Прадстаўніца знакамітага роду
Акрамя самой Крысціны род Крагельскіх праславіўся і іншымі выбітнымі постацямі. Стрыечная цётка нашай гераіні Галіна была пісьменніцай, ўдзельніцай Кастрычніцкай рэвалюцыі і Варшаўскага паўстання 1944 г. Родная ж цётка Крысціны Ванда таксама была змагаркай за польскую незалежнасць. У 1906 г. яна нават здзейсніла няўдалы замах на расійскага генерал-губернатара Георгія Скалона. Ён тады быў кіраўніком акупаванай Польшчы. Ванда ўласнаручна кідала бомбы ў карэту з балкону гарадскога будынку. А падчас Другой сусветнай жанчына дапамагала яўрэям, хаваючы іх ад нацыстаў.
Аднак свой бунтарскі дух Крысціна Крагельская ўнаследавала ня толькі ад жанчын. Яе дзед Ян быў удзельнікам паўстання 1863-1864 гг. А яе бацька, таксама Ян, стаў Палескім ваяводам у 1920-я. Гэта быў няпросты шматнацыянальны рэгіён Польшчы, яшчэ і змораны войнамі. Але Ян Крагельскі-малодшы пайшоў на палітыку кампрамісу: ён бараніў правы мясцовага, у тым ліку беларускага насельніцтва, не баючыся пры гэтым крытыкі з боку польскіх нацыяналістаў.

Сама Крысціна нарадзілася ў 1914 годзе ў вёсцы Мазуркі каля Баранавічаў. Сёння гэта Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці. Пасля паразы Слуцкага збройнага чына ў 1921 г. Крагельскія пераехалі жыць на тэрыторыю, якую кантралявала Польшча. Там у Брэсце дзяўчынка скончыла гімназію Рамуальда Траўгута. Падчас вучобы яна яшчэ была і ўдзельніцай моладзевай патрыятычнай арганізацыі польскіх харцэраў. Агулам, Крысціна заўжды лічыла сябе полькай, аднак ніколі не забывала пра сваю сувязь з Беларуссю. Родныя мясціны занялі асаблівае месца ў яе этнаграфічных працах, як і мясцовая беларуская мова, што гучала ў выкананні Крагельскай на польскім радыё.

Чытаць таксама: «Біў маскалёў», «быў боствам для народа». Як найславуцейшы выхадзец з Берасцейшчыны (не) стаў дыктатарам
Этнограф, паэтэса і спявачка
Пасля заканчэння гімназіі Крысціна паступіла на Гуманітарны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Там яна вывучала гісторыю, геаграфію і этнаграфію. Адной з яе выкладчыц была Цэзарыя Ганна Бадуэн дэ Куртэнэ — першая жанчына-рэктар у гісторыі польскай акадэміі і адна з першых прафесараў-жанчын у Польшчы. Яна вызнавала перадавы для таго часу фенаменалагічны падыход да культуры: патрабавала ад студэнтаў ня проста сухога апісання фактаў, але і глыбокага пагружэння ў асяроддзе, даследавання таго, як людзі мысляць, спяваюць і адчуваюць. Цэзарыя прапанавала студэнтам фіксіраваць «сыходную натуру» — аўтэнтычны фальклор памежных рэгіёнаў, напрыклад Палесся і Віленшчыны.
Менавіта пад яе кіраўніцтвам Крысціна ў 1939 г. бліскуча абараніла сваю магістарскую дысертацыю «Этнаграфічная манаграфія пра вёску Мазуркі Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства».
Падчас студэнцтва Крагельская рабіла навуковыя экспедыцыі ва ўкраінскую Гуцульшчыну і родную Берасцейшчыну. Дзяўчына займалася тым, што сёння можна назваць палявой антрапалогіяй: ня проста запісвала сухія тэксты, але і фіксавала музычныя дыялекты, абрады і асаблівасці побыту вёсак. І вялікую ўвагу надавала родным Мазуркам. Магістарская праца Крагельскай стала каштоўным этнаграфічным дакументам, які захаваў ўнікальны зрэз жыцця рэгіёна. Бо потым тут усё назаўсёды змянілася з-за вайны і новых межаў.

Акрамя высокага інтэлекту, прырода ўзнагародзіла Крысціну яшчэ і творчымі здольнасцямі: паэтычным дарам і прыгожым голасам. Яна пісала ўласныя вершы на польскай мове, а яе любоў да народнай песні прывяла яе ў эфіры польскага радыё. Спачатку 22-гадовую студэнтку запрасілі выступаць на «Літаратурных серадах» у Вільні, дзе на адной сцэне з ёй стаялі зоркі польскай літаратуры. Крысціна чытала там вершы і спявала песні народаў Палесся. Там кіраўніцтва віленскай радыёстанцыі заўважыла таленавітую дзяўчыну і запрасіла яе да сябе. Так і пачаліся яе рэгулярныя радыёэфіры.
Віленшчына была шматнацыянальным краем, таму выкананне Крагельскай беларускіх, украінскіх і палескіх песень добра ўпісвалася ў мясцовую сетку вяшчання. З’явілася Крысціна потым і на радыёстанцыях Варшавы і Баранавічаў. Эфіры 1930-х гадоў востра патрабавалі «жывога», аўтэнтычнага кантэнту. Таму студэнтка-этнограф, якая глыбока разумее, пра што спявае, стала ідэальнай кандыдаткай для тагачасных культурных перадач. Дзяўчына валодала прыгожым высокім сапрана, спявала натуральна і без «акадэмічнага пафасу», што ідэальна пасавала выкананню народнага фальклору.
Але, на жаль, усе гэтыя аўдыёзапісы не захаваліся, так як вяшчанне вялося, як правіла, у прамым эфіры, а тэхналогія запісу гуку тады была складанай і дарагой. Захоўваліся хіба толькі прамовы першых асоб дзяржавы або выключныя гістарычныя падзеі. Музычныя і фальклорныя жа выступы трансляваліся ўжывую проста са студыі. Нават тыя рэдкія архіўныя запісы, якія засталіся на Польскім Радыё, былі амаль цалкам знішчаныя або разрабаваныя нямецкімі акупантамі падчас Другой сусветнай. У гэтай вацне, дарэчы, сама Крысціна прыме актыўны ўдзел.
Читайте также: «Студенты жили в товарных вагонах»: Брестский железнодорожный техникум 1944–1946 гг. в воспоминаниях Владимира Губенко
Гераічная партызанка і аўтар ваенных песень
Пасля нападу нацыстаў на Польшчу Крагельская адразу ж далучылася да падполля і стала членам Арміі Краёвай — арганізацыі, якая змагалася за незалежнасць Польшчы. Дзяўчына ўзяла сабе ваенны псеўданім «Danuta» (Данута). Дзякуючы веданню моў і геаграфіі памежжа, Крысціна працавала кур’ерам, перавозячы зброю і сакрэтныя дакументы паміж Варшавай, Пулавамі і іншымі гарадамі. Аднак пры гэтым працягвалі раскрывацца і яе творчыя таленты.
У 1941-1942 гг. у яе выйшла песня «Kujawiak konspiracyjny» («Канспіратыўны куявяк»). Гэта была лірычная споведзь маладога пакалення партызан. У той жа перыяд выходзіць і песня «Kołysanka o zakopanej broni» («Калыханка пра схаваную зброю»). Гэта вельмі кранальная, сумная і метафарычная кампазіцыя. У ёй спяваецца не пра дзіця, а пра надзею на хуткую свабоду, пра зброю, якую партызаны вымушаны «закапаць у зямлю да вясны» — да пачатку паўстання.
У 1943-м Крагельская становіцца медсястрой у горадзе Ўладава. Тады ж яна піша вершы, якія кладзе на бодры маршавы матыў, і стварае такім чынам знакамітую песню «Hej, chłopcy, bagnet na broń!» («Гэй, хлопцы, штыкі да зброі!»). Упершыню Крысціна выканала яе ў тайнай кватэры перад байцамі батальёна «Baszta». Песня імгненна пайшла ў народ і стала галоўным гімнам Варшаўскага паўстання 1944 года. Для польскай музычнай культуры яна мае сакральнае значэнне. Пасля вайны выйшлі два зборнікі вершаў і песень Крагельскай: «Сумная рака» і «Вершы».

