Жыхары Вярэйцаў, Цэлі і Лапічаў засталіся без крамаў. Пакуль прадукты ім прывозяць аўталаўкі, а ўлады шукаюць новых гаспадароў для гандлёвых аб'ектаў.
Крама ў беларускай вёсцы. Ілюстратыўнае фота
Жыхары вёсак Вярэйцы і Цэль, а таксама аграгарадка Лапічы Асіповіцкага раёна засталіся без стацыянарных магазінаў. Цяпер набыць прадукты можна падчас прыезду аўталаўкі. Раённыя ўлады запэўніваюць, што сітуацыя знаходзіцца пад кантролем, а працу крамаў плануюць аднавіць.
Чытайце таксама: «Вёску практычна нішчаць». Пад Чэрвенем закрылі адзіны магазін, мясцовыя жыхары просяць яго вярнуць
Як паведаміла першая намесніца старшыні Асіповіцкага райвыканкама Алена Кірычэнка, ва ўсіх трох населеных пунктах арганізавалі дадатковыя прыпынкі аўталавак. Будынкі зачыненых магазінаў перадалі новым арандатарам, якія павінны падрыхтаваць памяшканні да аднаўлення гандлю. На праблему звярнула ўвагу «Магілёў.медыя».
У Вярэйцы аўталаўка прыватнага прадпрыемства «ТрансСОВАШ» прыязджае па аўторках і пятніцах, а аўтамагазін Клічаўскага райспажыўтаварыства — па суботах. Дадатковы прыпынак арганізавалі каля былой крамы на вуліцы Ваенны гарадок, 1а.
Будынак магазіна ўжо перадалі ў арэнду. Новы арандатар шукае прадаўцоў, афармляе дакументы і рыхтуе касавае абсталяванне. Калі гандлёвы аб’ект зноў адчыніцца, пакуль невядома.
У вёсцы Цэль, акрамя аўталавак, некаторыя прадукты і прамысловыя тавары можна набыць у паштовым аддзяленні. «ТрансСОВАШ» абслугоўвае населены пункт па аўторках і пятніцах, Клічаўскае райспажыўтаварыства — па панядзелках і чацвяргах.
Мясцовы магазін таксама перадалі ў арэнду ў кастрычніку. Паводле прадстаўніцы райвыканкама, аднавіць яго працу плануюць праз два-тры тыдні пасля завяршэння неабходных адміністрацыйных працэдур.
У аграгарадку Лапічы аўталаўка «ТрансСОВАШ» спыняецца каля зачыненай крамы па серадах і суботах, а аўтамагазін Клічаўскага райспажыўтаварыства — па панядзелках і чацвяргах.
Будынак магазіна тут таксама з кастрычніка мае новага арандатара. Прадпрымальнік шукае работнікаў і рыхтуе гандлёвы аб’ект да адкрыцця. Дакладную дату аднаўлення працы не называюць.
Чытайце таксама: У Жлобіне зачыняюцца адразу тры буйныя харчовыя крамы: не ўсе жыхары вераць абяцанням уладаў
BGmedia неаднаразова распавядала пра закрыццё стацыянарных магазінаў у беларускіх вёсках. З-за гэтага жыхары губляюць магчымасць купляць прадукты і тавары першай неабходнасці побач з домам, а замест звычайнай крамы мусяць чакаць прыезду аўталаўкі або шукаць транспарт, каб даехаць да іншага населенага пункта.
Напрыклад, у вёсцы Ялізава таго ж Асіповіцкага раёна зачынілі адзіны магазін райпо. Мясцовым жыхарам давялося ездзіць па пакупкі ў цэнтр пасёлка. Для пераважна пажылых людзей арганізавалі дадатковы аўтобусны маршрут, але толькі на некалькі месяцаў.
У аграгарадку Красналукі Чашніцкага раёна ў 2025 годзе спыніла працу адзіная прамысловая крама. Пасля яе закрыцця жыхарам стала складаней набываць непрадуктовыя тавары першай неабходнасці. Улады тлумачылі сітуацыю нізкім тавараабаротам і нерэнтабельнасцю магазіна.
Яшчэ адзін нядаўні прыклад — вёска Калодзежы Чэрвеньскага раёна. Там закрылі адзіны магазін, і мясцовыя жыхары звярнуліся да ўладаў з просьбай аднавіць яго працу. Да Чэрвеня ад вёскі каля 10 кіламетраў, а ўласны аўтамабіль ёсць не ва ўсіх. Жыхары таксама скардзіліся, што аўталаўкі не заўсёды прыязджаюць своечасова і не маюць у асартыменце ўсяго неабходнага.
У некаторых выпадках мясцовым жыхарам удавалася дамагчыся захавання крамы. Так, пасля розгаласу і сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і спажывецкай кааперацыі аднавіў працу магазін «Родны Кут» у вёсцы Ярэмічы Карэліцкага раёна. Ён абслугоўвае не толькі саму вёску, але і некалькі навакольных населеных пунктаў.
Цяпер улады Асіповіцкага раёна разлічваюць аднавіць стацыянарны гандаль у Вярэйцах, Цэлі і Лапічах. А пакуль жыхарам гэтых населеных пунктаў даводзіцца падладжвацца пад расклад аўталавак.
Чытайце таксама: Пустыя паліцы і затрымкі заробкаў. Былы супрацоўнік расказаў пра ўнівермаг «Слуцк» пад кіраўніцтвам былой сенатаркі
Ответить на запрос властей и предоставить всю информацию председатели товариществ и кооперативов обязаны в срок…
Брестчанка рассказала о неприятном обслуживании в местной кофейне. По ее словам, бариста отказалась продавать десерт…
В деревне Ольгомель нашли тела 64-летней женщины и двух ее сыновей. 33-летний подозреваемый ранее уже…
Навучэнцы Пінскага аграрнага каледжа наведалі СІЗА ў Баранавічах, а школьнікаў з Валожынскага раёна павезлі ў…
Сомнения у сотрудников таможни вызвал идентификационный номер автобуса. Его пытались выдать за уже зарегистрированный в…
Традыцыйныя абрады ператвараюцца ў міжнародныя фэсты, саламяныя вырабы трапляюць на старонкі Vogue, а пад фолькавыя…