Журналісты-фрылансеры Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук з дачкой Камілай выехалі 4 ліпеня, перад пачаткам масавых ператрусаў у рэдакціях недзяржаўных СМІ.
Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука затрымлівалі і сёлета ў сакавіку на Дзень Волі, і восенню 2020 года. Мілана нават пабывала «на трохдзённай экскурсіі ў легендарным падвале Ленінскага ІЧУ Берасця». У 2018-2019 гадах журналісцкую сям’ю штрафавалі за прафесійную дзейнасць дзесяткі разоў. Урэшце яны здабылі ярлык «каардынатараў пратэстаў».
Читайте также: «Ощущение, что мы в Беларуси будущего». История брестской семьи, которая не захотела, чтобы детей воспитывала система
Выязджаючы ў Батумі летам, Алесь з Міланай не адчувалі сябе ўцекачамі. Думалі адпачыць, пакупацца ў моры і вярнуцца. Узялі адну валізку са шлепанцамі, шортамі і купальнікамі, зрабілі страхоўку на месяц, купілі зваротныя квіткі. Потым доўга не маглі вярнуць за іх грошы ў «Белавія».
Мілана супраціўлялася думцы, што вяртацца нельга, нават калі ў калегаў пачаліся ператрусы. Вырашыў шэраг чыннікаў, у першую чаргу 342 артыкул, паводле якога прайшоў ператрус у іх саміх. Акрамя таго, яшчэ ў Берасці на сям’ю журналістаў пачалася прапагандысцкая атака.
Апошнія пару месяцаў, калі яны працавалі ў судах, за імі бегала супрацоўніца дзяржаўнага тэлебачання, якая раней рабіла сюжэты пра вядомых берасцейскіх актывістаў. Прыходзіла яна нібыта каб рабіць рэпартаж, але ўсю ўвагу пераключала на Мілану з Алесем, спрабавала завязаць размову, задаючы пытанні наконт акрэдытацыі і падобныя, з якіх нельга было зразумець, чаго яна хоча. А пасля ператрусаў хтосьці з берасцейцаў даслаў выпушчанае тым жа тэлебачаннем відэа, у якім журналістаў вінавацілі ў каардынацыі пратэстаў.
Читайте также: «Охота на ведьм» вступила в Беларуси в новую фазу. Любая динамика для действующей власти враждебна
У такім статусе вяртацца было нельга.
Паралельна ішла хваля зачысткі журналістаў сярод СМІ, з якімі супрацоўнічалі Мілана і Алесь.
«Два СМІ, з якімі супрацоўнічалі, прызналі «фарміраваннямі», так што мы цяпер экстрэмісты ў квадраце».
Нейкі час сядзелі ў Батумі ў прастрацыі наконт таго, што рабіць, з адной валізкай. Кожны дзень звязваліся з тымі, хто з’ехаў, і з тымі, хто застаўся, маніторылі сітуацыю. Вырашаць патрэбна было да восені — Каміле ісці ў школу.
Некаторыя знаёмыя пісалі, што, можа, да верасня ўсё зменіцца.
Каб не заганяцца ў асабістых думках, пазнаёміліся з дыяспарай, сталі хадзіць на акцыі, рабіць фота, займацца звычнай справай. У Батумі летам было, па ўражаннях Алеся, тысяча-паўтары беларусаў.
«Потым прыехаў з Берасця ў адпачынак наш сябар, прывёз нам цэлы заплечнік: ноўтбук, здымач, дачцэ рэчы для плавання. Стала прасцей».
Каміла займаецца плаваннем восьмы год, у Берасці трэнавалася на базе Цэнтру алімпійскага рэзерву па водных відах спорту, прывозіла медалі са спаборніцтваў у Беларусі і за мяжой. Усе медалі і кубкі засталіся ў Беларусі.
Читайте также: От 500 до 700 тысяч человек могут подвергнуться системным репрессиям в Беларуси, прогнозирует политолог Павел Усов
Пад восень вырашылі ехаць бліжэй да дому.
«Нам пасаваў любы горад, дзе ёсць басейн. Урэшце мы вырашылі не перарываць традыцыю і жыць у гарадах на Б: Берасце, Батумі, Беласток».
Уласная гісторыя падаецца Мілане не надта цікавай: няма ў ёй «уцёкаў праз вакно, як у некаторых».
Беласток — родны, тут амаль як у Беларусі, расказвае Мілана.
«У Беластоку досыць вялікая дыяспара, і яны прапасці не дадуць. Ёсць шэлтар, дом здымаецца, дзе можна невялікі першы час, пакуль шукаеш жытло, перакантавацца.
Калі дачку ў школу аддавала, нам не любая школа пасавала. Трэба было знайсці адмысловую школу са спартыўнымі класамі, яны датуюцца дзяржавай і вельмі загадзя ідзе набор, яшчэ вясной у сакавіку, а мы ў верасні прыехалі. І яны ўзгаднялі на ўзроўні ўраду, каб яе туды ўзяць. Нам дапамагала фундацыя весці перамовы, таму што ў мяне яшчэ не такі быў узровень польскай мовы. Ці не ведаеш правілы, як там гэтыя дакументы трэба рабіць. Яны нам дапамагалі».
Дапамагалі і беларусы.
«Нам трэба было ехаць у адно месца PESEL афармляць, не ведалі як даехаць, — нас проста на машыне завезлі. Калі ёсць нейкія пытанні, тут людзі стараюцца адзін аднаму дапамагаць. Першы час пыталіся: можа, вам грошай пазычыць? Прапанавалі падказкі, дзе танней што набыць апрануцца і гэтак далей. Прыехалі з Берасця беларусы і прывезлі нам рэчы з дому цёплыя, боты».
«Што мяне здзіўляе ў Беластоку — што палякі вельмі добра ў тэме, што адбываецца ў Беларусі, пагружаныя ў нашу».
Гэта не дзіўна, бо ў кагосьці сваякі з Беларусі, у кагосьці суседзі. Што датычыцца мігрантскага крызісу, яны разумеюць, адкуль ён паходзіць і хто вінаваты.
«Канешне, ім хочацца, каб краіна суседняя была адэкватная, не тая, ад якой хочацца адгарадзіцца вялізным мурам».
Сярод беларусаў у Беластоку больш гарадзенцаў. З Берасця Алесь ведае сем чалавек.
Паслуг «ад беларусаў» дастаткова, як і ў іншых гарадах. Хтосьці адкрыў паб, хтосьці цырульню, хтосьці робіць карысныя дэсерты. Беларусы стараюцца звяртацца да сваіх, каб падтрымаць.
«Не сказаць, што мяне нешта здзівіла ў Польшчы, — расказвае Алесь. — Усё ў прынцыпе так, як і чакаў. У Грузіі было значна танней жыць. Сёння ў Беластоку кватэру зняць — мінімум 1 600-1 700 злотых (каля 400 даляраў), а ў Грузіі зараз можна зняць за 130 даляраў».
Некаторыя берасцейцы, якія хацелі пераехаць у Польшчу з Грузіі, даведваліся, колькі каштуе кватэра, і заставаліся ў Грузіі.
Для паступлення Камілы ў польскую школу не было ніякіх дакументаў з беларускай: ні атэстатаў, ні астатняга.
«Патлумачыла ім сітуацыю, як мы ўцякалі, і яны вельмі прыязна паставіліся. Шмат давялося ўзгадняць, усе дакументы, якія можна, даставалі, але без дакументаў з беларускай школы яны яе прынялі.
Ёй трэба было як спартоўцы праходзіць медагляд, яны таксама з вялікім разуменнем ставіліся, што ў нас няма нейкай паперкі ці што мы першы раз і чагосьці не ведаем. Усё тлумачаць. Няма такого, што «панаехалі, не ведаеце правіл». З такім ні разу не сутыкнуліся».
Непрыемнасці падвалілі з беларускага боку.
«Нам тэлефанавалі з беларускай школы, і ў іх галоўная праблема, чаго яны баяцца — што прыйдзе праверка, а яна ў іх яшчэ лічыцца. Пакуль дакументы не забярэм, яна дзесьці там вісіць. «Ваш ребенок не учится!» Мы кажам: «Вучыцца яна, не хвалюйцеся» — «Пришлите нам документы!» То бок іх не хвалюе, дзе яна вучыцца, як. Фактычна дзіця з-за таго, што ў журналісцкай сям’і, вымушана кінуць усё, сваё любімае плаванне, уцякаць з краіны. Іх гэта не турбуе, іх турбуе «атчотнасць» — што прыйдзе праверка і там штосьці не супадзе. А тут стараюцца ўсе ж такі разгледзець асобу».
Читайте также: «Я тут чужынец, і гэта нармальна»: брестчанин Виктор Климус делится впечатлениями о жизни белоруса в Варшаве
У беларускай школе абяцалі нават, калі бацькі не прышлюць дакументы, дзе вучыцца дачка, ледзь не ў вышук падаць. «Вы, значыць, пазбавілі дзіця права на адукацыю». А Алесь з Міланай пазбягалі паведамляць дадзеныя школы, каб не распаўсюджваць лішнюю інфармацыю.
Таксама Мілана адзначае ў Польшчы іншае стаўленне да асабістага жыцця.
«Каб табе прыслалі на імэйл выпіску з дзённіка, трэба папяровы дазвол падпісваць».
У Берасці класная кіраўніца — магчыма, праз «падазроную» дзейнасць сям’і — магла крычаць у трубку: «Калі дзіця спазнілася ў школу, я вам тэлефаную, калі не бярэце трубку — праз пяць хвілін стаю пад дзвярыма».
Тут сям’ю ніхто не правярае.
«Я прыйшла, паразмаўляла з дырэктаркай, з класнай кіраўніцай, усё акей. Дзіцё ходзіць — ходзіць, вучыцца — вучыцца, за абеды грошы пералічваюцца.
І дзецям больш свабодна: не носяць форму школьную, не вядуць дзённікі папяровыя, не лічаць клетачкі ў сшытках, яны сканцэнтраваныя на іншым».
«Атмасфера больш спакойная і спрыяе таму, каб засвойваць інфармацыю, а не правілы, як сябе паводзіць, як правільна падлічыць афармленне ці што нельга сказаць настаўніцы».
У Беларусі, прыгадвае Мілана, дачка станавілася знерваваная, чым далей ад канікул.
«Неяк было, што некалькі месяцаў у дзяцей быў на паперцы напісаны адзін расклад, на які трэба глядзець, а іншы — у дзённіку. Як не звар’яцець?»
Сістэма адзнак у Польшчы шасцібальная. Ніхто не агучвае адзнакі пры дзецях, яны даведваюцца пасля самі. Ніхто не ведае, што ты атрымаў за кантрольную, пакуль сам не падзелішся.
Асноўнае кола кантактаў у сям’і — беларусы, як і шмат у каго з эмігрантаў. Выключэнне — Каміла, у якой звычайны польскі клас. Дзякуючы ёй адбываюцца асноўныя кантакты з палякамі: то настаўніцы трэба нешта напісаць, то трэнерцы. «Мову вучым, але ў штодзённым жыцці не вельмі трэба».
У школе ёсць настаўнікі з Беларусі, напрыклад настаўніца замежнай мовы.
Алесь з Міланай працягваюць здымаць як блогеры. Былі выпадкі, калі трэба было запісаць у Беластоку польскамоўных ўрадоўцаў ці культурных дзячоў. Запісвалі каментар дырэктара мясцовага тэатра падчас фестывалю. Здымалі мясцовага дэпутата. Узроўню польскай мовы хапае, каб дамовіцца, прыйсці, задаць пытанні, паслухаць адказы.
У мінулым годзе Мілана распавядала для рубрыкі «Мова перамен», як веданне беларускай мовы дапамагае дачцэ камунікаваць з дзецьмі з Польшчы, Украіны, Чэхіі. Мы не маглі не пацікавіцца, як гэта спрацавала ў польскай школе.
«Не сказаць, што ёй суперлёгка, бо тут сёмы клас, гэта прыкладна як у Беларусі восьмы. Канешне, хімія, біялогія, фізіка на польскай — не адразу зразумела. Але камунікацыя з дзецьмі — без праблем. Яшчэ, я думаю, справа ў тым, што яны досыць прыязна ставяцца. Што дзеці, што настаўнікі. Тут бачаць чалавека. Не толькі гэтыя паперкі».
«Калі яна нешта не паспявае, то, напрыклад, сфатаграфуе і дома перапіша».
Таксама на фоне пазітыўных уражанняў беларусаў ад Польшчы мы адмыслова цікавімся, ці быў негатыўны вопыт камунікацыі з палякамі. Мілана ўзгадвае адзін выпадак за тры месяцы: аднойчы сустрэлася падвыпіўшая жанчына, якая «наехала» на сяброў Міланы, што прагульвалі маленькіх сабачак. Адзін з сабачак гаўкнуў, на што дама выдала тыраду, што «зараз пазваню ў паліцыю, у вас сабакі без наморднікаў».
Читайте также: Пінскі майстар Андрэй Шклёда робіць музычныя інструменты ў Празе: “Як у Беларусі працаваў рукамі, так і тут працую”
У Беларусі, на жаль, агрэсіі апошнім часам было відавочна болей. Бывала, што людзі, падагрэтыя агрэсіўнай прапагандай, калі журналісты здымалі на вуліцы і задавалі пытанні, гразіліся выклікаць міліцыю, заяўлялі, што яны ледзь не руйнуюць краіну. Калі некалькі гадоў таму чалавек быў праўладных поглядаў мог неяк патлумачыць: «Мне Лукашэнка падабаецца, таму што ён тое і тое зрабіў» — то апошнія выпадкі вясной былі вельмі агрэсіўныя.
Што да культурнага жыцця, то ў Беластоку хапае імпрэз і польскіх, і беларускіх.
«Не тое што ў Варшаве віруе жыццё, а Беласток — гэта штосьці на ўскрайку».
Журналісці стрэс Беларусі адпускае не хутка. Напружанне расло гадамі. Мілану і Алеся жорста затрымалі яшчэ падчас дармаедскіх маршаў.
Зараз яны звыкаюць спакойна рэагаваць на паліцыю на вуліцы і не напружваць цягліцы пры з’яўленні таніраваных бусаў.
«Калі мы засяліліся, за нас участковая прыйшла пазнаёміцца, званіла ў дамафон. Я падняла. Яна кажа: «Гэта паліцыя» — «Дакладна да мяне паліцыя? Я не выклікала паліцыю» — «Не, не, — называе імя маё, прозвішча, — гэта я хачу да вас». — Я такая: «Ой, ды навошта…» І потым разумею, што зубы ёй загаворваю, каб адцягнуць гэты момант, і сама сабе думаю: навошта я гэта раблю? Проста пусці яе! І калі я яе пусціла, яна таксама ўжо напружылася: што адбываецца, чаму, яна прыйшла спакойна, ветліва, а ёй лапшу нейкую вешаюць. Было смешна. Мы паразмаўлялі, пазнаеміліся, яна сказала: «У выпадку чаго адразу мне тэлефануйце».
«Прывыкаем да таго, што не кожны паліцэйскі, які ідзе па вуліцы, хоча спыніць, аштрафаваць цябе. Прывыкаем да бяспекі. Калі ў дзверы грукаюцца — гэта можа быць і кур’ер».
Аднойчы Мілана, калі патрэбна было выскачыць па справах на вуліцу, злавіла сябе на думцы, што галава нямытая, а раптам затрымаюць?
Хоць пакуль з працай вызначанасці няма, Мілана і Алесь хочуць як мага даўжэй заставацца ў сваёй прафесіі, не губляць навык, каб, як толькі з’явіцца магчымасць, вярнуцца ў Беларусь і працягнуць працу.
«Пакуль жывем з сёння на сёння, — дзеліцца Алесь. — Далёкіх планаў няма. Калі сядзець на валізках і думаць, ці заўтра вернешся, то жыццё пройдзе міма. Мы стараемся жыць, штосьці рабіць, каб прыспешыць той момант».
Компания Henley & Partners представила свежую версию Индекса паспортов. Спойлер: Беларуси доступно такое же количество…
Редакция BGmedia собрала самые кринжовые и трагические инциденты в Беларуси, которые произошли на этой неделе.…
В Беларуси определили новые нормы выступления священнослужителей в СМИ и социальных коммуникациях. BGmedia рассказывает, что…
Видео с акцией брестских чиновников опубликовал первый секретарь брестского отделения БРСМ. И он не был…
Делимся традиционной подборкой юмора, веселых картинок и острых замечаний по событиям прошедшей недели.
В рамках учений проверили готовность силовиков и техники к любым возможным вариантам развития событий во…