Улетку 1944 года Крагельская вяртаецца ў сталіцу, дзе сама прымае ўдзел у Варшаўскім паўстанні. Яна становіцца санітаркай у 1108-м штурмавым дывізіёне «Jeleń». Аднак трагічны лёс пазбавіў дзяўчыну жыцця ўжо ў першы дзень баёў. Яна ратавала параненых у варшаўскім «Полі Макатоўскім». Дапамагаючы аднаму з байцоў, Крысціна сама трапіла пад кулямётны абстрэл, атрымаўшы тры смяротныя раненні. На момант гібелі ёй было 30 гадоў.
Читайте также: На рисунках Владимира Губенко можно увидеть послевоенный Брест
Крысціна Крагельская — «сімвал» Варшавы
На гербе Варшавы намалявана русалка-ваяўніца па імені Сірэна. У 1936 годзе вядомая польская скульптарка Людвіка Нічова атрымала заказ: стварыць новы велічны помнік гэтай самай Сірэне. Яго планавалі ўсталяваць на беразе Віслы.
Нічова шукала дзяўчыну з славянскай прыгажосцю, у позірку якой чыталіся б інтэлігентнасць, годнасць і ўнутраная сіла. Скульптарка хацела, каб русалка мела твар звычайнай, але неардынарнай польскай жанчыны.
Крысціна як раз была высокай (каля 180 см), стаўнай дамай з доўгімі светлымі косамі, выразнымі рысамі твару і прыроднай грацыяй. Праз знаёмства з сям’ёй Крагельскіх, Нічова звярнула ўвагу на прыгажуню-студэнтку і зразумела, што гэта сапраўдная Сірэна.

Крысціна пагадзілася дапамагчы, але паставіла адну ўмову: гэта павінна застацца ў таямніцы. Яна вельмі саромелася і не хацела, каб усе ва ўніверсітэце ведалі, што яна пазіруе для помніка. Тым больш, што Русалка паводле задумы павінна быць топлес. Пазіраванне адбывалася ў атэлье Нічовай у будынку Фізіялагічнага інстытута Варшаўскага ўніверсітэта. Крысціна стаяла з высока паднятай галавой, трымаючы ў руках цяжкі меч і шчыт.

Каб захаваць таямніцу, Нічова крыху змяніла рысы твару і прычоску ў канчатковым варыянце помніка, але кожная лінія цела, пастава і велічны профіль належалі Крысціне. Помнік быў адкрыты 29 чэрвеня 1939 года, усяго за два месяцы да пачатку Другой сусветнай вайны. Крысціна прыйшла на адкрыццё разам з сябрамі як звычайная глядачка — ніхто з натоўпу вакол нават не здагадваўся, што дзяўчына з доўгімі косамі глядзіць на саму сябе, адлітую ў бронзе.
Пасля Варшаўскага паўстання скульптура набыла містычнае і сакральнае адценне. Крысціна Крагельскай, якая падарыла свой вобраз сімвалу Варшавы, пайшла абараняць гэты горад і аддала за яго сваё жыццё. Скульптура ж пры гэтым цудам уцалела падчас бамбардзіровак. Яна хіба толькі атрымала невялікія пашкоджанні ад асколкаў. Варшавяне потым казалі: «Крагельская загінула, але яе Русалка выстаяла». З таго часу Крысціна стала для мясцовых жыхароў ня проста мадэллю, але і сапраўдным духам-ахоўнікам сталіцы.
Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: