Categories: Общество

Мова перамен. Маладая маці з Брэста: «Пачынайце чытаць па-беларуску яшчэ ў перыяд цяжарнасці»

Маці дзвюх дачок расказала пра «лайфхакі», якія дапамогуць пазнаёміць дзяцей з беларускай мовай, сямейныя падарожжы па Беларусі і канфлікты дыялектаў.

Share

Таццяна Мароз пяць гадоў у дэкрэце. У яе дзве дачкі. Раней працавала бухгалтарам на транспартным прадпрыемстве, скончыўшы БрДТУ. Таксама скончыла журналісцкія курсы ад БАЖ, займалася літаратурнай дзейнасцю, пісала вершы. Размаўляць па-беларуску пачала з дапамогай курсаў «Мова нанова». Зараз асноўнае поле прымянення роднай мовы – гэта выхаванне дзяцей.

«Лагапед ніколі такога не сустракаў»

«Калі нарадзіліся дзеці, я вырашыла: калі, як не з дзяцінства, трэба іх знаёміць з роднай мовай? – расказвае Таццяна.

Ніхто не навучыць добра валодаць ці хаця б разумець: ні ў садку, ні ў школе. А для мяне было вельмі важна, каб яны яе ведалі, і ведалі добра. Зараз бачу, што яны разумеюць яе цудоўна. Старэйшая дачка, калі сказаць нешта з зусім незнаёмым словам, напрыклад, «багоўка», пытае: «А што гэта такое?» Хоць я раней ёй шмат разоў казала, але яна не звяртала на гэта асаблівай увагі. Вось цяпер, калі імкнецца разабрацца ў назвах, у значэнні слоў, можа зрабіць акцэнт на незнаёмым слове і дакладна спытаць. А так адказвае па-беларуску, разумее, на якой мове з ёй размаўляеш. Калі па-польску штосьці скажаш, то можа «падбрыкнуць»: «Нічога не разумею, не хачу цябе слухаць», а калі па-беларуску – ніколі».

Зараз у садку ў старэйшай дачкі адзін дзень (серада) прысвечаны беларускай мове.

«Напрыклад, у гэту сераду яны вывучаюць пяць слоў па-беларуску. Мая дачка на ўсе пытанні дае добрыя адказы. Яна не заўсёды можа сказаць, як будзе, напрыклад, «юбка». Пасядзіць, падумае. Калі ёй сказаць: «Перакладзі», яна так адразу не супаставіць гэтыя розныя словы. Але ў працэсе размовы гэта ў яе ідзе лягчэй».

Па словах выхавальніцы, вельмі відаць, што з дзяўчынкай размаўляюць па-беларуску. Аднойчы ў «дзень беларускай мовы» яе давялося забраць з садка ці то з-за хваробы, ці з нейкай іншай прычыны. Выхавальніца аж пляснула далонямі: «Як жа мы будзем без вашай Агаты?» У групе яна адзіная, хто хоць неяк валодае мовай.

Таццяна са старэйшай дачкой на «Мове нанова», 2016 год. Фота з асабістага архіва

«Былі цікавыя выпадкі. Напрыклад, у лагапеда. Ён пытае: «Что это?» Яна кажа: «Аловак». Для яго гэта было дзіўна, ён ніколі такога ў сваёй практыцы не сустракаў. Я сказала: «Не звяртайце ўвагі, яна можа некаторыя словы блытаць».

«Збіраем на YouTube беларускамоўныя мультфільмы»

Таццяна раіць сваім сяброўкам, якія выхоўваюць дзяцей, нават калі самі не размаўляюць на мове, хаця б уключаць «Калыханку» ці браць у бібліятэцы беларускія кнігі.

«Добра, калі і небеларускамоўныя бацькі чытаюць дзецям. Але чытаць, вядома, лепш змалку. Нават калі жанчына яшчэ цяжарная. Адна знаёмая казала: «Я буду чытаць, каб дзіцёнак чуў мой голас, знаходзячыся яшчэ ўнутры мяне». У бібліятэцы вельмі прыязна да гэтага ўсяго ставяцца. Мы ўпершыню пайшлі, калі старэйшай дачцы было два гады, малодшай яшчэ не было. Нам пачалі выдаваць па 10-12 кніжак, і я вельмі часта чытала па-беларуску».

Праз такое чытанне бацькі могуць самі прывыкнуць да гучання мовы і да лексікі. А дзецям цікава слухаць пра нейкія прыгоды, і яны нават не звяртаюць увагу, на якой гэта мове.

«Мультфільмы таксама шукаем, іх ёсць шмат на беларускай мове. Нават асобная папка на YouTube ёсць, куды я гэта ўсё скідваю.

Сябровак да гэтага заахвочваю, але не ўсе, вядома, пагаджаюцца».

