Беларускі фальклор сёння гучыць у клубах, з'яўляецца на худзі і татуіроўках, натхняе мастакоў і стваральнікаў гульняў.
Беларускі гурт SHUMA спалучае народныя спевы з сучаснай электроннай музыкай. Фота: Sputnik Беларусь.
Доўгі час народная культура ва ўсведамленні беларусаў асацыявалася з раённымі ДК, «вёскай» і сцэнічным фальклорам. Аднак сёння гэтая архаіка жыве ў новых формах: у кліпах, тату, вопратцы і нават мемах. Чаму нацыянальная культура зноў становіцца цікавай не толькі гістарычным фрыкам, разбяромся на прыкладах.
Трэк «Kanapel», які ўяўляе сабой беларускі фальклор у сучаснай электроннай апрацоўцы ад праекта Iva Sativa (Яны Смалягі з Барысава), амаль дасягнуў адзнакі ў мільён праслухоўванняў на Spotify. Кліпы спявачкі збіраюць сотні тысяч праглядаў і сотні каментароў накшталт: «Ой, як крута, мурашкі ад выканання і ад музыкі! Захацелася паспяваць з табой. Адраджэнне фальклору ў такім стылі я яшчэ не чула». Цікава, што шмат водгукаў пакідаюць украінскія слухачы, якія здзіўляюцца, што ім зразумелая беларуская мова, і раяць працягваць справу.
Сярод іншых прыкладаў — піянеры гэтага жанру SHUMA і беларуска-польскі ансамбль Hajda Banda. Альбомы апошніх зараз гучаць нават у эфіры BBC Radio 3, а пад жывы драйв цымбалаў і гармоні танчаць велізарныя залы ў Польшчы, Германіі, Вялікабрытаніі і іншых еўрапейскіх краінах — ад Варшавы і Берліна да Лондана. Маштабна гучыць і «Вольны Хор», які збірае поўныя залы са сваімі праграмамі.
Для тысяч беларусаў гэтыя спевы сталі ментальным мосцікам з радзімай у эміграцыі. Фальклорныя матывы, хоць і ў сучаснай апрацоўцы, вяртаюць пачуццё дому і здымаюць штодзённы стрэс ад адаптацыі. Замежных жа слухачоў без усялякіх перакладаў чапляюць магутная энергія і жывы рытм народных песень. Справа ў тым, што нашыя продкі закладалі ў абрадавыя спевы цыклічныя рытмы, якія выкарыстоўваліся нават у гіпнатычных практыках. Сучасныя клубныя рытмы і электронная музыка працуюць па тых жа самых законах паўтору і біту. На фоне штучнай поп-музыкі і цалкам апрацаваных галасоў гэты сапраўдны вакал чапляе сваёй праўдзівасцю.
Сучасныя беларускія мастакі і дызайнеры звяртаюцца да старажытнай спадчыны і міфалогіі для сваіх сучасных праектаў вулічнай моды.
Брэнд Znivien пераасэнсоўвае беларускую спадчыну праз сучасную гарадскую моду. Напрыклад, у калекцыі Eastern European Pattern архітэктура беларускіх гарадоў ператвараецца ў традыцыйны арнамент. Узор «Агонь» натхнёны будынкам інтэрната на вуліцы Сурганава ў Мінску, а «Вясна» — знакамітымі «Кукурузамі» каля Камароўскага рынку. Так дызайнеры злучаюць пазнавальныя гарадскія сілуэты з геаметрыяй беларускага арнаменту.
LSD Clothing эксперыментуе з прыроднымі фактурамі і натуральным ільном у модных трэндах «ціхай раскошы», а вядомая дызайнерка Вера Комлік пераносіць беларускую спадчыну ў сусветную лакшэры-прастору, ствараючы элегантныя калекцыі з тканага ўручную адзення.
Прыклады ёсць і ў графіцы лічбавага мастацтва. Серыя малюнкаў «Беларускія нячысцікі» ад Артура Басака ператварае герояў фальклору — напрыклад, Балотніка ці Жалезную Бабу — у рэалістычны канцэпт-арт, які выглядае як гатовая графіка да відэагульняў. А дызайнер Лёша Ліманаў заваёўвае міжнародныя ўзнагароды накшталт Rijksstudio Award, ствараючы іранічныя інтэрпрэтацыі беларускіх культурных артэфактаў на стыку лічбавага дызайну і класічнага мастацтва.
Чаму гэтая міфалогія так моцна чапляе сучасных людзей? Адказ лагічны, як геаметрыя. Чалавечае вока, стамлёнае ад хаатычнага інфармацыйнага шуму ў сацсетках, проста знаходзіць спакой у складной геаметрыі беларускага арнаменту. Ён працуе як вывераны піксельны код з дакладнымі архітэктурнымі прапорцыямі. Гэтая візуальная перазагрузка дазваляе перакласці гістарычныя сімвалы на мову сучаснага сусветнага дызайну.
Пераасэнсаванне традыцыйных матываў сёння папулярна і ў тату-культуры. Сам арнамент пачаў папулярызавацца яшчэ ў 2010-я, дзякуючы праектам накшталт ініцыятывы Алеся Таболіча, які біў татушкі з арнаментамі ў Мінску нават замежнікам. Пасля 2020 года беларускія матывы набылі новую хвалю папулярнасці, што добра фіксуе праект body_of_belarus з канкрэтнымі гісторыямі беларусаў і беларусак, якія на сваім целе занатоўваюць арнаменты, міфалогію, вершы і іншыя сімвалы Радзімы. І гэтыя гісторыі значна глыбейшыя, чым проста прыгажосць.
Жанчына з выбітым контурным малюнкам Беларусі на плячы распавядае: «Ужо амаль 2 гады не магу быць з любімай Радзімай. Цяпер мая Беларусь заўсёды са мной».
Іншы прыклад — Марыя — пакідае падрабязны каментар пра геаметрычны арнамент: «Тату з сімвалам жыцця зрабіла на месцы сонечнага спляцення — менавіта ў гэтым спляценні нерваў чалавек фізічна адчувае эмоцыі. На маю думку, адчуваць — значыць жыць. І нават калі ты адчуваеш сябе кепска, каханне, шчасце і любоў вартыя таго, каб не паддавацца».
Мужчына з малюнкам палескай драўляная хаты дадае: «У дзяцінстве бабуля казала мне, што палешукам пашчасціла больш за іншых: за імі прыглядае ажно два сонейкі. Адно з іх хаваецца на драўляных хатках і ахоўвае жыхароў, якія там жывуць».
Беларусам у эміграцыі стала важна мець такія сімвалы беларускасці. Але варта адзначыць, што зараз і ў самой Беларусі шмат тату-майстроў рэгулярна выкладваюць фотаздымкі са свежавыбітымі бусламі, арнаментамі і беларускімі вершамі на целе чалавека. І тут паказальны трэнд: калі раней людзі масава білі незразумелыя большасці кітайскія іерогліфы, то зараз нацельнае мастацтва пазбаўлена двухсэнсоўнасці і яго не патлумачыш выразам «не так адназначна».
Абрадавыя традыцыі пачалі выходзіць на вуліцы і тэатральныя сцэны яшчэ з сярэдзіны 2000-х гадоў. У 2013 годзе Сяржук Доўгушаў запачаткаваў ініцыятыву «Спеўны сход», якая збірала тысячы людзей для сумеснага выканання народных песень. Пасля вымушанага ад’езду з Беларусі ў 2020 годзе Сяржук распачаў новыя праекты — заснаваў варшаўскі «Дом Творцаў», ініцыяваў «Вольны аркестр», а пазней ладзіў маштабныя купальскія ды калядныя туры ад Нідэрландаў і ЗША да Падляшша. У сваіх выступах з гуртом «Касары» Сяржук выкарыстоўвае традыцыйныя драўляныя інструменты — дудкі, жалейкі, рытуальныя бубны і ліру, выводзячы людзей у масках Казы, Чорта ці Мядзведзя на вуліцы еўрапейскіх гарадоў.
На гэтай жа хвалі абрадавая містыка гучыць у працах Купалаўцаў, напрыклад, у іх сумесным праекце з польскім рэжысёрам Паўлам Пасіні — спектаклі «Дзяды» паводле Адама Міцкевіча. Галоўныя ролі тут выконваюць зоркі Купалаўскага — Зоя Белахвосцік, Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Аляксандр Гарцуеў. У аснове пастаноўкі дахрысціянскі абрад памінання продкаў і выклікання духаў, які рэжысёр і акцёры спалучылі з сучаснымі турэмнымі рэаліямі і рэпрэсіямі.
Чаму гэта стала папулярным? Па-першае, маска і абрад працуюць як псіхалагічны шчыт і легальны выплеск трывогі ў часы крызісу. Па-другое, як адзначае Сяржук Доўгушаў, назіраючы за маштабам імпрэз: «Людзі нарэшце цягнуцца да ўласнай традыцыі, а не чужой».
Папулярнасць беларускага фальклору ва ўсіх сферах культуры і мастацтва — гэта глыбей, чым проста «прыгожа» ці «прыкольна».
Беларусы, адчуўшы, што іх культура і мова знаходзяцца пад пагрозай, робяць усё, каб захаваць іх не ў архіўных формах, а адаптаваць і зрабіць адпаведнымі сучасным трэндам і тэхналогіям. Цікава, што гэтым займаюцца не толькі прафесійныя дзеячы мастацтва, але і эмігранты, якія ў Беларусі часта займаліся зусім іншымі рэчамі. Але цяпер, адчуўшы патрэбу ў сваім альбо нарэшце ажыццявіўшы даўнюю мару, яны займаюцца міфічнымі і адначасова рэальнымі справамі, ратуючы і пераасэнсоўваючы агульную спадчыну.
Дзяржаўная газета звярнулася ў суд праз ролік Таццяны Шаўчык, у якім яна расказала пра запыт…
Телефонные мошенники умело давят на психику, страхи и усталость. Рассказываем историю Ирины, которая едва не…
Беларуска купила сапоги мечты на день рождения, но уже через два дня они оказались в…
В Беларуси рассчитывают вернуть перелеты между регионами, но для этого сначала нужны новые легкие самолеты…
Досмотр смартфона вызывает много вопросов. Объясняем ваши права, процедуру изъятия и почему лучше возить с…
Думаеш, беларуская кухня — гэта дранікі, бабка і мачанка? А вось і не! Правер, ці…