«Ён пракаціўся крыху па капоце»
Ксяндзу Дзмітрыю 31 год, нарадзіўся ў Баранавічах. Захапляўся боксам, быў, з ягоных словаў, непаслухмяным дзіцём, вёў «дваровае жыццё». Амаль адразу пасля школы паступіў у манаскі ордэн братоў-сэрцанаў каля Кракава. Пражыў там 10 гадоў, вярнуўся ў Беларусь, дзе Прыступу высвяцілі на святара. Служыў у касцёле ў горадзе Ляхавічы і вёсцы Сваятычы Берасцейскай вобласці, але толькі 1 год і 3 месяцы.
11 жніўня 2020 году здарыўся выпадак, які моцна змяніў жыццё ксяндза Дзмітрыя. Упершыню з таго часу ён публічна расказвае сваю версію таго, што адбылося ў гэты дзень.
Читайте также: «Один прижимал шею к стене, а другой бил по ногам». История кобринчанина, которого посадили в ЛТП и колонию за протесты
Са словаў святара, усё адбылося каля дзявятай гадзіны вечара. Ён ехаў на машыне сваёй знаёмай па Баранавічах. Свой аўтамабіль Дзмітры 9 жніўня даў калегам-святарам, але іх затрымалі падчас пратэстаў і пасадзілі за краты. Дзе знаходзіўся ягоны аўтамабіль, ксёндз Прыступа не ведаў. Па дарозе дадому ён вырашыў заехаць у цэнтр гораду, каб паглядзець, што там адбываецца.
«Я як сацыяльны чалавек цікавіўся тымі справамі. Святар — гэта публічная асоба і павінен арыентавацца, што адбываецца ў грамадстве», — тлумачыць суразмоўца.
Ксёндз прайшоўся па цэнтры Баранавічаў, людзей там амаль не было. Калі вяртаўся да машыны, то ўбачыў, што па закрытай у тыя дні вуліцы з аднабаковым рухам у сустрэчны бок едзе аўтобус ПАЗ.
«Раптоўна з гэтага «ПАЗіка» выбягаюць невядомыя людзі ў чорным, у рыштунку, шаломах — і пачынаюць гнаць людзей», — успамінае сьвятар.
Ён хутка пабег у машыну, сеў за стырно і паехаў у бок Дому афіцэраў, каб у двары перачакаць «хапун».
«Невядома было, што адбудзецца. Я ведаў, што і машыны білі, і людзей выцягвалі», — кажа ксёндз Дзмітры.
Калі ён заяжджаў у двор, то ўбачыў, як перад ім бягуць людзі, а з-за рога Дома афіцэраў выскачылі «людзі ў чорным» з дручкамі ў руках і паказвалі яму, каб спыніўся.
«Але ж вядома, што я не буду слухацца на дарозе, калі гэта не супрацоўнікі ДАІ. Я каціўся з хуткасьцю 5-10 кілямэтраў на гадзіну. Тады я троху прытармазіў, уключыў дальняе святло, каб разгледзець, хто гэта такія, але я не разабраўся, бо людзі ў чорным, з дручкамі. Ніякіх пазнак, што гэта міліцыя. Невядома, што адбываецца», — тлумачыць святар.
У гэты момант ён пачуў, што нехта ўдарыў па машыне.
«Тады я прыняў рашэнне, што трэба ўцякаць, бо напалі невядомыя. Я перажываў таксама за сваё жыццё. Трапіў у паварот у 90 градусаў і заўважыў, што перада мой стаіць адзін з гэтых людзей. Ён не ведаў, у які бок бегчы, а я ехаў проста. Я збіў яго. Ён пракаціўся крыху па капоце, хуткасць была невялікая. Потым ён устаў і пайшоў», — успамінае сьвятар.
Ён тлумачыць, што ў момант сутыкнення сачыў у люстэрка за людзьмі, якія засталіся збоку ад машыны.
