Георгий Рой

«Для мяне было важна захаваць і сумленне, і святарства». Георгій Рой — пра Беларускі праваслаўны прыход у Вільні

01.05.2024 00:32

Фактычна грамада вернікаў у Вільні ўжо была і чакала, калі пачнецца рэгулярнае царкоўнае жыццё. Першая літургія адбылася на Вялікдзень мінулага года.
Читайте BGmedia в:

Год таму ў Вільні святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта (аўтар ютуб-каналу Batushka ответит) заснавалі беларускую праваслаўную грамаду ў складзе Сусветнага (Канстантынопальскага) Патрыярхату. Яе жыццё пачалося з урачтыстай літургіі на Вялікдзень, якую рыхтавалі літаральна на хаду: святары на той момант толькі-толькі атрымалі дабро на пераход ў Канстанцінопальскі патрыярхат. Гэта дало ім магчымасць працягваць святарскае служэнне ў эміграцыі.

Мы паразмаўлялі з айцом Георгіем Роем, які нарадзіўся і вырас у Кобрынскім раёне, пра тое, што зрабіла яго беларускамоўным беларусам і беларускамоўным святаром. У першай частцы размовы суразмоўца распавёў пра ўласны шлях асэнсавання сябе беларусам, што бывае няпроста для людзей, якія выраслі на паляшуцкіх гаворках. У другой частцы размова пойдзе пра адстойванне сумлення ва ўмовах распачатай расейскай агрэсіі супраць Украіны, пераход у Канстанцінопальскі патрыярхат і стварэнне беларускай праваслаўнай грамады ў Вільні. 

Чытайце таксама: Пры мітрапаліце Філарэце абавязковым быў верш «Магутны Божа». Святар Георгій Рой — пра шлях да беларускай мовы і царквы

Служба в Беларуской православной церкви
Святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта падчас службы ў Беларускім праваслаўным прыходзе. Фота з фэйсбука Георгія Роя

Святарства ці сумленне

— Калі пачалася вайна, ужо не было такога натхнення, такой надзеі. Ішлі цяжкія рэпрэсіі. Тады зноў паўстаў вельмі востры маральны выбар: гаварыць ці маўчаць. Было рэальна страшна. Я разумеў, што калі я зараз публічна выкажуся, то гэта можа мець сур’ёзныя наступствы для мяне. 

Але я сабе гаварыў так: калі я прамаўчу, гэта значыць, я буду падзяляць адказнасць за тое, што дзеецца. Я адчуваў неабходнасць адмежавацца ад гэтага, асудзіць гэтае злачынства (расейскае ўторгненне ва Украіну. — Рэд.). На пропаведзях я адназначна сказаў, што гэта зло. Зрабіў допіс у фэйсбуку «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, выступаю супраць ваеннай агрэсіі і г.д», які шырока разышоўся. Не я склаў гэты тэкст, але фактычна я быў адным з першых, зто яго распаўсюдзіў. У мяне былі сотні рэпостаў. Падпісаў ліст святарства супраць вайны, іншыя публічныя звароты.

Потым мяне выклікалі на размовы, былі пагрозы: калі я яшчэ буду публічна выступаць, для мяне гэта проста так не пройдзе. Ціснулі з двух бакоў: з боку чынавенства і з боку царкоўнай улады. Даходзіла да такога, што ці я страчу сумленне і захаваю святарства, ці захаваю сумленне, але страчу святарства. Я падумаў, што для мяне важна захаваць і сумленне, і святарства.    

Ёсць шмат прычын, чаму мы вырашылі эміграваць, але адна з асноўных — тое, што мне было важна і застацца святаром, і захаваць сваё сумленне. 

«Склалася ўражанне, што тут гэтых беларусаў паўсюль» 

Я не ведаў, ці прымуць мяне ў Канстанцінопальскі патрыярхат, ці не прымуць. Гэта складаная працэдура пераходу. Зараз ужо шмат святароў Рускай праваслаўнай царквы перайшлі ў Канстанцінопаль — у першую чаргу тыя, хто займае антываенную пазіцыю. Але мы былі першыя, можна сказаць, у гэтым шэрагу. 

Да таго моманту прынялі толькі літоўскіх святароў, якія выступілі супраць вайны, і якіх засудзіў маскоўскі патрыярх і пазбавіў іх святарства. Яны падалі апеляцыю і былі першымі, каго аднавілі ў служэнні. Але ні я, ні айцец Аляксандр Кухта, з якім я служу, не былі пад судом і не мелі права на апеляцыю. 

Цалкам было магчыма, што нас маглі не прыняць. Мы напісалі прашэнні на імя канстанцінопальскага патрыярха. Дзякаваць Богу, патрыярх Варфаламей падтрымаў, і перад Вялікаднем мінулага года мы былі прынятыя ў склад Канстанцінопальскай царквы. 

Нечакана ўсё адбылося вельмі хутка: ад моманту падачы прашэння да моманту станоўчага адказу прайшло роўна пяць дзён. Хто ведае канцылярыю Канстанцінопальскай царквы — гэта проста беспрэцэдэнтна хутка. Канстанцінопаль зазвычай вельмі-вельмі павольна разглядае такога кшталту справы. Там дзейнічае прынцып: не спяшацца, усё ўзважыць.

