Categories: Новости

У Жабінкаўскім раёне скасавалі статус помніка прыроды для гістарычнага парку «Ацячызна»

Парк каля былой сядзібы Бельскіх атрымаў статус батанічнага помніка прыроды ў 2017 годзе. Цяпер мясцовыя ўлады гэты статус скасавалі.

Share

Помнікам прыроды парк быў менш за дзесяць гадоў

Жабінкаўскі райвыканкам прыняў рашэнне скасаваць статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння для парку «Ацячызна» ў пасёлку Ленінскі.

Чытайце таксама: Сядзібу з вежай-абсерваторыяй пад Столінам прадалі за $18 тысяч

Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».

Ахоўны статус тэрыторыя атрымала ў лістападзе 2017 года. Цяпер рашэнне аб яго скасаванні мясцовыя ўлады ўзгаднілі з Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету, раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, ААТ «Рагазнянскі» і Ленінскім сельвыканкамам. Адпаведны дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Парк мае не толькі прыродную, але і гістарычную каштоўнасць. Ён быў часткай сядзібы шляхецкага роду Бельскіх, якая існавала тут прыкладна з 1800 года.

Тут рос дуб узростам да 800 гадоў

Плошча парку першапачаткова складала каля 7,3 гектара. Пазней яна зменшылася да 5,973 гектара.

Адной з самых вядомых адметнасцяў «Ацячызны» быў старажытны дуб. Спецыялісты ацэньвалі яго ўзрост у 700–800 гадоў. Дрэва мела каля 25 метраў у вышыню, а ствол — да 2,6 метра ў дыяметры.

У 2015 годзе моцны вецер пашкодзіў дуб: значная частка яго кроны і ствала абламалася і ўпала.

У парку захаваліся і іншыя старыя дрэвы — грабы, дубы, ліпы, піхты, ясені, каштаны. Іх адрозніваюць вялікі ўзрост і памеры, а раней яны разглядаліся як значныя для мясцовай прыроды і ландшафту.

Ад маёнтка засталіся асобныя будынкі

Сядзіба Бельскіх некалі была значным гаспадарчым комплексам. Пры Ксаверыі Бельскім тут з’явіліся бровар, сыраварня і пейзажны парк. У сыраварні выраблялі сыры паводле швейцарскіх рэцэптаў.

Сам палац і іншыя асноўныя сядзібныя будынкі да нашых дзён не дайшлі. Частка забудовы была знішчаная падчас вайны, астатняя — ужо ў пасляваенны час.

Захаваліся толькі асобныя гаспадарчыя аб’екты. Сярод іх — рэшткі бровара 1904 года, склад і флігель.

Цяпер іх стан цяжкі: у будынкаў няма дахаў, перакрыцці абваліліся, а ўнутраныя памяшканні паступова зарастаюць. Пры гэтым месцамі яшчэ можна ўбачыць старыя цагляныя сцены і арыгінальныя арачныя аконныя праёмы.

Сядзіба Бельскіх «Ацячызна». Фота, палепшанае з дапамогай ChatGPT. Крыніца: https://poshyk.info/dostoprimechatelnosti-belarusi-karta/

Бельскія і гісторыя маёнтка

Бельскія паходзілі са старажытнага каталіцкага шляхецкага роду з Люблінскага ваяводства Рэчы Паспалітай. Пасля яе падзелаў прадстаўнікоў сям’і прызналі расійскімі дваранамі і занеслі ў шостую частку Радаводнай кнігі Гродзенскай губерні. У яе ўносілі найстарэйшыя дваранскія роды, шляхецкае паходжанне якіх пацвярджалася яшчэ да 1685 года.

Першай уладальніцай маёнтка называюць Яўгенію Бельскую. Пазней сядзібу развіваў яе сын Ксаверый. Пры ім гаспадарка пашыралася, а тэрыторыя набыла выгляд пейзажнага парку.

У наступныя дзесяцігоддзі нашчадкі сям’і працягвалі займацца маёнткам. Бельскія падтрымлівалі сувязі з іншымі вядомымі шляхецкімі сем’ямі рэгіёна, у тым ліку Шадурскімі, Быхаўцамі, Рэйтанамі і Ажэшкамі.

Апошнім уладальнікам сядзібы быў Эдвард Бельскі — сын Ксаверыя.

Парк упарадкавалі перад скасаваннем статусу

У сакавіку 2025 года ў «Ацячызне» прайшла акцыя па добраўпарадкаванні. Да яе далучыліся прадстаўнікі райвыканкама і мясцовых дэпутатаў, «Белай Русі», МНС, ЖКГ, раённай бальніцы, цукровага завода, Ленінскай сярэдняй школы і іншых арганізацый.

Пасля работ дзяржаўныя СМІ паведамлялі, што тэрыторыя стала больш дагледжанай.

Пры гэтым захаваныя рэшткі сядзібнай забудовы застаюцца ў аварыйным стане. Сам парк цяпер знаходзіцца сярод сучаснай забудовы пасёлка Ленінскі.

Тэрыторыя былой прамысловай часткі маёнтка агароджаная. Захаваныя аб’екты знаходзяцца на балансе Ленінскага сельвыканкама і Жабінкаўскага райвыканкама. Раней частка гаспадарчых будынкаў належала мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, якая цяпер працуе пад назвай ААТ «Рагазнянскі».

У Беларусі апошнімі гадамі гістарычныя будынкі і былыя сядзібы нярэдка спрабуюць прадаваць праз аўкцыёны за сімвалічную суму — адну базавую велічыню, якая цяпер складае 45 рублёў.

Рэшткі сядзібы Бельскіх пакуль на аўкцыён не выстаўляліся. Цяпер жа парк «Ацячызна», які менш за дзесяць гадоў меў статус батанічнага помніка прыроды мясцовага значэння, гэтага статусу пазбаўлены.

Чытайце таксама: У Песках адновяць гатычную браму сядзібы Пуслоўскіх. А што будзе з самой сядзібай?

Recent Posts

НАН Беларуси: 80% беларусов довольны обращениями к властям — почему соцопрос вызывает вопросы

Социологи заявили о высокой эффективности местных властей. Но беларусы нередко добиваются решения проблем не через…

17.09.2026

«Достижение века», «Лососни тунца». Как в Кобрине наконец-то открыли «старый» мост

Реконструкция продолжалась больше года. Мост открыли раньше срока, но кобринчане уже обсуждают велодорожки, благоустройство и…

17.09.2026

«Лежачие полицейские» на велодорожке: в Могилеве спорят о необычном решении властей

Житель Могилева пожаловался на лежачие полицейские, установленные поперек велодорожки. В Threads он назвал такое решение…

17.09.2026

У Крычаўскім і Чавускім раёнах у грамадскім транспарце не засталося беларускай мовы

У Крычаўскім і Чавускім раёнах інфармацыя ў грамадскім транспарце цяпер падаецца толькі па-расейску. Пра гэта…

17.09.2026

«Безалаберное отношение к таким многолетним деревьям». Жительница Солигорска показала, как облысел центр города

Голубые ели исчезли у райисполкома, деревья — возле ДК и памятника Ленину. Власти объясняют вырубку…

17.09.2026

«Застряла скорая с сиреной и на маяках»: в Бресте из-за велопробега ко Дню народного единства перекрыли центр

Горожане рассказали в соцсетях о пробках и застрявшей машине скорой помощи. Тем временем ограничения движения…

17.09.2026