Вадзім Гігін ахвотна распавёў пра пераслед беларускай мовы ў мінулым, праігнараваўшы тое, як яна дыскрымінуецца цяпер.
ілюстратыўнае фота
З нагоды так званага «Дня Народнага адзінства» беларускі прапагандыст Вадзім Гігін выказаўся пра перыяд польскай акупацыі каля лагера Бярозы-Картузскай.
«Людям запрещали называться беларусами. Запрещали разговарить на русском и на беларуском, отстаивать свою веру и свои права. Забирали землю. Били, унижали. А народ не сломился. Народ боролся. И также, как вот эта дорожка, красная из битого кирпича, покрытая кровью, стала символом этноцида, так и выломанные ворота в лагере Берёзы-Картузской, после того, как стало известно о том, что начался освободительный поход Красной армии, стали символом освобождения».
@zarya.brest #брест #брестскаяобласть #первыйрегион #береза #патриоты ♬ оригинальный звук — ЗАРЯ
У каментарах з прапагандыста сталі жартаваць і задаваць яму нязручныя пытанні.
Гігін узгадвае толькі пра пераслед беларускай мовы ў міжваеннай Польшчы, але свядома замоўчвае тое, што адбываецца ў Беларусі сёння.
Беларускамоўныя грамадзяне рэгулярна сутыкаюцца з дыскрымінацыяй — у паўсядзённым жыцці і не толькі. Яшчэ ў 2021 годзе даследаванні паказвалі, што беларусам могуць адмовіць у абслугоўванні па-беларуску ў крамах і дзяржаўных установах. А ўжо ў 2024 годзе праваабаронцы зафіксавалі дзясяткі выпадкаў выціскання мовы з публічнай прасторы: ад этыкетак прадуктаў і транспартных абвестак да дзяржаўных цырымоній, дзе беларуская мова знікла цалкам.
3 студзеня. У адказ на зварот праваабаронцы Ігара Случака прадпрыемства «Брестское пиво» заявіла, што не плануе выкарыстоўваць беларускую мову на этыкетках сваёй прадукцыі і не будзе ствараць беларускамоўную версію сайта.
9 студзеня. На цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у Мінску Аляксандр Лукашэнка ўпершыню цалкам адмовіўся ад беларускай мовы і выступіў выключна па-руску.
13 лютага. Прарасійская актывістка Вольга Бондарава падала звароты ў «Мінсктранс» і аблвыканкамы са скаргай на тое, што назвы прыпынкаў у транспарце абвяшчаюцца толькі па-беларуску. Паводле яе слоў, гэта «ліквідацыя дзяржаўнай рускай мовы».
12 красавіка. Праект «МОВА ТУТ» паведаміў, што ў аўтобусах і тралейбусах Мінска пачалі здымаць налепкі на беларускай мове (напрыклад, пра аварыйны выхад), замяняючы іх толькі рускамоўнымі.
14 чэрвеня. Та самая Бондарава абурылася тым, што завод «Малочны свет» у Гродне задаволіў просьбу Ігара Случака і пачаў маркіраваць прадукцыю па-беларуску. Яна патрабавала вярнуць рускамоўныя этыкеткі, матывуючы гэта тым, што «большасць насельніцтва і турыстаў гаворыць па-руску».
Акрамя таго, Ігар Случак апублікаваў у сацсетках адказы іншых прадпрыемстваў, якія таксама адмовіліся выкарыстоўваць беларускую мову:
СТАА «KONTE» патлумачыла адмову рашэннем кіраўніцтва і супрацоўнікаў, а таксама спаслалася на Канстытуцыю, якая замацоўвае роўны статус дзвюх моў. Дадаткова кампанія адзначыла, што «іншыя вытворцы аналагічнай прадукцыі таксама не выкарыстоўваюць беларускую мову».
ТАА «Клуб Фарм-Эко» заявіла, што маркіроўка па-беларуску «супярэчыць камерцыйнаму поспеху, адцягвае работнікаў і дыскрымінуе рускамоўных». Пры гэтым адказ на зварот, напісаны па-беларуску, быў дадзены выключна па-руску, што само па сабе з’яўляецца парушэннем закона.
Чытайце таксама: «Мы хотели найти своих в новой стране» — как BYMAPKA превратилась в экосистему доверия для беларусов
Актывісты і журналісты, якія карысталіся беларускай мовай у паўсядзённым жыцці, у зняволенні сутыкнуліся з ціскам менавіта за тое, што размаўлялі па-беларуску. Нядаўна вызвалены і дэпартаваны ў Літву журналіст Яўген Меркіс распавёў, што за беларускую мову ў «палітычных» могуць з’явіцца праблемы ў калоніі:
«У шклоўскай калоніі мне хутка далі зразумець, што за беларускую мову ў цябе будуць гіганцкія праблемы. І на прыкладах іншых сядзельцаў стала зразумела, што я яшчэ больш прыцягну да сябе ўвагу, і пачнуць кідаць у ШІЗА, дзе можна нават за пару дзен пасадзіць здароўе. Потым – ПКТ, крытая турма».
З ціскам за карыстанне беларускай мовай сутыкнуўся і загінулы палітвязень Алесь Пушкін. Аб гэтым стала вядома ад ягонага сябра, мастака Уладзіміра Макавецкага:
«Яму кажуць: «Говори нормально!» Ён кажа: «Дык я ж нармальна, вось даклад даю». А яны: «Не, гэта не нармальна, давай, каб я цябе разумеў». Яны разумелі беларускую мову, але рабілі гэта наўмысна, каб яму цяжка было».
Адметна і тое, што беларуская мова амаль цалкам адсутнічае ў публічных заявах кіраўніцтва краіны. А праблема моўнай дыскрымінацыі цалкам замоўчваецца ў дзяржаўных медыя Беларусі. Калі гэтая тэма і ўзгадваецца, дык толькі ў кантэксце польскай акупацыі, як гэта зрабіў Гігін, але ніколі — у дачыненні да Расейскай імперыі або цяперашняга кіраўніцтва краіны.
Чытайце таксама: Хатні гвалт у Беларусі: чаму дзяржава хавае лічбы?
Мингорисполком отменил позднее включение уличного освещения после шквала жалоб. Эксперимент с «экономией» продлился всего один…
Жыхары розных гарадоў працягваюць скардзіцца на грамадскі транспарт. Моладзь стварае хейтэрскія акаўнты, дзе паказвае спазненні…
Брестчане заметили, что на набережной пилят и обрезают тополя. Чиновники никак не комментируют это. А…
Беларусов больше волнует ремонт трассы М1, очистка ее от снега, установка надземных или подземных пешеходов,…
У Threads акаўнт сярэдняй школы №1 г. Горкі апублікаваў відэа, на якім вучні 9 класа…
Улады Магілёўскай вобласці плануюць перавесці ўвесь гарадскі транспарт на аплату банкаўскімі карткамі да канца пяцігодкі…