Categories: Культура

Аляксандр Фрыдман. Ці выратуе моўнае пытанне постлукашэнкаўскую Беларусь?

Пасля падзення дыктатуры Беларусь чакаюць куды больш сур’ёзныя выклікі, чым моўнае пытанне. Але вырашаць яго давядзецца.

Share

Дыктатура Лукашэнкі набліжаецца да свайго фіналу, як і любая іншая дыктатура. Але ў спадчыну лукашэнкаўскі рэжым пакіне напаўразбураную краіну, дзе ўсё жывое закатанае ў асфальт і з рэпутацыяй суагрэсара вайны ва Украіне.

Ці дапаможа беларуская мова захаваць незалежную Беларусь? І як трэба вырашаць «моўнае пытанне» ў паслялукашэнкаўскую эпоху, каб не нарабіць яшчэ большай бяды?

Пагутарылі з доктарам філасофіі Аляксандрам Фрыдманам.

Аляксандр Фрыдман, фота з сайта kyky.org

— Давайце паглядзім на еўрапейскі досвед. Ёсць Ірландыя, дзе пераважае англійская мова фактычна цалкам; ёсць Аўстрыя, жыхары якой размаўляюць на нямецкай мове, але нямецкая мова аўтаматычна не робіць іх немцамі. Хаця Аўстрыя ўва многім жыве ў нямецкай культурнай прасторы: многія глядзяць нямецкае тэлебачанне, хапае людзей, якія чытаюць нямецкія газеты, ведаюць нямецкіх музыкаў. Гэта натуральна, бо Германія намнога большая, чым Аўстрыя. Але аўстрыйцы не лічаць сябе залежнымі ад Германіі. У Еўропе ёсць краіны з некалькімі дзяржаўнымі мовамі — тая ж Швейцарыя.

Мова — важны, але не адзіны чыннік захавання незалежнасці дзяржавы.

Чытайце далей: «Я не этнічны беларус, але з беларускасцю ніколі не парываў». Моўнае пытанне Аляксандра Фрыдмана

Мы павінны зыходзіць з рэальнай сітуацыі. А цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі дрэннай сітуацыі. Моўная палітыка рэжыму Лукашэнкі прывяла да заняпаду беларускай мовы — гэта факт. Чым адрозніваецца беларуская сітуацыя ад Украіны, дзе сітуацыя была досыць нетрывалая? І зараз ва Украіне хапае рускамоўных людзей. Але: вырасла маладая генерацыя ўкраінцаў. Я ў Германіі бачу маладых украінцаў з розных рэгіёнаў краіны, якія часткова гавораць на рускай, часткова — на ўкраінскай мовах. У размовах між сабой украінцы аддаюць перавагу ўкраінскай мове. Нацыянальная моўная палітыка дае свой плён.

У Беларусі ўсё выглядае інакш — заняпад беларускай мовы. І калі насамрэч зменяцца абставіны і гэтая дыктатура ляснецца, то Беларусь чакаюць куды больш сур’ёзныя выклікі, чым моўнае пытанне. Беларусь чакаюць вялікія эканамічныя праблемы, пытанні бяспекі выйдуць на першы план. У такіх варунках паўстане пытанне: ці ў стане краіна выдзяляць дадатковыя грошы на культуру, мову? Беларусь чакаюць цяжкія часы. І ў такіх умовах трэба паводзіць сябе вельмі асцярожна і стрымана. Руская мова ўкаранілася ў Беларусі, і трэба прызнаць шчыра, што для пераважнай колькасці беларусаў руская мова з’яўляецца роднай. Відаць, для значнай часткі беларусаў Дастаеўскі з Талстым больш блізкія і зразумелыя, чым Быкаў з Караткевічам. Беларусы жывуць у рускамоўнай прасторы, адкуль вельмі цяжка выходзіць.

Чытайце далей: Аляксандр Фрыдман: Маладая генерацыя знаходзіцца ў пошуку сваёй Беларусі і не жадае, каб яе атаясамлівалі з Лукашэнкам

Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне з 2022 года я назіраю цікавыя рэчы. Я з рускай культурай звязаны прафесійна. Але не жыву ў рускай культурнай прасторы: я фактычна не гляджу рускія фільмы ў свой вольны час, не слухаю рускую музыку, на расійскім тэлебачанні я гляджу толькі палітыку і расійскую прапаганду, бо мне яе даводзіцца аналізаваць. У мяне няма асаблівай цікавасці да культурніцкага жыцця ў Расіі.  Я не кажу, што гэта добра і так трэба сябе паводзіць — проста ў мяне іншыя інтарэсы.

