Categories: Общество

«Горад расцвітае мёртвымі кветкамі»: жыхары Калінкавічаў не ацанілі добраўпарадкаванне да «Дажынак»

Раённая газета паказала новыя клумбы і інсталяцыі ў Калінкавічах. Самі гараджане ў каментарах абурыліся знікненнем у горадзе зялёных зонаў.

Share

У Калінкавічах працягваецца падрыхтоўка да абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026», якое пройдзе 10 кастрычніка.

Чытайце таксама: Ці вартая падрыхтоўка да «Дажынак» высечкі дрэў? Што адбываецца ў Калінкавічах і чаму жыхары незадаволеныя

Калінкавіцкая раённая газета паказала ў сацсетках відэа з абноўленымі вуліцамі, новымі клумбамі і інсталяцыямі. Публікацыю суправаджалі словы пра тое, што Калінкавічы «расцвітаюць на вачах», а горад да «Дажынак» стаў «непазнавальным».

Асобна газета пахваліла афармленне клумбаў, назваўшы іх «сапраўднымі творамі ландшафтнага мастацтва», і падзякавала ўсім, хто ўдзельнічаў у добраўпарадкаванні.

BGmedia заўважыла, што ў каментарах многіх жыхароў горада зацікавілі не кветкі і новыя элементы афармлення, а дрэвы, якіх, паводле іх назіранняў, з моманту падрыхтоўкі да абласнога свята становіцца ўсё менш.

  • «Прагулка па горадзе ператвараецца ў паніхіду па штодня спілаваных дрэвах! Сёння — гэта каля хлебнай крамы насупраць «Бярозкі». Хутка іх зусім не застанецца».

Іншая жыхарка напісала:

  • «З кожным днём дрэваў усё менш і менш. Бачыш гэта — і вочы на лоб лезуць ад шоку».

Каментатары параўноўвалі новае добраўпарадкаванне з дарослымі дрэвамі, якія былі на вуліцах раней.

  • «Замянілі прыгожыя дарослыя дрэвы на бетонныя вырабы і аднаразовыя кусты хрызантэм, якія ўжо пачалі губляць свежасць. Столькі грошай змарнавалі. Вельмі шкада, што гараджан так ніхто і не пачуў».
  • «Горад цалкам абязлесілі, вырубілі здаровыя дрэвы і засадзілі ўсё таннымі кветкамі. Гэта не добраўпарадкаванне, гэта знішчэнне прыроды!»

Гараджане таксама задаваліся пытаннем, чаму ніхто не спыняе вырубку.

  • «Няўжо ніхто не можа спыніць вырубку дрэваў у горадзе?»

Адзін з карыстальнікаў падкрэсліў, што, на яго думку, зніклі не толькі старыя або аварыйныя насаджэнні:

  • «Нішто не заменіць знішчаныя дрэвы — не старыя, не аджыўшыя, а ў поўным росквіце. Як так можна? Куды глядзіць ахова прыроды!»

Некаторыя прызналі, што на відэа ўсё выглядае прыгожа, але ўражанне ад горада ў цэлым у іх іншае:

  • «На відэа прыгожа, а ўвогуле не вельмі».
  • «Былі елкі — сталі туі…»
  • «Вядома, толкавага ландшафтніка не запрашалі, але… маем, што маем. А дрэваў рэальна не хапае. Шкада…»

Жыхары таксама звярнулі ўвагу на вуліцу 50 гадоў Кастрычніка, дзе яшчэ захаваліся дрэвы.

  • «Гэтая прыгажосць павінна ісці дадаткам да алеяў з дрэвамі, а не замест іх. Ідзеш па 50 гадоў Кастрычніка, дзе яшчэ ёсць дрэвы, — гэта ж прыгажосць, восень на восень падобная».

А падсумавалі ўражанне ад абноўленага горада коратка:

  • «Калінкавічы расцвітаюць мёртвымі кветкамі».

Што раней тлумачылі пра вырубку

У красавіку Калінкавіцкая раённая газета ўжо публікавала матэрыял «Чаму высякаюць дрэвы?». У ім тлумачылася, што асобныя насаджэнні могуць выдаляць праз гнілату, пашкоджанне каранёвай сістэмы, небяспечны нахіл або паражэнне амялой.

Жыхароў пры гэтым заклікалі не рабіць высновы толькі па тым, як выглядае дрэва, і давяраць заключэнням спецыялістаў.

Калінкавічы да і пасля вырубкі дрэваў. Калаж «Флагштока»

Таксама ўлады паведамлялі, што ў 2026 годзе ў Калінкавіцкім раёне плануецца высадзіць 2220 дрэваў і 760 кустоў.

Але гэтыя лічбы датычацца ўсяго раёна, а не толькі Калінкавічаў. Канкрэтна, дзе будуць высаджваць новыя дрэвы, у артыкуле не ўдакладнялася. Няма там і адказу на пытанне, ці заменяць новыя насаджэнні дрэвы, страчаныя падчас цяперашняга добраўпарадкавання.

Для гараджан гэта істотная розніца. Малады саджанец не можа адразу замяніць дарослае дрэва, якое ўжо дае цень, затрымлівае пыл і ўплывае на тэмпературу на вуліцы. Каб невялікае дрэва сфармавала вялікую крону, патрэбныя гады.

Чытайце таксама: Калінкавічы рыхтуюць да «Дажынак»: жыхары незадаволеныя тым, што ад вуліцы Кірава засталося пасля добраўпарадкавання

Recent Posts

Гомельскія мастакі скардзяцца на дэфіцыт матэрыялаў: у горадзе амаль не засталося профільных крам

У Гомелі мастакі і людзі, якія займаюцца творчасцю, скардзяцца, што ў горадзе становіцца ўсё менш…

08.10.2026

Быхаўская раёнка хваліць «інтэнсіўнае» абнаўленне дарог, пакуль жыхары гадамі выбіваюць асфальт праз дзяржкантроль

Быхаўская раёнка за два дні выпусціла тры матэрыялы пра рамонт дарог. Частка работ пры гэтым…

08.10.2026

«Зеленый горит 25 секунд». В Кобрине на съезде с моста гаишники умудрились организовать постоянные пробки

Кобринчане жалуются на пробки при съезде со «старого» моста и считают, что светофор стал работать…

08.10.2026

Как «СТиМ» успешно работает в Европе и одновременно ремонтирует дороги в Крыму благодаря его владельцу Дмитрию Черненко

За 25 лет своей работы на польском рынке бизнес Дмитрия Черненко стал одной из крупнейших…

08.10.2026

Пинчанка брала на знакомых кредиты и продавала технику. В деле разбирался суд

34-летняя женщина просила знакомых оформлять на себя рассрочки и кредиты, а полученные от них смартфоны,…

08.10.2026

«Пользуется тип, который живет напротив супермаркета». Мужчина из Китая нашел свои украденные наушники в Барановичах

Наушники Apple украли 27 сентября в поезде Минск — Москва. Владелец не успел обратиться в…

08.10.2026