У Слуцку сезон пакосу травы завяршыўся 1 кастрычніка, але на некаторых участках горада яе так і не паспелі прыбраць. Жыхары скардзяцца на працу ЖКГ.
Вуліца Жукава ў Слуцку, дзе не пакасілі траву. Фота случчан
Сезон пакосу травы ў Слуцку завяршыўся 1 кастрычніка. Менавіта гэта назвалі прычынай адхілення новай заяўкі на 115.бел. У адказе ўдакладнілі, што сезон 2026 года працягваўся з мая па верасень.
Чытайце таксама: У Светлагорску зноў скардзяцца на смурод ад завода беленай цэлюлозы. Раней праз яго здараліся аварыі і гінулі людзі
Аднак яшчэ ў канцы верасня жыхары горада дасылалі ў SlutskGorod фатаграфіі тэрыторый, дзе трава заставалася высокай.
Скаргі паступалі ад жыхароў вуліц Леніна, Канановіча, Жукава, Ленінскай, 2-га завулка М. Багдановіча, а таксама з мікрараёна «Сахарны».
Некаторыя случчане распавядалі, што звярталіся з праблемай праз службу 115. У адказах ім паведамлялі пра правядзенне работ паводле графіка або называлі канкрэтныя даты, калі тэрыторыю павінны былі пакосіць.
Напрыклад, адну з заявак па вуліцы Леніна жыхарка падала яшчэ ў канцы жніўня. Паводле атрыманага адказу, пакос там планаваўся на 4 верасня. Аднак на фатаграфіях, якія яна даслала рэдакцыі 22 верасня, у двары ўсё яшчэ была высокая трава.
Жыхар мікрараёна «Сахарны» таксама распавёў, што за ўсё лета траву на названай ім тэрыторыі скасілі толькі адзін раз. Такая ж праблема ўзнікла і на вуліцы Жукава.
Сітуацыя стала нагодай для абмеркавання сярод случчанаў, пра што паведамляла BGmedia. Каментатары адзначалі, што праблема, на іх думку, не абмяжоўваецца асобнымі дварамі.
Адзін з жыхароў звярнуў увагу на тое, што рэальныя тэрміны пакосу могуць істотна адрознівацца ад тых, якія пазначаюць у адказах на заяўкі. Паводле яго, калі двор не косяць каля трох месяцаў, гэта ўжо нельга лічыць нармальным.
Іншы каментатар напісаў, што падобная сітуацыя назіраецца ў розных дварах горада. Ён таксама пераказаў распаўсюджанае тлумачэнне камунальных службаў — недахоп фінансавання.
У абмеркаванні прагучала і прапанова прыцягваць да пакосу супрацоўнікаў саміх камунальных арганізацый, у тым ліку кіраўніцтва і адміністрацыйны персанал. Людзі лічаць, што пасля такога падыходу стаўленне да праблемы магло б змяніцца.
Іншы каментатар у адказ адзначыў, што праблема, на яго думку, не столькі ў адсутнасці людзей, колькі ў недахопе сродкаў. Ён таксама паскардзіўся, што ягоны двор застаецца зарослым, хоць камунальная тэхніка, што месціцца побач з тэрыторыяй, працуе.
Асобна случчане закранулі праблемы працы службы 115. Адзін з гараджанаў паведаміў, што заяўкі наконт добраўпарадкавання ў Слуцку могуць доўга заставацца без выніку. З ім пагадзіліся астатнія жыхары.
Ён таксама звярнуў увагу на аплату паслуг па ўтрыманні прыдамавой тэрыторыі. Паводле яго меркавання, калі ў плацяжах жыхароў улічваецца абслугоўванне тэрыторыі, то ўзнікае пытанне, ці ўваходзяць у яго ўборка і покос травы.
Таксама ў каментарах Слуцк параўналі з Салігорскам. Адзін з жыхароў, спасылаючыся на ўласныя назіранні падчас паездак, напісаў, што там траву косяць значна часцей і нават пры вышыні каля 15 сантыметраў. У сувязі з гэтым ён задаўся пытаннем, чаму ў Салігорску на такія работы сродкі знаходзяцца, а ў Слуцку камунальныя службы спасылаюцца на фінансавыя праблемы.
Яшчэ адна тэма, якую ўзнялі ў каментарах, — розны падыход да стану тэрыторый у прыватным сектары і на землях, за якія адказваюць камунальныя службы.
Адзін з жыхароў адзначыў, што ўладальнікаў прыватных тэрыторый могуць прыцягваць да адказнасці за нескошаную траву і нават за смецце, якое пакідаюць мінакі. У такіх выпадках, паводле яго, санітарныя службы выдаюць прадпісанні і папярэджваюць пра штрафы.
Праз гэта случчанін задаўся пытаннем, ці распаўсюджваюцца такія патрабаванні на камунальныя тэрыторыі, і прапанаваў супрацоўнікам адпаведных службаў самім заняцца пакосам.
Пры гэтым афіцыйны адказ, які атрымаў заяўнік праз 115.бел, сведчыць, што пасля 30 верасня новыя заяўкі на пакос травы могуць адхіляць з прычыны заканчэння сезона. А частка тэрыторый, пра стан якіх паведамлялі жыхары ў верасні, да гэтага часу заставалася няскошанай.
Чытайце таксама: На чырвонакніжную рысь зноў дазволілі паляваць. Колькі каштуе адстрэл і чаму беларусы абураюцца
После прежних обещаний завершить ремонт путепровода на Солнечной до конца года нынешние слова о проектной…
Анкету проводят в рамках проекта «Портрет беларуской женщины». Отказавшихся от участия требуют отдельно перечислять и…
Парковку возле областной больницы расширили после нескольких лет обещаний. Но новые заборы уже вызвали недовольство…
У БрДТУ студэнтаў абавязваюць падпісвацца на Telegram-канал прафкома, а бацькам такую падпіску называюць «пажаданай».
Rosa Ventorum разместился в бывшем здании военного штаба. Номера стоят от 60 рублей, но больше…
«Входной билет» на этот участок в августе обошелся «Бетонному улею» более чем в 13,2 млн…