Аляксандр Клачко прайшоў шлях ад рускамоўнага беларуса да палітыка, які актыўна прасоўвае родную мову. Беларуская мова для яго стала сродкам супраціву і абароны нацыі.
Пачаць размаўляць па-беларуску ніколі не позна і заўсёды магчыма. 40-гадовы Аляксандр Клачко таму прыклад: удзельнік пратэстаў 2020 году і добраахвотнік палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Кусь», прайшоў праз выгнанне з Беларусі і вайну ва Украіне. Цяпер жыве і займаецца палітыкай у складзе блоку «Воля» ў Каардынацыйнай радзе ў Літве. Піша кнігу і вядзе тэлеграм-канал і ўсё гэта — выключна па-беларуску. А распачаў размаўляць роднай мовай літаральна тры гады таму.
Чытаць таксама: Беларуская мова як мірная зброя: асабістая гісторыя былога каліноўца, палітыка Аляксандра Клачко
Читать далее:
Аляксандр нарадзіўся ў Баранавічах і кажа, што з дзяцінства пачуваўся беларусам, а беларуская мова была — роднай. Нават пісаў вершаваныя радкі па-беларуску:
«…Краіна буслоў і краіна азёр,
Дарагая мая беларусь…
Я ганаруся, што беларусам завуся!»
Але 37 гадоў размаўляў па-расейску, бо «і мяне закранула праца імперыі, якая вялася не адно стагоддзе».
— Памятаю, на ўроку ангельскай мовы прамаўляў «г» — як традыцыйна-беларускае фрыкатыўнае — і з мяне смяяліся. А зараз разумею, што гэта нашая беларуская адметнасць і каштоўнасць.
Аляксандр узгадвае таксама, як напачатку 2000-х меў адчуванне, што ўсіх людзей, якія размаўлялі па-беларуску публічна, успрымаюць, як «бэнээфаўцаў» ці «неадэкватаў».
— Я саромеўся беларускай мовы! Баяўся на ёй гаварыць: а што скажуць людзі? Зараз разумею, што вось так нас прывучалі выракацца роднай мовы, як мовы, нібыта, неадукаваных людзей, «калгаснікаў» ці «БНФаўцаў».
Але ў 2019 годзе беларуская мова і яе носьбіты для актывіста выглядалі ўжо інакш.
— Я тады глыбей пачаў знаёмляцца з гісторыяй вёскі Дамашэвічы, з якой паходзяць мае продкі. І шукаў людзей, якія таксама цікавіліся і ведалі гісторыю свайго роднага краю.
У дзень памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, разам з Уладзімірам Гундарам, які цяпер палітвязень, Аляксандр паехаў да помніка паўстанцам, загінулым падчас бою каля вёскі Мілавіды Баранавіцкага раёна.
— Уладзімір размаўляў са мной па-беларуску, і я адказваў таксама па-беларуску. Але штодзённа я тады не размаўляў, таму казаў павольна, падбіраў словы. І за тыя некалькі хвілін беларускамоўнай размовы так стаміўся, што быццам, вагон цэменту разгрузіў. А галава, нібыта, удвая павялічылася ад напругі, — смяецца Аляксандр.
Чытаць таксама: «Паважаюць толькі тых, хто сам сябе паважае»: Ігар Случак пра мову як крытэрый нацыі
Як і многія беларусы, Аляксандр Клачко ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і пазней. Каб не патрапіць пад каток рэпрэсій, у снежні таго ж году быў вымушаны з’ехаць у Літву. Апынуўся ў гатэлі разам з іншымі беларускамоўнымі ўцекачамі.
— У нас была агульная кухня, і, калі мы там сустракаліся, то хлопцы размаўлялі па-беларуску паміж сабой і са мной таксама. І ў нейкі момант — памятаю дату: 21 лютага 2021 года, а гэта ў дадатак Міжнародны дзень роднай мовы — вось, як плаціна прарвалася. Я раптам адчуў, што магу вольна, спакойна і без напругі размаўляць па-беларуску.
Але суразмоўца ўдакладняе, што спатрэбілася яшчэ паўтара года, каб цалкам размаўляць па-беларуску. І ўжо на вайне ва Украіне Аляксандр, які ўзяў сабе пазыўны «Кусь», быў беларускамоўным беларусам.
— Я для сябе зразумеў, што можна колькі заўгодна казаць: «Давайце беларусы разговарівать на беларуском языке», але гэта стане магчыма толькі тады, калі ты сам пачнеш размаўляць па-беларуску.
Паводле Аляксандра «Кусь», толькі тады цябе пачуюць, калі ты на ўласным прыкладзе пакажаш, як гэта рабіць.
— Я лічу, што беларуская мова — гэта мірная зброя, якая абараняе нашу беларускую нацыю ад знішчэння. «Рускі мір» — гэта ж не толькі наўпроставая агрэсія, а яшчэ і гібрыдная акупацыя, культурная і моўная экспансія.
«Кусь «перакананы, што наўпроставыя баявыя дзеянні займаюць меней часу, але агрэсарам не трэба заваёўваць чужы народ, калі за стагоддзе яго можна пераканаць, што ён нічым не адрозніваецца ад заваёўнікаў. Такі народ сам папросіцца ў імперыю і не спатрэбіцца пасля падаўляць паўстанні, якія абавязкова ўзнікаюць на гвалтам захопленых тэрыторыях. Нашая гісторыя паўстанняў — Касцюшкі, Каліноўскага, Лістападаўскае паўстанне — таму прыклады.
— Не здарма ж расейскія агрэсары казалі: «Што не даробіць расейскі штык, тое даробіць расейскі поп, настаўнік і чыноўнік».
Яшчэ Аляксандр прыводзіць прыклад літоўцаў, якія ў дадатак да літоўскай, валодаюць расейскай альбо ангельскай мовай.
— Калі літоўцы «расейскамоўныя», то яны спажываюць і расейскую культуру: фільмы, навіны, музыку. Для літоўцаў з ангельскай мовай увесь гэты прарасейскі наратыў, практычна, не даходзіць. Бо яго яшчэ трэба перакласці на літоўскую ці ангельскую мовы — для прапаганды існуе натуральны моўны бар’ер.
Аляксандр перакананы, што вось так нацыянальная мова і супрацьстаіць прарасейскай прапагандзе.
— Суседнія мовы могуць узбагачаць адна адну, але ў выпадку з імперскай Расеяй — гэта забойства беларускай мовы. Таму для нас беларуская мова не проста сродак камунікацыі, а мірная зброя ад акупацыі.
Аляксандр Клачко цяпер узначальвае камісію па нацыянальнай і рэлігійнай бяспецы ў Каардынацыйнай Радзе. Ці ёсць месца беларускай мове ў беларускай палітыцы? Кажа, што дамагаецца гэтага.
— Па статуту Каардынацыйнай Рады, мова дакументаў — беларуская. Быў адзін выпадак, калі на галасаванне выклалі дакумент на 60% напісаны расейскай мовай. Тады наша камісія і я, як старшыня, паказалі гэты факт парушэння статуту, каб не дапускаць падобных выпадкаў у будучыні.
Сам пра сябе Аляксандр жартуе, што «ёсць жа такія «неадэкваты», як «Кусь»».
— Уявіце: праз сто гадоў адкрываюць дакументы, а там у беларусаў расейская мова. Так не можа быць, бо гэта таксама элементы беларусізацыі беларусаў.
Спадар Клачко кажа, што яго дзівіць, калі сярод палітыкаў і ў грамадстве вядуцца размовы, як беларускай мовай не пакрыўдзіць расейскамоўных беларусаў ці іншыя нацыі, якія жывуць у Беларусі. Бо з такім падыходам ніяких перспектыў у беларускай мовы няма.
— Чаму ў літоўцаў ці палякаў не ўзнікае пытанняў: а ці не пакрыўдзяць яны каго-небудзь, калі ў парламенце будуць размаўляць на сваіх мовах — літоўскай ці польскай? Абсурдная сітуацыя, а вось беларусам гэтае пытанне чамусці актуальнае і штосці замінае ім карыстацца роднай мовай.
Палітык кажа, што намераны лабіраваць пазіцыю беларускай мовы — як адзінай дзяржаўнай. Адначасна ён прыхільнік павольнай беларусізацыі, каб пачынаць ад дзіцячых садкоў і школ да ВНУ і грамадска-палітычнай сферы.
Чытаць таксама: Як я ствараю куточак Беларусі ў чужой хаце, каб перажыць эміграцыю. Досвед журналісткі BGmedia
Для таго, каб людзі захателі размаўляць па-беларуску, каб гэта было прэстыжна, натуральна і прыемна, неабходна шмат працаваць.
— Я бы распачаў з мясцовых музеяў, дзе жыхары гэтых месцаў даведаліся б нарэшце гісторыю сваіх продкаў і сваіх малых радзімаў. Што гэтая гісторыя старажытная і велічная, што нашыя годныя продкі размаўлялі па-беларуску. Калі беларусы пачнуць ганарыцца сваім мінулым, яны будуць ганарыцца і сабой і сваімі культурай і мовай. Гэта не малы, але надзейны і важны шлях.
«Кусь» кажа, што разумее страх пачаткоўцаў, якія хочуць пачаць размаўляць роднай мовай публічна, бо «і сам такое прайшоў».
— Мы адбілі ў расейцаў украінскую вёску, я кантраляваў дарогу і ўкраінскі ваяр — ён зваліўся каля мяне, як снег на голаву. Іх разлік БМП падбілі расейцы і толькі што іх выцягнулі з-пад абстрэлу, а ягоныя пабрацімы былі цяжка паранены. Мы размаўлялі з ім па-расейску, і я зняў гэта на відэа. Пазней яно было размешчана на канале палка Каліноўскага. Гэтае відэа пабачыў мой камандзір і кажа мне: «Кусь, беларускамоўны ты падабаешся мне больш, чым расейскамоўны», — смяецца Аляксандр і дадае.
— Я сам сябе адчуваю інакш, калі размаўляю па-беларуску: тэмбр голаса, інтанацыя, гучанне беларускай мовы — мацнейшым сябе адчуваю. Не ведаю, як гэта працуе, але я адчуваю нейкую глыбіню і моц, калі размаўляю па-беларуску.
Таксама Аляксандр «Кусь» удакладняе, што акрамя жадання размаўляць па-беларуску, важна мець перакананне і аргументаваць сваю пазіцыю, каб не стаць ахвярай чужых меркаванняў. І дае ахвочым практычныя парады.
— Пачынайце размаўляць дома, чытайце дзецям беларускія казкі, глядзіце фільмы па-беларуску, слухайце беларускую музыку.
«Кусь» кажа, што «душыць» толькі тых, хто мае яскравыя маркеры «рускага міру». А тых беларусаў, якія маюць комплексы і цяжкасці, каб пачаць размаўляць па-беларуску, — добра разумее і падтрымлівае.
— Гэта не просты шлях. Але хіба ж барацьба за права беларусамі звацца абяцала быць простай? Але гэта прасцей, чым нашым палітвязням цяпер за кратамі. Спрабуйце! І ўсё атрымаецца.
Чытаць таксама: «Я не этнічны беларус, але з беларускасцю ніколі не парываў». Моўнае пытанне Аляксандра Фрыдмана
Яшчэ з часоў вайны ва Украіне Аляксандр Клачко «Кусь» вядзе беларускамоўны тэлеграм-канал — «Зрабі Кусь, каб вызваліць Беларусь!» Там былы ваяр друкуе ўрыўкі з будучай кнігі пра беларускіх добраахвотнікаў на вайне ва Украіне.
— Я пачаў пісаць кнігу яшчэ на фронце на тэлефоне. І разумеў, што мяне могуць забіць — гэта ж вайна — і ўсе гэтыя запісы і апавяданні ў тэлефоне так і застануцца і згубяцца. А вось у тэлеграм-канале штосці ацалее нават, калі мяне не стане.