Падарожжы па Беларусі. Таццяна з дочкамі ў сядзібе Рэйтанаў (Грушаўка). Фота з асабістага архіва

У садку дачкі Таццяна спрачалася за беларускую мову – чаму так мала ёй удзяляецца ўвагі. Ёй адказалі: «Калі гэта вам так важна, мы можам пашукаць беларускамоўныя садкі». Аднак ніхто іх не пашукаў. Таццяна адзначае, што сама не надта была ў гэтым зацікаўленая: было б занадта складана без машыны развозіць дзяцей па розных садках. Яна б таксама хацела, каб дзеці вучыліся на беларускай у школе, але не ўяўляе сябе ў якасці арганізатара такіх класаў.

«Я не той чалавек, які вядзе за сабой натоўп, бо для гэтага ў мяне не хапае эмацыянальных рэсурсаў. Заўсёды падтрымаю нейкую ініцыятыву, але сама наўрад ці праяўлю».

Між тым у садку Таццяне сказалі, што будуць запрашаць яе на выступленні, каб яна расказвала бацькам, як выкарыстоўваць беларускую мову ў сем’ях, дзялілася «лайфхакамі». Усё гэта было запланавана на сёлетнюю вясну, але скончылася каранавірусам.

Беларускую мову называюць… рускай

У дзяцінстве ў самой Таццяны мовы было няшмат. Цікава, што яе бацька нарадзіўся на Старадарожчыне (Мінская вобласць), у мясцінах, дзе насамрэч усе размаўляюць на чысцюткай беларускай. Між тым мясцовыя зусім не ідэнтыфікуюць сваю мову як беларускую. Займаючыся складаннем радаводу, Таццяна размаўляла там з цёткамі, з бабулямі, і яны казалі: «Не, ніякай у нас беларускай мовы не было». – «А на якой вы зараз размаўляеце?» – «А, то ўсё руская».

Таццяна на «Мове нанова» расказвае пра складанне радаводаў. Фота з асабістага архіва

Маці ў Таццяны нарадзілася на Берасцейшчыне.

«Калі бацька з мамай ажаніўся, то мова тут яму была не зусім зразумелая – усё не так, як на Старадарожчыне. І ў выхаванні нас ён ужываў таксама і лексіку роднай зямлі. Напрыклад, ужываў вельмі шмат прыказак па-беларуску. Я нават спрабавала запісваць – можа, 40 ці 50. І гэта з дзяцінства засталося як нешта такое пяшчотнае, такое роднае. Беларуская мова – заўсёды напамін пра дзяцінства».

Наогул кажучы, бацькоўская сям’я размаўляе па-руску, толькі маці (і Таццяна таксама) з дзедам – на палескім дыялекце. На літаратурнай беларускай мове ёсць магчымасць размаўляць толькі з бацькам. Палешукі таксама не ідэнтыфікуюць сваю мову як беларускую – можна сказаць, пра яе тут ніхто і не чуў.

«Мне здаецца, што для жыхароў Камянеччыны беларуская мова такая ж, як і ўкраінская ці польская – навязаная і неабавязковая для ўжывання. Калі я збірала радавод, часта распытвала старых людзей, што яны думаюць наконт мовы. Адказвалі часцей адно і тое ж: «Ой, якія мовы мы толькі не вывучалі…» Часам у мяне складваецца ўражанне, што да моўнага прымусу яны б ставіліся нават варожа, бо прымус – гэта заўсёды нешта навязанае звонку».

«Усё гэта дзякуючы Глебу Лабадзенку»

У першым класе ў школе на Камянеччыне на беларускай мове выкладалася толькі некалькі прадметаў. Пазней – усё па-руску. Але калі сям’я пераехала ў Брэст, Таццяне трапілася вельмі цікавая настаўніца беларускай мовы. З удзячнасці да яе дзяўчына вырашыла здаваць беларускую на ЦТ. Такіх было толькі два чалавекі з класа. І ўсё – на гэтым пра мову забылася.

«Не было асяродка, разумення, рэсурсаў. Тады яшчэ ва ўніверсітэце я ўступіла ў БРСМ, лічыла іх патрыётамі. Беларуская мова не асацыявалася з патрыятызмам зусім. Не было ніякага падмурку.

А вось калі з’явіліся курсы «Мова нанова», то ўзнавілася жаданне размаўляць, чытаць. Гэта ўсё, як мне здаецца, дзякуючы Глебу Лабадзенку, які гэта распачаў. Я пазнаёмілася з новымі цікавымі людзьмі, даведалася, як шмат у нашай краіне беларускамоўных груп, пісьменнікаў, гісторыкаў. У нас склаўся касцяк, мы пасябравалі, можам дзе і ў горадзе сустрэцца. Курсы наведваю з самага пачатку іх існавання у Брэсце. З часам стала хадзіць і з сям’ёй».

«Ніякай абразы ніколі не сустракала»

Разам з дзвюма сяброўкамі свядома перайшлі на беларускую ва ўсіх афлайнавых і анлайнавых размовах. Хоць адна ў сваёй сям’і рускамоўная. Іншым Таццяна піша паведамленні ў «Вайберы» па-беларуску. Сябры гэта ведаюць, нават некаторыя адказваюць па-беларуску. Старонку ў «Інстаграме» вырашыла весці толькі на роднай мове. І таксама некаторыя сябры, што былі цалкам рускамоўнымі, пішуць ёй па-беларуску. Гэта радуе.

У грамадскіх месцах Таццяна пераходзіць на рускую, толькі калі сітуацыя патрабуе доўгіх тлумачэнняў. Напрыклад, калі трэба выбраць канапу і абмеркаваць усе якасці. Беларускую не разумеюць, перапытваюць, узнікае шмат блытаніны.

«А вось у краме я па-простаму магу спытаць: «Скажыце, дзе ў вас тут стаіць мука?» І я ніколі, ні аднаго разу не сустракала здзіўлення. Часам перапытваюць, але ніякай абразы, як чытаю часам у прэсе, ніколі не сустракала. Нават бывалі выпадкі, калі мяне спынялі людзі: «Вы па-беларуску размаўляеце, ах, Божа мой, як цудоўна! Упершыню чую!» Такое было некалькі разоў.

У сваім лепшым прыдуманым свеце я б, вядома, усіх на беларускую перавяла. Мне б хацелася, каб і палескай гаворцы, як у той жа Польшчы, удзялялася больш увагі. Але гэта далёкія мары».

Падарожжы па Беларусі. Таццяна з дачкой у Нямнова на Аўгустоўскім канале. Фота з асабістага архіва
Падарожжы па Беларусі. Дочкі Таццяны каля дуба, які лічыцца найстарэйшым у Беларусі (Маларыцкая лесагаспадарка). Фота з асабістага архіва

«Калі пачынаеш планаваць маршрут, разумееш, наколькі Беларусь вялізная»

Таццяна захапляецца назіраннем за птушкамі, тры гады займалася складаннем радаводу, удзельнічала ў праекце «Дыялекты» журналісткі Іны Хоміч. А яшчэ вельмі любіць вандраваць. З сям’ёй, з сябрамі яна наведала ўжо больш за палову раёнаў Беларусі. Пачалося гэта неяк само сабой.

«Самае першае, што магу прыгадаць – гэта 2010  год, калі было сумна сядзець у выхадныя ў кватэры: на шашлыкі ездзілі, гуляць проста так абрыдла. Прыйшла ў галаву ідэя наведаць Кобрын, бо была там не надта і шмат. Выпадкова знайшла сайт «Глобус Беларусі» (globus.tut.by) і ашалела ад колькасці цікавых месцаў у нашай краіне, пра якія я ніколі не чула, не тое каб бачыла. Так і пайшло: спачатку ездзілі глядзець старыя млыны, закінутыя сядзібы і паркі нашай вобласці, з цягам часу прасоўваліся на поўнач і захад. Аб’ехалі ўсю Брэсцкую і амаль усю Гродзенскую вобласць.

Падчас вандровак прыйшлі да цікавай высновы. Большасць беларусаў шчыра лічаць, што Беларусь – краіна маленькая і сціплая. Але калі пачынаеш планаваць маршрут хаця б на два дні, разумееш, накольні яна вялізная. І каб даехаць з Брэста ў тыя ж Расоны, трэба падарожжа планаваць мінімум на тыдзень. Бо ёсць неверагодная колькасць цікавых месцаў толькі па маршруце, якія крыўдна было б абмінуць, а хочацца ж зрабіць і петлі па дарозе, сабраць усе раскіданыя па краіне архітэктурныя і прыродныя каштоўнасці».

Падарожжы па Беларусі. Сям’я Таццяны ў геаграфічным цэнтры Беларусі (Пухавіцкі раён). Фота з асабістага архіва

Recent Posts

Спиленные деревья, вытоптанные клумбы, никаких объяснений: брестчанин показал на видео, как в центре строят жилой дом

Строительством занимается ООО «СК «Аматар» — застройщик, который уже несколько лет уничтожает исторический центр Бреста,…

10.09.2025

Велосипеды и самокаты под прицелом ГАИ: новые ПДД уже работают, а на улицах — бардак

С 1 сентября в Беларуси вступили в силу новые правила дорожного движения. На деле их…

10.09.2025

Мошенники похитили свыше 8,2 млн рублей. Нацбанк бьет тревогу

Преступники уже завладели миллионами рублей. Автоматизированная система помогает выявлять мошенничество, но угрозы остаются высокими.

10.09.2025

«Брест на голодный паек?» Что происходит на границе Беларуси с Польшей после объявления о ее закрытии

На выезде из Беларуси в Польшу увеличились автомобильные и автобусные очереди. Из страны точно не…

10.09.2025

«Нейкае напружанне ў паветры пачало навісаць». Як дырэктар адной беларускай кампаніі агітаваў удзельнічаць у вайне

Былы супрацоўнік вядомай беларускай кампаніі распавёў BGmedia пра яе дырэктара і яго стаўленне да вайны.

10.09.2025

В Брестской области дефицит воспитателей вырос почти на 40% за год — Беларусь готова принимать специалистов без диплома

Новый профстандарт открывает путь на работу даже для студентов и специалистов без полной «вышки». Государство…

10.09.2025