«Калі я адвярнуў галаву, ён быў у мяне на капоце. Пачаліся крыкі. Я націснуў на газ і з’ехаў. Калі я ўцякаў з месца, на відэа з відэарэгістратара відаць, што іншыя падобнага кшталту людзі размахвалі дручкамі і хацелі ці ўдарыць па машыне, ці нешта яшчэ», — расказвае ксёндз Дзмітры.
Ужо пазней ён даведаўся, што збіў 42-гадовага вайскоўца з баранавіцкай часткі, якая займаецца перавозкай зняволеных. Яго завуць Віталь Харошка, старшы прапаршчык.
«Я тады ім сказаў, што альбо буду жыць у вас на мяжы, або ў буфернай зоне»
Наступны тыдзень ксёндз Прыступа спакойна служыў у касцёле ў Ляхавічах. Ён вырашыў, што нічога страшнага не здарылася. А 17 жніўня даведаўся, што яго шукаюць.
«Я проста сабраўся і выехаў. Я меў 15 хвілін часу, каб сабраць рэчы», — успамінае суразмоўца.
Прыступа расказвае, што ўзяў толькі кампутарную тэхніку і валізку рэчаў на першы тыдзень. У святара было шчаня нямецкай аўчаркі з мянушкай Бро. У момант ад’езду гаспадар нават ня меў часу, каб адкрыць вальер і развітацца са сваім гадаванцам. Пазней яму прывезлі сабаку з Беларусі, цяпер яны разам. Дзень сустрэчы з Бро святар называе найпрыгажэйшым за апошнія тры гады.
У ксяндза Дзмітрыя быў сталы від на жыхарства ў Польшчы. Аднак тады польскія памежнікі не пускалі людзей праз каранавірусныя абмежаваньні. Ён паехаў праз Літву. Але і там з літоўскага боку яму доўга не дазвалялі праезд.
«Я тады ім сказаў, што альбо я буду жыць у вас на мяжы, або ў буфернай зоне, але ў Беларусь ужо не вярнуся. Я паказаў дакумэнты, што я святар. Урэшце дазволілі праехаць з умовай, што я буду ехаць адразу ў Польшчу, без прыпынку ў Літве», — расказвае суразмоўца.
Читайте также: Более полумиллиона виз выдала Польша беларусам за два года, из них рабочих – более 100 тысяч
Потым ён даведаўся, што праз 10 хвілін пасля таго, як ён перасек мяжу, сілавікі ў Беларусі пра гэта ўжо ведалі.
З Польшчы ксёндз напісаў запыт у Следчы камітэт Беларусі. Яму даслалі адказ, з якога вынікала, што на Прыступу завялі крымінальную справу за «наўмысны гвалт над супрацоўнікам унутраных справаў» (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу) і абвясцілі ў вышук. Паводле матэрыялаў справы, святар нібыта наўмысна наехаў на вайскоўца, а той атрымаў «удар ніжняй траціны правага сцягна і фізічны боль». Ад сваіх крыніц ксёндз Прыступа ведае, што вайсковец, які праходзіць пацярпелым у справе, сур’ёзна не пацярпеў.
Са словаў суразмоўцы, каталіцкае кіраўніцтва ў Беларусі ніяк не адрэагавала на ад’езд святара.
«Мяне як не стала ў беларускім касцёле, проста як бы не было чалавека. Нуль рэакцый. Але святары ў Беларусі паклапаціліся, каб з’явіўся адвакат у маёй справе. Шмат хто дапамагаў фінансава, каб я мог тут стабілізавацца», — кажа ксёндз Дзмітры.
З другога боку, у Польшчы яго падтрымалі браты па манаскім ордэне, далі жытло, забяспечылі неабходным.
«Сказалі, што добра, што я з’ехаў. Ніхто мяне не асуджаў і не караў за гэта. Я быў на размовах з галоўным святаром свайго манаскага ордэну. Ён падышоў па-бацькоўску. Ён выслухаў не толькі мой бок, але ведаў і ўсе прэтэнзіі з боку следчых Беларусі», — расказвае святар.
Ён тлумачыць, што пасля ад’езду з Беларусі афіцыйна ўжо не мусіць падпарадкоўвацца беларускім касцёльным уладам, а толькі біскупу ў Лодзі.
