На думку спявачкі, ад мінулага мы ніколі далёка не сыходзілі. І вайна, і эпідэмія, і смерць, і разбурэнне заўсёды былі побач.
Эміграцыя — гэта калі дужа розныя людзі апынаюцца ў падобнай сітуацыі. Сярод іх могуць простыя працаўнікі, палітыкі, дзеячы культуры. Сённяшняя суразмоўца BGmedia добра вядомая беларусам, пратэстным і не толькі, прычым у розных амплуа. Кацярына Ваданосава ў залежнасці ад моманту паўстае як спявачка, рэканструктарка традыцыйнага строю, тэлевядучая — і гэта, вядома, не ўсё.
Мы паразмаўлялі з Кацярынай пра беларускасць за мяжой, працу не дзеля грошай, перажыванне рэальнасці смерці і любоў да мінулага, якое насамрэч далёка ад нас не сыходзіла.
— Аднойчы вы казалі, што не можаце сказаць, хто вы. Усё ж з чаго складаецца ваша ўспрыняцце сябе? Што трэба пералічыць, каб вы маглі сказаць: «Вось гэта я»?
— Мне здаецца, што большая частка людзей атаясамлівае сябе з той сферай дзейнасці, у якою яны найбольш занураныя. Калі задаць такое пытанне айцішніку, ён скажа: «Я айцішнік». Калі матулі ў дэкрэце, яна скажа: «Я мама». У гэтым самая вялікая праблема.
На сённяшні момант у мяне толькі прац чатыры штукі. А яшчэ хобі. А яшчэ я таксама мама. Асоба мая складаецца з некалькіх спраў, рэчышчаў. Хтосьці можа сказаць, што гэта нейкая мазаічнасць, але я не магу аддаць перавагу пэўнай сферы сваёй дзейнасці. Імкнуся ўхапіць за хвост усё тое, што мне цікава.
Па-першае, я мама. У мяне два дзіцяці. Па-другое, я лічу сябе амбасадаркай анкалогіі. То бок я распавядаю, якім чынам перажываецца анкалогія, як падтрымаць чалавека з анкалогіяй. Тэма табуяваная да сённяшняга моманту, і гэта таксама прыносіць вялікі боль тым, хто хварэе. Людзі не могуць пра гэта гаварыць, часам нават не могуць адчуваць сябе паўнавартаснымі чальцамі грамадства. Па-трэцяе, я журналістка. Я працую на такіх экстрэмісцкіх выданнях, як «Будзьма», «Белсат», з’яўляюся тэлевядучай, аўтаркай праектаў.
Таксама ў мяне ёсць музычны гурт, я пішу песні, вершы, музыку, раблю аранжыроўкі. Перыядычна мы выступаем. Канешне, значна меней, чым у Беларусі да 2020 года, таму што музыкі расцярушаныя па ўсім свеце.
Мне вельмі падабаецца выступаць менавіта ў межах гурта. Я тады адчуваю напоўненасць уласнай музыкай унутры і звонку. Таму не вельмі люблю выступаць адна з гітарай.
Ну і таксама я вельмі шчыльна займаюся рэканструкцыяй у тым ліку беларускіх традыцыйных строяў і гістарычных строяў. Гэта сапраўды рэканструкцыя, не стылізацыя. Я аднаўляю розныя тэхнікі вышыўкі, ткацтва, пашыву. Гэта вялікая колькасць ведаў і навыкаў.
Людзі часам не ўяўляюць, які гэта доўгі і працазатратны працэс. Немагчыма, напрыклад, прыехаць з майстар-класам у Варшаву і за дзве гадзіны навучыць людзей шыць сабе кашулі ці вышываць іх. Гэта вельмі доўгая справа, і яна мне прыносіць на сённяшні момант агромністую частку задавальнення ад жыцця.
Читайте также: «Все бомжи в Белостоке ходили бы в беларуских мерчах». Заказчики не могут получить оплаченные товары с символикой
— У сучасным свеце людзі сапраўды ідэнтыфікуюць сябе праз заняткі. А кім бы вы былі ў тыя гістарычныя часы, якую рэканструюеце?
— Я думаю, што была б там, хутчэй за ўсё, нікім. Адна справа — рэканструкцыя строяў, кухні (мне гэта таксама цікава), нейкіх патэрнаў паводзінаў. Але я б не хацела жыць у тыя эпохі. Трэба дакладна правесці мяжу паміж рэканструкцыяй і жаданнем павярнуць мінулае. Таму што мы не ведаем, як там было. І хутчэй за ўсё там было значна горш, чым зараз.
Калі б я жыла ў якім-небудзь стагоддзі 14-м, калі б я нарадзілася ў сям’і швачкі, я б была швачкай. Калі б я нарадзілася ў сялянскай сям’і, я б усё сваё жыццё корпалася ў зямлі і хадзіла за жывёлай. Калі б я нарадзілася ў нейкай статуснай страце, хутчэй за ўсё, я б выйшла замуж гадоў у 16 і нараджала дзяцей гадоў да 30, пакуль не памерла б ад чарговых родаў.
Хутчэй за ўсё, я была б тым, кім мне дыктавала грамадства. Вельмі цяжка было б выскачыць за межы гэтага дыктату. Так, у прынцыпе, і зараз адбываецца. Канешне, мы можам дазволіць сабе займацца справамі, якія нам падабаюцца, але ў асноўным гэта не пераходзіць межы хобі. І так ці інакш мы застаемся тымі, у якім атачэнні мы раслі, сталелі, выхоўваліся. Таксама і тады.
Магчыма, мяне б спалілі. Рудая, кучаравая. Калі гэта Заходняя Еўропа, то так, а ва Ўсходняй — не факт.
— То бок жаданне цалкам вярнуцца ў мінулае — нездаровае?
— Мне падаецца, што так. Мне падабаецца мастацтва мінулых эпох у першую чаргу, падабаецца гісторыя як навука. Я захапляюся археалогіяй. Але гэта не ёсць поўнае растварэнне і занурэнне ў тую ці іншую эпоху.
Мне б не хацелася жыць у якім-небудзь Сярэднявеччы ці нават у 19 стагоддзі. Не магу сказаць, што напоўніцу падабаецца жыць зараз. Але ўсё ж такі, мабыць, зараз трохі лепей. Прынамсі ў нас вакцыны ёсць і прышчэпкі.
— Шмат беларусаў за мяжой перажываюць крызіс. Узнікае пытанне «Хто я такі?», якім раней не задаваліся. Не ўсё разумеюць, што значыць быць беларусам, заставацца беларусам. У вас ёсць нешта падобнае?
— Абсалютна не. У мяне няма крызісу ідэнтычнасці. Я беларуска, і ганаруся гэтым. Не збіраюся асімілявацца ў тым ці іншым атачэнні. Я са жніўня 2021-га пажыла ў Літве, ва Украіне, зараз жыву ў Польшчы. Зразумела, я з вялікай павагай і ўдзячнасцю стаўлюся да тых краін, якія прымаюць беларусаў.
Для мяне ўсё цячэ натуральным шляхам. Ёсць беларускае атачэнне: мае аднадумцы, мае сябры. Ёсць прадстаўнікі народаў-суседзяў, сярод якіх я зараз жыву, і я стараюся з імі камунікаваць па меры магчымасцяў.
Чытайце таксама: Беларускі ваяр «Кусь»: «Як захаваць беларускасць?» для мяне гучыць прыблізна як «Як захаваць любоў да бацькоў?»
Мне, здаецца, нават больш камфортна быць беларускай у эміграцыі, чым беларускай, якая мае запыт на беларускасць, у Беларусі. Прынамсі нас у турму не саджаюць.
— Адкуль у вас цікавасць да рэканструявання мінулага?
— Я не ведаю. Мне з самага дзяцінства, колькі сябе памятаю, вельмі падабалася гісторыя. Першыя мае гульні, у якія я гуляла сама з сабой, з лялькамі, былі звязаны ў той ці іншай ступені з гісторыяй. Мне не падабалася гуляць у маму і дачку ці ў краму, а падабалася — у Робін Гуда, напрыклад.
Гадоў у 10 я прачытала Стругацкіх «Цяжка быць Богам», і на мяне гэта склада агромністае ўражанне. Падобнага кшталту рэчы мяне вабілі, захаплялі заўсёды.
Мне вельмі падабаецца эстэтыка папярэдніх эпох, цалкам натуральныя матэрыялы, велізарны аб’ём ручной працы, шурпатасці, якіх немагчыма зараз дасягнуць фабрычным спосабам вытворчасці.
Ва ўніверсітэце я спецыялізавалася па археалогіі, пісала звязаныя з ёй працы, таму што мне падабаецца працэс пошуку, працэс даследавання. Гэта вялікая прыгода. Калі я выязджала на раскопкі, гэта было для мяне велізарнае шчасце. Вось перад табой зямля, ты ў корпаешся з чорнымі пазногцямі, у цябе баліць спіна, у галаву пячэ — але потым ты знаходзіш штосьці, што ляжала ў зямлі цягам 500 ці 1 000 гадоў. І проста судакранаешся ўжывую з людзьмі, якія былі да цябе. Гэта неперадавальнае адчуванне.
Колькі сябе памятаю, са мной была гэтая прага — спазнаваць тых, хто ішоў перада мной. Як яны жылі? Як яны сябе адчувалі? Як яны хадзілі, як яны гаварылі? Як іх гумар адрозніваўся ад цяперашняга? Як яны складалі песні?
Адтуль яно ўсё і ўзялося.
— Зараз у нас і вайна, і эпідэмія была, і бунты, і такія рэспрэсіі, пра якія толькі чыталі ў падручніках. Ці ёсць адчуванне, што мінулае паўстала і лезе ў сучаснасць?
— Мне падаецца, гэта і мінулае, і сучаснасць, і будучыня. Як сказаў нехта з гісторыкаў, натуральны стан чалавецтва — гэта, на жаль, вайна. Мы проста жылі ў вельмі-вельмі камфортным свеце, спакойненькім — нават трохі твань, балота — і думалі, што так яно і будзе далей. А аказалася, што не. Вайна заўсёды побач. І эпідэмія заўсёды побач. І смерць, і разбурэнне.
Не тое, каб мінулае грукаецца ў дзверы. Мы проста ніколі ад яго не сыходзілі. І толькі ад нас залежыць, на колькі крокаў мы зможам адысці ад яго. Гэта вельмі цяжка. Гэта справа ўсяго жыцця.
— Праца ў СМІ — гэта пра актуальнасць, сучаснасць. У вас няма супярэчнасці паміж гэтай працай і ўсім, да чаго цягнецца душа? Яно паядноўваецца між сабой?
— Я думаю, што не. Яно мала яднаецца між сабой, акрамя таго, што я часта здымаюся ў строях уласнага вырабу. Канешне, мне хацелася б працаваць у СМІ і распавядаць людзям пра тое, што цікава мне, чым я палаю і гару. Тая праграма, якую мы рабілі яшчэ на «Беларусь 3» да 2020 года, — «Жывая культура» у значна большай ступені адпавядала маім густавым перавагам, таму што мы рапавядалі пра элементы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Мне да гэтага часу перыядычна сніцца, што я працую на «Жывой культуры», і я адчуваю такое шчасце ад гэтага!
Але я разумею, што ніякі канал, рэсурс не захоча мне плаціць зарплату за тое, што я буду сядзець і распавядаць, а як там у 19 стагоддзі стваралі крыналін і шылі гарсэт. У больш спакойным грамадстве, у некаторых заходнееўрапейскіх краінах гэта магчыма. Пад гэта выдаткоўваюцца сродкі. Мы зараз не можам сабе гэта дазволіць. Я гэта цудоўна разумею. Таму — так, ёсць пэўныя супярэчнасці, але праца ў СМІ мне таксама падабаецца. Гэта таксама частачка мяне.
— Вы нядаўна стварылі Школу традыцыйнага строю. Як прыйшлі да ідэі ці, дакладней сказаць, гатоўнасці перадаваць веды?
— Па-першае, я па адукацыі гісторык і педагог. Я ўмею вучыць людзей, мне гэта падабаецца.
Другая прычына, чаму я вырашыла занурыцца ў гэтую справу, — гэта рак. Калі я захварэла, то зразумела, што маё жыццё мае канец, і гэты канец можа наступіць у любы момант. І мне было б шкада, прабачце за пафас, сысці ў труну і знесці з сабой усё тое, што я ўмею, і не паспець гэтым падзяліцца.
І трэці чыннік — я не люблю працаваць на замову. Калі ты працуеш на замову, то адчуваеш сябе машынай, рамеснікам. Мне падабаецца ствараць тое, што мне цікава, выдаткоўваць шмат працы, шмат часу і рабіць тое, што на першы погляд незаўважна. Можна паўгады змарнаваць на вышыўку суперцяжкай у выкананні кашулі, якую мала хто ацэніць. А можна зрабіць агромністыя крыжы, якія будуць бачныя няўзброеным вокам, і ўсе скажуць: «Ваў, якая багата аздобленая кашуля!»
Я разумею, што калі я буду працаваць так, як я люблю, то рэчы, якія я ствараю, будуць вымагаць за сябе вялікай платы, і далёка не ўсе на гэта гатовыя пайсці. Таму мне падумалася, што прасцей навучыць людзей ствараць строі згодна з уласнымі густамі і перавагамі, чым мне падладжвацца пад чыйсці густ, фінансавыя магчымасці і пажаданні.
— Чаго б вы хацелі ў бліжэйшыя гады для сябе, для сваіх дзяцей і для Беларусі?
— Для самой сябе я б хацела душэўнага спакою. Я б хацела займацца той справай, якая мне падабаецца, і не думаць пра тое, якім чынам гэтая справа пракорміць ці не пракорміць маіх дзяцей.
Для дзяцей — я б хацела, каб я была здаровай. Каб не прачынацца кожны ранак з думкай «Memento mori». Яна пакуль ад мяне не сыходзіць. Мне часам падаецца, што гэта ўжо назаўжды са мной. Калі ты нюхнуў патэнцыйна смяротнай хваробы, ты заўсёды будзеш памятаць, што заўтра можа не наступіць. Вось мне б хацелася трошкі пазбавіцца ад гэтага.
Я думаю, што дзеці самі разбяруцца, чаго яны хочуць. Мне хочацца, каб яны жылі сваё жыццё, не аглядаючыся на нейкія знешнія фактары, каб знешнія фактары іх толькі падштурхоўвалі да новых здзяйсненняў, а не абмяжоўвалі. Каб ім не было страшна, што хтосьці не тое падумае, не тое, скажа, што ім падрэжуць крылы. І зразумела, каб ніколі больш яны не ўбачылі вайну.
Для Беларусі — тут усё банальна: я б хацела, каб у Беларусі нарэшце змянілася ўлада, наступіла дэмакратыя, каб урэшце нам не пагражала імперыя, каб мы маглі самі вырашаць свае пытанні, каб нармальна будавалася эканоміка, культура. Гэта абсалютна трывіяльныя рэчы. Каб усё было нармальна, не вычварна. Каб мы развівался згодна з павевамі часу.
Читайте также: Астапеня о двух образах Беларуси: «Беларусы хотели бы того, чего никто не дает»
Компания Henley & Partners представила свежую версию Индекса паспортов. Спойлер: Беларуси доступно такое же количество…
Редакция BGmedia собрала самые кринжовые и трагические инциденты в Беларуси, которые произошли на этой неделе.…
В Беларуси определили новые нормы выступления священнослужителей в СМИ и социальных коммуникациях. BGmedia рассказывает, что…
Видео с акцией брестских чиновников опубликовал первый секретарь брестского отделения БРСМ. И он не был…
Делимся традиционной подборкой юмора, веселых картинок и острых замечаний по событиям прошедшей недели.
В рамках учений проверили готовность силовиков и техники к любым возможным вариантам развития событий во…