30 тысяч замежных студэнтаў навучаюцца ў Беларусі і прынеслі ў беларускую казну летась больш за 90 мільёнаў долараў.
Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас апошняй нарады па вышэйшай адукацыі.
Адукацыйныя тэзісы, як і ўсё астатняе, што агучвае Лукашэнка, патрабуюць абавязковай верыфікацыі. Паспрабавалі разабрацца са старшынём камісіі па адукацыі, навуцы Кааардынацыйнай Рады Паўлам Церашковічам — што тут праўда, а што палёт фантазіі.
— Прамільгнула інфармацыя, што кожны год з беларускіх ВНУ выключаюць каля 8 тысячаў студэнтаў, і яшчэ прыкладна столькі ж сыходзяць адтуль дабравольна. Дык што адбываецца з колькасцю студэнтаў?
— Ведаю, што ўніверсітэты хацелі б, каб усе 100 адсоткаў студэнтаў закончылі сваю вучобу. Іншая справа, што зараз за вышэйшай адукацыяй ідуць амаль усе, але далёка не ўсе здольныя вучыцца. Адлічэнне студэнта – гэта выключная сітуацыя для ўніверсітэта, кіраўніцтва ВНУ заўсёды змагаецца з асабліва прынцыповымі выкладчыкамі, якія ставяць адзнакі ніжэй за чатыры балы. А тое, што далёка не ўсе студэнты здольныя асвоіць навукі і сыходзяць, тое праўда.
Чытайце далей: Павел Церашковіч: Як толькі Коля скончыць універсітэт, Лукашэнка забудзецца на адукацыю
— На нарадзе прагучала яшчэ лічба: «экспарт адукацыйных паслуг» летась склаў 90 мільёна долараў. Гэта многа ці мала, асабліва з дарэвалюцыйнымі часамі (з 2020 годам)?
— Экспарт — вельмі прыгожая назва, хаця ва ўсім свеце гэтая з’ява называецца «студэнцкай мабільнасцю», ці прыцягненнем замежных студэнтаў. Не ведаю, хто пісаў выступ Лукашэнкі, у якім прагучала гэтая лічба: 30 тысяч замежных студэнтаў вучыцца ў Беларусі. Такой колькасці ніколі не было, максімум было 18 тысяч студэнтаў. Відаць, што студэнтаў лічыць, што кароў лічыць — абавязкова трэба нешта прыпісаць, каб добра выглядаць.
Сапраўды, колькасць студэнтаў з Туркменістана становіцца менш, бо там вырашылі, што Беларусь небяспечнае месца для туркменскіх студэнтаў, але больш становіцца кітайскіх студэнтаў. Разгадаць кітайскі інтарэс цяжка, трэба адмыслова займацца праблемай: ці то ў Кітаі рыхтуюць далейшую экспансію ў Беларусь, ці справа ў іншым. Але магу сказаць (і са свайго досведу, і з вопыту маіх калегаў), што кітайскія студэнты не надта адрозніваюцца ад туркмен. Я заўсёды лічыў, што кітайцы разумныя людзі, і статыстыка сведчыць, што іхні IQ самы высокі ў свеце. Ды такое ўражанне, што ў Кітаі праводзяць адмысловыя антырэйтынгі, бо вельмі часта ў Беларусь прысылаюць абсалютна няздольных людзей, якія губляюць тут і свае гады, і, часцей за ўсё, бацькоўскія грошы. Яны лічацца студэнтамі, але не вучацца.
Чытайце далей: Аляксандр Казак: Расія павялічвае пасіўную ваенную прысутнасць на тэрыторыі Беларусі
Прагучала яшчэ адна заява з вуснаў міністра Іванца пра прыцягненне расійскіх студэнтаў. Праблема ўвогуле вельмі сур’ёзная. Лукашэнка казаў, што трэба вучыцца тут, а туды нельга ездзіць. Але куды нельга ездзіць, ён не ўдакладніў: ці можна вучыцца ў Расіі, ці нельга.
Але гэта вельмі сур’ёзная праблема. Расія ў апошнія гады праводзіць вельмі агрэсіўную палітыку ў Беларусі. І праводзіць яе ўстанова «Россотрудничество»: менавіта яна займаецца рэкрутынгам студэнтаў. «Россотрудничество» ў Беларусі мае больш сваіх прадстаўніцтваў, чым у любой іншай краіне: было тры, а зараз збіраюцца адкрываць ужо чацвёрты Рускі дом. Хаця звычайна ў краіне знаходжання налічваецца максімум два такіх Рускія дамы. І паглядзіце: з 2018 года колькасць стыпендыяў, якія дае «Россотрудничество» беларусам (а стыпендыя цалкам пакрывае ўсё навучанне і нават пражыванне ў інтэрнаце) павялічылася ў 17 разоў! У мінулым годзе выдадзена 1300 стыпендыяў.
Я звярнуў увагу на выступ рэктара БДУ Караля, які вельмі нервова рэагаваў на тое, што беларусы могуць масава паехаць у Расію. І калі Лукашэнка кажа пра гэта, то ўзнікае пытанне: куды нельга ездзіць?
Чытайце далей: «Аўтарытарызм пад пагрозай». На чым можа спатыкнуцца рэжым Лукашэнкі
А вось Іванец, з другога боку, прапанаваў, каб рускія студэнты паступалі на бюджэт беларускіх ВНУ, каб потым працаваць па размеркаванні ў Беларусі (у якасці прыза, ці што?). Не ведаю, каго можна прывабіць такой перспектывай — адпрацоўваць у беларускай сельскай гаспадарцы?
Дарэчы, не назаву дакладныя лічбы, але нават у суседніх Літве ці Латвіі вучацца значна больш замежных студэнтаў, чым у Беларусі; нават у такіх краінах, як Грузія, замежных студэнтаў куды больш, чым у Беларусі. Так што яшчэ трэба праверыць: ці сапраўды экспарт прынёс 90 мільёнаў долараў ці гэтая сума існуе толькі на паперы? З упэўненасцю можна казаць, што колькасць замежных студэнтаў мізэрная для Беларусі.
— Зусім нядаўна з’явілася навіна, што хутка падрыхтуюць сумесны падручнік па гісторыі “саюзнай дзяржавы”. Што гэта за звер і для чаго ён патрэбны?
— Гэта складовая частка паўзучай акупацыі Беларусі, гэта абсалютна зразумела. Войны вядуцца не толькі шляхам захопу тэрыторый, устанаўленнем кантролю над войскам ці падатковай сістэмай, — гэта кантроль над гістарычнай памяццю. Відавочна, што весці рэй будуць менавіта рускія гісторыкі, менавіта яны будуць пісаць гэтыя падручнікі. Бо беларусістыкі як асобнага накірунку гістарычнай навукі ў Расіі апошняе дзесяцігоддзі не існавала, няма там спецыялістаў, якія б займаліся нашай гісторыяй, гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага.
Заканчэнне. Пачатак тут
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: