Вярнуўшыся ў незалежную Беларусь з Казахстана, дзе праходзіў службу, падпалкоўнік Станіслаў Суднік у беларускім войску паслужыў нядоўга. На радзіме спатрэбіліся іншыя яго таленты — арганізатарскі, кнігавыдавецкі, рэдактарскі.
Што не дае падпалкоўніку запасу апусціць рукі і натхняе на новыя культурна-асветніцкія праекты? Каб пачуць адказы на гэтыя пытанні, літаратар Міхась Скобла накіраваўся ў Ліду, якую сёння ўжо немагчыма ўявіць без Судніка.
Гэта публікацыя з №76 газеты «Народная воля». Спампаваць яго з сайта немагчыма, бо сайт заблакаваны, таму прапаноўваем вам падпісацца на PDF-версію газеты. Падпісацца можна тут.
Чытайце таксама: «Буду рабіць усё, каб сітуацыя ў Беларусі змянілася»: Гісторыя былога палітзняволенага берасцейца Ціхана Клюкача
— Станіслаў, ты прафесійны вайсковец, даслужыўся да падпалкоўніка. Як так сталася, што стаў рэдактарам адной з асветніцкіх газет?
— Я падпалкоўнік, але з такім лірычным ухілам. Са школьных гадоў пісаў вершы. Можна сказаць, што на літаратурную дзейнасць мяне дабраславіў сам Іван Шамякін. Неяк ён прыехаў разам з Паўлюком Пранузам у нашу Сейлавіцкую школу на Нясвіжчыне з выступленнем. Мне сказалі прачытаць што-небудзь перад сталічнымі гасцямі, я выступіў. Пасля сустрэчы Іван Пятровіч доўга са мною размаўляў, параіў больш пісаць. Так што ў мяне не абы-які хросны бацька ў літаратуры! Сапраўдны народны пісьменнік, нездарма нядаўна помнік у Добрушы паставілі. А калі я служыў у Казахстане, то ў 1991 годзе выпускаў проста ў вайсковай часці, на казённым абсталяванні беларускамоўную газету «Рокаш» (у перакладзе са старажытнабеларускай азначае «мяцеж»).
— А што ты скажаш пра выданне пяці літаратурных часопісаў і альманахаў…
— Ужо сем! Найстарэйшы — часопіс «Лідскі летапісец», ужо выйшла 96 нумароў (перыядычнасць – чатыры разы на год). І шэсць літаратурных альманахаў — «Ад лідскіх муроў» (Ліда), «Ятранка» (Дзятлава), «Паланэз» (Слонім), «Стольны град» (Навагрудак), «Нясвіжскі ўток» (Нясвіж) і «Родныя пагоркі» (Капыль). Іх рыхтуюць раённыя літаб’яднанні. Пасля ліквідацыі большасці грамадскіх арганізацый засталіся яны — дзе пры бібіліятэцы, дзе пры газеце. Літаб’яднанні гэтыя, як правіла, беларускамоўныя. Чаму ж не падтрымаць? Вось і вярстаю, і друкую. Часам дамаўляюся з Лідскай друкарняй, а часцей — на абсталяванні прадпрыемства «Пружмень». Старэнькае, дабітае, але яно працуе. Распачалі мы нядаўна і новую кніжную серыю — «Лідскі кнігазбор». Першай ластаўкай стаў вялікі аднатомнік Міхала Шымялевіча — найвыдатнейшага краязнаўца і гісторыка Ліды.
— Наклад названых табой выданняў — да ста асобнікаў. Няшмат. Што дае іх выданне апрача задавальнення аўтарскіх амбіцый мясцовых творцаў?
— Разумееш, ёсць такое паняцце — літаратурны працэс. Выходзяць альманахі, у раённых цэнтрах адбываюцца прэзентацыі, пра іх пішуць мясцовыя СМІ, узнікаюць новыя ініцыятывы, літпрацэс не затухае. Вось з’явіўся «Нясвіжскі ўток» і даў нам у гэтым цяжкім годзе каля 1 000 удзельнікаў агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Нясвіжскім раёне. А выхад першага нумара «Родных пагоркаў» даў нам першую дыктоўку ў Капыльскім раёне. Сёлета на Лідчыне ў агульнанацыянальнай дыктоўцы бралі ўдзел звыш 10 000 чалавек! У Лідскім раёне ўвогуле 135 000 чалавек. 10 000 — усяго нейкія 7 адсоткаў. Але ўяві: у адзін дзень 7 адсоткаў лідчан дакрануліся душой да беларускай мовы, напісалі на ёй тэксты (хтосьці — упершыню ў жыцці). Паступова падключаюцца і прыўладныя арганізацыі. Летась 123 арганізацыі БРСМ у Лідскім раёне пісалі агульнанацыянальную дыктоўку. БРСМаўцы тым, хто напісаў на 9 і 10, уручылі 80 пахвальных грамат.
— Як удаецца падключаць такія структуры да беларускіх нацыянальных мерапрыемстваў? Здаецца, нідзе больш БРСМ гэтым не вызначаецца.
— Проста шмат дзе да сяброў БРСМ ставяцца як да паслугачоў рэжыму. А мы ў Лідзе ставімся да іх як да сваіх дзяцей. Лепшыя ці горшыя — гэта нашы дзеці. З імі трэба працаваць, размаўляць, яны ўсё разумеюць, яны вучаць беларускую мову ў школе. Дык чаму не падключыць? Сёлета, калі не стала ТБМ і не было каму падаць заяўку на агульнанацыянальную дыктоўку, у Лідзе падаў якраз БРСМ. Заяўку ў прыёмную старшыні райвыканкама занесла Таня Яфрэмава — другі сакратар. І ад гэтай заяўкі пачала круціцца ўся дыктоўка на Лідчыне.
Чытайце таксама: «Закрыть Министерство информации и заколотить окна». Достаточно ли просто свободы, чтобы построить новую Беларусь?
— На Лідчыне не толькі дыктоўкі праходзяць. У многіх на памяці, як у Лідзе ў 2018 годзе з размахам былі адзначаны 100-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі.
— Спакойна прайшло і 100-годдзе БНР — у дзяржаўным музеі. Ліда — адзінае месца на ўсю Беларусь, дзе тое 100-годдзе адзначала дзяржава. Імпрэзу вяла дырэктар Лідскага гісторыка-мастацкага музея Ганна Драб (між іншым, узнагароджана медалём Францішка Скарыны). І ўсё прайшло нармальна, ніводнай прэтэнзіі не было. Ну, канешне, была падрыхтоўчая работа. Давялося пайсці на пэўны кампраміс, скажам, песню на словы Наталлі Арсенневай «У гушчарах» прыйшлося прыбраць. А завяршыўся святочны канцэрт спевам «Магутны Божа». Павінен быў спяваць царкоўны хор, але тагачасны мітрапаліт Павел забараніў святарам удзельнічаць у святкаванні. Ну, мы знайшлі іншых выканаўцаў. Чыноўнікі і «Магутны Божа» не хацелі чуць. Але калі я сказаў, што тады зала ўстане і заспявае «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», песня ўрэшце прагучала. Так што ў нас усё круціцца.
— Каб гэта ўсё круцілася, павінен быць нейкі штаб, які выступае з ініцыятывамі. Ці можна сказаць, што начальнікам штаба з’яўляецца падпалкоўнік запасу Суднік?
— Зусім не. Каб усё круцілася, трэба, каб кожны жыхар раёна ўспрымаў падобныя мерапрыемствы як нармальную з’яву. Каб гэта ні ў кога не выклікала ні здзіўлення, ні пярэчання. Так павінна быць, гэта няспынны працэс беларускага жыцця, штодзённы і натуральны.
— Разам з яшчэ адным беларускім вайскоўцам Сяргеем Чыславым ты ў свой час склаў і выдаў «Расійска-беларускі вайсковы слоўнік» на 8 000 моўных адзінак. Ці спатрэбіўся ён у войску?
— Слоўнік выйшаў, калі пачаўся ўжо адкат ад беларушчыны. Таму ў вайсковыя часткі ён не трапіў. Але праца не была марнаю. Пабачыўшы наш слоўнік, Міністэрства абароны выдала свой. Наш для іх быў занадта радыкальны. Скажам, яны вырашылі пакінуць звыклую каманду «Шагам марш!».
— А як гэтая ды іншыя каманды падаваліся ў вашым слоўніку?