Але на той момант патрыярх Варфаламей ужо быў у сакавіку ў Вільні, і да яго падыходзіла вельмі шмат нашых беларускіх актывістаў, дзеячаў, і Святлана Ціханоўская ў тым ліку. І ў патрыярха Варфаламея, напэўна, склалася ўражанне, што тут гэтых беларусаў паўсюль, і што прыход у Вільні патрэбны. Ён гэта, відаць, запомніў, і мы якраз на гэтай хвалі падалі прашэнні. І прашэнні былі разгледжаныя фенаменальна хутка.

Светлана Тихановская и Георгий Рой
Георгій Рой падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Фота з фэйсбука Георгія Роя

«Фактычна грамада ўжо была» 

Трэба сказаць, што калі мы пераехалі ў Вільню, нашыя людзі, хто тут быў, адразу звярнуліся да мяне, да айца Аляксандра і казалі, што нам трэба беларуская грамада. Я бачыў, што такі запыт ёсць. Мне, канешне, вельмі хацелася служыць для сваіх людзей, дзя беларусаў, стварыць беларускі прыход. 

Я лічу вельмі важным, каб праваслаўныя беларусы моглі мець альтэрнатыву: калі ты праваслаўны, гэта не значыць, што ты абавязкова падпарадкоўваешся маскоўскаму патрыярху і рускай царкве. То бок ты можаш быць праваслаўным і не быць звязаным з рускай царквой. Гэта важна ўвогуле для будучыні праваслаўнай царквы ў Беларусі.

Фактычна грамада ўжо была, і гэтая грамада вельмі чакала, што пачнецца рэгулярнае царкоўнае жыццё. 

Першая наша літургія была на Вялікдзень мінулага года. Мы, канешне, хваляваліся, бо не ведалі, колькі людзей прыйдзе. Але мы былі ўражаныя колькасцю людзей, якія прыйшлі на нашу першую службу. Служылі мы ў будынку лютэранскай царквы. Гэта досыць вялікі храм. І ён быў напоўнены людзьмі. Гэта было некалькі соцень чалавек і сапраўдны Вялікдзень, радасць ад уваскрасення Хрыстовага і радасць ад таго, што ў ноч, калі ўваскрэс Хрыстос, з’явілася нашая грамада. 

У нас тады не было ні святарскіх аблачэнняў, ні чашы для службы, нічога. Але неяк, дзякаваць Богу, гэта ўсё арганізавалася. 

Мы бачылі мноства людзей, якія чакалі гэтай падзеі, якія з надзеяй глядзелі на нас і на нашую справу. Гэта было, канешне, неверагодна натхняльна. Гэта было разуменне, што ўсё не дарма.

У мяне было шмат месцаў служэння. Я быў сельскім святаром, я быў выкладчыкам акадэміі, семінарыі, я служыў пэўны час у Жыровіцкім манастыры, я служыў у вялікім гарадскім храме. Але досведу стварэння грамады з абсалютнага нуля ў мяне не было. 

Увесь гэты год мы вельмі рупліва працавалі над стварэннем царкоўнага жыцця нашай беларускай грамады ў Вільні. Вельмі важна для нас, каб гэта было царкоўнае аб’яднанне іншага характару, не такое, як мы ведаем з нашага папярэдняга царкоўнага жыцця. Каб гэта была сапраўдная хрысціянская грамада, пабудаваная на сапраўдных евангельскіх прынцыпах. Нам вельмі важна не проста змяніць юрысдыкцыю, а заснаваць якасна іншы пачатак Беларускай праваслаўнай царквы. 

«Імкнемся да стварэння свайго перакладу літургічных тэкстаў» 

Ёсць вельмі шмат праваслаўных беларусаў, якія доўгія гады ці нават дзесяцігоддзі марылі пра тое, што можа быць паўнавартасная беларуская царква, паўнавартасны беларускі прыход. Канешне, людзі вельмі па гэтым усім засумавалі. Таму мы зараз псіхалагічна гэта перажываем як здзяйсненне таго, чаго мы так доўга чакалі. І мы проста насалоджваемся атмасферай хрысціянскай праваслаўнай беларускасці. 

Чытайце таксама: «Узровень шчасця ў грамадстве залежыць ад таго, як чалавек адчувае сябе ў сям’і». Чаму ў Беларусі столькі разводаў?

Гэта не так, як было ў Беларускай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату: ну добра, хтосьці табе зрабіў міласць, што раз на месяц можа быць адслужана беларуская літургія. Тут цалкам усё наша і літургічнае і па-залітургічнае жыццё беларускае. 

Ёсць пэўны недахоп літургічнай літаратуры, тэкстаў малітваў на беларускай мове. Але мы працуем над гэтым. «Хрысціянская візія» стала ініцыятарам новага праваслаўнага перакладу багаслужэнняў на беларускую мову. Наша грамада актыўна супрацоўнічае з імі, і мы паступова рыхтуем гэтыя пераклады. 

Ёсць пераклады, зробленыя беларускімі грэка-каталікамі, пераклады айца Аляксандра Надсана. Мы карыстаемся імі. Я і сам крыху удзельнічаў некалі ў перакладзе Новага Запавету на беларускую. Рабіў літургічныя пераклады. Для мяне гэтая тэма зусім не чужая.   

Пераклады, зробленыя беларускімі грэка-каталікамі не дрэнныя, але ёсць ньюансы, абумоўленыя рознасцю традыцый і гэта немагчыма не ўлічваць, таму мы і імкнёмся да стварэння свайго перакладу. Але пакуль спакойна карыстаемся і тымі тэкстамі, якія пераклалі грэка-каталікі. 

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Подпишитесь на наши новости в Google

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: