Жыхары вёскі Чэрвеньскага раёна прасілі вярнуць у вёску краму і праверыць працу аўталавак. У райвыканкаме адказалі, што падстаў для гэтага не бачаць.
Крама ў беларускай вёсцы. Ілюстратыўнае фота
Жыхары вёскі Калодзежы Чэрвеньскага раёна атрымалі адказ на зварот, у якім прасілі мясцовыя ўлады заняцца праблемай гандлёвага абслугоўвання. Людзі прапаноўвалі разгледзець магчымасць аднавіць стацыянарную краму або хаця б праверыць, ці спраўляюцца з патрэбамі вяскоўцаў аўталаўкі.
Чытайце таксама: Жыхары Калодзежаў папрасілі райвыканкам вярнуць адзіную краму
Аднак Чэрвеньскі райвыканкам не стаў разглядаць гэтыя прапановы па сутнасці. У адказе, падпісаным кіраўніцай спраў райвыканкама А. В. Хмяльніцкай, гаворыцца: «Райвыканкам не знаходзіць падстаў для вывучэння пытання, указанага Вамі ў звароце».
Як раней паведамляла BGmedia, у кастрычніку 2026 года ў Калодзежах закрылі адзіны магазін. Мясцовыя жыхары запісалі відэазварот у TikTok і папрасілі дапамагчы вярнуць краму. Яны тлумачылі, што да Чэрвеня ад вёскі каля 10 кіламетраў, а ўласны аўтамабіль ёсць не ва ўсіх.
Пасля закрыцця магазіна жыхарам даводзіцца чакаць аўталаўку або шукаць магчымасць з’ездзіць па прадукты ў іншы населены пункт. Паводле слоў мясцовых, аўтамабільныя крамы не заўсёды прыязджаюць своечасова, а патрэбных тавараў можа не быць у наяўнасці. Асабліва складана людзям сталага ўзросту і тым, каму цяжка перасоўвацца.
Паводле інфармацыі, якую раней распаўсюджвалі мясцовыя жыхары, закрыццё крамы ў райвыканкаме тлумачылі яе нерэнтабельнасцю і невялікай колькасцю пакупнікоў. Будынак спрабавалі прадаць, але першы аўкцыён не адбыўся.
У сваім звароце жыхары прапанавалі некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Яны прасілі ажыццявіць наступныя захады:
Агулам людзі хацелі зразумець, ці можа цяперашняя сістэма гандлю забяспечыць іх прадуктамі і што можна змяніць, каб не заставацца без неабходных пакупак.
У адказе райвыканкам прывёў азначэнні «заявы» і «скаргі» з закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама спаслаўся на права не праводзіць аналітычную працу. Пры гэтым канкрэтнага тлумачэння, чаму прапанаваныя жыхарамі варыянты не будуць разглядацца, у адказе няма.
Фактычна мясцовыя ўлады не паведамілі, ці правяралі графік і маршруты аўталавак, ці ацэньвалі іх асартымент і ці разглядалі магчымасць вярнуць стацыянарны гандаль. Замест адказаў на гэтыя пытанні жыхары атрымалі паведамленне, што падстаў для вывучэння сітуацыі райвыканкам не бачыць.
Аўтары звароту лічаць такі адказ фармальным. На іх думку, закон аб зваротах патрабуе даваць матываваны адказ па кожным пастаўленым пытанні, а пакінуць зварот без разгляду можна толькі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам. У адказе райвыканкама, як адзначаюць заяўнікі, такія падставы не названыя.
Яны таксама звяртаюць увагу, што вывучэнне спажывецкага рынку, арганізацыя гандлёвага абслугоўвання і кантроль за працай гандлёвых аб’ектаў належаць да сферы адказнасці мясцовых уладаў.
У адказе жыхарам патлумачылі, што яго можна абскардзіць у Мінскім аблвыканкаме. Ці скарыстаюцца яны гэтай магчымасцю, пакуль невядома.
Чытайце таксама: У трох населеных пунктах Асіповіцкага раёна закрылі крамы. Ці заменяць іх аўталаўкі?
На сцежках паміж дзіцячым садком №84 і домам №6 на вуліцы Кляцкова пасля ўкладкі асфальту…
Пра новы выпадак паведаміла «Віцебская Вясна». Пасля ўборкі ў храме ўдзельнікам прачыталі лекцыю пра тое,…
В обновленном аквапарке «Лазурный» в Гродно прислушались к жалобам посетителей: в душевых появились перегородки. Но…
Обещанные четыре полосы и полноценная разгрузка одного из главных въездов в центр Бреста откладываются как…
47-летний мужчина на Nissan столкнулся со стоящим грузовиком на Красногвардейской. Брестчане спорят о темноте, очередях…
«Женщину-мать» из Быхова хотят продать через аукцион. Скульптор рассказал о желающих купить памятник. По его…