— «Крокам руш!» «Раўнуй!», «Зважай!». Нашы варыянты прайшлі апрабацыю ў войску, я паўтара года камандаваў дывізіёнам па-беларуску — у Мастах і Росі, куды пераехаў з Казахстана ў 1992 годзе. Гэта калі ўжо іншаземцы раз’ехаліся з Беларусі. А спачатку быў цырк, калі сяржант Маскалёў (родам з Латвіі) ганяў праз увесь плац азербайджанца — «Крокам руш!», «Зважай!». І той спраўляўся як мае быць! А калі ў падраздзяленнях засталіся амаль адны беларусы, усё нармальна пайшло. Мой зенітна-ракетны дывізіён (станцыя навядзення ракет, пускавыя ўстаноўкі) прымаў прысягу па-беларуску, пад бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй, гучаў «Магутны Божа». Так што работа над слоўнікам была недарэмная. Цяпер ёсць два варыянты. На добры лад, з іх можна было б зрабіць прымальны для ўсіх слоўнік, прыбраўшы нашы радыкалізмы ды іхнія русізмы.
Чытайце таксама: Светлана Алексиевич: «Коммунистическая идея только сейчас терпит поражение у нас»
— Тры гады таму ў Лідзе быў усталяваны помнік вялікаму князю Гедыміну. Паводле тваіх назіранняў, ён неяк працуе на беларушчыну?
— Помнік працуе на ўсю катушку! У школах перыядычна праходзяць конкурсы, выставы «Ліда — горад Гедыміна». Усе турысты (дзясяткі тысяч штогод!) абавязкова фатаграфуюцца з Гедымінам. І што цікава, калі ў Лідзе ў 1993 годзе ставілі помнік Скарыну, то шмат хто быў супраць, пісаў скаргі ў выканкам. А калі ставілі помнік Гедыміну, супраць не было ніводнага чалавека! У Лідзе ёсць і бульвар Гедыміна. Мясцовая ўлада зрабіла вельмі разумна — у адзін дзень правялі пасяджэнні райсавета і райвыканкама. І адразу з’явіліся бульвар Гедыміна (былы Чапаева), вуліцы Грунвальдская (былая Энгельса) і Замкавая (былая Камсамольская). На наступны дзень у выканкам пабеглі ветэраны — як вы маглі героя грамадзянскай вайны Чапаева замяніць на літоўскага князя?! Але было позна.
— Скарына ў Лідзе стаіць, Гедымін стаіць, замак аднаўляецца… З гісторыяй у горадзе ўсё ў парадку?
— Пакуль не ўсё. У наступным годзе будзе адзначацца 700-годдзе Ліды. Гэта добрая нагода, каб распачаць адбудову Лідскай ратушы. Хоць бы камень закласці. Помніцца, да 100-годдзя паэта Валянціна Таўлая ў Лідзе збіраліся павесіць мемарыяльную дошку. Валэндаліся ажно пяць гадоў. За гэты час кошт дошкі вырас у два разы. І вось яна гатовая, а грошай такіх не прадугледжана. Што рабіць? І цяперашняя старшыня райсавета Інэса Белуш спакойна сказала: «Калі мы не павесім дошку да 100-годдзя, не павесім ніколі. Трэба знайсці сродкі». І знайшлі. Так і з ратушай — калі не пачнём на 700-я ўгодкі, давядзецца тузацца яшчэ вельмі доўга.
— Трэці год у Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, людзей хапаюць, судзяць, кідаюць за краты. Прычым людзей крэатыўных, якія нешта рабілі. Прызнайся шчыра: табе не страшна працаваць у такіх умовах?
— Кожны свой учынак я ў думках узважваю на такіх вагах: гэта на карысць Беларусі ці на шкоду? І калі я сёння выдаю часопісы і кнігі, то ведаю: там няма ніводнага слова на шкоду Беларусі. І ўжо калі за гэта мне прад’явяць прэтэнзіі, то і няхай. Раскажу такую гісторыю. У нашай вёсцы Сейлавічы людзі неяк вырашылі паставіць крыж. А часы былі хрушчоўскія, самыя бязбожныя, улада змагалася з рэлігіяй. Крыж зрабілі і паставілі — на прыватным падворку. Уночы прыйшлі актывісты яго выкапаць. Выйшаў да іх гаспадар — стары ўжо Адась Секержыцкі. Выйшаў з ломам і сказаў: не дам! Актывісты яму: «Адась, цябе ж пасадзяць». А той у адказ: «За крыж — адседжу!» Так і тут. За Беларусь — не баюся і ў турме пасядзець! Мы гэту краіну чакалі 400 гадоў. Яна ёсць, і я яе глыбока шаную. Я ўсё рабіў і раблю толькі на карысць гэтай краіне і перакананы, што Беларусь будзе вечна.
Чытайце таксама: «То, что в 2020 не получилось, само по себе травмирует». Почему беларусы так много оправдываются: говорим с психологом
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро
Подпишитесь на наши новости в Google
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: