Categories: Общество

«Мы не ведаем пра ўсе выпадкі»: што кажуць праваабронцы пра спробы самагубства палітвязняў у турмах Беларусі

Юрыстка ПЦ «Вясна» распавяла BGmedia пра стан беларускіх турмаў, спробы самагубства палітзняволеных і чаму частка такіх гісторый не становіцца публічнай.

Share

У беларускіх месцах пазбаўлення волі працягваюць узнікаць выпадкі, калі палітычныя зняволеныя наносяць сабе пашкоджанні або спрабуюць скончыць жыццё самагубствам. Пры гэтым дакладнай статыстыкі пра такія гісторыі фактычна няма, а значная частка інфармацыі становіцца вядомай толькі праз праваабаронцаў і родных зняволеных.

Чытайце таксама: «Заведама невыканальныя ўмовы»: чаму грашовыя пераводы ў беларускія калоніі «завісаюць»

Юрыстка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галаўнёва адзначае, што праблема значна шырэйшая, чым можа здавацца па публічных паведамленнях: «Значна часцей становяцца вядомымі выпадкі спроб самагубства або нанясення сабе пашкоджанняў. Але важна разумець: далёка не пра ўсе такія выпадкі становіцца вядома і не пра ўсе кажуць публічна».

Святлана Галаўнёва, юрыстка ПЦ «Вясна». Фота: «Вясна»

Апошні вядомы выпадак

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у ліпені 2025 года палітычнага зняволенага Сцяпана Латыпава перавялі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калонію № 22 «Воўчыя норы». Пасля прыбыцця яго адразу змясцілі ў штрафны ізалятар, а затым — у памяшканне камернага тыпу.

Менавіта там ён парэзаў сабе вены, пасля чаго яму зашывалі раны. Праваабаронцы паведамляюць, што ўмовы ўтрымання ў ПКТ былі вельмі цяжкімі: у камеры не было нават разеткі, а кіпень выдавалі толькі двойчы на дзень.

Палітвязень Сцяпан Латыпаў, які захварэў на цынгу

Прыкладна ў верасні 2025 года зняволенага зноў перавялі ў турму. Паводле інфармацыі, якая дайшла да праваабаронцаў, ён казаў, што не бачыць сэнсу жыцця і не вытрымае яшчэ аднаго тэрміну ў турэмным рэжыме.

Гэта ўжо не першая спроба самагубства з боку Латыпава. Першы раз ён спрабаваў скончыць жыццё самагубствам летам 2021 года — проста падчас судовага пасяджэння. Тады мужчына ўтыкнуў асадку сабе ў шыю, пасля чаго быў праапераваны ў бальніцы.

Пасля этапавання ў калонію, паводле праваабаронцаў, ён неаднаразова сутыкаўся з ціскам з боку адміністрацыі. Яго змяшчалі ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. На знак пратэсту супраць такога стаўлення ён глытаў лязо і зноў наносіў сабе пашкоджанні.

У выніку восенню 2022 года яму змянілі рэжым утрымання і перавялі на два гады ў магілёўскую турму № 4.

Чытайце таксама: Освободили 250 политзаключенных, но судьба большинства из них пока неизвестна. Кто вышел на свободу из брестчан?

Колькі палітвязняў загінулі ў зняволенні

Адказваючы на пытанне пра агульную сітуацыю, Святлана Галаўнёва адзначае, што ў Беларусі фактычна няма адкрытай і дасяжнай статыстыкі пра смерці ў месцах пазбаўлення волі.

Паводле звестак праваабаронцаў, з 2020 года вядома як мінімум пра дзевяць смерцяў палітычных зняволеных.

У некаторых выпадках абставіны смерці выклікаюць пытанні. Напрыклад, у 2024 годзе памёр палітвязень Дзмітрый Шлетгаўэр. У дакуменце пра смерць у якасці прычыны была пазначана механічная асфіксія — такая фармулёўка часта выкарыстоўваецца ў выпадках самагубства праз павешанне. Аднак сям’я зняволенага не пагаджалася з такой версіяй.

Дзмітрый Шлетгаўэр, беларускі палітвязень

Спробы самагубства могуць адбывацца значна часцей

Праваабаронцы лічаць, што рэальная колькасць спроб самагубства ў турмах можа быць значна большай, чым тая, пра якую становіцца вядома.

«Пра многія выпадкі мы проста не даведваемся. Частка інфармацыі застаецца ўнутры сістэмы, і людзі не заўсёды могуць або гатовыя пра гэта казаць», — адзначае юрыстка «Вясны».

Часцей за ўсё публічнымі становяцца толькі самыя гучныя гісторыі або тыя, пра якія паведамляюць блізкія зняволеных.

Іншыя вядомыя выпадкі ў апошнія гады

За апошнія некалькі гадоў з’явілася некалькі паведамленняў пра падобныя выпадкі.

У 2023 годзе «Польскае радыё» паведамляла, што былы палітзняволены Ігар Лосік зрабіў спробу самагубства. У тым жа годзе мастак Алесь Пушкін нанёс сабе цяжкія пашкоджанні — выразаў крыж на жываце.

Таксама ў 2023 годзе ў папраўчай калоніі № 14 зняволены Уладзімір Іпатаў выкінуўся з акна пасля жорсткага абыходжання. Яго шпіталізавалі.

Як адзначае Святлана Галаўнёва, такія дзеянні ў турмах нярэдка становяцца формай пратэсту супраць ціску.

Умовы ў турмах і псіхалагічны стан зняволеных

Праваабронца сцвярджае, у многіх выпадках самапашкоджанні звязаныя з псіхалагічным станам людзей і ўмовамі ўтрымання.

Асабліва складанай можа быць сітуацыя ў мужчынскіх калоніях, дзе існуе нефармальная каставая сістэма паміж зняволенымі. У такіх умовах чалавек можа апынуцца ў ізаляцыі або пад пастаянным ціскам.

Акрамя гэтага, палітвязні выкарыстоўваюць і іншыя формы пратэсту — напрыклад, галадоўкі. Вядомы выпадак, калі палітзняволеная Вікторыя Кульша абвяшчала галадоўку не менш як шэсць разоў.

Палітзняволеная Вікторыя Кульша

Пры гэтым праваабаронцы падкрэсліваюць важную рэч: нават калі чалавек выкарыстоўвае самапашкоджанні як форму супраціву, гэта не значыць, што небяспека для яго жыцця не рэальная.

«Тое, што вязні выкарыстоўваюць такія метады як пратэст, не значыць, што спробы самагубства — нешта несур’ёзнае. Мы ніколі не ведаем, у якім псіхалагічным стане знаходзіцца чалавек у гэты момант».

Чытайце таксама: Самазабойствы школьнікаў у Беларусі: чаму школа не становіцца апорай для дзяцей

Падобныя выпадкі былі і раней

Спробы самагубства ў месцах пазбаўлення волі адбываліся і да падзей 2020 года.

Напрыклад, у 2016 годзе Ягор Пратасеня, асуджаны па «наркатычным» артыкуле, спрабаваў павесіцца ў знак пратэсту супраць здзекаў і катаванняў.

А ў 2011 годзе Мікалай Аўтуховіч падчас свайго першага зняволення рэзаў сабе вены.

Мікалай Аўтуховіч у залі суда. Фота: sb.by

Аднак пасля 2020 года колькасць палітычных зняволеных значна павялічылася, і разам з гэтым з’явілася больш паведамленняў пра цяжкі псіхалагічны стан людзей у турмах.

Паводле «Вясны», цяпер вядома пра некалькі палітвязняў, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкім псіхалагічным стане і маюць суіцыдальныя думкі.

Але гэтыя выпадкі канфедэнцыйныя, таму імёны не называюцца.

Праблемы не заканчваюцца пасля вызвалення

Як паведамляе Святлана Галаўнёва, нават вызваленне не заўсёды вырашае праблему. Пасля турмы людзі могуць сутыкацца з сур’ёзнымі псіхалагічнымі наступствамі. Асабліва калі яны вымушаныя пакінуць краіну і пачынаць жыццё з нуля ў эміграцыі.

Фрустрацыя, траўмы і стрэс могуць прывесці да дэпрэсіі і суіцыдальных думак ужо праз некаторы час пасля вызвалення. Менавіта таму, паводле праваабаронцаў, вельмі важна, каб былыя палітвязні мелі доступ да псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі.

Гісторыя Сцяпана Латыпава ў чарговы раз узняла пытанне пра ўмовы ўтрымання палітычных зняволеных у Беларусі. І галоўнае, на чым робяць акцэнт праваабаронцы: праблема значна шырэйшая за адзін выпадак. Бо пакуль няма адкрытай статыстыкі, незалежнага кантролю і празрыстасці ў сістэме месцаў пазбаўлення волі, дакладна сказаць, колькі людзей у турмах знаходзяцца ў крытычным псіхалагічным стане, практычна немагчыма.

Чытайце таксама: Эдуард Пальчис, Катерина Андреева, Наста Лойко: стало известно об освобождении политзаключенных (обновлено)

Recent Posts

У Маладзечне ўсталявалі домік для бяздомных катоў: беларусы кажуць, што такія павінны з’явіцца ў кожным двары

У Маладзечне валанцёры разам з уладамі паставілі домік для бяздомных катоў. Сітуацыя нагадала беларускім карыстальнікам…

31.03.2026

«Цену на два умножить надо»: беларуска показала, какую квартиру хочет снять в Бресте за $250–300 в месяц

Беларуска в Threads решила найти квартиру мечты в Бресте за $250–300, приложив референсы интерьера. В…

31.03.2026

После жалобы на неработающий КТ жительница Слуцка встретилась с чиновниками райисполкома

История с кабинетом компьютерной томографии в Слуцкой больнице получила продолжение: после видео и шума в…

30.03.2026

В Бресте планируют 37 новых высоток на месте популярной среди местных зеленой зоне — жители протестуют

В Бресте готовится крупная жилая застройка в уже сформировавшихся кварталах. Жители возмущены: снова исчезает островок…

30.03.2026

«Для меня это был шок»: Дмитрий Авдеев — о вывозе оленей из «Уголка живой природы»

Руководитель «Дома брестского аиста» Дмитрий Авдеев заявил: оленей из брестского зооуголка вывезли в Беловежскую пущу…

30.03.2026

Насельніцтва Брэсцкай вобласці працягвае змяншацца: што змянілася за год

За год насельніцтва Брэсцкай вобласці скарацілася больш чым на 9 тысяч чалавек. Але ў самім…

30.03.2026