«Чытаю Караткевіча, Быкава, нават Святое Пісанне па-беларуску»
Дзе жыць і чым займацца ў Польшчы беларускаму святару, вырашаў галоўны ксёндз манаскага ордэну. Спачатку ён адправіў беларуса на адпачынак у Закапанэ. Потым Дзмітрыя з ягонай згоды накіравалі служыць у горад Бэлхатаў каля Лодзі, а пазней ён перавёўся ў Лодзь. Цяпер выкладае рэлігію ў сярэдняй школе, адпраўляе богаслужэнні на беларускай мове, займаецца справамі парафіі, адпявае памерлых, вянчае шлюбы. Дзень звычайна заняты з 7-й гадзіны да 21-й.
«Святар, які праходзіць у крымінальнай справе ў Беларусі, вучыць рэлігіі і маральнаму жыццю ў Польшчы», — усміхаецца ксёндз Дзмітры.
Читайте также: Силовики начали приходить к родным уехавших беларусов и через них просить, чтобы те вернулись домой. А как же комиссия?
Наконт сваёй фінансавай сітуацыі ксёндз кажа, што ён залежыць выключна ад ахвяраванняў. У ягонай парафіі досыць складаная сітуацыя, бо шмат людзей «нізкага сацыяльнага статусу», да таго ж у Лодзі няшмат вернікаў.
«Часам трэба звязваць канцы з канцамі, каб пратрымацца, але на хлеб з маслам хапае. Я таксама даглядаю, кармлю свайго сабаку», — кажа святар.
Летась ён быў у Нарвегіі ў адпачынку. Калі працаваў у Беларусі, мог дазволіць сабе толькі адпачынак у Польшчы. Ксёндз Дзмітры заўважае, што ён ня мае складанасцяў у Польшчы як святар і як беларус, хаця паўсюль ёсць і добрае, і кепскае.
«Я шчаслівы святар. Больш за ўсё мяне турбуе магчымасьць прапаведаваць Божае слова там, дзе я ёсць. У Польшчы я, як святар і як грамадзянін, маю свабоду слова. Я тут адчуваю сябе ў бяспецы. Я магу раіць людзям, як быць шчаслівымі. Толькі дзякуючы таму, што я вернік, я яшчэ застаюся святаром, хаця былі цяжкія сітуацыі», — прызнаецца ён.
Нядаўна ў Лодзі пачалі праходзіць рэгулярныя службы на беларускай мове. На іх прыходзіць у сярэднім 20-30 чалавек. Аднак, нягледзячы на невялікі попыт, душпастыр мяркуе, што працягваць гэтую справу варта.
«Гэта неабыякавыя маладыя людзі, якія клапоцяцца пра сваю Бацькаўшчыну. Большасць з іх размаўляюць стала па-беларуску. У нас на Вялікдзень будзе святая імша адразу на польскай і беларускай мовах. Магчыма, гэта будзе першая такая служба ў Польшчы. Цікава, што ініцыятыва прыйшла ад палякаў», — расказвае ён.
Амаль усё дарослае жыццё ксёндз Дзмітры правёў у Польшчы, вучыўся па-польску і працуе пераважна таксама на польскай мове, аднак падчас інтэрв’ю добра гаворыць па-беларуску.
«Чытаю Караткевіча, Быкава, нават Святое Пісанне па-беларуску, гляджу навіны, размаўляю з людзьмі. Заўсёды ў маёй галаве ёсць словы, што калі мы забудзем сваю мову, то нашчадкі нас асудзяць», — тлумачыць ён, як удалося захаваць родную мову ў іншай краіне.
Ён марыць аднойчы вярнуцца ў Беларусь, хоць пакуль лічыць гэта немагчымым. Ці прыедзе ён некалі на радзіму толькі ў госці або жыць пастаянна, святар цяпер ня ведае. Кажа, што гэтае пытанне задае сабе штодня.
«Магчыма, я буду ў Польшчы, або ў Латвіі, або ў Афрыцы. Божае слова прапаведаваць можна паўсюль. А дзе гэта будзе, няхай Бог гэтым пакіруе», — кажа ён.