Паводле аўтара, амбіцыйная задумка гэтай кнігі — тры яе часткі: пратэсты ў Беларусі, эміграцыя ў Літве і вайна ва Украіне. А таму яе будучая назва — «Быць беларусам. Вайна ва Украіне».
— Быць беларусам сёння вельмі і вельмі не лёгка, лёгка быць кім заўгодна, акрамя як беларусам. Ну, хіба расейцам горш. Таму некаторыя адразу становяцца «uкраінцамі» ці «палякамі», літоўцамі, пераскокваючы родную мову — такі слабы ў людзей нацыянальны падмурак, — канстатуе «Кусь».
А яшчэ на частку назвы кнігі «Быць беларусам» паўплывала адна гісторыя.
— У Баранавіцкай газеце «Інтэкс-Прэс» у 2019 годзе быў надрукаваны артыкул «Будзь беларусам». Я тады перапосціў яго ў свой канал «u кантакце», здаецца. А да маёй сяброўкі прыехала маці з Украіны. І яна пачала мяне ўшчуваць, што я хачу «як ва Украіне», што я размаўляю па-беларуску. Я сказаў тады, што не размаўляю і гэта дрэнна. А яна чамусці адрэагавала так: «Сам ты херовы», — смяецца Аляксандр.
Суразмоўца мяркуе, што тая жанчына не разумела беларускай мовы, і гэты выпадак толькі падкрэсліў самабытнасць роднай мовы і ўмацаваў у жаданні быць беларусам.
Папулярызатар роднай мовы на сваёй старонцы ў тэлеграм-канале «Зрабі Кусь, каб вызваліць Беларусь!» таксама публікуе вершаваныя радкі дзеля вывучэння роднай мовы пад рубрыкай «Вывучаем разам матчыну мову».
— На гэта мяне натхніла мая дзяўчына Люба, якая даслала мне каляндар «Мова вольных» літаральна ў склеп пад Бахмутам, дзе мы начавалі. А пазней я пачаў рабіць фотаздымкі, пісаць сказы са словам дня, рыфмаваныя радкі і вершы. Каб так папулярызаваць і мякка адаптаваць беларускую мову.
Клачко «Кусь» кажа, што ўся гэтая праца вымагае шмат часу і сілаў. Але прыкладам, які гэтыя сілы надае, для яго з’ўляецца Ларыса Геніюш — узор беларускасці і нязломнасці. І, натуральна, Кастусь Каліноўскі.
— Каліноўскі — для мяне ідэальны прыклад беларускага нацыяналіста і адначасна годнага чалавека. Ён змагаўся з ворагам і пры гэтым, умоўна кажучы, не гвалтаваў жанчын, не паліў мірных жыхароў у іх хатах і не вешаў дзяцей.
А Ларыса Геніюш — чалавек вялікай моцы духу, а гэта мацней за любое здароўе і нават зброю. Яна праз усё жыццё, праз цяжкія і доўгія гады выпрабаванняў пранесла гэтую моц і родную мову, якія разам — мацнейшыя за любую зброю.
Чытаць таксама: Алесь Бяляцкі: Беларуская мова ад простых вясковых людзей значна багацейшая за нежывыя канструкцыі рускай мовы
В результате ДТП 10-летняя девочка получила тяжкие телесные повреждения в виде множественных травм головы. Момент…
С 4 января в стране вступил в силу указ, запрещающий оптовую и розничную торговлю пиротехникой.…
При нынешней пропускной способности погранперехода «Брест — Тересполь» только вызова автомобиля на границу придется ждать…
Оказалось, что сотрудники ГАИ останавливали пинчанина уже трижды. Каждый раз ему давали штраф, равный двум…
В прошлом году правозащитники «Вясны» зафиксировали не менее 8 895 фактов репрессий — намного больше,…
Руководство Беловежской пущи критикуют за то, что экскурсии в поместье Деда Мороза проводят всего 3…