Мова перамен. Інжынер-хімік з Брэста: «У дзяцінстве думаў, што беларуская мова – такая ж «гарадская», як і руская»

19.04.2020 16:41 Сяргей на працы. Фота з асабістага архіва героя. Источник фото

Сяргей Карнялюк вырас сярод моўнай разнастайнасці, што так уласцівая для Палескага рэгіёна. З беларускай мовай звязваў шмат надзей.
Читайте BGmedia в:

Пра людзей, якія размаўляюць па-беларуску, часта думаюць, што гэта ці настаўнікі беларускай мовы, ці апазіцыянеры. Мы паразмаўлялі з чалавекам, чыя прафесія зусім з іншай сферы, а цікавасць да мовы паходзіла з ранняга дзяцінства і ніяк не была звязана з палітыкай. А яшчэ шлях да мовы ў яго стаў часцінкай шляху да Бога.

Читайте также: Мова перамен. «Была ў Харватыі, Славакіі, у Празе – усё разумею. Ведаеш беларускую – у Еўропе не прападзеш»

«Заахвочвалі выкладаць на беларускай»

Сяргей Карнялюк вырас часткова ў Брэсце, часткова ў вёсцы на Камянеччыне. У 1999 годзе скончыў біялагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта. Дыпломную працу па арганічнай хіміі і магістарскую па біяхіміі пісаў на беларускай мове. Пасля заканчэння ўніверсітэта яго па размеркаванні ўзялі асістэнтам на кафедру хіміі. І праз два гады, хоць яшчэ не была скончана магістратура, паставілі выкладаць. К гэтаму часу беларуская мова ўжо была для Сяргея мовай жывога маўлення.

Атмасфера на кафедры ў той момант была асаблівая. Загадчык Мікалай Пятровіч Ярчак, доктар хімічных навук, працаваў раней у Рызе, пасля яго запрасілі на кафедру.

Сяргей на працы. Фота з асабістага архіва героя

«Ён прыехаў у натхненні – такія часы былі – што падыме навуку, – згадвае Сяргей. – Быў беларускамоўны, таму з ахвотай мяне ўзяў. Заахвочваў, каб выкладалі на беларускай мове.

Калі я яшчэ вучыўся, у нас былі выкладчыкі, што вялі заняткі на беларускай. Выкладчыца аналітычнай хіміі Лідзія Андрэеўна Брэзоўская казала, што калі перайшла на выкладанне па-беларуску, то спачатку за гэта плацілі грошы. То быў пачатак 90-х. У 1994-м прыйшоў Лукашэнка, і праз пару гадоў усё згарнулі. Яна па інерцыі далей выкладала. Калі выкладаў ужо я, то нічога за гэта не даплачвалі, гэта было чыста па ўласнай ініцыятыве. Была тады такая хваля беларускамоўнасці, і многія ўспрымалі гэта добра».

З цягам часу выкладаць станавілася ўсё цяжэй і цяжэй, асабліва ў завочнікаў. Узніклі складанасці з беларускамоўным выкладаннем у групе студэнтаў з Магілёва. Ды і ўвогуле, паводле ўражанняў Сяргея, узровень абітурыентаў і студэнтаў стаў падаць. «Яны ўсё менш і менш разумелі нават на рускай мове». З універсітэта Сяргей пайшоў працаваць на прадпрыемства вядучым інжынерам-хімікам, працуе там і цяпер у якасці загадчыка лабараторыі.

Сяргей у Мадрыдзе на Сусветных днях моладзі. Фота з асабістага архіва героя

«Мы ж жывём не на мяжы з Расіяй»

Вучыць беларускую мову як нейкую «няродную» Сяргею ніколі не даводзілася. Дзяцінства яго праходзіла ў моўным «катле», дзе былі і палескія дыялекты, і руская, беларуская, украінская, польская…

«Я выхоўваўся часткова ў вёсцы. Часта ездзіў да бабулі, мяне там пакідалі, у садзік не хадзіў. Бабуля старалася выхоўваць мяне на рускай мове, але, вядома, там быў асяродак мясцовага дыялекту. Бацькі таксама ў сям’і размаўлялі на ім. Дыялект у нашым рэгіёне стракаты: напрыклад, бабуля размаўляла на адным варыянце, а яе сяброўка, што праз хату жыла, з іншай вёскі, – адчувалася, што ў яе ён зусім іншы, і па словах, і па вымаўленні. Тэлебачанне ў нас лавіла і Польшчу, і Украіну, таму гэтыя мовы для мяне былі вельмі блізкімі. Мой стрыечны брат, напрыклад, вывучыў польскую пад тэлебачанне. Я таксама глядзеў мультфільмы на польскай мове.

