Непрацуючых жыхароў Касцюковічаў накіравалі на ўборку снегу. Афіцыйная прэса падае гэта як прафілактыку «асацыяльнага ладу жыцця».
"Дармаеды" ў Касцюковічах прыбіраюць снег. Фота: "Голас Касцюкоўшчыны"
Пакуль у рэгіёнах працягваюць змагацца з наступствамі снегападаў, мясцовыя ўлады знаходзяць дадатковыя «рэсурсы» для навядзення парадку. Да прыборкі ўсё часцей прыцягваюць тых, каго афіцыйна адносяць да «незанятых у эканоміцы» або людзей з так званым асацыяльным ладам жыцця. Падаецца гэта як клопат пра горад і адначасова як «выхаванне» саміх грамадзян.
Чытайце таксама: Гомельшчына і Магілёўшчына — у лідарах па колькасці траўмаў праз галалёд
Раённае медыя «Голас Касцюкоўшчыны» паведамляе, што 17 лютага непрацуючыя, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Касцюковіцкага РАУС, «добраахвотна прыбіралі снег на дваровых тэрыторыях горада». Паводле словаў супрацоўнікаў РАУС, якія перадае раённая газета, «справа знойдзецца для кожнага», а падобныя працоўныя акцыі «аказваюць станоўчы ўплыў на выпраўленчы працэс».
У медыя таксама адзначылі, што гэтыя мерапрыемствы фарміруюць у грамадзян «дысцыплінаванасць, добрасумленнасць, патрыятызм, павагу да чалавечай годнасці і чужой працы», а таксама матывуюць іх да афіцыйнага працаўладкавання і «нармальнага здаровага ладу жыцця».
Тон публікацыі вытрыманы ў традыцыйнай для дзяржаўнай прэсы манеры: беспрацоўныя фактычна падаюцца як асацыяльныя людзі, якіх неабходна перавыхоўваць праз фізічную працу. Сам факт адсутнасці працы ў матэрыяле амаль аўтаматычна атаясамліваецца з маргінальнасцю. Пры гэтым не ўдакладняецца, на якіх канкрэтных умовах адбываецца такое «добраахвотнае» прыцягненне.
Падобная практыка фіксавалася і ў іншых рэгіёнах. У розных раёнах Гомеля грамадзян, прызнаных «незанятымі ў эканоміцы», накіроўвалі на ўборку снегу каля аўтобусных прыпынкаў і сацыяльных аб’ектаў, а таксама ў пешаходных зонах. Падобныя меры прымянялі і ў Магілёўскай вобласці. Так, у Касцюковічах беспрацоўныя ўжо прыбіралі снег пад дамамі, дзе пржываюць супрацоўнікі сілавых структураў.
Нягледзячы на тое, што заканадаўства аб «незанятых у эканоміцы» не прадугледжвае прымусовага прыцягнення да грамадска-карысных работ, мясцовыя ўлады працягваюць выкарыстоўваць такую форму «прафілактыкі». Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» не ўстанаўлівае абавязку выконваць прымусовую працу, а Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 41) забараняе прымусовую працу без судовага рашэння.
За рыторыкай пра «карысць для грамадства» і «выхаваўчы эфект» застаюцца пытанні пра межы добраахвотнасці, прававыя падставы і павагу да чалавечай годнасці. І пакуль беспрацоўных у публічнай прасторы раённыя медыя працягваюць паказваць як праблему, пытанні пра законнасць і этычнасць такіх «працоўных акцый» толькі павялічацца.
Чытайце таксама: Беларусы ператварылі змерзлыя воданапорныя вежы ў турыстычны трэнд
Жыхары Брэста заўважылі, што на частцы электронных табло ў тралейбусах надпісы з’яўляюцца толькі па-расейску. Гэта…
Жыхарка Слуцка яшчэ летась паказвала вялікую лужу каля гімназіі №2, але пасля новых дажджоў сітуацыя…
Быхаў знаходзіцца на Дняпры, але свайго нармальнага гарадскога пляжа тут фактычна няма — жыхарам прапануюць…
Сотні жыхароў Касцюковіцкага раёна прайшлі праз камісіі, атрымалі прапановы і «прафілактыку», але да сапраўднай працы…
У адным з дамоў Бабруйска, дзе нядаўна завяршыўся капрамонт пад’езда, жыхары ўжо праз месяц заўважылі…
Яму на дарозе на скрыжаванні Савецкай і Гогаля пракаментаваў намеснік дырэктара «Бабруйскводаканала» Станіслаў Паўлоўскі.