Адначасова я бачу людзей, якія заяўляюць: усё, я выходжу з «рускага міру», я не жадаю з ім мець нічога агульнага, але адначасова глядзяць расійскія серыялы ці забаўляльныя перадачы на расійскім тэлебачанні. То бок, людзі настолькі глыбока сядзяць у рускай прасторы, што выйсці з яе неймаверна цяжка, адмовіцца ад яе надзвычай цяжка, нават больна.

Нам давядзецца мець справу з грамадствам, у якога нулявы дэмакратычны вопыт, дзе ўсё жывое зачышчана пад корань, якое чакаюць цяжкія эканамічныя выпрабаванні, і сур’ёзныя выклікі ў сферы бяспекі. Нешта рабіць у такім грамадстве будзе неймаверна цяжка.

Не трэба мець ілюзій. Усе высілкі лукашэнкаўскага рэжыму і ягонай прапаганды выдаць бел-чырвона-белы сцяг за фашысцкую сімволіку, уся іхняя агрэсіўная лухта падрывае, канешне, рэпутацыю бел-чырвона-белага сцяга. Але калі чырвона-зялёны сцяг нарэшце будзе заменены на бел-чырвона-белы сцяг, то, думаю, большасць грамадства сустрэне гэта спакойна, або нейтральна, або абыякава. Па прынцыпу: мне ўсё роўна, які сцяг, галоўнае — каб я мог зарабіць свае грошы. Так што вяртанне бел-чырвона-белага сцяга сур’ёзных пратэстаў не выклікае.

Чытайце далей: Пісьменніца Ева Вежнавец: Наша задача – здабыць праўду з-пад зямлі

З іншага боку, рэзкія змены ў моўным пытанні: напрыклад, руская мова страціць статус дзяржаўнай, або пачнецца татальная дэрусіфікацыя, ці выцясненне рускай мовы, як ва Украіне ці краінах Балтыі — для многіх людзей стануць вельмі балючымі. Балючымі таму, што ў гэтай рускамоўнай, рускакультурніцкай прасторы яны існуюць. Гэта можа нанесці грамадству дадатковую шкоду.

Беларусізацыя безумоўна патрэбна, пытанне гэтак нават не стаіць. А кіраўніцтва краіны мусіць размаўляць па-беларуску — гэта відавочна, як усход ды заход сонца.

Давайце возьмем Уладзіміра Зяленскага, які, хутчэй за ўсё, у паўсядзённым жыцці, па-за камерамі, размаўляе на рускай мове — для яго гэта родная мова. Але Зяленскі як прэзідэнт Украіны, тым больш у сённяшніх умовах, асабліва ў публічнай прасторы, мусіць карыстацца выключна ўкраінскай моваю: прэзідэнт мусіць падаваць прыклад, дэпутаты павінны быць прыкладам, журналісты. Калі такіх прыкладаў будзе дастаткова шмат — і астатні народ паступова падцягнецца, неабавязкова шукаць радыкальныя крокі. Тым больш што ў Беларусі беларусізацыю рабіць будзе цяжка — з-за асабліва моцных традыцый русіфікацыі і расійскага фактару. Нават калі ў Беларусі пачнуцца сур’ёзныя змены, мы не ведаем, якой у гэты час будзе Расія, як яна будзе рэагаваць.

Recent Posts

Брестские власти объявили о новом арт-объекте на Советской. Кажется, мы знаем, о чем речь

Власти Бреста явно решили заинтриговать горожан в преддверии Дня города приятным «сюрпризом». Правда, в мае…

09.07.2025

«Дура-дурой» и «вражина»: как пропагандисты отреагировали на эмоциональное видео выпускницы медвуза из Барановичей

Григорий Азаренок и Андрей Муковозчик обсудили резонансное видео молодого медика. Ожидаемо не обошлось без потока…

09.07.2025

«Пришлось вскрыть все коробки и заново запихивать». Девушка прошла границу Польши с Беларусью за 22 часа

Когда она подъехала к границе, до пункта пропуска «Тересполь» было 3 км. А очередь двигается…

09.07.2025

Чиновники отреагировали на жалобу жителей Доброго Бора по поводу магазина, а районка «наехала» на них и опозорилась

Перед визитом чиновников в магазине резко появились все необходимые продукты. А на встрече с местными…

09.07.2025

В Барановичах вынесли приговор предпринимательнице, которая изготавливала памятники. Что она не поделила с клиентами?

Согласно позиции обвинения, женщина взяла у клиентов предоплату на изготовление памятников и не собирались ее…

09.07.2025

Рюкзак, форма, канцелярия — школьные базары вот-вот откроются. Считаем, во сколько обойдется подготовка к учебному году

До 1 сентября еще почти два месяца, но в столице уже объявили о школьных базарах.…

09.07.2025