Расія плануе адкрыць у 2026 годзе новыя консульствы ў Віцебску, Магілёве і Гомелі. BGmedia абмеркавала з Вадзімам Мажэйкам магчымыя рызыкі і наступствы.
Генконсульства Расеі ў Брэсце. Фота: Генконсульства Расеі ў Брэсце ў Facebook
Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў у інтэрв’ю расійскаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС, прысвечаным пытанням інтэграцыі Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы, заявіў, што ў 2026 годзе Расія плануе адкрыць новыя прадстаўніцтвы ў шэрагу абласных гарадоў Беларусі. Паводле яго слоў, гаворка ідзе, у прыватнасці, пра Віцебск, Магілёў і Гомель.
Чытайце таксама: Сквер вырубили, голову Путина поставили. Как Гомель превращают в витрину «русского мира»
Афіцыйна фармат гэтых структур не ўдакладняецца, аднак з кантэксту вынікае, што, найхутчэй, маюцца на ўвазе расійскія консульствы. Аналагічныя ўстановы ўжо дзейнічаюць у Брэсце і Гродне.
Калі прысутнасць консульстваў у Брэсце і Гродне яшчэ можна фармальна патлумачыць блізкасцю да мяжы з Еўрапейскім саюзам і кансульскім суправаджэннем расійскіх грамадзян, якія раней карысталіся транзітам, то адкрыццё такіх прадстаўніцтваў у іншых абласных цэнтрах выглядае значна менш абгрунтаваным з пункту гледжання класічнай дыпламатыі.
BGmedia паразмаўляла з палітычным аналітыкам, кіраўніком Інстытута даследаванняў бяспекі імя Касцюшкі Вадзімам Мажэйкам пра мэты стварэння новых генконсульстваў, іх неафіцыйныя функцыі, паралелі з падзеямі ва Украіне і пра тое, чаму беларускія ўлады не супрацьстаяць далейшаму пашырэнню расійскай інстытуцыйнай прысутнасці ў рэгіёнах.
Чытайце таксама: «Белая Вежа»: як адна з пастаноўшчыц фестывалю звязана з «расейскім светам»
— Якая мэта ў стварэнні консульстваў у розных абласных цэнтрах Беларусі, калі ў гэтых гарадах расійскія грамадзяне ніколі не складалі вялікай часткі насельніцтва?
— Безумоўна, консульствы ствараюцца для пашырэння і замацавання расійскага ўплыву ў Беларусі. Консульства ў дадзеным выпадку — гэта сур’ёзная субстытуцыйная форма прысутнасці. Расійская прысутнасць і раней пашыралася праз розныя грамадскія арганізацыі, такія як «Рускія дамы». Але гэтыя ўстановы не маюць дыпламатычнага статусу, у адрозненне ад консульстваў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі дыпламатычнымі структурамі з усімі адпаведнымі пратаколамі, імунітэтамі і магчымасцямі.
І безумоўна, расійскія консульствы — гэта не толькі пра расійскі ўплыў і soft power. Гэта таксама фактычна непрыхаваны фармат для прысутнасці расійскіх спецслужбаў. Сёння ў Еўропе гучаць ацэнкі ад розных экспертаў і выведак, што супрацоўнікі расійскай выведкі складаюць значную частку штатаў расійскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.
Не сакрэт, што многія амбасады ў свеце маюць супрацоўнікаў выведкі. Але вялікая розніца ў тым, што не ўсе краіны, якія маюць консульствы за мяжой, займаюцца анексіяй, як гэта робіць Расія. І гэта стварае для Беларусі дадатковыя рызыкі.
Чытайце таксама: Фридман: «Русские дома» промывают мозги, а «русский мир» укрепляет свой беларуский форпост
— Якія функцыі ў абласных цэнтрах па факце могуць выконваць консульствы, і ці можа іх дзейнасць выходзіць за межы класічных консульскіх задач?
— Асноўная консульская задача — абслугоўванне інтарэсаў грамадзян сваёй краіны. Але не выглядае, што ў гэтых гарадах ёсць такая колькасць расійскіх грамадзян, якая аб’ектыўна патрабуе асобных консульстваў.
З аднаго боку, у апошнія гады прысутнасць расіян у Беларусі пашыраецца. З іншага — супрацоўнікі, якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём, натуральна, свае функцыі публічна не дэманструюць. Таму за агульнымі фармулёўкамі кшталту «развіццё супрацоўніцтва» могуць стаяць самыя розныя задачы.
З пункту гледжання стратэгічнай бяспекі Беларусі пашырэнне такога фармату дыпламатычных прадстаўніцтваў у рэгіёнах уяўляе пэўную пагрозу.
— Ці ўяўляюць гэтыя прадстаўніцтвы большую пагрозу, чым «Рускія дамы»?
— Так, бо консульствы маюць дыпламатычны статус і ўмоўную экстэрытарыяльнасць. Яны фармальна трапляюць пад дзеянне Венскай канвенцыі. Вядома, што ў Беларусі міжнародныя нормы могуць лёгка парушацца, але ў дачыненні да дыпламатычных устаноў ЕС, а не расійскіх.
Калі ў «Рускі дом» сілавыя структуры могуць проста ўвайсці, то ў консульства — ужо не. Таму консульствы ствараюць значна больш прасторы для дзейнасці спецслужбаў і супрацоўнікаў выведкі.
Чытайце таксама: «Русский — значит правильный». Как в «Русском доме» в Бресте «перепрошивают» детей — и зачем
— Чаму адкрыццё гэтых структур адбываецца менавіта цяпер?
— Расія сістэмна пашырае сваю прысутнасць у Беларусі пасля 2020 года і асабліва пасля 2022-га. Гэта і адкрыццё сеткі «Рускіх дамоў» у абласных цэнтрах, якой раней не было. Сёння ў Беларусі гэтая сетка — адна з найбольш шырокіх у параўнанні з іншымі краінамі. А цяпер мы бачым і пашырэнне прадстаўніцтваў з дыпламатычным статусам.
Пакуль нельга казаць, што гэта канчаткова разбурыла суверэнітэт або сведчыць аб анексіі. Гэта ўсё ж не расійскія губернатары ў выканкамах, а асобныя консульскія ўстановы. Фармальны палітычны фасад яшчэ захоўваецца. Але гэта сур’ёзны сігнал пра далейшае замацаванне расійскага ўплыву, які нарастае сістэмна.
— Наколькі карэктна праводзіць паралелі з падзеямі ва ўсходняй Украіне ў 2014 годзе або ў Крыму?
— Падабенствы ёсць у тым, што Расія актыўна пашырае свой уплыў. Але наяўнасць розных прадстаўніцтваў — як карпункты агенцыі «Спутнік», якія дзейнічаюць і ў Азербайджане, і ў Кіргізстане, а таксама «Рускія дамы» — не прывяла ў гэтых краінах да баявых дзеянняў. Таму само па сабе адкрыццё расійскіх консульстваў і іншых арганізацый яшчэ не азначае, што заўтра адбудзецца анексія.
Аднак расійскі ўплыў можа дайсці да сцэнару, падобнага да Крыму ці Данбаса. Прыклад дзвюх кампаній супраць Украіны ў 2014 і 2022 гадах паказаў, што ваенныя дзеянні адбываюцца там, дзе для іх падрыхтаваная загаддзя база. Дзе ўжо папрацавалі дыпламаты, «Рускія дамы», дзе створана сетка прарасійскіх арганізацый.
У Крыму і на Данбасе гэта спрацавала. А калі расійскія войскі заходзяць у Бучу ці ў Гастомель, то там такая мадэль не працуе. Яны могуць здзейсніць ваенныя злачынствы, але без папярэдняй працы і падрыхтаванай сеткі ўварванне не працуе эфектыўна. Таму ідзе паступовае нарошчванне інстытуцыйнай прысутнасці. І для Беларусі гэта трывожны сігнал.
Чытайце таксама: Куранты и «Советское шампанское». Как «русский мир» проникает в дома беларусов через новогодние ритуалы
— Чаму Лукашэнка дазваляе гэтаму адбывацца? Ці не бачыць ён пагрозы ў расійскім уплыве для сваёй улады?
— Ён бачыць пагрозу. Але, відаць, лічыць, што яшчэ большая пагроза для яго ўлады — гэта спроба супрацьстаяць такой актыўнасці Расіі. У яго няма ні палітычнай волі, ні рэальных магчымасцяў, каб гэтаму ціску супрацьстаяць.
У цяперашнім стане Лукашэнка не гарант нацыянальнага суверэнітэту, а ягоная пагроза.
— Чаму спачатку консульствы з’явіліся ў заходняй частцы краіны — у Брэсце і Гродне, а цяпер гаворка ідзе пра ўсходнія рэгіёны?
— Тут можа дзейнічаць розная логіка. Можна пачаць з захаду і рухацца на ўсход, можна — наадварот. Калі ёсць план, каб у дзень Х расійскі ўплыў быў раўнамерна замацаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, то паслядоўнасць адкрыццяў консульстваў можа быць другаснай.
Можна ўявіць сабе мапу, як распаўзаюцца расійскія ўплывы праз розныя сеткі, арганізацыі і ініцыятывы. І гэта выглядае як рэальная пагроза, асабліва з улікам таго, што ў краіне не адкрываюцца інфармацыйныя пункты «Радыё Еўропа» ці еўрапейскія місіі — працэс ідзе фактычна толькі ў адным вектары.
У той час як прабеларускія ініцыятывы задушаныя, расійскія сцягі ў Беларусі можна бачыць у розных публічных прасторах, а на будынках консульстваў яны будуць вісець цалкам законна. І гэта сімвалічны, але вельмі паказальны штрых да агульнай карціны.
Чытайце таксама: «Это интересный и даже позитивный сигнал»: Можейко — об отмене фестиваля «Солнцестояние» в Пружанах в 2026 году
В Пинске с 12 февраля и до конца сентября закрывают часть улицы Брестской. Местные жители…
Проверка МАРТ на Брестском центральном рынке обернулась скандалом: среди «запрещенных» товаров — польские Kinder Joy.…
Брестчан волнует, когда построят школу и детский сад на улице Лейтенанта Рябцева, когда откроются уже…
ГТК объяснил, что временную очередь на регистрацию грузовиков спровоцировало увеличение потока выезжающих фур, а также…
У аграгарадку Цімкавічы на сходзе з жыхарамі абмеркавалі шэраг праблемаў: ад пажараў да сабак на…
Внутри ТЦ обещают помещения для размещения фудкортов, детских игровых комплексов, других развлекательных центров, арендных площадей.