Пасля пачатку навучальнага года бацькі звярнулі ўвагу на новыя стравы ў школьным меню і закрытыя буфеты. Некаторым дзецям цяпер няма чым перакусіць.
Школьная столовая
Навучальны год пачаўся крыху больш за два тыдні таму, але бацькі школьнікаў у Слуцку ўжо паспелі заўважыць некаторыя змены ў харчаванні дзяцей. Яны расказваюць і пра новыя стравы ў меню, і пра тое, што ў асобных школах перасталі працаваць буфеты.
Чытайце таксама: «Даже в тюрьме кормят лучше»: родители в Бресте возмутились школьным питанием
Для сем’яў, дзе дзеці праводзяць у школе амаль увесь дзень, закрыты буфет стаў асобнай праблемай. Асабліва калі пасля асноўных урокаў школьніка чакаюць гурткі, факультатывы або трэніроўкі, распавядае «SlutskGorod» са спасылкай на мясцовых жыхароў.
Некаторыя бацькі расказалі, што ў школах іх дзяцей буфеты цяпер не працуюць. На гэтым фоне яны заўважылі, што школьнікі сталі часцей браць хлеб у сталовай.
«Дзеці бяруць са сталовай хлеб і ядуць. Раней гэта было адзін-два чалавекі, цяпер ледзь не ўвесь клас есць хлеб», — распавёў адзін з бацькоў.
Іншая случчанка таксама заўважыла, што раней хлеб у сталовай заставаўся, а цяпер яго, паводле яе словаў, часам не хапае.
Праблема асабліва адчувальная для дзяцей, якія пасля ўрокаў не едуць адразу дадому. Адна з бацькоў расказала, што заняткі могуць заканчвацца каля 15:00, пасля чаго школьнікі ідуць на дадатковыя заняткі.
«Калі дзіця ідзе на гурткі пасля ўрокаў, то і паабедаць няма дзе, калі ад школы далёка жыве», — напісала яна.
Раней у такіх выпадках можна было набыць дадатковую ежу ў буфеце за наяўныя грошы.
Праўда, нават калі буфеты працавалі, паспець нешта купіць падчас перапынку ўдавалася не ўсім. Бацькі згадваюць вялікія чэргі, праз якія дзеці часам проста не паспявалі зрабіць пакупку да званка.
Сярод зменаў у школьным меню бацькі згадваюць бліны і пельмені. У некаторых сем’ях новыя стравы дзецям спадабаліся.
«Мае дзеці задаволеныя ў цэлым, харчаванне стала значна лепшым, асабліва пельменям рады», — расказала адна з мам.
Аднак яна звярнула ўвагу і на іншую праблему: часам, паводле яе слоў, ежа да дзяцей даходзіць ужо халоднай.
У іншай сям’і, наадварот, дзіця ад пельменяў адмаўляецца.
«Не есць увогуле, тыя ж пельмені недавараныя. Кажа, што проста адносіць назад талерку», — напісала мама школьніка.
Бацькі двух дзяцей з гімназіі таксама звярнулі ўвагу на змены ў меню. Паводле іх, сёлета дзеці сталі скардзіцца на смак варанай каўбасы і пельменяў, хоць раней істотных прэтэнзій да школьнай ежы ў іх не было.
У гэтай сям’і ўзніклі пытанні і да самога рацыёну. Бацькі адзначаюць, што пельмені могуць быць у меню двойчы на тыдзень, а пасля бліноў з тварагом або запяканкі дзеці вяртаюцца дадому моцна галоднымі.
«Немагчыма ўвесь навучальны дзень трымацца на двух блінах з тварагом», — кажуць яны.
Пры гэтым ёсць бацькі, якія істотных зменаў у школьным харчаванні не заўважылі. Таму водгукі атрымліваюцца рознымі: камусьці падабаюцца новыя стравы, у кагосьці ёсць пытанні да іх якасці, а для часткі дзяцей праблемай стала адсутнасць магчымасці купіць нешта дадаткова ў буфеце.
У кіраўніцтве «Слуцкага рынку АПС» Белкаапсаюза паведамілі, што цяпер разглядаюць магчымасць адкрыцця буфетаў у школах. Там плануюць прадаваць прадукцыю ўласнай вытворчасці.
Пакуль прадпрыемства займаецца пошукам і падборам работнікаў для гэтай працы.
Нядаўна «Слуцкі рынак АПС» ужо адкрыў буфет у дарослай паліклініцы. Пра гэта прадпрыемства паведамляла ў сваіх сацыяльных сетках.
Чытайце таксама: «Без смаку і без спецый»: беларусы зноў скардзяцца на харчаванне ў школьных сталовых
В лесопарковой зоне возле Пинска заметили любителей эндуро и питбайков. ТВ «Пинск» рассказал о покатушках,…
У Аніковічах заўважылі трох ваўкоў, якія падышлі да дамоў. Жывёл адсачылі і застрэлілі егеры. Маладыя…
У Бабруйску прадставілі план новага мікрараёна на 16 гектарах. Ён прадугледжвае 14 шматпавярховікаў і знос…
В Барановичах исчезает еще одна часть послевоенного города. Деревянные дома на Мицкевича разбирают, а что…
Брестчанку осудили за помощь политзаключенным, а затем депортировали. Теперь во Вроцлаве она учит польский и…
Жительница Гродно пожаловалась на цены на аренду загородных домиков на Новый год. За два дня…