На беларускай мове не было з кім размаўляць у дзяцінстве, але дасталіся падручнікі і кнігі. Мая маці вучылася ў беларускамоўнай школе. У бабулі быў брат, які ажаніўся з настаўніцай, і да мяне перайшлі кніжкі на беларускай мове. Была матэматыка, біялогія, нейкі падручнік па прыродазнаўстве. Я быў ахвочы да навук і чытаў на любой мове, што мне траплялася. Мог узяць матэматыку і чытаць на беларускай. Казку «Жаронцы» завучыў па памяць і пераказваў. Песенькі вучыў, якія падабаліся. Таму з дзяцінства ў мяне было здзіўленне, што мы жывём у Беларусі і не размаўляем па-беларуску. У матулі запытаўся, а яна кажа: «Вось, далей у Беларусі па-беларуску размаўляюць, а ў нас тут проста…» Мелася на ўвазе, што мы ў палескім рэгіёне. Я гэтага не зразумеў: мы ж жывём зусім з іншага боку, не на мяжы з Расіяй, дык павінны, напрыклад, размаўляць па-ўкраінску ці па-польску. Мясцовая мова мне здавалася сельскай, а беларуская – я яе на тэлебачанні чуў – такой жа гарадской, як і руская. Але ў Брэсце я яе не чуў. Потым, калі падрос, я стаў удзельнічаць у абласных і рэспубліканскіх алімпіядах. З’ездзіў у Віцебск, Баранавічы, Мінск і пабачыў, што ў іншых гарадах таксама гучыць расійская мова, хоць гэта і цэнтр Беларусі. Тады зразумеў, што справа зусім у іншым». 

Читайте также: Журналістка з Брэста: «Беларуская мова палягчае жыццё… Яна дапамагае дачцэ кантактаваць з дзецьмі з Польшчы і Чэхіі»

Мова зносін з Богам

Размаўляць па-беларуску Сяргей пачаў ва ўніверсітэце. У яго быў выкладчык беларускай мовы Мікола Аляксандравіч Новік, які ўжываў яе пастаянна, а не толькі на парах. Ён і паказаў прыклад, што можна размаўляць на мове ў жыцці. Сяргея зацікавіла, што ягоная мова была іншая: адрозніваўся акцэнт. Яшчэ раней тое ж самае Сяргей заўважыў, калі пачуў песні Данчыка.

Распытваючы ў свайго выкладчыка, што да чаго, ён даведаўся, што быў іншы правапіс, тарашкевіца, і людзі размаўлялі трохі інакш, а потым пад уплывам рэформы правапісу – пераходу на наркамаўку – і пад ціскам рускай мовы змяніліся лексіка і вымаўленне. Стала знікаць асімілятыўная мяккасць, «я» ў часціцы «ня» і гэтак далей.

Сяргей Карнялюк (другі злева) падчас спеву ў брэсцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Фота з асабістага архіва героя

«Вось гэты каларыт, які я пачуў у Данчыка і потым у свайго выкладчыка, мне вельмі падабаўся. Гэтая мілагучнасць, пераліў цвёрдага ў мяккае. Такога няма ў іншых мовах. Для мяне беларуская мова стала крыніцай не проста дадатковых ведаў, а яшчэ і асаблівага каларыту. Асаблівая мова, не падобная на польскую ці расійскую. Вельмі падабалася, што іншыя таксама могуць на ёй размаўляць, што гэта жывая мова».

Сяргей стаў размаўляць па-беларуску з сябрам, цікавіцца беларускамоўным асяродкам. Праз выкладчыка даведаўся, што існуе Беларускі народны фронт, і прыйшоў на іх сядзібу. Там пазнаёміўся з вядомым на сённяшні дзень краязнаўцам Ігарам Бараноўскім, які тады збіраўся ствараць культурную арганізацыю.

У той жа час пазнаёміўся са святаром грэка-каталіцкай парафіі айцом Ігарам Кандрацьевым, які тады толькі прыехаў у Брэст.

Некалькі гадоў трапляў на сустрэчы вернікаў час ад часу. Да таго быў ахрышчаны ў праваслаўі, часам хадзіў з бацькамі у праваслаўны храм, але супольную малітву недаацэньваў. У 2001 годзе, калі ўжо быў адкрыты будынак грэка-каталіцкай парафіі ў Брэсце, стаў хадзіць пастаянна, а ў 2002 годзе на Вялікдзень быў прыняты ў парафію.

«Мне спадабалася, што можна яшчэ і маліцца да Бога на роднай мове, што былі перакладзеныя літургічныя і іншыя малітвы. Спадабалася, што мова можа быць мовай зносін з самім Богам.

У царкве знайшоў сабе жонку, але яна на беларускую мову так і не перайшла, хоць можа размаўляць і маліцца. З ёй магу размаўляць і па-руску, і па-беларуску».

Грэка-каталіцкая парафія – адзін з галоўных беларускамоўных асяродкаў у Брэсце. Першыя заняткі курсаў «Мова нанова» праходзілі ў царкоўным будынку.

Славянскае паразуменне

Датэгуль кожны з герояў рубрыкі «Мова перамен» з імпэтам згадваў моманты, калі беларуская мова раптам давала магчымасць размаўляць без перакладу з палякамі, чэхамі, славакамі. Знайшлася такая гісторыя і ў Сяргея. Таксама звязаная з царквой.

Сяргей (злева) падчас пілігрымкі «Бабровічы – Целяханы». Фота з асабістага архіва героя

«Быў цікавы выпадак. Дзесьці ў 2011 годзе. Мы былі ў Мадрыдзе на Днях моладзі. У апошні дзень была сустрэча з Папам Рымскім. Пражывалі мы ў школе мадрыдскай. Мы з сябрам пайшлі за ежай на ўсю нашу групу і неслі да сваіх. Сустрэліся людзі, якія пачалі пытацца на англійскай мове, дзе мы ежу знайшлі. Я гляджу, што яны запаволена размаўляюць па-англійску, мабыць, з нейкай славянскай мовы перакладаюць у сябе ў галовах. Вырашыў спытацца, адкуль яны. Кажуць: «Славакія». Мы кажам: «О, пераходзьце на сваю мову, а мы – на беларускую». Размова адразу пайшла ў два-тры разы хутчэй. Мы іх разумелі, яны нас, мова-пасрэднік (англійская) не спатрэбілася.

Ад Ігара Бараноўскага даведаўся, што калі праводзяцца навуковыя сустрэчы між славянскімі народамі і ўдзельнічаюць палякі, украінцы, беларусы, славакі і гэтак далей, то перакладчык не патрэбен, усё лёгка адбываецца. Цяжкасці могуць быць, толькі калі ёсць рускія, ім бывае нязвыкла. Хаця многія таксама разумеюць славянскія мовы. Для нас гэта не праблема, аказваецца».

«Калі б перавялі на дзяржаўным узроўні, усе б перастроіліся»

У цяперашні час беларускамоўны асяродак Сяргея па-за царквой даволі вузкі.

«На працы ўся дакументацыя на рускай. Стандарты, па якім мы працуем, усе на рускай выходзяць. Няма зацікаўленасці нічога беларускамоўнага выпускаць. Пратаколы прадукцыі, якую мы вырабляем, можна было б выдаваць і на беларускай, і на англійскай, але гэта, вядома, дадатковыя сродкі. На жаль, начальнік спачатку не быў да гэтага прыхільны. Але зараз таксама часам піша па-беларуску. Нейкая другая хваля беларускасці, можа, і ёсць».

Сяргей (другі злева) падчас пілігрымкі «Бабровічы – Целяханы». Фота з асабістага архіва героя

Адна з калег у лабараторыі прыхільная да беларускай мовы. Іншы супрацоўнік беларускую не любіць, аднак размаўляе на мясцовай гаворцы, і Сяргей у камунікацыі з ім выкарыстоўвае сваё веданне дыялектаў. Але калісьці ў марах уяўлялася, што ўсё будзе інакш.

«Зараз прывык. Беларускае: «Можа, так і трэба». А ў маладосці, вядома, вельмі хацелася, каб мова ўжывалася шырэй. Думаў, што гэта будзе заканамерна.

Прасцей было б, калі б перавялі ўсё гэта на дзяржаўным узроўні. Усе б перастроіліся. А так яно будзе цягнуцца доўга, гэтае двухмоўе».

 

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: