікі запаведніка, ідэю будаўніцтва сховішча ўспрынялі вельмі негатыўна. Паводле яго слоў, больш за палову апытаных там выступілі супраць размяшчэння такога аб’екта.

Каментуючы дадзеныя БелРАА, Ганна Скрыган кажа, што ў Астравецкім раёне людзі ўжо жывуць побач з АЭС і могуць успрымаць такія праекты як частку звыклай рэальнасці, у той час як у Хойніцкім раёне на мясцовых жыхароў моцна ўплывае памяць пра Чарнобыль і асабісты досвед перажытай катастрофы на АЭС.

Эколаг дадае, што ў Беларусі цяжка казаць пра аб’ектыўныя апытанні, бо людзі не заўсёды адчуваюць сябе ў бяспецы, калі выказваюць сваё меркаванне, і таму вынікі могуць не адлюстроўваць рэальную пазіцыю грамадства.

Сустрэча ў Хойніцкім райвыканкаме. Фота: БелРАА

Па словах эколага, нават грамадскія пляцоўкі, якія праводзяць улады для жыхароў усіх трох рэгіёнаў, у цяперашніх умовах носяць хутчэй фармальны характар:

«Калі яны праводзяцца, гэта не азначае, што іх вынікі будуць мець рэальны ўплыў на канчатковае вырашэнне сітуацыі, калі ўказ падпісвае Лукашэнка».

Читайте также: Пад Гомелем будуюць свінакомплекс на 100 тысяч галоў: што гэта значыць для экалогіі?

Адпрацаванае ядзернае паліва: праблема на мільён гадоў

Эколаг Таццяна Новікава ў каментары для BGmedia распавяла, што галоўная праблема ў запланаваным сховішчы — гэта не нізкаактыўныя адходы, а адпрацаванае ядзернае паліва:

«Гэта найбольш небяспечны прадукт дзейнасці АЭС, і паводле міжнародных рэкамендацый яго трэба ізаляваць ад навакольнага асяроддзя на працягу мільёна гадоў, што ўжо само па сабе паказвае маштаб праблемы».

У свеце пакуль няма тэхналогіі, якая магла б гарантаваць такую ізаляцыю, і ўсе існуючыя рашэнні з’яўляюцца часовымі: «Фактычна гаворка ідзе пра тое, што адкіды захоўваюцца ў кантэйнерах, за імі назіраюць, а праз 50–100 гадоў іх трэба перапакоўваць, і гэта паўтараецца зноў і зноў, што перакладае адказнасць на наступныя пакаленні».

Эколаг таксама адзначае, што сцэнары з «перапрацоўкай» не робяць адходы бяспечнымі, а толькі змяняюць іх форму і пераразмяркоўваюць рызыкі.

Тое, што тычыцца нізка- ці сярэднеактыўных адходаў, то, па словах эксперткі, праблемы могуць узнікаць нават праз дзесяцігоддзі пасля іх захоўвання. Так, у савецкі час ва Усходняй Германіі апрацаваныя адходы даследчых рэактараў спрабавалі «ізаляваць» і захавалі ў саляной шахце Ассэ на глыбіні каля 750 метраў:

«Яны там прабылі каля 30 гадоў, пасля чаго пачаліся ўцечкі: радыёнукліды і радыёактыўнае забруджванне выйшлі наверх. І цяпер дзяржава вымушаная траціць вялікія грошы, каб усё гэта дастаць і перапакаваць».

Такія выпадкі, кажа экспертка, паказваюць, што нават доўгатэрміновыя рашэнні могуць аказацца часовымі і патрабаваць чарговага ўмяшання ў будучыні, якое можа сур’ёзна адбіцца на навакольным асяроддзі.

Чаму нават сучасныя тэхналогіі не даюць гарантый

Новікава кажа, што нават у самых развітых краінах няма поўнай ізаляцыі, і сучасныя сховішчы не могуць гарантаваць 100% бяспеку. Яна прыводзіць прыклад, што праблемы могуць узнікаць нават праз дзесяцігоддзі пасля захоўвання АЯЭ.

Паводле ацэнкі эколагаў, найбольш надзейны спосаб для наваколля — не ствараць такія адкіды ўвогуле, бо гэта адзіны від дзейнасці, які пакідае пасля сябе матэрыялы, небяспечныя на сотні тысяч гадоў.

«Гэта не праблема аднаго пакалення — гэта праблема, якая перадаецца наперад, і пакуль няма тэхналогіі, якая б яе канчаткова вырашала», — распавядае Новікава.

Яна таксама прыводзіць прыклады таго, што нават сучасныя сістэмы захоўвання не даюць поўнай гарантыі бяспекі. Так, у ЗША на аб’екце захоўвання адпрацаванага ядзернага паліва АЭС Сан Анофрэ ў Каліфорніі выкарыстоўваецца сістэма паветранага астуджэння, і праз вентыляцыйныя выкіды фіксуецца траплянне радыёнуклідаў у навакольнае асяроддзе.

АЭС у Сан Анофрэ, ЗША. Фота з адкрытых крыніц

Гэта адбываецца, як тлумачыцца, праз мікратрэшчыны ў ахоўных металічных канструкцыях і іншыя тэхнічныя фактары. У выніку, кажа экспертка, такія рашэнні застаюцца складанымі, дарагімі і не даюць поўнай ізаляцыі на доўгі тэрмін.

Такія выпадкі, кажа экспертка, паказваюць, што нават доўгатэрміновыя рашэнні могуць аказацца часовымі і патрабаваць чарговага ўмяшання ў будучыні, якое можа сур’ёзна адбіцца на навакольным асяроддзі. Асобна яна тлумачыць, што пры страце герметычнасці радыёнукліды (якія захоўваюцца ў траншэях з ізаляцыйнай плёнкай) могуць трапляць у грунтовыя воды, а гэта азначае, што яны могуць апынуцца ў вадзе і ежы, і ў выніку — у арганізме чалавека.

У шэрагу краін ЕС выкарыстоўваюцца больш складаныя сістэмы — бетонныя і стальныя кантэйнеры, спецыяльныя ячэйкі, а таксама тэхналогіі бетанізацыі адходаў. Аднак, як падкрэслівае экспертка, усе гэтыя рашэнні застаюцца прамежкавымі.

Чытайце таксама: «На месцы лесу — жылы комплекс». Беларусы абураюцца вырубкай дрэў у Калодзішчах і стварылі петыцыю

Recent Posts

Жыхары завулка ў Маладзечне дамагліся сустрэчы з чыноўнікамі, каб вырашыць пытанне з асфальтаваннем

У апошні раз добраўпарадкаванне 1-га Сухога завулка праводзілі ў 2003 годзе. З тых часоў жыхары…

24.04.2026

У дэкрэце — але «дармаед»: беларусцы налічылі завышаную суму за камунальныя паслугі

Жанчына ў дэкрэце трапіла ў базу «не занятых у эканоміцы» і атрымала вялікія рахункі за…

24.04.2026

«Листочки на вырубленных деревьях уже распустились». Брестчанка показала, что осталось от леса возле «Санта Бремор»

Брестчане уже не удивляются и пишут в комментариях, что деревья рубят по всему городу. В…

24.04.2026

Школьнікаў прыцягнулі да святкавання дня нараджэння Леніна на Гомельшчыне: як гэта супярэчыць закону і ўласным статутам

На Гомельшчыне школьнікаў задзейнічалі ў мерапрыемствах да дня нараджэння Леніна. Гэта можа выклікаць пытанні —…

23.04.2026

Дорожка в никуда. В Бресте пешеходный путь к школе и поликлинике уперся в забор

На Речице возле гимназии №3 пешеходно-велосипедная дорожка внезапно заканчивается забором. Жители возмущены: к остановке и…

23.04.2026

Брэст у лідарах, але з праблемамі: што паказаў новы рэйтынг беларускіх гарадоў

Згодна з новым незалежным рэйтынгам, Брэст падняўся ў спісе лепшых гарадоў Беларусі. Але сутыкаецца са…

23.04.2026